Споведзь
вернуться

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

5. Лагер

Лагер на Інце, куды нас прывезьлі, т. зв. 5-ты ОЛП пад уладаньнем гнусавага Шапіры быў толькі перасылкай, на якой сартыраваліся людзі на другія ОЛПы гэтага лагеру, які нечаму называўся «Мінлаг». Мы думалі часам, ці не падманвалі нас злыдні? На 5-м было затрымацца вельмі цяжка. Там панавалі побач з Шапірам выбраныя лекары са зьняволеных, якім жылося няблага. Сэгрэгуючы паводле жаданьняў начальства народ і ўслугоўваючы болей надзірацелям, як хворым, яны карысталіся шматлікімі прывілегіямі, уключна мары ўсіх зьняволеных — лагерных жонак — у разуменьні не плятанічным. Цяжарных адсылалі ў жаночы ОЛГТ Інты, гэта быў т. зв. горад, пабудаваны нядаўна зьняволенымі над рэчкай такой жа назовы. Дзеравяныя, за маяго прыезду, баракі й дамы ператвараліся рукамі зьняволеных паступова ў шматкватэрныя блокі. Вось у Інце было ўпраўленьне гэтымі ОЛПамі, якіх галоўным начальнікам быў Казлоў — сыты вол, які жыў у раскошным, як на Інту, асабняку ў поўным камфорце са сваімі вывадкамі. Яго імя, як і яго выгляд былі ненавіснымі для нас, вязьняў. Вакол Інты былі ўсе лагеры, якія абслугоўвалі шматлікія шахты, будавалі Інту. Сярод іх быў адзін жаночы, куды нас і пагналі строем з сабакамі. Такі ж абнесены дратамі квадрат, як на 5-м, з азьвярэлымі попкамі на вышках, вахтай і брамай, праз якую ўпускалі й выпускалі нас на работу. Калі мы падышлі бліжэй, убачылі нізкія даўгія баракі, ля іх нары, клункі й сноўдаючых людзей. Гэта была чарговая, няўпынная там пражарка блашчыцаў. Як аказалася, стварэньні гэгыя пладзіліся і ў 40-градусны мароз. У нарах і ў сьценах баракаў была іх цьма! Параньне нараў было вечным, ненавісным для нас загадам пасьля цяжкой працы за зонаю. Бальшавіцкія лагеры пабудаваныя так, што там не даюць людзям вольнай хвіліны. Апрача пражарак ганяюць у капцёрку, на праверкі, шмоны, суботнікі, нядзельнікі, у сталовую, у баню, па цукер, якога на 20 дзён давалі па шчопцяхі [105] і па які мы беглі ахвотна. Лустачка камякаватай пайкі, ледзь пасыпаная цукрам, была несказаным прысмакам нашага ўбогага меню.

105

Шчопці (дыял.) — невялікая колькасць чаго-небудзь сыпучага, што можна ўзяць трыма пальцамі.

Пакуль нас шманалі (каторы раз!) і правяралі дакументы, да нас падыходзілі белыя й чорныя людзі. Чорныя — маладыя дзяўчатырабацягі, якіх ужо вятры й сонца пад гэтым нізкім небам здолелі ператварыць на ўзбэкаў. Мяне ўбачылі мае немкі з Вены, і пачаўся віскат. У мяне быў той рубель яшчэ з Арла, і я дала ім яго, як гасьцінца. Здалі мы рэчы ў капцёрку, пагналі нас у баню, а пасьля ў баракі. Назаўтра далі сукенкі з шэрага лінючага палатна, чаравікі з парусіны, бушлаты й панчохі «цвета утренней зари», у якіх мы хадзілі, як буслы. Нам сьлед было забыцца, што мы жанчыны, а памятаць толькі, што мы рукі для кіркі — рабочая сіла… Рабсіла, як нас называлі. Далі нас з Людкай у брыгаду Ілгі Дзіндонс, гдзе былі адныя латышкі. Ілга была тупая, жудасная асоба, якая падлізвалася да начальства і ўсю работу, якая цяжэй, узвальвала на чужы элемэнт у брыгадзе, на нас. Не прывыкшая да цяжкай фізычнай працы, аслабелая ў цюрме, я ледзь выжыла ў тае жудаснай Ілгі ў той першы час.

На ОЛПе аказалася й Роза, баптыстка з львоўскай перасылкі. Я яе проста нечакана сустрэла, яна йшла ў маей сукенцы. Роза запрасіла мяне ў свой прывілеяваны барак для швачак. Я была вельмі галодная й з радасьці прыняла пачастунак Розы — хлеб з цукрам. Шапталіся мы паціху, бо Роза вельмі баялася свае начальніцы са зьняволеных. Але тая начальніца ўсё ж падышла да нас і пачала выпытваць, якой я нацыі і т. п. Мае адказы яе насьцярожылі, і калі я сказала, што я прытым з Прагі, яна пачала пытаць мяне, каго я там ведаю з беларусоў? Я пару асоб назвала, рэшту пачала называць яна. Тут-то я зьдзівілася, а калі я назвала сваё прозьвішча, яна ледзь ня кінулася на мяне з кулакамі, крычучы, як гэта я, паэтка, сьмела сюды трапіць, чаму я не схавалася гдзе, не ўцякла? Аказалася, што латышка Люцыя Антонаўна Лепаціс (здаецца) была роджаная Клагіш, беларуска. Яна нават амаль год вучылася ў Празе, а яе брат дык там закончыў студыя. Цяпер яна тут загадчыцай гэтай майстэрні. Яна аракул для начальнікавых жонак, якіх абшывае лагерная бяздольная моладзь… Адзіная яна жыве не ў бараку, а ў асобным пакойчыку й мае асабістую слугу, старую фрау Буш, з якой разам і сьпяць, і ядуць… Роза дрыжыць перад ёю… Усе гэта мне не падабалася… I зімою, і летам тыя савецкія дамы шылі выключна квяцістыя крэпдэшынавыя сукенкі. А што, мелі грошы, дык шылі іх у вялікай колькасьці. Дарма шукаў бы там ваўняны, адпаведны клімату касьцюмчык ці сукенку — усё было параднае, прэтэнсыянальна крыклівае. Кваліфікаваныя швачкі шылі добра. Малакваліфікаваная, але спрытная ля начальства Люцыя Антонаўна ўмела жыць. Яна была адным з першых лагерных прыдуркаў, як называлі адміністрацыю лагера са зьняволеных. Гэта быў сталы кантынгент людзей, якія ніколі не хадзілі за зону, а толькі часам мяняліся прыдуркавымі сваімі месцамі як начальнік сталовай, нарадчыцы, загадчыцы, лекаркі, медсёстры, пажарніцы і т. п. Апошнімі ў гэтай іерархіі былі днявальныя, сьвінаркі й розныя прыбіральшчыцы ці шаўцы, але й гэтым пашанцавала, бо хадзіць кожны дзень за зону, як тады, без выхадных, без якіх-колек абагравалак у тундры ў 40-градусны мароз было амаль згубай.

З беларусак на нашым ОЛПе былі М.І.Зарэцкая, жонка Міхася Зарэцкага, праўда, яна тады называлася Касянкова, Каця Грынкевіч, Таіса (прозьвішча ня памятаю) ды яшчэ пару асоб. Мы крыху збліжыліся з Таісай.

Побач, за які кіламэтар, быў мужчынскі 1-шы ОЛП, там быў ДОК [106] , на які часам вадзілі брыгады й ад нас. Павялі туды аднойчы й нас. Лета халоднае на поўначы, абманчывае, дык я надзела яшчэ пад спаднічку паласатыя мужавы нагавіцы ад піжамы й завязала праскую хустачку, бо яшчэ «формяных» тады не было. Круціцца пас з таго ДОКу, а мяне тая Ілга паставіла адкідаць з паса апілкі. Што ж, няцяжка, павявае ветрык, і я махаю лапатаю колькі трэба. Бачу, падыходзіць мужчына, невысокі, рыжаваты, знаемы твар… Так, гэты чалавек быў у нас у Празе… Чалавек зьбялеў, падбег да мяне й вырваў лапату. «Я не магу, я не магу бачыць у вашых руках лапаты, Ларыса Геніюш», — закрычаў з нейкім болем. «Нічога, — кажу, — я ўмею абыходзіцца й з ёю» — і папрасіла лапату назад… Гэта быў Сямён Раманчук. Да канца работы ён ад нас з Таісаю не адыходзіў, прывеў яшчэ Федзю Вялёнду й Пятра Рашэтніка, а калі сырэна прагула канец працоўнага дня, дык пайшоў за намі. Нас яшчэ не адводзілі, і мы сядзелі на бярвеньнях і гутарылі. Асьцярожна, але настойліва пытаўся Сямён, як я сюды трапіла. Ён смяртэльна спалохаўся, што дабравольна. Я ўсё коратка яму паясьніла, тады ў яго вырваўся цяжкі ўздох і словы: «Ах, каб я мог узяць сабе вашых дваццаць пяць лет, а аддаць вам свае пяць, што мне сядзець засталося». — «Кожны мае свой лёс, — кажу, — і мне мой срок, вам ваш». — «Божа, каб хоць вашую брыгаду закрапілі за ДОКам, — прастагнаў Сямён, — каб я вас мог бачыць…»

106

Дрэваапрацоўчы камбінат.

Назаўтра нас павялі туды зноў. Сямён быў бледны, яму дрыжалі рукі. Проста прызнаўся, што ноччу меў тэмпэратуру 38. За ўвесь час цяжкіх лагерных мукаў не захварэў, а тут падбіла яго лапата ў маіх руках… Зноў пасьля работы мы сядзелі на броўнах, ён расказваў, як уцякаў з вязьніцы ў Менску, як зноў злапалі яго. Казаў аб бясплодным, цяжкім прабываньні ў бытавых лагерох з блатнымі, гдзе не было магчымасьці ніякай палітпрацы, і што цяпер ён зробіць усё магчымае супраць ворагаў людзкасьці… «Жаль вас, — казаў мне, — але калі вы ўжо сюды трапілі, дык памагайце, пішэця нам, бо задыхаемся з голаду роднага слова…» Аб гэтым мяне ня трэба было ўпрошваць… [107]

107

Л. Геніюш зноў вяртаецца да гэтых успамінаў на іншай старонцы.

Назаўтра Сямён паведаміў мне, што яны гатовяць пабег. Я спалохалася й пытаюся: «Пашто гэта?» — «Для славы Беларусі», — адказвае. «А колькі працэнтаў за тое, што пабег падарыцца?» — «Пяць», — адказвае Сямён. «Не, — кажу, — не! Нам нельга аддаваць жыцьця дзеля жэстаў, нам трэба жыць, і калі йсьці на нешта, дык каб яно было пэўным». Ён абяцаў мне паслухацца, але пад варункам, што і я ўключуся ў працу. Прасіў пісаць яму асабіста любоўныя лісты. Паясьніў мне, што тут караюць за ўсё, за любоў не караюць, што яны тут апаганілі гэтае слова, прынізілі. Калі горды француз робіць каралеву з прастытуткі, якую кахае, то расеец сяньняшні з каралевы гатоў зрабіць прастытутку… Мы дагаварыліся, што калі будзе трэба, дык Беларусь у сваіх лістах-запісках будзем называць «нашая гаспадарка», а сяброў нашых, якіх на ОЛПе было 200 асоб, будзем называць «сыны»… Мусяць, ад таго й пачалі называць мяне нашыя «маці»…

Час бег. На ДОК нас болей не павялі, і я Сямёна болей ня ўбачыла, але ляцелі да іх мае запісачкі, мае вершы, якія яны празвалі глюкозаю. Калі доўга няма новага верша, так і пішуць: маці, глюкозы! Людзі, якія гадамі ня бачылі жанчын і ня чулі роднага слова, ажылі нейк, акрэплі… А вершы ляцелі. Калі ж было якое сьвята ці й так, дык я старалася ім нешта паслаць заўсёды. Наказала гэта й дзяўчатам. То мы вышыем ім торбачкі на хлеб родным васільком, то на цукер, то хустачку. А ніцей не было. Іду й прашу ў загадчыцы Люцыі Антонаўны… Дастане, бывала, велькі скрутак розных ніцей, аж мне разбягуцца вочы, але неахвотна дасьць адну, дзьве нітачкі, а ведала ж, для чаго… Часам зробіць мне заўвагу, што хаджу па яе падлозе ў сваіх ботах цяжкіх і брудных, я аж заплачу й доўга ня йду да яе, тады яна мне гэта вымаўляе. Я не любіла яе. Да яе й да Зарэцкай не даходзілі нашыя патрыятычныя пачынаньні, яны былі больш-менш задаволеныя сваім лёсам, а аб іншых, ці аб Радзіме, яны ня думалі. Адна няблага зарабляла ад кліентак і начальства, другая ўсё вышывала дачцы макаткi [108] ды хварэла.

108

Макатка (дыял.) — невялікі вышываны дыванок або карціна.

Інта — гэта т. зв. гарадзкі пасёлак у Комі АССР. Гэта цэнтр быўшых лагероў «Мінлага», яго ўпраўленьне. Калі я туды прыбыла, дык гэта былі драўляныя будынкі й вельмі ўбогія будкі, якія быўшыя нявольнікі, ня маючы права вяртацца дамоў, пастроілі сабе, каб жыць. Пасьля толькі пачалі тут будаваць будынкі з цэглы паводле праекту зьняволеных нямецкіх і балтыйскіх архітэктараў. Пабудавалі й нейкую вежу, зьзяючую лямпачкамі. Кажуць, зрабіў на яе праект у памяць сваяго зьняволеньня нейкі швэд. Пэўна, далі яму ў цяжкі час большую пайку ці дазволілі напісаць дамоў. Ня дорага для іх каштавала праца, жыцьцё і ўсе веды зьняволеных. Выкарыстаць іх яны ўмелі. Казаў мне адзін яўрэй, якога быццам люта ненавідзіць Сталін, што многія аб’екты мела пад сваёй «апекаю» МГБ. Знача, бралі яны такое прадпрыемства й плянавалі, якія кадры ім патрэбныя. Паводле гэтага пляну рабілі сваявольна арышты патрэбных ім людзей, ад вялікіх спэцыялістаў пачынаючы. Як стымул выкарыстоўвалі толькі сыцейшую пайку й крыху лепшыя варункі існаваньня, і работа йшла. МГБ заграбала прэміі, а людзі, пазбаўленыя волі і ўсякага асабістага жыцьця й шчасьця, стараліся для іх як маглі, каб толькі выжыць. Кажуць, пасьля сьмерці Сталіна гэта спынілася. Была ў Інце й агароджана дача, такі сабе асабняк Казлова, начальніка ўсіх лагероў на Інце, гдзе жыў ён з сям’ёю, як удзельны кацык [109] . Шматлікае начальства зусім спакойна глядзела на калоны няшчасных жанчын, якія гадамі закіркоўвалі ў інцінскую мерзлату сваю маладосьць, здароўе й само жыцьцё. Інцінскія дамы праходзілі міма нас з агідаю, а іхнія вывадкі хрысьцілі нас рознымі «контра» ці «фашыстамі». А мы кіркавалі, білі кувалдамі ў нейкую сівую мерзлую гліну. Здавалася нам, што ад тых цяжэрных кувалдаў, калі дзьвігаеш, варочаюцца кішкі ў жываце й абрываюцца ўсе селязёнкі. Як шэрыя страшныя камякі ў ватніх нагавіцах, старых валенках і бушлатах, мы, замарыўшыся, сядалі на сьнег, даставалі зьмерзлы кусок пайкі, калі хто яе здолеў ня зьесьці выходзячы, і грызьлі. Сьвятам якім мы бралі ў кішэнь крыху цукру і, пасыпаўшы ім камяк сьнегу, проста аблізваліся з насалоды. Дзяліліся на групкі, бо і ў нашай няшчаснай кампаніі было болей стукачоў, як добрых людзей. Вэрбоўка іх — гэта мэта жыцьця й гвозьдзь сыстэмы ўсіх КГБ. Кажуць, і, здаецца, не без падставы, што на мяне працавала палову лагеру. Я ім была сольлю ў вачох, нечым, чаго яны яшчэ не сустракалі. Бяз страху сама — я дзейнічала гэтак жа на людзей і горай таго — на мужчынскія лагеры. Выжыць, гэта для мяне было сьмешна, важна было зьняволеным вярнуць веру ў тое, што яны лепшыя людзі за гэтую набрыдзь, якая душыла нас, загнаўшы ў сьнягі. Я была вельмі тактоўнай, чэснай і добрай, і таму я была для іх страшнай. Мне верылі й мяне слухалі. Амаль кожны ліст з волі быў прычынай да плачу. То прыбавілі срок, калі хто прасіў яго зьменшыць, то адмаўляліся мужыкі ад жонак ці партыйныя бацькі ад дзяцей. Праўда, ніколі не адмаўляліся маці. Нават савецкія маці засталіся на вышыні й заслугоўваюць за гэта пашаны. Я ведала толькі адзін выпадак, калі маці начысто адраклася ад дачкі. Усе з горам прыходзілі да мяне, і ля маіх нараў утваралася проста чарга. Пасьля мяне заперлі на верхнія нары й прыказалі ня злазіць далоў.

109

Кацык (дыял.) — туземны князек.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win