Споведзь
вернуться

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Настаў час ехаць мужу ў Прагу, яшчэ нават два месяцы разам не пражылі. Завезьлі мы з татам яго на станцыю, разьвіталіся, ехаць яму было неабходна. Мы вярнуліся дамоў, у куце стаяла палачка мужа, была пустая хата, пустая пасьцель, і вось тады я расплакалася, зразумела сваю адзіноту. Адна я не была, я была ўжо цяжарнай, і гэта было несказана дзіўным, як дзіўным і таемным ёсьць паяўленьне новага жыцьця чалавека. А час ляцеў і нашыя лісты, узаемна поўныя любові, тугі й думаў нясьмелых яшчэ аб гэтым нашым ненароджаным дзецятку. Я памагала маме мужа, садзіла гароды, мыла бялізну, падлогу ў хаце й вельмі, вельмі тужыла па мужу, але й па сваіх Жлобаўцах — як жа там яны без мяне? У маі я паехала туды на пару дзён, але адчула крыху, што мой кусочак, як кажуць, там ужо адрэзаны. Па-ранейшаму сардэчнымі былі толькі мама, Люсенька й Славачка, у нас была нейкая адна, супольная душа… Вярнулася я з вялікім чамаданам, напакаваным вяндлінаю й рознымі дабротамі ад мамы. Муж прыслаў мне крыху цікавых журналаў і мілых лістоў, пачыналі зелянець нашыя сьцежкі… Фігура мая выразна псавалася, і нос пакрыўся дробным рабаціньнем. Мае сукенкі рабіліся малымі на мяне, і таму я апраналася пагана. Ніхто аб гэтым зусім не падумаў, а грошай у мяне не было ні капейкі. Але ці гэта так важна? Важна было тое, што ў Зэльве пачаліся вялікія арышты. На 1 мая ў школах, здаецца ў коннай, дзеці замалявалі сажай партрэты Пілсудскага й напісалі на дошках, што хочуць беларускай школы. Недзе зноў раскрылі камуністычныя ячэйкі. Днём бралі дарослых, а ранічкай вялі пастушкоў непаслушных, пакуль людзі яшчэ не паўставалі. Кажуць, што ўсіх моцна білі. Калі аднаго з іх выклікалі на чарговы допыт, ён папрасіў ножыка, каб крыху пад’есьці з перадачы, якую яму прынесьлі. Ён схапіў ножык, які падаў яму канваір, і на вачох сябе ім зарэзаў, устраміўшы яго ў горла. Сканаў хутка, і ўсе моцна аб гэтым загаварылі. Казалі, што абураліся нават палякі пад час ускрыцьця, бо ўсё цела ў гэтага хлапца было паадбіванае ад касьцей. Мяне гэта вельмі моцна ўсхвалявала, было так крыўдна за свой народ. Я напісала мужу ліста, гдзе відавочна крычала кожная літара, і панесла яго на пошту. Сустрэў мяне там адзін паляк, якога дзед быў яшчэ ў паўстаньні, нейкі пан Іжылоўскі, і сказаў, што будуць хаваць забітага сяньня: ці не хачу на яго паглядзець? Сяньня, прайшоўшы ўсе турмы, я разумею, што гэта была правакацыя, тады яшчэ мне ўсе здавалася праўдай… Я пайшла з ім.

У Зэльве, гдзе цяпер парк, тады быў чатырохкутнік крамаў — адзін будынак і дзьверы кругом. Там пад тымі дзьвярыма стаялі людзі, іх разганяла паліцыя, баяліся дэманстрацыі. У склепе паліцыі, тае дэфэнзывы, на тапчане ляжаў забіты. Быў невялікага росту, васпаваты, у новым тканым гарнітуры. Вокал сядзелі жанчыны, зьбялелыя нейкія ад гора, сплаканыя. Хвіліна — і я на каленях, малюся, малюся горача як ніколі. Устаю й кажу: «У мяне будзе Сын, і я так Яго выхаваю, што Ён разам са мною будзе змагацца супраць акупантаў, каб нашыя людзі ня рэзалі сябе ад чужога зьдзеку!..» Мне здаецца, што гэта гаварыла ня я, гэта, напэўна, ужо быў час хоць на словы, калі яшчэ не на чыны. Гэта ўсім, хто асьмеліўся няволіць, мучыць наш пакутны народ! Так сказаць ім у вочы быў ужо найвышэйшы час! Там была паліцыя, і мой пачын, на цьвярозы розум, быў амаль неверагодны. Мяне пачалі страшна байкатаваць, мяне проста ахрысьцілі камуністкай, якой я не была зроду. Я проста не магла ніколі, а цяпер асабліва, зносіць зьдзеку над маім народам. Я ж чакала дзіця, і яно будзе неадродным сынам нашага народу, і трэба, каб доля іх, нашых беларускіх дзяцей, была чалавечай. Ня толькі ў чужой, харошай літаратуры, але сапраўды ў нас мусяе быць воля, гуманізм і асьвета на роднай мове й свая дзяржава нарэшце без крывавых апекуноў! Найгорай я зрабіла бедным мужавым бацькам, яны й так дрыжэлі за лёс сваяго адзінага сына, які адзінока, упарта йшоў супраць чужой цемры, упэўнены ў тым, што й мы нарэшце станем людзьмі, як пісаў наш Купала. Тату цягалі. Ён, кажуць, адкупіўся нейк і выгарадзіў мяне, ссылаючыся на маю цяжарнасьць. Мяне крыху папракалі, але ня надта, можна было гэта вытрымаць, магло быць горай. Бацькі Яначкі былі добрымі людзьмі.

Нарэшце прыехаў на канікулы муж. Ён не пазнаў мяне такую непрыгожую. Бацькі яму расказалі мае падзеі, і ён шчыра зазлаваў на гэта. Нельга мне было гэтак рабіць, яшчэ ня час, тым болей цяжарнай. Я доўга плакала, не хацела паясьняць нікому, што гэта сталася нейк паміма мае волі. Я толькі адчувала, што запратэстую цяпер супраць такога ўсюды, гдзе б яно ні тварылася супраць нас.

Мужава мама ад’ехала хутка ў Латвію да свае сястры, а я засталася гаспадарыць на нашай сялібе. Была карова, нават дзьве, парася, куры і ўсё, што ў гаспадарцы. Муж часта памагаў мне насіць зельле парасяці з гароду й наагул стараўся быць заўсёды разам. Я вельмі цаніла гэта. Толькі ў нас было поўнае безграшоўе… Паехаў муж да маіх бацькоў, але што нам мог даць наш тата? Збожжа ўжо не было аж да новага ўраджаю, а кароў жа нельга папрадаваць вясною. Муж задумаўся, Ён пастанавіў аддаць вэксалі ў пратэет. Проста ён, здаецца, думаў, што нішто тут доўга ўжо не ўтрымаецца. Бацькі мае ніяк не гадзіліся на тое, каб мой кусочак зямлі прадаць, гэта зусім ня ў псіхіцы сялян. Яны ўсімі спосабамі толькі дакупляюць зямлю, да гэтага чакаецца ж яшчэ дзіця. На тое, каб падаць вэксалі ў пратэст, патрэбны быў і мой подпіс, галоўнае — гэта мой. Я ведала са свае сумнае практыкі ўдома, што знача ўсё гэта. Гэта каморнікі, ліцытацыі [12] , дзівосныя аплаты за ўсё й сьлёзы, сьлёзы маіх бацькоў… «Не, — сказала я, — такога я не зраблю ніколі, лепш разыдуся з табою, мой муж…» Я казала гэта зусім паважна. Муж мой негадаваў, яго мама таксама. У мужа былі ў Чэхах даўгі, і трэба было тэрмінова іх заплаціць. Я лічыла вінаватымі сваіх бацькоў — урэшце зямля ж мая, але зрабіць ім прыкрасьць было не ў маіх сілах, і ніхто мяне да гэтага ня сьмеў змусіць… Нарэшце паклікаў мяне да сябе ў пакой мужаў тата. Я пайшла да яго, як на суд. «I што ж, Ларыса, не падпішаш вэксалёў супраць сваяго бацька?» — «Не, татачку, я іх не падпішу, я такога не магу ўчыніць…» Тады стары тата маяго мужа працягнуў рукі да мяне. абняў мяне й сказаў: «Я шчасьлівы, дзіця, што ты менавіта такая, калі ня можаш ты скрыўдзіць сваіх баць коў, дык ніколі ня скрыўдзіш маяго сына…» Я заплакала. А харошы стары Петр Станіслававіч Геніюш прадаў сваю другую кароўку й заплаціў сынаў доўг. Я ніколі яму гэтага не забылася, і калі мы былі ў Празе, дык тое толькі рабіла, што пасылала яму пасылачкі адна за адной… Бедныя нашыя бацькі, як жа яны мала мелі з нас радасьці, толькі хіба што з чалавечнасці нашай, з парадачнасьці… I памерлі яны ўсе, мае бацькі і Яначкіны, бяз нас, самотныя й пакінутыя ўсімі. I гэта ёсьць частка долі нашага народу, яго пакуты, пакуты дзяцей яго, якія нікому ніколі не прадаліся й ня выракліся народу сваяго й таго, што яму, як усім іншым народам на сьвеце, належыць!

12

Ліцытацыя (польск. licytacja) — аўкцыён.

Каб крыху зарабіць, я ўзяла на кватэру нейкіх людзей, так рабіла мужава мама, бо ў Зэльве не было ніякай гасьцініцы. Гэта былі купцы-яўрэі й польскія інжынеры, яны дастаўлялі ў Англію лес з нашае Белавежы, інжынеры яго прымалі. Купцы былі мільянеры, залежала ім, каб добра дагледзець інжынераў, каб тыя добра прынялі лес. На мне была вялікая адказнасьць, але пасьля першага абеду ўсе супакоіліся, ведалі, што ўсё будзе як трэба. Гатаваць я ўмела. Я навучылася гэта ўдома — у нас заўсёды было многа гасьцей… Бацькі вельмі любілі пагуляць з гасьцямі ў брыдж ці ў прэферанс. Бывала, позна ў ноч сядзяць за той нейкай прэферансавай пулькай, і гэта цікава ім. Гэта была іх адзіная разрыўка ў нас, на сяле. У такія вечары мама даручала мне прыгатаваньне вячэры. Часам я прышыкоўвала й харошыя сьвяточныя абеды, так я навучылася прымаць гасьцей. Я сваіх кватэрантаў частавала, як сваіх гасьцей. Інжынер Маліцкі, паважны высокі паляк, мучыўся ад мазалёў на нагах, але калі я йшла з вёдрамі па ваду, ён хапаў мае вёдры і, кульгаючы, прыносіў ваду. Прычынай такой увагі, як мы пасьля даведаліся, была пашана да нашае невясёлай долі, да мае працы, паводле меркаваньняў таго часу, крыху ўніжаючай будучую жонку лекара. Яму падабалася мая мужнасьць і духовая сіла ўсё перанесвді. На яго загад скупы мільянер вельмі добра мне заплаціў за маіх кватэрантаў, а інжынер Маліцкі папрасіў нас, ад’яжджаючы, каб мы паклікалі яго кумам для нашага дзіцятка, калі гэта будзе дзяўчынка, а калі хлопчык — каб ягоную жонку. Мы гэта харошаму чалавеку абяцалі. I так было крыху грошай хоць на папяросы й неабходнае ў хаце для нас.

Бліжыліся польскія выбары, гдзе кандыдатаў назначалі згары. Яшчэ рана вясною памёр Пілсудскі, палякі стараліся мацней трымаць свае меншасьці. Ужо не гаварылася — Беларусь, а «ўсходнія крэсы», а народнасьць проста пісалі: тутэйшая. А ці не разумней, ня лепей было б для іх і для нас быць людзьмі й дэмакратамі ў супольнай дзяржаве, але дарма тут было апэляваць да розуму. Беларусы байкатавалі выбары, не пайшлі на іх і мы.

Збліжаўся час ехаць мужу ў Прагу, я паехала да бацькоў прасіць грошай. Цяжка было бацькам, іх абманулі вельмі воўпскія купцы, забраўшы на слова жыта й не аддаўшы вэксалёў назад. Гэта было нешта нечалавечае, і толькі людзі часам ня хочуць зразумець свае віны й толькі свае, калі іх доля сурова карае… Трэба было сеяць, але малацілі, адсылалі збожжа ў Рось, і так далі мне аж тысячу злотаў. На той час было многа. Можна было ехаць у Прагу. Але якое было нашае зьдзіўленьне, калі мужу не дазволілі выехаць з Польшчы, тут нам прыпомнілі й тое, што не пайшлі мы на выбары… Засталося толькі пару экзаменаў, і вось усё рушыцца. Мы дагаварыліся з мужам, што будзем жыць так, каб нікому не даваць узятак і розных барышоў, што было шырока распаўсюджана ў Польшчы, будзем змагацца за справядлівасьць усюды. Усё цяпер гэта было сьмешным — трэба было ратавацца любым спосабам. Муж пайшоў да зэльвенскай дзяячкі пані Хаенцкай, жонкі мясцовага лекара. Яна ледзь выслухала яго й сказала, што беларусу неабавязкова быць лекарам, што ёсьць у бацькі 6 гэкт. і трэба гараць іх, і болей ніякай гутаркі… Ад такой нагласьці стала мужу страшна: дык вось чаго яны жадаюць для нас, чым не папярэднікі Гітлера?.. Ён пастанавіў выехаць! Нам парадзілі зьвярнуцца ў Ваўкавыск да старосты. Паехалі мы разам, я ўжо ў апошніх месяцах цяжарнасьці. Вялікая заля, на старосту чакае многа людзей. Нарэшце ён уваходзіць. Я сяджу, стаяць мне цяжкавата. I вось ляціць да мяне, як ашалелы, паліцыянт, груба тармосіць за плечы й крычыць: «Устаць!!!» Божа мой, і гэта ёсьць людзі? Муж белы як палатно, і што можа ён, бясьсільны супраць гэтага хамства? Гутару з ім сама, я спакойная. Не, нельга мужу маяму ехаць вучыцца, а гэта «зэ взгленду на добро паньства» — з увагі на дабро дзяржавы… Цікава… Нам шкодзіць многае, а й тое, што чэхі добра да мужа адносяцца. У гэты час пануе страшная нянавісьць між гэтымі двума народамі, і яны ўзаемна сябе зьневажаюць, і гэта адбіваецца на нашым лёсе. I так таюць нашыя грошы, і я зноў еду да маіх бацькоў.

Я ўсёй душой цяпер пры сваім дзіцятку, і муж вельмі хоча, каб гэта быў сын. Удома я сплю на сваім дзявочым ложку ў сваім пакоі. Ноччу ў сьне прыходзіць да мяне жанчына, перад якою я адчуваю сябе вельмі й вельмі дробненькім зернем. У яе на чале тры цёмныя кругі, сярэдні вышэйшы. Упорна глядзіць яна на мяне й кажа мне, што буду мець сына, але на мне ляжыць вялікая адказнасьць за яго долю, каб я гэта памятала… Я прачынаюся. Мне неспакойна, і вобраз жанчыны са сну мяне перасьледуе. Я веру, што ў нас будзе сын, і мы ўжо ненароджанага яго назвалі Юркам.

I так нам 21/X 1935 г. радзіўся сын. Здавалася, што ўсе тыя непаладкі з ад’ездам, усе гэта толькі патое, каб шчасьліва, пры мужу нарадзіўся сын. А можа, яно так і было? Радзіўся ўдома ў нас, і роды былі вельмі цяжкія. Уся Зэльва з напружаньнем чакала, ці будзе сын, бо ж я сказала некалі, што раджу сына… Дзеці прыходзілі ў школу й апавяшчалі настаўнікам, што ў нас сын… Мы напісалі Маліцкім, як абяцалі, а за кума папрасілі харошага чалавека, маяго знаёмага яшчэ са школьных гадоў, ён, як і мы, беларус… А дзіцятка крычала, прагна ссала малако, варушыла энергічна ручкамі й нагамі, рвалася да жыцьця. Радзілася дробненькім — 2 кг 800 г, але хораша прыбывала. Я зьмянілася, мацярынства пранікла да глыбіні душы. Даць жыцьцё чалавеку раўнамерна цуду, перад якім моўкнуць усе іншыя справы. Нават мужчыны грубыя й бессардэчныя лагаднеюць і дабрэюць ля калыскі сваяго дзіцяці, такі ўжо мудры закон жыцьця.

Знаёмыя мяне адведвалі, але мы былі вельмі бедныя, і небагатаю была скромная выправа маяго сына. I вось паехаў тата на вакзал па гасьцей. Жонка інжынера Маліцкага была вельмі элегантнай дамай, і яе падаркі для хлопчыка вельмі прыгожымі й вельмі багатымі. Мне было няёмка, але вечар прайшоў хораша, бацюшка, старэнькі сьвятар Ян-сон, хрысьціў нам дзецятка ўдома, мы з мужам стаялі й плакалі…

I вось мужу далі дазвол выехаць. Ня проста так. Ён зьвярнуўся з просьбаю да аднаго памешчыка, а той да сваяго знаёмага міністра, і так толькі атрымаўся дазвол. Муж адвез мяне з сынам да маіх бацькоў, пабыў дзянек з намі, і мы разьвіталіся. Было ўжо халадно. Мне было яшчэ халадней, калі я ўсьведаміла сабе, што мы цяпер з сынам такія самыя. Я запаліла лямпу, узяла сшытак і пачала пісаць вершы, стала лягчэй. Я іх пісала ўвесь час, але нікуды не пасылала. Мне здавалася, што ўжо ад Сафо Словэнскай [13] напісана так многа. Я пісала вершы для сябе й паказвала іх толькі сёстрам. Вершы мае ім падабаліся. Усе ў нашай хаце беглі да дзецятка. Мама з татам аддалі нам свой найцяплейшы пакой. Я спала, як птушка, — ледзь запішчала дзецятка, як я ўжо была на нагах. Я, здаецца, была як львіца, гатовая на страшнае ў абароне сваяго сына.

13

Сафо (Сапфо) — старажытнагрэчаская паэтка (канец VII ст. да н. э. — 1-я пал. VI ст. да н. э.)

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win