Шрифт:
Я не скажу, вядома, што няма недахопаў. Але іх мала. Раней недакладнасцяў было больш, але перакладчык упарта працаваў над тэкстам — і ён зрабіўся зграбны, дакладны. Былі, напрыклад, раней рытмічныя зрывы ў сцэне з Вагнерам, цяпер яны збольшага выпраўлены. Былі, часам, рыфмы тыпу "жыве — на ўме! (параўнай сумна славутае "дзе-небудзь — мядзведзь"). Цяпер гэтага амаль няма.
Мiнула 15 гадоў з часу майго знаёмства з першым варыянтам "Фаўста". Прайшоў час, i вось рэч, ужо скончаная i адшлiфаваная, зноў ляжыць перада мною.
Блуканні па пакутах чалавечай душы, працы, думак, сэрца. І ледзь не першая спроба апісаць выхад яе на святло з таго змроку, у які ўкінута яна жыццём. Няхай яшчэ пад знакам тэалогіі — але спроба выхаду.
Ісці доўга, крывава, амаль безнадзейна:
Зірні, вялікі, з гэтай троннай залы На родны край, што ўвесь у мглістым чадзе. Дзе ўсё дабро тваё са злом звязалі І дзе няпісаны закон — бязладдзе. . Чарсцвеюць норавы, усюды смуты, Галодны край, раздзеты i разуты, Рай для грабежнікаў, зладзюг, А над сумленнымі вісіць абух.Уступаюць у бой, нішчачы дабрабыт людскі, папяровыя грошы. На змену першай радасці (іх лёгка насіць нават у сумцы салдата ці ў якой кантычцы) прыходзіць капітал, які Гётэ заўважыў у жыцці і распяў на ганебным слупе ледзь не першы. Прыходзіць з ім інфляцыя.
Блазен: І гэта грошы? Смецце гэта? Цьфу! Мефістофель: Купляй і еш да стогну ў трыбуху! Блазен: Няўжо куплю я быдла, хату, хлеў? Мефістофель: А ўжо ж! Абы ты ўдосталь грошай меў! Блазен: І лес, і ворыва, і ўлоў рачны? Мефістофель: Глядзі, а мне казалі — ён дурны! Блазен: Куплю маёнтак і пайду з двара! (Выходзіць.) Мефістофель: (адзін). Ого! Яго ж на трон садзіць пара! Усё стаіць на шляху ў гэтай душы. І — вайна. У гуле шалёным Войнаў няспынных Чула, як зыкам утробным багі Сверб распалялі да славы ваеннай, І голас жалезны свары крывавай, Братазабойчай, Біў у муры.І ўсё ж душа чалавечая паўстае супраць усяго гэтага. Няхай яна і не пераможа часам, але бываюць паражэнні, што вышэй за перамогу.
І пару слоў аб ілюстрацыях Арлена Кашкурэвіча.
Гэта вельмі своеасаблівы, па-новаму прачытаны, дужа сучасны "Фаўст". "Фаўст" вар'яцкага веку войнаў, нейтронных бомбаў, маўтхаўзенаў, аўтамабільных гонак, трушчоб, наркотыкаў, рэгбі, дзікіх катастроф і самоты. І кожны мае права на свой апакаліпсіс, на Грэтхен ля аргана з філармоніі, на лысага бітніка Мефістофеля на пустой бочцы з-пад бензіну, на шабас ведзьмаў, што лятуць на аўтапакрышках, на бітыя машыны і на лаканічную, найбольш прасякнутую болем — а не сімваламі! — сцэну ў турме. І на сцэны вайны, дзе якраз сімвалы найбольш ім падыходзяць.
Не зусім задавальняе мяне толькі Мефістофель. Зразумела, гэта дастойны праціўнік (менавіта такім дынызаўрам і зрабіў яго мастак), зразумела, будзеш ненавідзець таго, хто падносіць латы, як будучы пратэз, воіну, а пасля на магілах пераможцаў, на іх латах і гарматах трыумфальна трубіць у трубу.
І ўсё ж гэта крыху не мой Мефістофель. І таму неяк менш верыш ва ўзнясенне Фаўста.
Але ж кожны мае права на свой пункт погляду, да таго ж і ў ілюстрацыях ёсць галоўнае, тое, што і ў кнізе, — выхад да святла.
Фаўсту даравалі, бо ён змагаўся, даравалі, бо ён хацеў дабрыні (а часам з гэтага выходзіла і зло). І пад канец жыцця перамог: нават сляпы, на краі магілы, думаючы, што канчаюць дамбу і канал, ён разважае так:
Свабодны люд і радасная праца Шчаслівым зробяць гэты ўбогі край. . Дык вось канечны вынік мудрасці людской: Што толькі той жыцця і волі варт, Хто кожны дзень за іх ідзе на бой. . Калі б у працы ўбачыў я заўсёднай Народ свабодны на зямлі свабоднай, Імгненню б я сказаў тады: "Цудоўнае, спыніся!.."У заключэнне хачу заўважыць, што кожны новы пераклад — гэта новае даследаванне "Фаўста". У дадзеным выпадку — удалае даследаванне, якое зрабіў Васіль Сёмуха. Таму гэтае эсэ не разважанне пра тое, чаго вартая гэтая рэч, а проста некалькі думак аб перакладзе "Фаўста", аб нашым беларускім "Фаўсце".
Крэсіва. Іскры. Агонь
Памятаеце, прыдбаў андэрсенаўскі салдат цудоўнае крэсіва? Ударыш ім — і спраўдзіцца нават немагчымае. Вось прыблізна ў гэткім стане і я. У руцэ ў мяне "Крэсіва", кніга вершаў паэта Васіля Зуёнка. Але спачатку нкалькі заўваг. Занадта, бадай, дэкларатыўны першы верш зборніка — "Мільёны год". Нягледзячы нават на пругкі рытм і някепскую канцоўку (што, увогуле, для невялікага верша зусім няблага). Але такі ўжо ў нас звычай: напхаць у пачатак кнігі самых сярэдніх вершаў. Нібы адчэпнага даць: за сярэднасць не лаюць, то вось вам пад удар пешку, абы зберагаліся фігуры другой лініі.
Некаторая спрошчанасць верша "З вайны сустрэлі мацяркі сыноў" — таксама не радуе. Боль ва ўсіх аднолькавы, калі сын не вярнуўся з вайны. Ды толькі гаварыць пра яго трэба кожны раз іначай. Калі гэтага няма — тады ўвогуле не трэба. Васіль Зуёнак гэта ведае. Ведае хаця б таму, што побач стаіць верш "Помнік", дзе гэтая адметнасць зроку выяўлена высакародна, па-свойму, сапраўды па-народнаму.
Перад намі паэт. Паэт адметны, свежы, паэт са сваім зрокам, са сваім адкрытым гукам жыцця, слыхам і адкрытым болю і любві сэрцам.