Споведзь
вернуться

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Я была найстаршай удома з дзяцей і, здаецца, найболей каханай бацькамі, брацікамі, Люсяй і слугамі. Ксеня й Ніна мяне не любілі. Новы вялікі дом, і ўсе ўдома. Цяжка было знайсьці адпаведную працу пры Польшчы, асабліва калі бацькі былі больш-менш забясьпечаныя, на вышэйшую адукацыю не было матэрыяльных магчымасьцяў, заставалася працаваць на зямлі й чакаць мужа. Падсьведама і я думала аб мужу нейкім, але ён мусяў быць Беларус. Такіх не было, толькі сяляне, усё роўна муж мой будзе Беларус! А сватоў было шмат, даходзіла да трагэдыяў, часам да сьмеху. Мы былі праваслаўныя, вось і сваты ад маладых сьвятароў пачыналіся. «Што ж, купі часты грабеньчык, бараду ж будзеш часаць сваяму мужу», — сьмяяліся сёстры і я разам з імі. Часам людзі мяне ледзь толькі бачылі, а ўжо прасілі мае рукі Гэта было дзіўна, несамавіта. Мама іх усіх не любіла, а яе прыяцелька, пані Ядвіга Зелянкевічыха, гаварыла: «Няма кавалера для панны Ларысы, толькі Пілсудскі!» Гэта быў вялікі камплімент, у якім мілая пані Ядвіга абсалютна забывалася аб позьнім веку польскага маршала й думала голысі аб яго знатнасьці. Для мяне нават ён не прыйшоў бы ва ўвагу, бо ж быў не беларус…

Час ляцеў, нам было блага й добра — залежала ўсе ад лаўгоў, якіх было надта многа, бо самыя Жлобаўцы дзед мой купіў тату пераважна на віленска-тульскі банк, якога паперы вайною, на жаль, не загінулі, і Польшча з усёй строгасьцю спаганяла даўгі. Неймаверна высокія падаткі й разбураная да апошняга ў час вайны сяліба й вялікая сям’я — усё гэта не магло нас ніяк зрабіць хоць крыху заможнымі. Мы ўсе працавалі, мама наша найболей. Нас моцна ашуквалі, бо тата быў горды, давяраў купцам ваўпянскім, і яны вельмі гэтым злоўжывалі, а з прыходам сансцкай улады давялі нашых бацькоў да гібелі. Мы жылі цесна з сялянамі, якія густа засялялі свае ўчасткі, дзялілі сваю зямлю між дзяцьмі, жылі пераважна бедна, усе рабілі сабе самыя ад кашулі да цудоўных нашых дываноў. Воўна й лён і залатыя рукі жанчын-беларусак — і чалавек ужо апрануты цёпла, чыста й хораша. Было б толькі на чым сеяць той лён, той хлеб сялянскі й смачны, як пірог. Сёлы нашыя былі тады адвечнай стыхіяй беларускасьці, як жа багатай, як жа цікавай і роднай для нас. Тады яшчэ сёлы сьпявалі. Сьпявалі яны вечна, пры любой нагодзе, толькі ня постам. Увечары з усіх сёл чуўся сьпеў шырокі, то сумны, тужлівы, то баявы, бадзёры, з бунтарскай нотай, прагаы дзеяньня, волі. Гэта была душа народу й мая душа — дзяўчыны ўжо з асьветаю — знача, тым болей сьведамаю крыўд, якія церпіць наш народ ад атупелых у сваім шавінізме палякаў, як калісьці ад расейцаў. Народ ляжаў бязьдзейнай, амаль бяспраўнай палітычна масай па ўсёй сваей зямлі й толькі цярпеў і стагааў ад нястачы, прыніжэньня й няволі.

Зямля была для нас усім: калыскай, хлебам, песьняй, любоўю, магілай. Чым больш зямлі, тым болей надзейнае заўтра, ніякае надзеі больш на ратунак. Вось яшчэ служба ў паноў ці ў яўрэяў альбо ад’езд на цяжкія працы ў чужыну. Нацыянальная сьведамасьць пранікала паволі, цяжка. Хлопцы, актывісты «Грамады» [3] , альбо не вярнуліся зусім, альбо засталіся без здароўя, пабітыя, падбітыя дэфэнзывай, не жыхары ўжо на гэтай зямлі. Мне трапіў у рукі зборнік вершаў Міхася Васілька, але ён не зацікавіў мяне асабліва. Зьмест народнай паэзіі, песьні, абычаяў быў шмат глыбейшы, дікавейшы, часам несказана чароўны. Як жа вылавіць пэрлы з гэтага акіяну? Хто здолее гэта, хто зможа? Я ўбірала ў сябе ўсе гэтае багацьце, і ў гэтай стыхіі было мне найлепей. Цяжка было гэта сьцяміць маім бацькам і суседзям. Яны з жахам думалі: гдзе падзелася яе ўся навука? А навука адчыняла вочы на раскіданыя, чароўныя, несабраныя скарбы маяго Народу. Выдатна, у вачох маіх, аддзяляліся нашыя сяляне ад тых паўінтэлігентаў, у асяродзьдзі якіх мне давялося жыць. Сапраўды разумных людзей я тады яшчэ не сустрэла. Трагічна адна я йшла нейк вобмацкам, інтуіцыяй да сваіх праўд, а якія яны — я добра ведала з ідэалаў французскай рэвалюцыі, з вясны народаў, з канстытуцыі Амэрыкі. Рвала мне сэрца нацыянальная й сацыяльная нешравядлівасьць. Родзіцца жа аднолькава малое стварэньне, з усімі правамі на жыцьцё, і чаму жа так розная доля? А палякі й людзі ў іх на службе былі як сьляпыя, як жа яны знушчаліся над народам проста ўвачавідкі! Душылі падаткамі. ганьбілі мову, нават не прызнавалі нашай народнасьці, быццам ідэі дэмакрацыі й вольнасьці людзям зусім не кранулі іх сэрцаў і розумаў, у існаваньні якіх я сумнявалася нават… Побач з беларускай галечай высокія зарплаты найніжэйшых ураднікаў і страх іх з нашага існаваньня. Сумна падышоў раз мой тата да мяне — на пошце ў Воўпе яму парадзілі, каб дачка кінула выпісваць беларускі друк, а выпісвала я толькі правыя выданьні, бо там было нешта з таго, што я так пакахала ў сваім народзе. Я нарадзілася такой, ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змаганьня за волю й нашую зямлю для нас. Аднойчы вёз мяне прыгожы хлапец да свае маці, як казаў. Шпарка ляцелі па гасьцінцы лёгкія саначкі, адной рукой ён абняў мяне, другой трымаў лейцы. У мяне былі сьлёзы на вачох, і ён папытаўся, чаму я такая сумная? Перад намі йшоў юнак, з цяжкіх абіякаў (быў такі абутак за Польшчы) відно было падраныя ганучы й голыя пяты на холадзе. Ці ж магла я йсці замуж (быў гэта студэнт), калі такое й толькі такое было на маёй зямлі… Я была дзіўнай і часта не разумела сябе сама, ад усяго нядобрага мяне бараніла нейкая сіла. Нядобрага… А тое «нядобрае» было, можа, найлепшым у вачох бацькоў маіх, маіх сваякоў: багатае замужжа, грошы й слугі. «Не, у мяне ня будзе слуг, бо кожны мусяе сам сябе абслугоўваць», — секла я ў вочы спрыяючым людзям. Што мны ведалі пра тое, як дружна ў сялянскіх сем’ях, як ткуць дзяўчаты палотны ў куфры, як мараць. Як зьбіраюць на полі жанчыны чыста каласы ў снапы, якія яны працавітыя, а якія талковыя? Ёсьць, праўда, розныя людзі, але паганым чалавекам быць устыдно, і слаўныя толькі тыя, хто добры й справядлівы. Яшчэ малою я пачула, як нашыя госьцi: войт, пісар гмінны й бацюшка ўгаварыліся пакараць аднаго селяніна. Сын гэтага чалавека за буянства (ён яшчэ жыве) трапіў у турму, бацька ўнес за яго каўцыю [4] 500 зл. да суда, і вось той селянін нечым не дагадзіў сьвятару. Яны змовіліся, каб тае каўцыі яму не вярнуць. Гэта было страшна, бо на той час пуд жыта каштаваў два злоты, і хоць селянін быў ня з бедных і ня з тых, якіх я любіла, але і яго было жаль. Я ўсе яму расказала, што ён мае рабіць, гэта значыць ісьці перапрашаць сьвятара й так ратавацца. Узяў той Пятрук мёду з сабою і яшчэ нешта й так улагодзіў іправу, сына не засудзілі й грошы вярнулі. Гэтую тайну хаваў ён сьвята…

3

Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя ў Заходняй Беларусі (1925–1927).

4

Каўцыя (польск. kaucja) — грашовы задатак.

Здаецца, людзі любілі мяне, хоць зразумець ім мяне было цяжка: кожны пхнецца вышэй, а я тут самохаць зьніжаюся да іх і яшчэ хвалю… Што ж, яны ня ведалі, якія вартасьці тояць у сабе, і, на жаль, пасьля вельмі хутка пазбыліся іх, калі надышло тое, новае… I так я не такая, як усе, але ці вінаваты хто за тое, якім ён родзіцца? А мне было добра, як у казцы! Дзіўна бывала — пашле мяне тата з назамі канюшыны ў Ваўкавыск, іду за вазамі сабе ноччу, бо коням цяжка, але каля лесу зграбна чарапкаюся па вяроўцы на воз, бо тут, казалі, пару дзён як памер чалавек, упаў нежывы. Вось ляжу нуртам [5] на жэрдцы, і добра мне, што я на возе. Раптам чую, што недзе лячу. Калі мяне ачуцілі нарэшце, падняўшы воз, які перакінуўся з насыпу, бачу, стаяць фурманкі й людзі, спыніліся, едучы на кірмаш, а Сроіл воўпянскі кажа: «Ну й вы ўпалі, паненачко, проста на тыя яловыя лапкі, гдзе той мёртвы ляжаў…»

5

Нуртам (дыял.) — ніц.

Нейкі хлопец з сяла каля Воўпы пасьвіў жывёлу й ляпіў з гліны рознае, убачыла гэта пані з Бялавіч і нейк аддала яго ў «Школу штук пенкных» у Кракаў, але гэта я даведалася пазьней. А цяпер той хлапец, студэнт, ладзіў на канікулах прадстаўленьне ў Воўпе з вясковай моладзьдзю, і што? «Дэмана»! Засталіся мы паглядзець пасьля цэрквы. Ён прывез харошыя касьцюмы з Кракава — пазычыў, і сам, як дэман, лётаў, выкручваўся і ўзнёсла дэклямаваў па-расейску з немагчыма беларускім акцэнтам. Пасьля знамянітага спэктаклю «дэман» кінуўся да мяне, зусім мяне ня знаючы, і сказаў мне, што вельмі хоча са мною ажаніцца. Калі скончу школу, каб чакала яго, і ён мяне знойдзе. Прайшлі гады, і малады мастак явіўся па маю руку, мама не згадзілася на гэты шлюб, а я падумала: гэта не мая доля. Доля зарысоўвалася рашуча, вельмі трагічна, але на шчасьце маім бацькам, якія вельмі паважалі мэдыцыну. Жыў і вучыўся недзе ў Чэхаславаччыне малады беларус, якога не зусім сьляпы лёс прызначыў мне другам і мужам. Я яго ведала. Я ведала і ягоную хату, і ўсе іх будынкі, са сну, безумоўна. Ведала нават, як выглядае Прага… Ягоны бацька, убачыўшы мяне ў нашых сваякоў, так захапіўся тоненькай і паважнай дзяўчынай, што не забыўся аб гэтым расказаць сваяму сыну: «Вось я, сын, на тваём месцы толькі яе ўзяў бы…» Пасьля я ўбачыла й сына, на мяне чакалі ў іх коні ехаць да дзядзькі ў Пятрэвічы. Была восень і дзень дажджлівы, халодны. У хаце ў Геніюшаў, сяброў маяго дзеда й сваякоў, было цёпла й міла. Высокі, прыгожы сэрцаед вельмі каля мяне закруціўся, яго маці міла мяне запрасіла на абед. Муж пасьля мне расказваў, што яму нешта сталася і ён пастанавіў не пускаць ужо мяне з хаты, але яму гэта не ўдалося. Я паехала да дзядзькоў у глухую вёску. Мужа маяго туды запрасіць не хацелі, баяліся яго, бо ўжо залішне ўсім падабаўся. Я аб ім ня думала, у мяне былі свае сумныя й глыбокія думкі, аб якіх я не любіла нікому казаць. Мяне сьледавацель назваў са злосьці адзіночкай у змаганьні, мусяць, гэта была адзіная праўда, якую той нехрыст сказаў. Лес мяне не акружаў сябрамі, з якімі лягчэй было б нясьці, нейкай сілай ускладзеную, ношу адказнасьці за лёс сваяго народу…

I так я ў Пятрэвічах у сваіх паўпанкаў сваякоў. Ля цэрквы ў Славатычах падыходзіць да мяне сялянская моладзь, члены камуністычных ячэйкаў, але гутараць яны па-беларуску, сьпяваюць мне «Жыў на сьвеце Лявон» і інш. Усе ў мяне ўлюбляюцца, і мне гэта дзіўна, гэта ня праца, па-мояму.

Адседзеўшы 8 гадоў, выйшаў з польскай вязьніцы нейкі Юлек Кароза, ён вывучыў марксізм назубок і кожны дзень прышлае мне цэлыя сшыткі, запісаныя класавай барацьбой. Усё гэта слабей за рэчаістасьць і нейк непраўдзіва, штучна й зусім не па-нашаму й далёка ад таго хараства, якое вабіць мяне ў нетрах народу нашага ў яго гісторыі, якую малады Геніюш мне прыслаў разам з іншымі кніжкамі. Да таго я яшчэ моцна веру ў Бога й толькі гэтай дарогаю магу йсьці й шукаць нейкай праўды, ратунку для маяго народу. Я трымаюся вельмі здалёк ад сваіх новых знаёмых, мне падабаецца толькі тое, што хоць нейкі пратэст паяўляецца ў сёлах. Вось ускалыхнуць бы тое вялікае, што тоіцца ў народзе, хто гэта зробіць? Які ж я змагар, гэта толькі ў маей уяве, на самай справе боль і любоў і ўздымаючая сэрца надзея.

«Дзевчына-люд», — гаворыць на мяне нейкі вялікі начальнік пан Нужыньскі, паляк, безумоўна, які раз убачыў мяне й адразу папрасіў у бацькоў мае рукі, а злосная сястра насадзіла бульбіну на палачку й паказвае мне здалёк, як прэзэнтуецца мой сват — худы, доўгі, з малой галавою… Гутарка тут на бацькох і спынілася, чалавек ня наш… I так я вясковая дзяўчына, якой многа дала добра пастаўленая гімназія ў Ваўкавыску і яшчэ болей кніжкі, розная класіка, якая няведама якімі шляхамі знаходзіць мяне ў нашых Жлобаўцах. Чытаю, думаю, кахаю, жыву! Ну а пакуль я ў Пятрэвічах. Адзін з маіх дзядзькоў, Сьцяпан Міклашэвіч, ідэйны камуніст! Далі яму за гэта палякі ўжо 3 гады, але ён не сунімаецца. Уцякаў у Саветы, скуль прывёз жонку, ня вельмі чэсны са слугамі й з людзьмі, але ж камуніст і марыць пра арцелі й калгасы, хоць у самога нешта да 40 гэкт. зямлі. Дзядзьку гэтага бачу наскрозь — ён з такіх людзей, да якіх не адношуся добра. Ён любіць жэсты, але праўды й дабрыні ў яго няма за грош… Мяне ён ня любіць, бо я гавару тое, што думаю. Жыве там побач дзядзькоў жанчына, якой муж уцёк у СССР. Яна вышывае камуністычныя сьцягі, агітуе. Я бываю ў яе, шкадую яе, але нічога няма ў ёй беларускага, таго дарагога й вечнага, а бяз гэтага ўсе для мяне чужое: калі ня будзе такіх сардэчных беларускіх людзей на вярхах, усе роўна на гэтай зямлі нашай ня будзе шчасьця, бо ня будзе паўнаты творчай беларускай стыхіі. Я так думаю.

Прыходзіць вясна, Вялікдзень якраз. Дэфэнзыва зрабіла жудасны налёт на сёлы, што ля Пятрэвіч, узялі й маяго дзядзьку Сьцяпана, а я была тады ў старшага Мікалая. Вядуць небараку з закаванымі рукамі, просіць мяне, ледзь ня плача, каб я яго ратавала. Ну а як тут яго ратаваць? Хуценька запрэгла я каня й пад’ехала туды, гдзе яго павялі. Многа назьбіралі з усіх вёсак. На маю фурманку пасадзілі дзядзьку й некалькі паліцыянтаў, а да аглобляў з абодвух бакоў прывязалі наручнікамі хлопцаў. Еду, вязу іх і баюся, каб конь хоць не падбег, дзеля тых прыкаваных. Адзін, памятаю, быў з Цыганоўкі. Памаленьку распытваю: куды іх, як і што. Мая асоба робіць уражаньне, памалу адчыняюцца вусны, падаюць рэплікі, што так мусіць быць там, гдзе палітыка. Яшчэ на месцы адзін падскочыў да мяне з пытаньнем: а за што арыштавалі дзядзьку? Кажу: «Вы гэта, чалавеча, ведаеце, напэўна, лепш ад мяне, бо я то на вашым месцы яго не арыштоўвала б». Пад’яжджаем да т. зв. «Чортавай гары», і там лясок з левага боку. Конь ледзь цягне нямілую паклажу. Бачу, мае паліцыянты па адным паздзыгалі [6] з воза, каню лягчэй. Знача, гутарыць з імі можна. А тут штурхае мяне мой дзядзька: «Ларачка, як яны пасядаюць, то схапі іх за стрэльбы, а я драпану ў лес, бо не стрываю пабояў, баюся, што зраблю ўсыпку…» Згінь ты, прападзі з героем! Знача, усыпку, яшчэ не дастаўшы гумаў, ну й ну… Кажу: «Сядзі, дзядзька, спакойна, я цябе выратую, а то ўпаляць табе ў адно месца кулю й згінеш як міленькі тут». «Чортава гара» кончылася, і мы цэлай нецікавай кампаніяй рушылі далей. Ля Зэльвы мяне папрасілі зьлезьці і ўзялі за фурмана нейкага дзядзьку, недзе баяліся, што замнога мне сказалі, а такі паведамілі даволі. Я ведала ўжо, да каго ў Ваўкавыску й цераз каго мне дзейнічаць. Пераначавала я ў нейкіх людзей, не пайшла да Геніюшаў, бо тут трэба было моцна думаць, як заўтра дастацца ў Ваўкавыск. Аўтобусаў ніякіх! Назаўтра я проста загадала нейкаму дзядзьку з таго боку завярнуць каня й везьці мяне ў Ваўкавыск. На мае зьдзіўленьне, ён мяне паслухаў. Конь быў гаспадарскі, дагледжаны, і з палудня мы ўжо былі на месцы. Памятаю: пан Калачынскі — галоўны сьледавацель і нагодай муж мае каляжанкі Ліны Жыжун. Прабралася я да яго й проста прашу: «Ня беця вы хоць тых учарайшых нашых вязьняў, асабліва маяго дзядзьку». — «Або мы калі каго б’ём?» — вырачыўся ён на мяне. Сто доказаў было ў мяне на гэта, але я прамаўчала… Адным словам, маяго дзядзьку ня білі. За пару дзён выпусьцілі яго, прыехала цётка й вось павезла п’яненькага дамоў. Але я бачыла, як вялі па вуліцы хлапцоў пад канвоем, яны йшлі на пальцах, ледзь ступаючы, знача, білі гумамі ў пяты, во гады… Умелі яшчэ падвешваць і ліць газу ў нос, што ж, гэтую культуру добра асвоілі прававерныя каталікі. Было нявесела, мне ўсе дзякавалі, але я маўчала…

6

Паздзыгаць (дыял.) — пасаскокваць.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win