Шрифт:
Што ведаў мой герой дагэтуль? Досыць яшчэ патрыярхальны сялянскі і дваранскі свет "заходніх правінцый". Ведаў і вялікі свет, што сваю ўбогую галізну прыкрыў золатам, перамогамі, указамі, што мудрэйшыя адзін за другі, бессаромнай балбатнёй і яшчэ больш бессаромнай эксплуатацыяй.
Ведаў ён і адзіна сапраўдны свет (і цвет) і тагачаснага грамадства. Той, якому тупа перашкаджалі жыць і працаваць і дружна торкалі наперад, калі трэба было паказаць фасад імперыі. Тое, аб чым Някрасаў казаў:
"…гнилой товар показывать С хазового конца".Ён, Алесь, вучыўся ў лепшых вучоных Пецярбургскага універсітэта, прападаў па эрмітажах, зачытваўся Дастаеўскім (сасланым у катаргу) і Лермантавым (застрэленым), быў асабіста знаёмы з Шаўчэнкам, слязьмі абліваўся, слухаючы песні народа і музыку, якая вырасла з іх.
Ён яшчэ меў заліцца слязьмі з зусім іншай прычыны.
Таму што існавала не толькі грамадства людзей духу і думкі (гэтых ён ведаў і любіў), не толькі грамадства прыдворнае (ведаў і вымушаны быў жыць у ім).
Існавала грамадства зламаных, грамадства адкідаў, вялізная дзяржаўная звалка, імперскі сметнік, на які выкідаліся непатрэбныя часткі машыны, знішчаныя ёю ж самой.
Была на тым сметніку гніль (калі толькі чалавек можа стаць гніллю без актыўнай дапамогі грамадства), былі слабыя парасткі (а можна ж было не таптаць, а падставіць тычку), былі і такія, што пры іншых абставінах маглі б зрабіцца годнымі, а можа, і вялікімі сынамі грамадства.
А зрабіліся і тыя і тыя гноем, вялізнай смярдзючай клаакай, якой трэба саромецца, самае існаванне якой ганьба для добрага гаспадара, якім павінна быць кожная цывілізаваная грамада.
Урэшце, чаго ёй было саромецца, той грамадзе? Сябе самой у мініяцюры?
…І вось на самае дно гэтай клаакі быў вымушаны спусціцца мой герой. Таму што зброю не купіш ні ў дзяржаўным арсенале ці, тым больш, у Румянцаўскай бібліятэцы.
Людзі святой ідэі вымушаны былі твар у твар сустракацца з дном, пазаддзем, падонкамі. Парадокс? Кепскі парадокс.
Ёсць гонар у залатаным сцягу. Але латкі не павінны быць са сметніка.
Не павінны? Ну, а калі сметнік — параджэнне і неад'емная частка грамадства? Так званага грамадства?
І калі гэты сметнік усё ж — людзі? Не па сваёй віне не здатныя на подзвіг, доблесць, веды, але ўсё ж людзі. Мімаходам і без дакораў сумлення знішчаны неацэнны чалавечы матэрыял. Орган, які прырода стварыла, каб пазнаць самую сябе і які такія ж людзі зрабілі адходам, непрыдатным нават для ацэнкі сваёй сутнасці.
Каюся, мала светлага ўбачыць у аповесці чытач. Але кожны ўдар бізуна на яе старонках я магу падмацаваць дакументам. І менавіта таму раздзел выліўся ў аповесць, якой нельга было заставацца ненапісанай.
Таму што менавіта ў гэтай клаацы героі мае (як сотні іншых у рэальным жыцці) прыдбалі сапраўдны гарт, сапраўдную зброю.
Усведамленне таго, што нельга, каб мучылася Рагожская слабада, каб "кнутобойничали" на Балотнай плошчы, каб ішоў у бандзюкі Сашка Шчалканаў.
Усведамленне таго, што кожны на зямлі, нават самы патаптаны і зняважаны, табе сябра і брат. Можа быць такім. Будзе, калі ад полюса да полюса кожная жывая душа задумаецца над гэтым, над тым, што не паўсюль яшчэ на зямлі такое адышло ў нябыт.
Над тым, што чалавецтва не павінна быць дэбільным дзіцем, якое ламае свае цацкі, а то й нявечыць сябе самога.
Калі мне ўдасца няхай на кароткую хвіліну пераканаць Вас, што разуменне, спачуванне і шкадаванне — таксама зброя, я буду лічыць, што я недарэмна адабраў час у Вас і ў сябе.
Справядлiвасць
Што такое ўплыў кнігі на чалавека і ў чым ён? Чаму адна, здавалася б, разумная з разумных, высакародная з высакародных, так і пакідае цябе халодным?
І чаму іншая, зусім непачцівая да чалавека, прымушае гэтага чалавека ледзь не маліцца на аўтара?
Чаму адна, вытанчаная, выклівае мароз агіды, што прабягае па спіне, або, у лепшым выпадку, нястрымныя пазяханні?
А другую, напісаную часам нават крыху карава, не выпусціш з рук і, скончыўшы, адразу захочаш перачытаць.
Мне здаецца, што адзін з сакрэтаў уплыву кнігі — у яе закончанасці. Кніга, як жывая істота. Прыўкрасны алень, прыўкрасная птушка ў палёце, прыўкрасная, як ні дзіўна, і змяя са стракатым візэрункам яе скуры. Хаця першыя выклікаюць жаданне паляцець, а другія — дрыжыкі агіды.