Юстыцыя
вернуться

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

— Але калі так… — пралепятаў я, устаючы з фатэля.

— Госпадзе, да чаго ж вы цырымонная асоба, — сказаў Штусі-Лойпін. — Сядзьце як сядзелі.

Я сеў, ён зноў наліў. Сцены пайшлі ў зямлю, пражэктары патухлі, мы зноў апынуліся ў садзе.

Штусі-Лойпін нерухома глядзеў перад сабою.

— Маёй жонцы хапае душэўнай велічы, каб выбавіць мяне з пакутніцкай мусовасці сядзець каля яе смяротнага ложка, — сказаў ён раўнадушна, — удадатак у яе пабываў святар, а цяпер там лекар і сястра. Мая жонка, хай вам будзе вядома, Шпэт, не проста чорт ведае якая жыццелюбка, чорт ведае якая багатая і чорт ведае якая пабожная, яна да таго ж яшчэ чорт ведае якая прыгожая. Смешна гучыць, праўда? Цэлае жыццё яна ашуквала мяне. Лекар, які цяпер сядзіць каля ложка, быў у яе апошні каханак. Зрэшты, я яе разумею. Такі мужчына, як я, жанчыне ўсё адно што атрута.

Ён зноў рагатнуў і без пераходу памяняў тэму. І паведаміў мне, што я дурань, раз лічу доктара Ісака Колера вінаватым. Увогуле, шчыра кажучы, ён, Штусі-Лойпін, таксама так лічыць. Праўда, паказанні сведкаў супярэчлівыя, праўда, прылада забойства так і не была знойдзена, праўда, і матыву таксама няма, але ўсё адно мы яго прызналі вінаватым. А чаму мы прызналі яго вінаватым? Ды таму, што забойства было ўчынена ў перапоўненым рэстаране. І прысутныя гэта неяк заўважылі, нават калі іх паказанні супярэчаць адно аднаму. Дык вось, хоць мы і ведаем не напэўна, але мы напэўна ў гэтым перакананыя. Што моцна здзівіла яго ўжо ў ходзе судовага разбіральніцтва. Ні рэвальверам ніхто не цікавіўся, ні сведкаў не дапыталі, і суддзя цалкам задаволіўся паказаннямі начальніка паліцыі, які хоць і сядзеў паблізу ў момант забойства, але ні словам не акінуўся, на свае вочы ён бачыў забойства ці пакладаецца на сведкаў, удадатак абаронца быў пустое месца. А Емэрлін, наадварот, у выдатнай форме. Нам каштавала вялікіх намаганняў ураўняць нашае веданне віны Колера з нашай перакананасцю. Наша веданне пляцецца следам за ёю — ды спрытны абаронца ўжо з адной гэтай супярэчнасці збудаваў бы апраўдальны вырак. Але мы павінны былі даць нашаму добраму Емэрліну шанец дакапацца да прычынаў. Колер даў выгаднае даручэнне мне, бо я нічога не кемлю ў більярдзе. З гэтага я зрабіў выснову (Штусі-Лойпін уважліва выслухаў мяне), што Колер страляў, каб назіраць, забіў, каб даследаваць законы грамадства, а матыў не прывёў толькі таму, што суд усё адно ў такі матыў не паверыў бы. Дарагі дружа, ён, Штусі-Лойпін, можа сказаць на гэты конт толькі адно: матыў атрымаўся занадта літаратурны. Іх выдумляюць толькі літаратары, хоць і ён таксама перакананы: у чалавека, як Колер, і матыў павінен быць які-небудзь незвычайны. Незвычайны — так, незвычайны, але які менавіта?

Штусі-Лойпін задумаўся.

— Вы зрабілі памылковую выснову, — сказаў ён, бо нічога не разумееце ў більярдзе. Колер гуляў ад борта дубэльтам.

— Так-так, ад борта, — раптам азарыла мяне. — Аднаго разу Колер менавіта гэта сказаў. За більярдам у «Du Th'e^atre». «Ад борта дубэльтам. Толькі так можна знайсці ўправу на Бэна».

— А як ён пасля гэтага згуляў? — пацікавіўся Штусі-Лойпін.

— Дакладна не памятаю. — Я спрабаваў успомніць: — Ён, здаецца, даў шар у борт, ад борта шар адскочыў назад і штурхнуў шар Бэна.

Штусі-Лойпін наліў сабе віна.

— Колер забіў Вінтэра, каб такім спосабам расправіцца з Бэна.

— Але навошта? — разгублена спытаў я.

— Ну, Шпэт, вы яшчэ наіўнейшы, чым я думаў, - не схаваў свайго здзіўлення Штусі-Лойпін. — А здавалася ж бы, фраў Штаерман падкінула вам ключ да рашэння. Колер вядзе яе справы. Нават з турмы. Ён там не толькі пляце кашы. Штаерман патрэбен Колер, а Колеру патрэбна Штаерман. Людэвіц — падстаўная фігура. Але хто тут гаспадар і хто — слуга? У пэўным сэнсе дачка Колера мае рацыю. Гэта было забойства з ласкі. А чаму б і не? Таксама свайго роду шантаж. У Штаерман ляжаць незлічоныя мільёны, і тыя дваццаць мільёнаў таксама ёй належалі, тут ужо, трэба думаць, Колер навёў даведкі, а потым і расправіўся з Бэна праз Вінтэра. Па жаданні Штаерман; магчыма, ёй нават не давялося выказваць сваё жаданне ўголас, магчыма, ён адгадаў яго.

— Дапушчэнне яшчэ больш неверагоднае, чым праўда, — сказаў я — Штаерман кахала Бэна, бо яго кахала Дафна, і адраклася ад яго толькі тады, калі Дафна адраклася ад яе.

— Не, дапушчэнне больш рэальнае за праўду. А сама праўда часцей за ўсё непраўдападобная, — запярэчыў Штусі-Лойпін.

— Ніводзін чалавек не паверыць у ваша дапушчэнне, — сказаў я.

— Не, ніводзін чалавек не паверыць у праўду, ніводзін суддзя, ніводзін прысяжны, нават Емэрлін і той не. Бо праўда разыгрываецца на ўзроўнях, недаступных правасуддзю. Калі назначаць перагляд справы, дык адзіная думка, якая ўзнікне ў суда, будзе наступная: Вінтэра забіў доктар Бэна. Бо толькі ў яго ёсць канкрэтны матыў. Нават калі ён невінаваты

— Нават калі невінаваты?

— А вас гэта бянтэжыць? Яго ж невінаватасць — таксама дапушчэнне. І ён адзіны, хто мог зрабіць так, каб рэвальвер прапаў. Дружа мой, вазьміце гэты працэс на сябе, і праз некалькі гадоў вы станеце нароўні са мною.

Зазваній тэлефон. Ён зняў слухаўку, потым зноў паклаў.

— Жонка сканала-такі, - сказаў ён.

— Прыміце мае спачуванні, - пралепятаў я.

— А, пра што тут гаварыць.

Ён хацеў зноў наліць сабе, але бутэлька была ўжо пустая. Я ўстаў, наліў яму і паставіў сваю бутэльку каля пустой.

— Мне яшчэ ехаць, — сказаў я.

— Разумею, — адказаў ён. — Да таго ж «поршэ» даўся вам у капеечку.

Садзіцца я больш не сеў.

— Гер Штусі-Лойпін, я не збіраюся весці гэты працэс, і з даручэннем Колера я таксама не хачу мець нічога на сэрцы. А сабраныя матэрыялы я проста знішчу.

Ён паглядзеў сваю чарку на святло.

— Колькі вы атрымалі задатку?

— Пятнаццаць тысяч плюс дзесяць на выдаткі.

Па лесвіцы сышоў чалавек з чамаданчыкам, яўна лекар, ён павагаўся, прыкідваючы, падыходзіць яму да нас ці не, але тут з'явілася ахмістрыня і правяла яго.

— Вам нялёгка будзе выплаціць такія грошы нават у растэрміноўку, — сказаў Штусі-Лойпін. — А ўсяго колькі?

— Трыццаць тысяч плюс накладныя траты.

— Прапаную сорак, і вы аддаяце мне ўсе матэрыялы.

Я замяўся.

— Вы што, хочаце ўзяцца за перагляд?

Ён па-ранейшаму разглядаў на святло чарку з чырвоным «тальбо».

— Мая справа. Ну як, прадаяце?

— Мусіць, мушу прадаць, — адказаў я.

Ён дапіў чарку.

— Нічога вы не мусіце, вы хочаце.

Потым зноў напоўніў чарку і зноў паглядзеў яе на святло.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win