Юстыцыя
вернуться

Дюрренматт Фридрих

Шрифт:

Калі б я паспеў тады дагнаць яе бацьку ў аэрапорце, ён быў бы ўжо на тым свеце, і я разам з ім. Усё было б у парадку, і свет даўно заняўся б іншымі справамі. Усё маё цяперашняе жыццё мае толькі адзін сэнс: паквітацца з Колерам. Разлік будзе просты. Хопіць аднаго стрэлу. Але пакуль што трэба чакаць. Гэтага я не ўгадаў наперад. Як не ўгадаў і траты нерваў на чаканне. Адно — аднавіць справядлівасць, другое — жыць, чакаючы, калі яе можна будзе аднавіць. Я быццам у нейкім ашаламленні. І п'ю так многа праз абсурднасць свайго становішча, быццам упіваюся справядлівасцю. Усведамленне таго, што рацыя — мая, знішчае мяне. Няма нічога больш вусцішнага за такое ўсведамленне. Я караю сябе, бо не магу пакараць старога Колера. Вось у гэтым ашаламленні я бачу сябе і Элен, азіраючыся на нашу першую сустрэчу. Ведаю, што страціў усё. Шчасця не заменіш нічым. Нават калі гэта шчасце абернецца вар'яцтвам, а маё цяперашняе вар'яцтва насамрэч ёсць цвярозасць. Бязлітаснае ўсведамленне рэчаіснасці. Вось чаму я азіраюся назад з жалем. Я хацеў бы забыць, але не здатны на гэта. Усё так выразна адбілася ў маім мозгу, быццам адбылося толькі ўчора. Я яшчэ чую яе голас, бачу яе вочы, яе рухі, яе сукенку. І сябе таксама. Мы былі маладыя, абое. Не растрачаныя. З таго часу прайшло ад сілы паўтара гады, а я ўжо стары, вельмі стары. Мы з даверам паставіліся адно да аднаго, хоць было б зусім натуральна, калі б яна мне не давярала. Яна непазбежна бачыла ўва мне адваката, які хоча зарабіць. І ўсё-такі даверылася мне з самага пачатку. Я гэта адразу адчуў і таксама даверыўся. Я быў гатовы ёй дапамагчы. Усё было цудоўна. Нават калі мы проста сядзелі насупраць, нават калі мы гутарылі толькі па справе. Ну, вядома ж, я разумею, што, папраўдзе кажучы, усё было зусім не так, што ўсё было міраж, памылка альбо, што яшчэ горш, подлая інтрыга, якую Элен закалаціла супроць мяне, але, пакуль я гэтага не ведаў, не падазраваў нават, я быў шчаслівы.

— Сядайце, гер Шпэт, — сказала яна.

Я падзякаваў. Яна села ў глыбокі скураны фатэль. Я сеў насупраць, таксама ў глыбокі скураны фатэль. Усё было неяк дзіўна, гэтая дзяўчына гадоў прыкладна на дваццаць два, смуглявая, усмешлівая, раскаваная і ў той жа час сарамлівая, мноства кніг, масіўны пісьмовы стол, на заднім плане — більярд з шарамі, прамяні сонца, парк за прачыненымі шклянымі дзвярмі, праз якія ўвайшла Элен з пажылым герам Фёрдэрам. Фёрдэр быў бездакорна апранены, мне прадставілі яго як асабістага сакратара Колера, ён моўчкі і з выглядам амаль пагрозлівым пачаў мяне разглядваць. Пасля чаго зноў выйшаў, не развітаўшыся, не азваўшыся ані гукам. Мы засталіся ўдваіх. Элен была збянтэжана. Я таксама. Думкі пра яе бацьку скоўвалі мяне, адабралі дар мовы. Мне было шкада яе. Я зразумеў, што яна ніколі не зможа зразумець свайго бацьку і пакутуе ад неспасцігальнасці яго ўчынкаў.

— Гер Шпэт, — пачала яна, — бацька мне заўсёды шмат пра вас расказваў.

Гэта было нечакана. Я здзіўлена паглядзеў на яе.

— Заўсёды?

— З таго часу, як сустрэў вас у «Du Th'e^atre».

– І што ж ён вам расказваў?

— Ён непакоіўся за вашу адвакацкую практыку.

— Не было ў мяне тады ніякай практыкі.

— Затое цяпер ёсць, — канстатавала яна.

— Не сказаць, каб бліскучая, — прызнаўся я.

— Ён інфармаваў мяне пра справу, якую мерыўся вам даручыць.

— Ведаю.

— Вы возьмецеся за яе?

— Рашыў узяцца.

— Мне вядомыя ўмовы, — сказала яна. — Вось вам чэк. Гэта аванс. Пятнаццаць тысяч. Плюс яшчэ дзесяць. На выдаткі па справе.

Элен працягнула мне чэк. Я ўзяў яго і склаў напалам.

— Ваш бацька не паскупіўся, — сказаў я.

— Ён вельмі зацікаўлены, каб вы ўзяліся за яго даручэнне, — патлумачыла.

— Прыкладу ўсе намаганні.

Я сунуў чэк у кашалёк. Мы абое памаўчалі. Яна больш не ўсміхалася. Я адчуў, як яна падбірае словы.

— Гер Шпэт, — загаварыла нарэшце з запінкай, — я разумею, што бацькава даручэнне не зусім звычайнае.

— Нават вельмі.

— Гер Фёрдэр думае гэтак сама.

— Ахвотна веру.

— Але тым не меней яго трэба выканаць, — сказала яна рашуча, амаль горача.

— Дзеля чаго?

Яна ўмольна глянула на мяне.

— Гер Шпэт, я магу бачыцца з татам раз у месяц. Ён дае мне ўказанні. Справы ў таты вельмі заблытаныя, але яго абазнанасць шакіруе. Ён загадвае, я выконваю. Ён бацька, я дачка. Вы ж разумееце, я слухаюся яго.

— Ну, вядома ж.

Элен разгарачылася. Яе гнеў быў непадробны.

— Асабісты сакратар і адвакаты хочуць назначыць над ім апеку, — сказала яна. — На маю карысць, як яны кажуць. Але я добра ведаю, што мой бацька ў сваім розуме. А тут яшчэ даручэнне, за якое вы ўзяліся. Асабістаму сакратару гэта чарговы доказ.

Мы зноў памаўчалі.

— Нават калі я не магу яго зразумець, — ціха дадала яна.

— Фройляйн Колер, — адказаў я, — для юрыста даручэнне даследаваць забойства прафесара Вінтэра, зыходзячы з пасылкі, што забойца не ваш бацька, мае юрыдычны сэнс толькі ў тым выпадку, калі забойца не ваш бацька. Але такая пасылка немагчымая. І тым самым даручэнне не мае ніякага сэнсу. З юрыдычнага боку. З чаго, аднак, не вынікае, што яно не мае сэнсу і з навуковага боку.

Яна здзіўлена паглядзела на мяне.

— Як мне разумець вас, гер Шпэт?

— Я ўважліва агледзеў гэты пакой, фройляйн Колер. Ваш бацька любіў свой більярд і свае прыродазнаўчыя кнігі…

— Так, і больш нічога, — упэўнена сказала яна.

— То ж бо тое і яно.

Яна не дала мне дагаварыць.

— Менавіта з гэтай прычыны ён і не здатны на забойства. Яго нейкім пачварным чынам прымусілі…

Я перамоўчаў. Адчуваў, што было б непрыстойна так згопалу бабахнуць па ёй праўдай. Я не мог убіць у яе недарэчную, дзікую ісціну, што яе бацька забіў менавіта таму, што не любіў нічога на свеце, апрача свайго більярда і кніг. І недарэчы было б расказваць ёй пра сваё празарэнне, бо гэта была толькі голая інтуіцыя, а не факт, які можна даказаць.

— Бачыце, фройляйн Колер, мне нічога не вядома пра матывы ўчынку, за які ваш бацька быў асуджаны, — асцярожна пачаў я, — гаворка ў нас ішла пра іншае. Пра тое, што магло б растлумачыць не яго ўчынак, а даручэнне, якое ён мерыўся даць мне. На падставе гэтага даручэння ваш бацька хоча даследаваць межы магчымага. Ён сцвярджае, быццам такая яго навуковая мэта. Мая справа — строга трымацца гэтага пастулату.

— Але ж у гэта нельга паверыць! — усхвалявана ўсклікнула Элен.

Я не згадзіўся.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win