Шрифт:
Хутка пасьля маяго прыезду ў Прагу памёр Тамаш Грыб — таксама член ураду БНР, наймалодшы яго міністар. Памёр на васпаленьне лёгкіх — дарагі Флемінг тады яшчэ ня даў людзям пэніцыліну. Усе мы езьдзілі на крэмацыю, якая сама па сабе ўжо была для мяне дзівам. Там я пазнаёмілася з Ермачэнкам, Русаком, Бакачом, Калошам і інш. Труна паволі адплывала ад нас, і на хорах нейкі ўкраінскі сьпявак прачула сьпяваў «Не пагаснуць зоркі ў небе». Я таксама адчула, што і я ўжо на чужыне, і горка зашчаміла сэрца. Пасьля былі грамадзкія хаўтуры. Пад гэрбам нашым і сьцягам вісеў прыгожы Грыбаў партрэт, зышлося многа людзей — чэхаў і братоў-эмігрантаў. Валодзя Тамашчык мне іх называў. Ад чэхаў быў ведамы славіст, прафэсар Славік, выступаў сардэчна, прадумана. Ад украінцаў выступаў, здаецца, прафэсар Дарашэнка, які некалі першы напісаў кніжачку аб нашым адраджэньні. Сам ён з Чарнігаўшчыны, дык беззаганна валодаў беларускай мовай. Ад рускіх эсэраў гаварыў вельмі цікавы Чарноў. Была на хаўтурах і Радзянко. Яна, здаецца, любіла мяне, мы часта сустракаліся ў цэркве. Скромна ў хустачцы пад бараду гэтая шляхотная дзяячка, здаецца, ніколі ня думала пра сябе. Пасьля заканчэньня унівэрсытэту доктар Грыб працаваў у славянскім архіве ў беларускім яго аддзеле. Плацілі там грашы, і ён дарабляў у няшчодрае беспрацоўе як мог, насіў нават і прадаваў, казалі, краваткі [24] па людзях, а ў архіве пісаў, заўзята працаваў для Беларусі. Кажуць, засталося пасьля яго многа вартасных навуковых працаў. Часам выдавалі беларусы ў Празе «Іскры Скарыны» [25] , над якімі працаваў пераважна доктар Грыб, а фінансаваў іх Васіль Русак — мажны й вельмі энэргічны слуцкі паўстанец [26] , які памёр пасьля вайны ў савецкім зьняволеньні. Былі яшчэ Клаўсуць, Вітушка, Астапкевіч і інш. Яны пераважна пажаніліся з чэшкамі й жылі ня ў Празе.
24
Краватка (польск. krawat) — гальштук.
25
Беларускі літаратурны і культурна-грамадскі часопіс, выходзіў у Празе, 1931–1935.
26
Удзельнік узброенага выступлення на Случчыне, 14.11.–28.12.1920.
Беларусы, за малымі выняткамі, жылі вельмі бедна. Загадкава багата жыў толькі адзін Іван Абрамавіч Ермачэнка. Быў гэта лекар, які меў багатыя апартаменты ў цэнтры Прагі і інзэраты [27] аб сваім кабінэце даслоўна ва ўсіх чэскіх газэтах. Гэта быў вельмі добра апрануты сярэдняга росту нехуды чалавек, які вечна ўсьміхаўся, але зусім не выклікаў.да сябе даверу. Жанаты ён быў з нейкай рускай з Румыніі, якая таксама скончыла мэдыцыну (зубніха) на беларускую стыпэндыю, мелі яны дзьве дачкі. Акрамя яго ніхто ні слова не гаварыў па-беларуску. Багаты гэты чалавек ня меў ніякае літасьці над беднымі сваімі суайчыньнікамі, ён наагул, як казалі, сэпараваўся ад іх, але вось цяпер пачаў браць удзел у беларускім жыцьці, цікавіцца падзеямі й высоўвацца наперад. Я яго нечаму неўзлюбіла, і ён ніколі не здабыў маей сымпатыі й маяго даверу. Яго ўсе баяліся, але я, пасьля таго здарэньня ўдома, калі пачулася вельмі сільнай, не баялася нікога, а супраць яго пачала выступаць. Як можна выступаць ад імя народу, ня маючы адкрытай душы для ўсіх нашых бедаў і інтарэсаў? Я, вясковая дзяўчына, ніяк не магла гэтага сьцяміць… Інтарэсы маяго народу — мая сьвятасьць, я крывёй магла заплаціць за яго лепшае заўтра, але я хачу, каб усе тут мелі чыстыя сэрцы й рукі! Я прыехала адтуль, гдзе народу вельмі цяжка, і ў імя яго дабра я буду толькі працаваць і жыць. Другіх меркаваньняў ня ведаго, і ні з кім мне пакуль што не па дарозе. Моцна да ўсіх прыглядаюся, практыкі ў гэтым у мяне ніякай няма, але шлях свой я ведаю. Я, напрыклад, вельмі веру дзядзьку Васілю, пані Крэчэўскай, Тамашчыку, нават Русаку, ну а з Ермачэнкам — я супраць! Напрыклад, мой муж у вельмі цяжкую хвіліну, калі быў сапраўды бяздомны й галодны, прасіў пазычыць крыху грошай. Ён не пазычыў, але на 200 карон заручыўся за яго ў банку й вельмі баяўся, каб яны яму не прапалі. Сябру Калошы ён даў працу чорнарабочага ў сябе на віле ля Прагі й плаціў чалавеку грашы. А вось пані Крэчэўскай ці дзядзьку Васілю — старым, вартым і вельмі бедным людзям, такі багач нават не падумаў, каб дапамагчы. Зусім спакойна наглядаў іх убогасьць жыцьця. Былі й другія з вышэйшаю асьветаю нашыя сябры, і яны сапраўды галадалі… Усё гэта ўзважыўшы, я прыйшла да пераконаньня, што гэта не патрыёт, і тады чаму хоча правіць у гэтай маленькай сям’і, калі за сям’ю яе ня лічыць? Што за кабала й хто яго паслаў на нашую голаў і пашто? Калі яны даведаліся аб маёй тэлеграме прэзыдэнту Бэнэшу, дык дзядзька разумна гэта прамаўчаў, а Ермачэнка горка зацеміў, што гэта неразумна, бо трэба йсьці супраць Граду, не з Градам. Але ён не пашкодзіў мне тады, ня выдаў.
27
Інзэрат (польск. inserat) — аб’ява.
Пасьля ўпадку Польшчы, якой мы былі грамадзянамі, мы згубілі сваё грамадзянства зусім. Па-нямецку гэта было «штатэнлез» [28] — знача без грамадзянства. Гэта было ня так непрыемна, як небяспечна. Кожны чужынец быў узяты пад строгі кантроль, хто змог, дык уцякалі, а куды было падзецца нам? Нявесела… Немцы са сваёй ведамай дакладнасьцю загадалі ўсім арганізавацца ў свае, імі дазволеныя арганізацыі, і тады мелі іх перагляд. Беларусам дазволілі Камітэт самапомачы [29] , беларускі, безумоўна. Арганізаваць яго было трэба самым. Нас было мала, не было ні памяшканьня, ні сродкаў на гэта, было тугавата. Сабраліся ў кафэ ўсе разам. Выбралі кандыдатаў на старшыню, але мы з дзядзькам Васілём свае кандыдатуры адразу зьнялі, засталіся двое: Русак і Ермачэнка. Апошні палохае нас, дае пазнаць, што ён усясільны й без яго нічога нельга рабіць. Выбралі яго адным голасам болей. Людзі яго не любілі, крыху баяліся, дзядзька маўчаў. Сакратаром выбралі Бакача, мяне скарбнікам, і выкруціцца мне было нельга, дый няма пашто. Ермачэнка ўступіў пад Камітэт адзін з пакояў сваіх апартаментаў, у Камітэт наплывалі людзі. Русак аднойчы прывёў Вольфсана, гэта быў яўрэй. Вельмі хацелася яго выратаваць. Узялі нарэшце яго, сына й дачку. Гэтых дваіх мы ніколі ня бачылі, але яны, як і мы, мелі легітымацыі Камітэту й так выжылі. Акрамя невялічкіх членскіх узносаў яны іншых выдаткаў ня мелі. Узяць іх было небясьпечна, але здрадніка сярод нас не знайшлося. Ніякай палітыкі ў Камітэце мы не праводзілі, дый не маглі праводзіць. Толькі дурань можа цьвердзіць, што немцы маглі дазволіць некаму нейкую палітыку. Усё зводзілася да цесных, акрэсьленых рамак Самапомачы. Камітэт ніякай дзейнасьці не праводзіў, а невялікую суму членскіх узносаў я проста аддавала пад распiску Бакачу, бо сапраўды ён ня меў з чаго жыць.
28
Штатэнлез (ням. staatenlos) — без грамадзянства.
29
У 1939 годзе ў Данцыгу на канферэнцыі беларускіх эмігранцкіх цэнтраў некаторых заходніх краін было створана Беларускае бюро даверу пры Міністэрстве ўнутраных спраў Германіі, а пры ім — Беларускі камітэт самапомачы. У Празе ўтварыўся яго філіял — Пражскі камітэт самапомачы.
Казалі, што беларусы вельмі добра біліся, але ўсе гэта было дарма, і вось паявіліся нашыя палонныя, а было іх шмат. У Бэрліне пачала для іх выходзіць газета «Раніца» [30] , якая хутка трапіла і ў Прагу. Муж яе выпісаў. Акрамя нямецкіх зводкаў былі там і беларускія пытаньні, вершы, карэспандэнцыя. Была гэта нічуць ня горшая газета за ўсе пратэктарацкія і іншыя, якія мы чыталі, ды была на роднай мове. Людзі вельмі стараліся, каб мела й беларускі зьмест. Цяпер ужо яна была адзіным друкаваным беларускім словам.
30
Беларуская газета, якая выходзіла ў Берліне (1939–1945).
У гэты час уцяклі з Саветаў Расьціслаў і Віця, стрыечны мой брат. Калі забралі тату, дык пачалі шукаць Славачку — ён быў ужо паўналетні. Хлопец блукаў тры месяцы па лесе, то быў у сваякоў, якія ня вельмі хацелі яму дапамагчы. Нарэшце яны перайшлі граніцу і ўцяклі ў Польшчу да татавай сястры, што была за сьвяшчэньнікам. Мілая цёця хутка выжыла нашых юнакоў. Прышыўшы ім літары «П» на плечы, іх адправілі на працу ў Нямеччыну. Ад хлопцаў мы даведаліся аб трагэдыі нашых сем’яў. Віці бацькоў (яго маці — татава сястра) забілі ў іх фальварку Ярылаўцы (цяпер Польшча). Цеці вырвалі язык і дзёрлі пасы скуры з плячэй. Дзядзю Цімошу, кожнаму з іх было праз 80 гадоў, проста забілі, а іх сына Валодзю білі й выдзерлі яму вочы і ўрэшце забілі. Тады наладзілі ў Ярылаўцы танцы пад гармошку й наагул — забаву, трупы ляжалі на панадворку побач… Віця ў гэты час біў немца, і калі вярнуўся, дык перавезьлі яны з маім татам трупы з ярылаўскага хлява пад бераставіцкую царкву й там пахавалі. Пасьля забралі тату, казалі, біў яго канваіруючы нейкі Сундукевіч, а ён ішоў і маўчаў. Казалі мне людзі, што быў з імі ў гродзенскай турме, з якой ужо ніхто з нашай сям’і жывы ня выйшаў. Маму маю з дзецьмі, вымучыўшы на месцы, вывезьлі ў Казахстан. Я не знаходзіла сабе месца, усё пыталася: «За што, за што?» Я хацела кончыць жыцьцё, пусьціўшы газ, да гэтага ў мяне былі і іншыя непрыемнасьці. Муж мяне вывалак з маленькае кухні.
Аднойчы ўзяла я «Раніцу», паглядзела адрас і напісала туды сваю маленькую фантазію на тэму вясны й Бацькаўшчыны. Нікому пра гэта не гаварыла, але калі прыйшла наступная «Раніца», нават у рубрыцы «Карэспандэнцыя» я не знайшла найменшае зацемкі на маю сардэчную вясну… Але аднойчы ў паштовай скрынцы я знайшла ліста на мае імя ад рэдактара газеты: мая фантазія, паводле слоў рэдактара, вельмі добрая рэч, была пакінутая ў велікодны нумар. Так, знача, я цяпер буду пісаць. Усе дарагое мне забралі, панішчылі, але ёсьць тут у няволі браты мае, цемныя, нават ня ведаюць добра, хто яны, самыя сябе падцэньваюць, вось я хачу аказацца да іх, але так: сэрцам да сэрца. I вось пачалося. Я хутка выбілася на першую старонку газеты, мяне палюбілі. А я, я толькі думала пра нашых людзей. Часам на каленях вымольвала ў Бога такія словы й мысьлі, якія б падтрымалі ў няволі братоў маіх, не дазволілі ім забыцца пра сем’і свае й сёлы. Каб рабілі іх упэўненымі ў сваіх чалавечых вартасьцях, давала абразкі ім з нашай гісторыі. Многа вершаў маіх паляцела ў рэдактарскі кош, шмат не прапусьціла цэнзура, але я іх усе пісала маім братам і часам аж плакала. Зусім не зьвярталі, разагнаўшыся на ўсю Эўропу, немцы ўвагі на нейкую славянскую, беларускую газетку, і я пакуль што з гэтага карыстала. Пайшлі водгукі, у Прагу пачалі езьдзіць дзеячы, каб паглядзець на мяне, пагутарыць. У мяне была свая лінія, свая палітыка. Шматлікія з высокай асьветаю мае суродзічы разглядалі мяне як дзіва.
Ермачэнка павёз беднага дзядзьку па цэнтрах, гдзе былі нашыя людзі. Сам ён ехаў у вагоне для немцаў, а дзядзьку недзе ўвапхнуў сярод найбяднейшых. Дзядзька зусюль пісаў мне: ён так толькі зразумеў маю незалежную ад нікога пазыцыю, маю сьмеласьць, калі я публічна казала ў вочы Ермачэнку, што ён ёсьць шкоднік беларускай справы. Беларусаў трэба было ўсьведамляць і тых, якія яшчэ засталіся жывыя, жывымі й захаваць. Будучыня была яшчэ пісаная віламі па вадзе, і арыентавацца на немцаў нам ніяк было нельга. Я паглядзела на іх палітыку, на варварства й адразу так сабе падумала: каб не напісаць ім ні слова, як быццам яны наагул для нас не існуюць, а калі закрануць, дык праўдзіва, і з цэлай душы галубіць, апяваць, лялеяць сваю Беларусь, чаго нам ніколі не дазвалялі дагэтуль атупелыя калянізатары нашай зямлі. Мне гэта ўдалося. Мяне пасьля выкрылі, але вайна ўжо канчалася, і ім было не да мяне, а можа, проста я мела шчасьце, а можа, і сярод іх былі людзі, якія ўмелі шанаваць патрыятызм паэткі невялікага, вельмі няшчаснага народу. Я таксама старалася нідзе не працаваць за акупацыі, маленькі сыночак мне хораша ў гэтым дапамагаў.
Па нашай вуліцы хадзілі з дзяўчаткамі такімі, як Юра, дзьве вельмі дыатынгаваныя [31] дамы, старая й малодшая. Яны на мяне з цікавасьцю паглядалі. Мне здаецца, што тады на мяне з цікавасьцю паглядалі амаль усе. I вось аднойчы ў краме, каля мяшка з гарэхамі — астатка з часоў Рэспублікі, — наш Юрка пакалаціў і разгневаў тых дзяўчатак зусім не паджэнтэльмэнску. Я ўбачыла, што гэта немкі, і глядзела толькі, што будзе далей. А далей падышла да мяне малодшая дама й сказала, што цяпер ёсьць нагода нам пазнаёміцца, бо яна тут чужая, мяне ўжо даўно ведае й хоча пасябраваць са мною й хадзіць разам з дзецьмі на спацыр. Так у нас завязалася амаль дружба, прынамсі, вельмі шчырыя адносіны. Дама наведала нас з дзецьмі, і я па-нашаму, па-беларўску, шчыра іх пачаставала каваю, цукеркамі і т. п.
31
Дыстынгаваны (польск. gystyngowany) — вытанчаны, свецкі.