Шрифт:
— Але забіў яго Колер, — адказаў я.
— Вы ўжо і самі ў гэта не верыце. — Ён тросся ўсім целам.
— Наадварот, ніхто ў гэтым не сумняваецца, — спрабаваў я яго супакоіць.
Бэна пільна паглядзеў на мяне, прамакнуў лоб хусцінкай.
— Вы пачняце працэс, — ціха дадаў ён, — а я загінуў, я ведаю, што загінуў…
— Бог з вамі, доктар Бэна, — адказаў я.
Ён, хістаючыся, пайшоў да дзвярэй, павольна адчыніў і пайшоў, ні разу больш на мяне не глянуўшы.
Алібі. Мяне зноў спынілі. Умяшаўся сам лёс. Гэтым разам у асобе Луцкі. І яшчэ аднаго суб'екта, якога ён прадставіў як Маркіза. (Як што пачаўшы пісаць, я ўхіліўся ад фатальнай гульні, куды ўвязаўся як актыўны ўдзельнік, мне трэба цяпер называць рэчы сваімі імёнамі. Дык вось, сярод злачыннага свету я і сам зрабіўся злачынцам. Не сумняваюся, гер пракурор, што такое прызнанне будзе вамі цалкам ухвалена, але я павінен зрабіць яшчэ адну агаворку: да гэтага злачыннага свету я адношу і вас, і тое грамадства, якое вы прадстаўляеце па абавязку службы, а не толькі Луцкі, Маркіза і самога сябе.) Што да гэтага чалавекападобнага суб'екта, дык яго занесла да нас з Нойшатэля. Разам з адкрытым «ягуарам». На ўсю вывеску ўсмешачка, быццам гэты тып явіўся проста з Ко, а манеры такія, быццам ён гандлюе высокагатунковым мылам. Было тое па дзевятай гадзіне вечара. У нядзелю (гэтую частку справаздачы я пішу ў канцы ліпеня 1958 года — слабая спроба хоць неяк упарадкаваць свае запісы). На вуліцы бушавала навальніца, гулкія, страшныя раскаты грому, дождж яшчэ не ліў, але гэта не давала палёгкі, было па-ранейшаму душна і моташна. Паверхам ніжэй грымелі псальмы:
Рухні, свет, пад раны Хрыстовыя мы да пагібелі ўсе гатовыя!і яшчэ:
Дух Святы, пад буры гром грэшнікаў спалі жыўцом!Луцкі неяк ніякавата пашчыпваў вускі і наогул як бы нерваваўся, ды і яго апостальскія вочы свяціліся задуменным бляскам, якога я ніколі ў іх не заўважаў: Луцкі відавочна ж пра нешта разважаў. Абодва былі ў плашчах, але чамусьці амаль сухіх.
— Нам патрэбна алібі, нарэшце нясмела прамовіў Луцкі. — Маркізу і мне на апошнія дзве гадзіны.
Маркіз замілавана заўсміхаўся.
— А да таго?
— Да таго ў нас такое алібі, што не прычэпішся, — сказаў Луцкі і дапытліва паглядзеў на мяне. — Да таго мы сядзелі з Гізэлай і Мадленай у «Манака».
Маркіз сцвярджальна кіўнуў.
Я пацікавіўся, ці не бачыў хто, як яны да мяне ўваходзілі. Луцкі, як звычайна, быў аптымістычны.
— Пазнаць нас ніхто не мог, — запэўніў ён мяне. — На гэты выпадак парасон — рэч незаменная.
Я задумаўся.
— А куды вы падзелі парасон? — спытаўся я, пасля ўстаў з-за стала і замкнуў у шуфляду свае запісы.
— Унізе. Мы іх паставілі за дзвярыма ў падвале.
— Гэта вашыя парасоны?
— Не, мы іх знайшлі.
— Дзе?
— Таксама ў «Манака».
— Значыцца, дзве гадзіны таму назад вы іх узялі з сабою на шпацыр?
— Дык жа дождж ліў.
— Луцкі засмучана зазначыў, што ягоныя адказы мяне не натхнілі. Ён з надзеяй дастаў са свайго плашча бутэльку каньяку «Напалеон», і Маркіз таксама сфокуснічаў бутэлечку.
— Няблага. — кіўнуў я, — гэта ўжо па-людску.
Пасля кожны з іх выклаў на стол па тысячафранкавай паперыне.
— Мы людзі шчодрыя, — сказаў Луцкі.
Я адмоўна закруціў галавой і выказаў шкадаванне.
— Дарагі Луцкі, я прынцыпова не маю намеру садзіцца за дачу ілжывых паказанняў.
— Спетрыў, - сказаў Луцкі.
Абодва падкінулі яшчэ па тысячы.
Я ўпёрся.
– І з парасонамі ў вас нейкая мура атрымалася, — канстатаваў я.
— Паліцыя шукае нас не за парасоны, — адмахнуўся Луцкі, хоць яму яўна было не па сабе.
— Але ж парасоны маглі навесці на ваш след, — выказаў я свае сумненні.
— Вас зразумеў, - сказаў Луцкі.
Абодва ахвяравалі яшчэ па тысячы.
Я нават здзівіўся:
— Вы, нябось, ці не мільянерамі парабіліся?
— Ну, бываюць жа ў людзей і прыбыткі, - ухіліста адказаў Луцкі. — Калі нам выплацяць рэшту, мы адразу зліняем. Куды-небудзь за мяжу.
– І якая тая рэшта?
— Рэшта ганарару, — патлумачыў Маркіз.
— Якога ганарару? — спытаў я яшчэ больш недаверліва.
— За даручэнне, якое мы выканалі, - удакладніў Луцкі. — Як толькі мы будзем у Ніцы, я перадам табе Гізэлу і Мадлену.
— Я таксама перадам вам сваіх дзяўчатак, — запэўніў Маркіз. — Нойшатэлькі вельмі практычныя.
Я старанна агледзеў асігнацыі, склаў і сунуў у заднюю кішэню. Луцкі хацеў увесці мяне ў дэталі, але я не даў яму дагаварыць:
— Дамова — усяго аснова! Нязгоршы і грошы! Не ведаю, навошта вам спатрэбілася алібі і ведаць не хачу.
— Пардон, пардон, — перапрасіўся Луцкі.
— Ану, выкладвайце вашыя цыгарэты, — сказаў я.
Луцкі быў проста нашпігаваны «Кэмэлам», «Данхілам», «Блэкэндуайтам», «Сьюпэркінгам», «Пікадылі». На стале расла гара пачкаў.
— Адна сяброўка трымае кіёск, — патлумачыў ён перапрашальным тонам.
— А што курыць гер Маркіз?
— Увогуле, амаль не куру, — збянтэжана шапнуў ён.
— У цябе што, і цыгарэтаў няма пры сабе?
Маркіз закруціў галавой.
Я зноў сел за стол. Ужо можна было дзейнічаць.
— Цяпер будзем курыць паўгадзіны падрад. Як мага больш. І хутчэй. Я — «Кэмэл», Луцкі — доўгія «Сьюпэркінг». А Маркіз, Госпадзе ратуй, — «Данхіл». Курыць так, каб можна было прачытаць марку, а потым тушыць і ўсё складваць у адну попельніцу. Пад канец кожны прыхопіць з сабой пачаты пачак.