Шрифт:
— Вы яшчэ да смерці перапалохаліся, — дадала, а пасля спыталася: — Няўжо я вам аж так не спадабалася, што вы мяне нават забылі?
— Спадабалася, спадабалася, — прызнаўся я, як жа было не спадабацца.
— Значыцца, вы ўсё-такі мяне не забылі.
— Не зусім, — прызнаў я.
Яна засмяялася.
— Ну, раз ужо вы ўсё адно ўспомнілі…
Яна ўстала, скінула піжаму і стаяла перад мною голая, нахабная і спакуслівая, зусім не беручы да галавы, як добра відаць, да чаго ж такі размаляваў яе Бэна. Яна падышла да вялікага акна, з якога можна было заглянуць на пляц да Емэрліна. Там сабраліся госці, і ўсе ўтаропіліся на яе, Емэрлін з біноклем, поруч Штусі-Лойпін, ён памахаў рукой. Моніка прыняла паставу той статуі, якую зрабіў Мок, Штусі-Лойпін запляскаў у далоні. Емэрлін пагразіў кулаком.
— Дзякую, што вызвалілі мяне, — сказала Штаерман, усё яшчэ ў той паставе, у якой яе сузіралі, і тым самым — спінай да мяне.
— Чыстая выпадковасць, — адказаў я. — Па заданні Лінгарда.
— Мяне б'юць усе, каму заўгодна, — задуменна сказала яна. — Спярша Бэна, пасля Куксгафэн. Іншыя мяне таксама заўсёды білі. — Яна зноў павярнулася да мяне.
— Гэта неяк прымірае з вамі, - сказаў я. — А цяпер у вас заплыло і правае вока.
— Ну і што?
— Дастаць вам мокрую анучку?
— Глупства нейкае. Але ў шафе вы знойдзеце каньяк і чаркі.
Я адчыніў старую энгадзінскую шафу, знайшоў патрэбнае, наліў у чаркі.
— Вы, мабыць, тут часта бывалі? — спытаўся я.
— Часам бывала. Мусіць, я сапраўдная прастытутка, — канстатавала яна горка і крыху разгублена, хоць і велікадушна.
Я засмяяўся.
— З сапраўднымі лепей абыходзяцца.
Яна выпіла сваю чарку, потым сказала:
— А пайду прыму гарачую ванну.
І, нага за нагу, пайшла ў ванную. Знікла. Я чуў, як ліецца вада, чуў праклёны. Потым яна вярнулася, папрасіла яшчэ чарачку.
Я наліў.
— А гэта вам не зашкодзіць, Моніка?
— Дробязь. Я п'ю як конь.
І паплялася назад.
Калі я ўвайшоў да яе, яна ляжала ў ванне і намыльвалася.
Я наліў.
— Ну і шчыпаецца, — паскардзілася яна.
Я сеў на край ванны. Яна нахмурылася.
— Вы ведаеце, што я зараз хачу зрабіць? — спыталася яна і, як што я не адказаў, дадала: — Канец. Пара канчаць.
Я ніяк не рэагаваў.
— Я не Моніка Штаерман, — абыякава сказала.
Я здзіўлена паглядзеў на яе.
— Я не Моніка Штаерман, — паўтарыла яна і далей ужо спакойна: — Я толькі вяду жыццё Монікі Штаерман, а насамрэч мой бацька прафесар Вінтэр.
Маўчанне. Я не ведаў, што і падумаць.
— А ваша маці? — спытаў я, і яшчэ не дагаварыўшы, ведаў, што задаю дурное пытанне. Ну, бо і што мне да яе маці?
Зрэшты, яна прыняла маё пытанне спакойна.
— Настаўніца, — адказала, — у Эмэнтале. Вінтэр яе кінуў. Ён заўсёды кідаў усіх настаўніц.
Яна канстатавала гэта нязлосна.
— Мяне завуць Дафна. Дафна Мюлер. — Яна раптам засмяялася. — Нармальны чалавек не павінен так звацца.
— Але ж калі вы не Моніка Штаерман, хто ж тады Моніка Штаерман? — разгубіўся я. — І ці ёсць яна наогул?
— Папытайцеся ў Людэвіца.
Пасля раптам пачала агрызацца.
— Гэта што, допыт? — спыталася.
— Вы пыталіся пра адваката. Акурат я — адвакат.
— Калі вы мне спатрэбіцеся, я паведамлю вам, — задумліва адказала яна з нечаканай варожасцю ў голасе.
Паявіўся Лінгард. Я не чуў, як ён увайшоў. Проста раптам узнік перад намі і набіў сваю «данхіл-лок».
— Вы задаволены, Шпэт? — спытаў ён.
— Не ведаю, — адказаў я.
— А ты, Дафна?
— Так сабе.
— Я прынёс табе тое-сёе з вопраткі.
— У мяне ж ёсць піжама Бэна.
За акном завыла сірэна «хуткай дапамогі».
— Мабыць, зноў сэрца ў нашага Емэрліна, — холадна патлумачыў Лінгард. — Я ўручыў яму шэсцьдзесят ружаў.
— Ды яшчэ мяне голую пабачыў, - засмяялася яна.
— Ну, у цябе гэта часта.
— Паслухайце, Лінгард, адкуль вы, зрэшты, ведалі, хто такая Дафна? — спытаўся я.
— Ды так, выпадкова даведаўся, — адказаў ён і закурыў. — Эй, фройляйн Мюлер, куды скажаш цябе даставіць?
— У «Аскону».
— Завязу.
— Які паслужлівы, — пахваліла яна.
— Усё будзе ў рахунку, — сказаў Лінгард. — А плаціць вось ён. — Лінгард кіўнуў на мяне. — Ён набраўся тут каштоўнай інфармацыі.
— У мяне таксама ёсць яму даручэнне, — сказала Дафна.
— Якое?
Не зусім заплылае вока Дафны бліснула, левай рукой яна пагладзіла свае чырвоныя, як кінавар, валасы.
— Хай ён перадасць сапраўднай Моніцы Штаерман, гэтай паскуднай лесбіянцы, што я больш не хачу бачыць яе. Калі гэта скажа адвакат, атрымаецца больш афіцыйна.