Крытыка
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Няма патрэбы тлумачыць розніцу паміж паэтам і нейкім іншым чалавекам. Усе ведаюць, напрыклад, са школьнага курсу фізікі, што чалавек, падскочыўшы, штурхае нагамі шар зямны, і той не адкочваецца толькі таму, што неверагодная розніца ў масе, але ўзаемадзеянне між чалавечым целам і зямлёй — роўнае. Усе ведаюць, і ўсе, каму гэта не спатрэбілася ў пасляшкольным жыцці, - забываюць. Але ніхто з тых, хто прачытае верш паэта, — не здолее забыць. Паэзія запамінальная да смерці.

Ніхто не пачуў: Яблык упаў дасвеццем — Ля Халопенiч, на Беларусі. Нiхто не пачуў — Ні людзі, нi травы, ні вецер… Ніхто. А шар зямны Здрыгануўся.

Гэта не ілюстрацыя да закону фізікі. Дзеля гэтага трэба было самому ляжаць пад той яблыняй і адчуць, як яблык упаў у траву, як азвалася — гулка на дасвецці — зямля. Трэба было, каб, як ад кожнай сапраўднай паэзіі, здрыгануўся не толькі шар зямны, але і сэрца таго, хто чытае. А калі чытаеш і мурашкі бягуць па спіне, гэта і ёсць — яе вялікасць Паэзія.

Хочацца сказаць аб галоўнай якасці паэзіі В. Зуёнка. Якасць гэтая — сапраўдная чалавечая дабрата, той гуманізм, якому павінна вучыць паэзія і дзеля якога яна толькі і існуе на зямлі.

Ён у паэта ва ўсiм. Птушкi недаверлiва злятаюць з гнёздаў, i чалавек, каб не астылi гнёзды, iдзе прэч. Ён ведае, што iх занадта многа крыўдзiлi. Адкуль iм ведаць, што паэт здатны "пiць з жураўлямi пiва", што ён "свой"? У недаверы птушак — той недавер, якi занадта часта iснаваў мiж людзьмi ў гiсторыi i якога не павiнна iснаваць. Таму што чалавецтва стала дарослае i недавер пахне смерцю. I гэтая дабрата i ўсёразуменне ў аўтара "Крэсiва" паўсюль. У вершы "Добры прыезд". У ненадакучлiвай фiласафiчнасцi "Часа абнаўлення, часа вяртання". Словам, Васiль Зуёнак з тых, хто стаў бы нарогам, рунню, дажджом, хлебам i,урэшце, зноў чалавекам.

Духмяных бы лустаў накроіў: Прыходзьце — Усе, хто не снедаў, Хто полудзень меў упрыглядку, Хто ноч сустракае нiшчымна, — Прыходзьце.

У маленькай кніжцы шмат вершаў з сапраўды глыбокай філасафічнасцю. Так, ёю: бо сказанае аб простасці, чысціні, празрыстасці зусім не выключае складанасці. І не выключае глыбокага майстэрства. Напрыклад, у найтанчэйшым па інструментоўцы вершы "Успамін".

Завіхалася, шчыравала, Абдымала ды мілавала… О, рукі, Рукі ў ільняной старонцы… Духмянасць поля i гарачнасць сонца… Мачулiшча — блакіт палёў, Нябёс, Блакiт вачэй — блакіт туманны Слёз.

Падобнае за апошні час нячаста даводзілася бачыць. А тут тое сустракаем у вельмі асацыятыўным, часам нават занадта ўскладнённым вершы "Ралля — аснова". Шукаць, урэшце, трэба і тут. На кожнай сцежцы нашай паэзіі. І паэт шукае.

Ніхто чамусьці не задумаўся, а чаму ў нас малавата вершаў на так званую "рабочую" тэматыку і чаму яны не заўсёды першакласныя па якасці? Якая таму прычына? Можа, яна ў тым, што праца, скажам, селяніна, рыбака, паляўнічага апаэтызавана самім шматтысячагадовым існаваннем паэзіі, што вакол яе традыцыя, звычкі, вакол яе — народная песня, прырода, што жыццё горада, жыццё завода здаецца, па неабходнасці, нівеліраваным. А можа, прычына ў тым, што мы гаворым пра паэзію "сялянскую", "рабочую", паэзію "для нешматлікіх" (глупства якое!!!) і пры тым забываемся на тое, што існуе адна паэзія — чалавечая і дзеля чалавека, у неадрыўным адзінстве і ў разнастайнасці почыркаў.

І вось перад намі вершы: "Над лесам — заводскія гмахі", а найперш — "Соль", ледзь не найлепшы ў зборніку, сапраўдны гімн працы і чалавеку.

Не ад сонца ідзём у глыбіні — Па сонца ідзём. Сонца гіне: У кайданы крышталёў закута — Ляжыць у падземных закутках. Ідзём — магутныя — Вызваліць брата З-за кратаў.

Немагчыма працытаваць увесь верш з вольнай і мужнай яго інтанацыяй. Трэба прачытаць самому.

Яшчэ адной якасцю паэта ёсць — трывалая і дыхтоўная, моцная народная стыхія. Я пазнаю гэтыя радкі нават у перакладзе: па тыпова беларускай, вясковай пяшчоце і мяккасці, па адной гэтай падзяцы:

…Дзякуй, яблынька, дзякуй, белая, За казку…

Гэта тая дабрата і ласкавасць супакутавання, якая пераварочвае душу, калі бачыш аднаногага салдата ў лазні, які не пусціў з сабою на паліцу хромавую нагу. Гэта дабрата да тых, хто ў небыцці, але гэта яшчэ і дабрата трывогі, папярэджання, мужнасці, як у адным з найлепшых вершаў зборніка "Ідуць дажджы":

Ідуць дажджы… І ліст лілеі Над смерцю рыб — хаўтурны стол, Ідуць… і стронцыю ўдары Цвiкi у труны б'юць і б'юць… А ў небе хмары, хмары, хмары… Ідуць дажджы… Дажджы ідуць.

Народная стыхія паэтава яшчэ і ў спеўнасці. Не ў той, што нараджае шлягеры, а ў той, што бярэ інструментоўку народнага — "Шчыравала пчала" — і надае ўсяму гэтаму сучасны змест. І гэта больш сучасна, чым вольны верш, які кананізавалі некаторыя з нашых паэтаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win