Шрифт:
Пасьля зьезду, які быў скліканы ў Бэрліне, дзе заклікаліся ўсе беларусы, каб вяртацца й будаваць т. зв. «Народны свой дом», як тады казалі, цэнтр БНР не прыняў прапанову Цішкі Гартнага (Жылуновіча) і не ліквідаваў БНР. На Бацькаўшчыну яны не вярнуліся й захавалі чэсна, хоць самыя былі ў цяжкіх матэрыяльных варунках, ідэю незалежнасьці Беларусі. Цьвікевіч, Заяц і Пракулевіч вярнуліся ў БССР, але хутка іх там зьліквідавалі фізычна.
Жонка дзядзькі Васіля была родам з маленькага фальва рачка Валосава каля сяла Бязводнага, цяпер у Зэльвенскім раёне. Гэта была асьвечаная, разумная жанчына. Яна прыяжджала да нас, калі ехала да сваяго брата й маці. Мы з мужам у 35-м годзе яе фурманкай да іх адвозілі. Паліна Іванаўна з Ляўтаў была шчырым і дастойным другам дзядзькі Васіля, і без яе ён пастарэў і асунуўся. Пры мне ён пісаў гісторыю Беларусі. Усё жыцьцё на гэта зьбіраў матэрыялы. Усім нашым ён ахвотна чытаў адрыўкі са свае працы, якую не спыняў да сьмерці. Галоўнай рысай характару дзядзькі Васіля была яго беззаганная чэснасьць. Жыў ён вельмі скромна, ды я й не спаткала там багатых эмігрантаў, калі былі яны менавіта чэснымі людзьмі.
У Чэхах я адразу адчула вельмі нямілую зьяву — там выразна не любілі т. зв. чужынцаў. Іх было ў Празе многа, ад яўрэяў пачынаючы. У Чэхаславаччыне была сапраўдная дэмакратыя, свабода, там кожны мог вучыцца й жыць. Праўда, працаваць ня ўсім дазвалялася, бо было шмат сваіх беспрацоўных, і так мой муж працаваў, сказаць, нелегальна за маленькія грошы. Ён замяшчаў лекара — спэцыяліста скурна-вэнэрычных хваробаў, чэскага легіянера палкоўніка Вітэслава Градзіла, які працаваў сам па Чэскім Градзе [18] (Крамлі), а муж увесь час вёў ягоны кабінет. Градзілу падабалася чэснасьць і працавітасьць беларуса, а муж меў там харошую й цікавую практыку й мінімум для нашага пражыцьця.
18
Пражскі Град, гістарычнае ядро Прагі, заснаваны ў IX ст., рэзідэнцыя чэшскіх правіцеляў і архіепіскапаў.
Я вельмі хутка навучылася па-чэску і ўсюды ўжо магла даць сабе рады. Культура, якую я вынесла са сваяго дому, нічуць не ўступала хвалёнай эўрапейскай. Чэснасьць і ветлівасьць, праўдзівасьць і сьмеласьць, гасьціннасьць, ахвярнасьць і крыху такі розуму адразу пакарылі тых, якія мяне ведалі. Яны казалі: «Іжычэк е хытры по мамінцэ» — знача, што Юрка разумны па маме, бо «хытры» па-іхняму гэта разумны. Калі я да іх прыгледзелася, дык і народ наш ня быў горшы ні ў чым за іх. «Слаўны бубны за гарамі, а як прыйдуць — роўны з намі», — падумала я сабе. Вось каб нам даць такую самастойнасьць, як маюць яны, і мы ўмелі б працаваць для сябе ня горай за іх, бо й нашыя людзі талковыя.
А чэхі працаваць умелі! Яны цудоўна разбудавалі свае гарады, паставілі промысел амаль на ўзровень амэрыканскаму, вялі разумную дэмакратычную палітыку. Іх першы прэзыдэнт быў даслоўна бацькам для народу. Яго так і называлі «Тацічэк Масарык». Томаш Гарыг Масарык (Гарыг — прозьвішча па жонцы-амэрыканцы) быў лепшым прадстаўніком дэмакрацыі й гуманізму ў Эўропе. Памер ён у год, калі мы прыехалі з сынам, яшчэ перад нашым прыездам. Казалі, што народ не зыходзіў з вуліцаў і ноччу, каб пабачыць яшчэ, правесьці ў апошнюю дарогу сваяго дарагога «Тацічка». Цяпер быў прэзыдэнтам Эдуард Бэнэш — паплечнік Масарыка, друг заходніх дэмакрацыяў і вялікі славянафіл. Наагул, чэхі — гэта былі такія славяне, аб якіх мне ніколі ня сьнілася. Славянства яны разглядалі не як расу, а як роднае па крыві брацтва з любоўю й вялікай надзе яй на яго ў будучыні. На граніцах славянства зрадзілася такая аж маліцьвенная адданасьць яму, аб якой, напрыклад, ніколі не падумалі палякі, асабліва ў адносінах да нас.
Мне падабалася, што на вуліцах цудоўнай Прагі мы свабодна гутарылі на роднай мове й ніхто не паказваў на нас пальцамі, не высьмейваў нас і не прасьледаваў, як гэта было ў Польшчы. На ўсё гэта я паглядала з вялікай радасьцю, а мае асабістыя адносіны да людзей здабылі мне такія сымпатыі, што шмат пазьней сьледавацель у Менску сказаў мне на злосных допытах: «Што вы за чалавек — ні ў Беларусі, ні ў Чэхаславаччыне ня можам на вас знайсьці сьведкаў!» Так іх і не знайшлі, мяне судзілі без ніякіх сьведкаў. Чэхі часам крыху зыходзяць са свае яснай дарогі, але трэба прызнаць ім, што зноў на яе вяртаюцца Масарыкавыя дзеці.
Усё мне тут было новым, але ня лепшым, чымсьці ў нас. Сытасьць ніколі не была маім ідэалам, а вось чалавечнасьць — заўсёды. Чэхаў я часам не разумела — яны маглі плакаць, калі птушанятка ўпала з гнязда, і спакойна праходзіць міма чалавека ў бядзе. Усе ў іх лічылася на «коруны», і кожным трэцім словам у гутарцы іхняй была «коруна» [19] . Тут ня верылі так моцна ў Бога, як у маім краі, і хоць храмы ў іх былі болей велічныя й прыгожыя, чымсьці ў нас, здавалася мне, што ў нас сумленьне, ахвярнасьць і праўда ў адносінах да людзей куды вышэйшыя. Чыста было ў іх усюды й вялікі парадак ва ўсім, і гэта я падзіўляла.
19
Коруна (чэшск. koruna) — крона, грашовая адзінка некаторых заходнееўрапейскіх краін.
Як жа часта шчаміла мне сэрца туга па сваіх. У вачох стаяла мама з сьлязамі пры прашчаньні — так я апошні раз яе бачыла й болей ужо не сустрэла ў жыцьці. Нарэшце мы знайшлі пакойчык у Празе й разьвіталіся з дзядзькам Васілём і паняй Крэчэўскай. Там жылі зімою артысты цырку. Вясною яны выяжджалі на гастролі па мястэчках і сёлах і на гэты час здалі нам кватэру са скромнымі мэблямі. Наш сын зусім добра чуўся й праяўляў вялікую самастойнасьць. Аднойчы недзе падзеўся, і знайшла я яго на другім баку шырачэзнай вуліцы, гдзе сядзеў за столікам і папіваў спакойна малачко. Гэта менавіта замовіў. Чэхі любяць дзяцей і ахвотна яго абслужылі, пэўныя, што я за ўсё разьлічуся. Хлопец быў харошы настолькі, што зьвярталі на яго ўвагу ў трамваях, на вуліцы, а суседзі вельмі яго любілі, насілі яму розныя смачнасьці, клікалі да сябе.
Жылі мы ў вялікім доме, т. зв. Кашпараку. Жыла там, за малымі выняткамі, пераважна бяднота, эмігранты й прастытуткі. Побач з намі жыў чэскі настаўнік з сям’ей, і мы з імі пасябравалі. Яшчэ прыяжджалі да нас Вострыя, гэта быў малады інжынер са сваею жонкай-настаўніцай. З гэтым харошым і надзвычайна інтэлігентным мужавым сябрам са студэнцкіх часоў мы пасябравалі на ўсе жыцьцё. Я навучылася варыць чэскія стравы, пячы булкі па-іхняму.
Прагаю я захаплялася болей, як людзьмі ў ёй, якія, тады здавалася мне, былі куды ніжэй яе велічнасьці. Некранутая войнамі Прага захапляла, прамаўляла гісторыяй старых будынкаў, вузенькіх вулачак сярэднявечча. Прагу я палюбіла, але кахала толькі маю Беларусь.