Шрифт:
Таксі ад'ехала. Кнульпы зноў перайшлі да любімай тэмы — сацыялагічных даследаванняў.
— Забойства ёсць забойства, вядома, але для навукоўца гэта феномен, які павінен быць даследаваны як і ўсе іншыя феномены. Дагэтуль абмяжоўваліся толькі канстатацыяй фактаў, матывамі, прычынамі, асяроддзем, а я цяпер нацэлены на наступствы. І тут ужо дазвольце сказаць: дабраславенне альма матары, дабраславенне ўсяму ўніверсітэту, гэтае забойства, хацелася б, так бы мовіць, аж самаму каго-небудзь забіць. Але ж, вядома, шкада, вельмі шкада, такое жудаснае дзейства, але, з другога боку, праз нечаканую шчыліну, што засталася ад Вінтэра, пранікае свежае паветра, новы дух. Дзіка, чаго толькі з гэтага не вынікае, аказваецца мілы, дарагі наш Вінтэр быў толькі пяском на вятры, толькі рэшткавым элементам, якога якраз і неставала, як яшчэ сказаў Шэкспір: «Зіма (Вінтэр) нашых прыкрасцяў і расчараванняў», але я не хачу ні вінаваціць, ні каламбурыць, я толькі канстатую, стаўлю перад фактамі, малады чалавек, факты і толькі факты.
Мы дайшлі да «Паваў».
— Беражы вас Бог, гер адвакат, — сказалі Кнульпы і развіталіся. — На гэтай ніве яшчэ шмат чаго даследаваць трэба, уплыў Вінтэра на школьную камісію — адно гэта ёсць цэлы раздзел, сачыце за сенсацыямі.
Каля дзвярэй рэстарана яны яшчэ раз абярнуліся, паднялі палец:
— Навукова мысліце, малады чалавек, навукова мысліце. Але яшчэ падвучыцца трэба. Хоць вы і адвакат, даражэнькі, - сказала фраў прафесар Кнульпэ, alias Майсей Штэгэлін. Яны зніклі, а мой ліст так і заставаўся ўсё яшчэ не ўкінуты.
б) Архітэктар Фрыдлі: неўзабаве пасля гэтага я сядзеў побач з ім у рэстаране «Сэлект», ліст усё яшчэ ў кішэні. «Сэлект»: кавярня, каля якое сядзяць і сядзяць, колькі свет стаіць, інакш кажучы, мільёны гадоў, яшчэ калі брантазаўры пераходзілі ўброд раку, тут сядзелі. Фрыдлі я ведаю з часоў майго знаёмства з Штусі-Лойпінам, у яго былі ўвесь гэты час цяжкасці з зямельнымі спекуляцыямі, але яго нічога не магло стрымаць, ён быў і застаецца лавінай тлушчу, што падмятае наш горад, так што на прасеках паўстаюць новыя гандлёвыя, службовыя, арэндныя дамы, толькі даражэйшыя, чым раней, па адпаведна тлустых цэнах. Прыродная катастрофа пры бліжэйшым разглядзе: пяцідзесяцігадовыя, велізарныя тлушчавыя нарасці, маленькія, бліскучыя вочкі, глыбока — не разгледзець — пасаджаныя, нос малюсенькі, вушы таксама, усё астатняе велізарнае selfmademan [1] , дзіця доўгай вуліцы («мая старая, дарагі Шпэт, хадзіла мыць да чужых людзей, мой стары дапіўся да смерці, я нават сам пры пахаванні выліў у яго магілу бутэльку піва»), не толькі арэна калёсных высцігаў, без яго спецыяльных цэнаў былі б немагчымыя шасцідзённыя гонкі, падчас якіх на стадыёне паглынаецца процьма венскіх сасісак, але ж і музычны мецэнат, дзякуючы якому аркестр Канцэртнай залы і наш Оперны не спаўзаюць у пасрэднасць, завабліваў дырыжыраваць у нас Клемпэрэра, Бруна Вальтэра і нават Караяна, а цяпер пратэжыруе Мондшайну, так што ён наш горад, які ён так грунтоўна зганьбіў новабудоўлямі і рэканструкцыямі, прынамсі, зноў крыху прасвятляе музамі.
1
Selfmademan (англ.) — даслоўна: чалавек, які сам сябе зрабіў.
Ён адразу пазнаў мяне. Раніца была, як ужо сказана, ветраная (дзьмуў фён) і цёплая, адчуваў сябе па-хатняму, расслаблена і зачараваным вяласцю клімату, сядзелі цесна, я амаль прыклеены да Фрыдлі, які быў у выдатным настроі, мачаючы грэнку за грэнкай у каву з малаком, бязмерна, плямкаючы, глытаючы і сёрбаючы, кава карычневымі палосамі сцякала па шаўковым гальштуку і па белай кашулі.
Запыт пракурору. Далей цягнуць нельга. Я проста абавязаны расказаць пра сваю першую сустрэчу з Элен. Пакутлівае мерапрыемства, ісці на яго трэба вельмі абачліва, унікнуць яго немагчыма. Нават калі ў маім пераказе выплывуць чыста асабістыя матывы. Нарэшце-такі асабістыя, бо вы з асаблівай цікавасцю прачытаеце і падкрэсліце гэтую частку. «Вы» — я не абмовіўся, я маю на ўвазе менавіта вас, гер пракурор Ёахім Фойзэр. Трымціце і калаціцеся. Чаму б мне не перайсці на асобы, калі вы, як пераемнік Емэрліна, другім, пасля начальніка паліцыі, чытацьмеце гэтыя радкі, правільней сказаць, ужо чытаеце, і я адчуваю пякельную радасць — пякельную, магчыма, у двайным сэнсе гэтага слова — прывітаць вас з таго свету. Па шчырасці: вы вельмі педантычны прадстаўнік сваёй пароды, хай нават у адрозненне ад нябожчыка Емэрліна ўдаяце з сябе чалавека прагрэсіўных поглядаў і не прапускаеце ніводнага псіхалагічнага сімпозіума. Вы любіце рэчавыя доказы. Толькі што дзеля парадку вы агледзелі мой труп у анатамічным тэатры, на вас быў светлы плашч, капялюш вы з павагі да жытлішча мёртвых трымалі ў руцэ і скруцілі прафесійна журботны твар, самазабойства праведзена так, што не падкапаешся, ужо прызнайцеся, але ж з Колерам я абышоўся паводле ўсіх правілаў, у яго вельмі ўрачысты выгляд, калі мы так вось пакоімся побач, адзін каля аднаго. Але ж вернемся з вашага рэальнага, якое для мяне ў будучым, у маё рэальнае, якое для вас ужо мінула. Часіны змяшчаюцца. Усеклі? Не думаю. Хіба што разгневаліся. Я вельмі старанна падрыхтаваўся.
Па-першае, гістарычна, архітэктанічна, па-філасофску. Важнае для ўнутранага жыцця патрабуе дакладнай акрэсленасці. Гэтак сама і ў гістарычным аспекце. Таму я сабраў самыя дакладныя звесткі пра Колераву вілу. Нават пакалупаўся ў матэрыялах гарадской бібліятэкі і высветліў, што гэта былая рэзідэнцыя Нікадэмуса Мольха. А Нікадэмус Мольх, мысляр на зары дваццатага стагоддзя, эўрапеец з Майсеевай барадой, невядомага паходжання і невядомай нацыянальнасці (паводле адной легенды — законны сын аўстралійскай спявачкі ад Аляксандра Трэцяга, паводле другой — былы падсудны за разбэшчванне малалетак настаўнік другой ступені Якаб Хэгер з Бургдорфа), узначальваў незалежную акадэмію, якая субсідавалася багатымі ўдовамі і палкоўнікамі — аматарамі прыгожага, перапісваўся са старым Талстым, сярэдніх гадоў Рабіндранатам Тагорам і маладым Клагесам, запачаткаваў касмічны рух абнаўленцаў, абвясціў сусветны вегетарыянскі ўрад, так нікім усур'ёз і не прызнаны (інакш, магчыма, удалося б пазбегнуць першай сусветнай вайны, пазбегнуць Гітлера — хоць і вегетарыянца, — Другой сусветнай, а таксама ўсіх наступных ліхотаў), выдаваў часопісы, часткова акультнага, часткова парнагарафічнага зместу, пісаў драмы-містэрыі, пазней звярнуўся да будызму, каб яшчэ пазней, калі ўжо паўсюль былі парассыланыя арыентыроўкі з апісаннем ягоных прыкметаў, заблытаўшыся ў процьме банкруцтваў і пазоваў да прызнання бацькоўства, завершыцца сакратаром далай-ламы — але гэта па неправераных чутках, бо некаторыя нашыя грамадзяне, удзельнікі кінаэкспедыцыі, нібыта і пазналі яго ў тапёры аднаго шанхайскага бара ў трыццатыя гады.
Размяшчэнне вілы. Як на адваката, які вырас у бедных, а дакладней, у ніякіх умовах, які толькі-толькі прыняў рашэнне ўчыніць сальта-мартале (цытую Фрыдлі) у гушчыню салодкага жыцця, дарога ад машыны Лінгарда да дзвярэй доктара h.c. Ісака Колера была даволі прыемная, яна вяла праз парк, дзе нават сама прырода дыхала багаццем. І флора тут не збеднілася сваімі дарамі. Дрэвы ўсе чыста велічныя і дагэтуль у летняй раскошы. Нават фён і той тут не адчуваецца, нават па гэтым пытанні быў падпісаны дагавор з нейкімі невядомымі інстанцыямі, бо то ж багатым людзям і такое па кішэні. (Для недасведчаных: пад фёнам у нашым горадзе разумеюць такую метэаралагічную сітуацыю, з якое вынікаюць болі ў галаве, самазабойствы, сужэнскія здрады, дарожныя выпадкі і акты насілля). Я ішоў па дбайна выпалатых, расчышчаных і пасыпаных друзам дарожках. Увогуле гэта быў парк далёкі ад цяперашніх. Хутчэй культываваны пад даўніну. Падстрыжаныя кусты і жывыя агароджы. Замшэлыя статуі. Голыя барадатыя божышчы з маладзецкімі сцёгнамі і такімі самымі лыткамі. Ціхія сажалкі. Велічная пара паваў. І гэта пры тым, што парк ляжаў у цэнтры горада, дзе кожны квадратны метр зямлі каштаваў астранамічных грошай. Вакол яго грукаталі трамваі і ліўся паток машын, транспарт, як акіянскі прыбой, разбіваўся аб чыгунную рашотку з пазалочанымі слупамі, бушаваў, трызвоніў і дудзеў, але ў парку ў Колера панавала цішыня, адкуль толькі яна тут бралася. Магчыма, гукавым хвалям проста забаранілі сюды ўрывацца. Чутно было толькі птушынае ціліліканне.
Сам будынак. Увогуле ён часам выглядаў проста пачварай з ахітэктурнага гледзішча, наш паўночны мысляр сам накідаў яго праект. І як удалося кантанальнаму радцу ператварыць гэты жах у нешта жылое і людзкае — гэта адна з ягоных таямніц. Мабыць, давялося адбіць процьму купалоў, вежак, эркераў, анёлкаў і задыякальных фігурак (Нікадэмус Мольх між іншым прыпадаў слабасцю і да астралогіі), перш чым з архітэктурнага монстра выкуклілася віла, хоць і па-ранейшаму з шчытом-франтонам, але ад гэтага яшчэ больш зграбная, увітая дзікім вінаградам, блюшчом, бружмелем і ружамі, вялікая і ўкладзістая, такою ж аказалася яна і ўсярэдзіне, калі я, апошні раз акінуўшыся вокам на «поршэ», які адгэтуль выглядаў толькі чырвонай плямай, пераступіў яе парог. Архітэктары парупіліся як мае быць, яны павыломвалі сцены, накрылі падлогу дыванамі і гэтак далей, усё тут было зручнае і лёгкае. Антыкварная мэбля, кожны прадмет — твор мастацтва, на сценах — славутыя імпрэсіяністы, далей — познія фламандцы (па доме мяне вяла пакаёўка). У кабінеце гера радцы мяне пакінулі чакаць, кабінет быў шырокі, пазалочаны сонцам. Дзверы насцеж вялі ў парк, два акны абапал дзвярэй даходзілі амаль да падлогі. Каштоўны паркет, неабсяжны пісьмовы стол, глыбокія скураныя фатэлі, на сценах ніякіх карцін, адно толькі кнігі і кнігі пад самую столь, натуральныя навукі і матэматыка, салідная бібліятэка, да якой неяк зусім не пасаваў більярд. Стаяў ён у ёмістай нішы, на зялёным полі ляжалі тры шары, каля сцяны цэлая калекцыя більярдных кіёў. Шмат старадаўніх з надпісамі. Кій Анарэ дэ Бальзака, кій Готфрыда Келера, генерала Дзюфура, кій Бісмарка, а адным па ўсёй верагоднасці калісьці ганяў шары сам Напалеон. Я агледзеўся крыху збянтэжана. Прысутнасць старога доктара h.c. адчувалася рыхтык ва ўсім, быццам ён кожную хвіліну мог увайсці з парку, быццам я чуў яго смех, быццам на мне спыніўся яго пільны позірк.
Візія. Тут адбылося нешта дзівоснае, я сказаў бы нават — са свету відзежаў. Раптам я зразумеў кантанальнага радцу. Самому сабе нечакана. Гэтае разуменне як бы сышло на мяне. Я разгадаў прычыну яго ўчынку. Я ўгадваў яе ў каштоўных прадметах абстаноўкі, у кнігах, у більярдным стале. Я разгледзеў яе ў сувязі паміж строгай логікай і гульнёй, якая наклала свой адбітак на гэты пакой. Я пранік у яго таямніцу і ўбачыў ясна: Колер забіў не таму, што быў гулец. Не. Колер не быў чалавекам азарту. Стаўкі яго не цікавілі. А цікавіла яго сама гульня як гульня, раскат шароў па зялёным полі, разлікі, іх выкананне, магчымасці, закладзеныя ў кожнай партыі. Удача была для яго нішто (таму ён мог лічыць сябе абсалютна шчаслівым чалавекам і пры гэтым ані не хітраваў). Ён проста ганарыўся, што ў ягонай уладзе было вызначаць умовы гульні, любіў назіраць за ростам нейкай мусовасці, якую сам жа і стварыў. На чым палягаў ягоны гумар. Вядома, на тое былі таксама свае прычыны. Магчыма, вытанчаная прага ўлады, ахвота пагуляць не толькі шарамі, але і людзьмі, спакуса паставіць сябе нароўні з Богам. Вельмі нават магчыма. Але неістотна. Мне, як юрысту, след заставацца на паверхні, а не лезці ў нетры псіхалогіі і ўжо ж тым болей не дзерціся ў філасофію альбо ў тэалогію. Учыніўшы забойства, Колер проста пачаў новую партыю, і не больш. Цяпер усё ішло згодна з яго планам. Я ж быў толькі адным з шароў пад яго ўдарам. Ён дзейнічаў лагічна. Суду ён не назваў прычыны таму, што і не мог назваць яе. Забойцы звычайна дзейнічаюць па канкрэтных матывах. З голаду. З кахання. Духоўныя матывы сустракаюцца больш рэдка, і тое скажоныя ад дамесу палітыкі. Матывы рэлігійныя амаль не сустракаюцца і вядуць забойцу проста ў псіхіятрычную лякарню. А кантанальны радца дзейнічаў з чыста навуковых меркаванняў. Гэта гучыць абсурдна, але ён быў мысляр. І матывы ў яго былі не канкрэтныя, а абстрактныя. Вось на гэта яго і можна было падчапіць. Ён любіў більярд не як гульню, а таму, што більярд служыў яму за мадэль рэчаіснасці. Адным з магчымых яе спрашчэнняў (мадэль рэчаіснасці — тут я ўжываю любімы выраз Мока, дойліда, які шмат займаецца фізікай, нямала лепіць і наогул непапраўны летуценнік, у яго майстэрні я апошнім часам часта заседжваюся — а дзе яшчэ загадаеце пасля дванаццаці шукаць выпіўку ў такой краіне, як наша? — гутарыць з ім пры яго глухаце даволі цяжка, хоць ідэяў ён мне падкінуў шмат). З той самай прычыны Колер займаўся прыродазнаўчымі навукамі і матэматыкай. Яны акурат гэтак сама пастаўлялі «мадэлі рэчаіснасці». Але ўрэшце гэтыя мадэлі перасталі яго задавальняць, і яму давялося пайсці на забойства, каб стварыць сабе чарговую мадэль. Ён эксперыментаваў над злачынствам, і смерць была для яго не больш чым метадам. Адсюль і даручэнне Кнульпэ высветліць наступствы забойства, адсюль і абсурднае заданне пашукаць іншага «магчымага» забойцу. Толькі цяпер у яго кабінеце сам-насам з прадметамі, якімі займаўся стары, я зразумеў сэнс нашай з ім гутаркі ў турме. «Даследаваўшы рэчавасць, дакладна вымераць і ўздзеянне аднаго ўчынку», і «нам трэба пераасэнсаваць рэчаіснасць, каб пранікнуць у сферу магчымага». Доктар h.c. адкрыў нам свае карты, але тады я не зразумеў ягонай гульні. Толькі прыняўшы гульню сур'ёзна, можна было знайсці матыў забойства: ён забіў, каб паназіраць, ён забраў у кагосьці жыццё, каб даследаваць законы, на якіх грунтуецца чалавечае грамадства. Зрэшты, калі б ён прывёў гэты матыў у судзе, яго палічылі б пустой адчэпкай. З юрыдычнага боку ён занадта абстрактны. А навуковае мысленне менавіта ж такое. Яго абстрактнасць служыць яму абаронай. Аднак, адзін раз вырваўшыся са свайго схову, яно можа наброіць бедаў. І мы будзем бяссільныя перад ім. Няма сумнення, што менавіта гэта і адбылося з эксперыментам Колера: духу навукі спатрэбілася забойства. Тым самым ні радца не апраўданы, ні навука не асуджана. Чым духоўнейшы матыў гвалту, тым страшнейшы сам гвалт, чым больш усвядомлены, тым менш яму апраўдання. Ён набывае рысы бесчалавечнасці. Блюзнерства. У гэтым сэнсе я разважаў слушна, і маё бачанне пацвердзілася. Яно засцерагло мяне ад захаплення Колерам, перашкодзіла мне хоць на хвіліну паверыць у яго невінаватасць. Яно дапамагло мне захаваць да яго агіду. Перакананне, што забіў менавіта ён, з гэтай хвіліны ўжо ніколі не пакідала мяне. Бяда ж у тым, што тады я не распазнаваў небяспекі партыі, якую Колер з маёй дапамогай задумаў згуляць. Я лічыў, быццам мой удзел — гэта ўсяго толькі бяскрыўдная тэхнічная дэталь, без наступстваў. Я ўявіў сабе, быццам партыя будзе весціся далей у вакууме, так сказаць, выключна ў думках гэтага блюзнера. Гульня яго пачалася з забойства. Як жа я мог не здагадацца, што працяг яе прывядзе да другога забойства, да забойства, якое гэтым разам ужо давядзецца ўчыняць не доктару h.c., а нам, прадстаўнікам юстыцыі, з якою стары завёў сваю гульню?