Шрифт:
Гэта дужа беларуская рэч, нягледзячы на прысвячэнне той ці іншай балады таму ці іншаму народу.
Пра мастацкія якасці кнігі казаць не буду. Агромністая задача, якую ўзваліў аўтар на свае плечы, не магла быці выканана не мастаком. Скажу адно: нездарма пасля назвы стаіць не "вершы", а "паэзія". Гэта і ёсць сапраўдная, чыстай вады, паэзія.
І пад канец хачу дадаць яшчэ толькі адно.
Перасцярогу. І вельмі сур'ёзную. Па тым, як аўтар размахнуўся, як яму ўдалося ўдарыць, ён стварыў дзеля сябе і нас, дзеля грамадства адну з кніг свайго жыцця. Ці будуць у яго іншыя — залежыць толькі ад яго аднаго.
Але пасля такой кнігі ён проста не можа… да не, проста ніхто да яго не пацерпіць вершаў слабых, вершаў хаця б напалову хлуслівых, вершаў — фігавых лісцікаў.
Ён павінен трымацца на вышыні, якую ён сам заваяваў для сябе. І няхай памятае, што нічога няма лягчэй, чым страціць такое давер'е.
Што ж, ён сам хацеў гэтага і сам гэтага дабіўся. Так што — хочаш не хочаш, — а трэба трымацца.
І няхай ён гэта ведае. Раз і назаўсёды.
Уступнае слова да перакладаў А. Мiланава
Я выбраў і пераклаў для чытачоў нашага часопіса некалькі вершаў і эпіграм маладога балгарскага паэта Аляксандра Міланава. Яны спадабаліся мне сваім непрымірымым стаўленнем да ўсяго злашкоднага, да ўсіх тых вусеняў, якія сёння спрабуюць тачыць лісце на зялёным дрэве жыцця. Яны спадабаліся мне, бо іх аўтар — вясёлы паэт, добры да добрага і гнеўны на злое.
Аляксандр Міланаў нарадзіўся ў 1933 годзе ў вёсцы ля горада Ямбала. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ямбале і Плоўдзіве. У 1957 годзе скончыў філалагічны факультэт Сафійскага універсітэта. Некаторы час настаўнічаў у г. Чырпане і ў Сафіі, выступаючы адначасова і як журналіст.
У 1959 годзе выйшаў зборнік яго сатырычных вершаў "Анафема", праз тры гады — кніга нарысаў і эскізаў аб будаўніках плацін на рацэ Орда ў Радопскіх гарах — "Сонцы, якія не заходзяць", у 1963 годзе — другая кніга сатыры "Вясенняя небяспека".
Мне хочацца пажадаць паэту шматлікіх перамог у яго вясёлай і высакароднай вайне.
Шчыравала ў бары пчала…
Я не ведаю, мой дружа, ці пяеш ты гэтую песню дакладна так, як я? Але гэта агульная. Наша песня. І так шкада, што Маці твая, мая другая Мама, Куліна Андрэеўна, той песні не дапела.
Калі ласка, не чакай асаблівай ухвалы ў свой адрас. Усе мы — і ты і я — нічога не варты перад талентамі нашых маці. Усё ў нас — ад іх.
Я не меў гонару ведаць твайго бацьку (хіба што на фота ў маленькай тваёй ушацкай хаціне), але маці тваю з найпрыгажэйшымі ў свеце вачыма — я ведаў. І дужа яе любіў — між іншым — і за тое, што яна нарадзіла гэткага таленавітага сына.
Памятаеш, калісьці мы ехалі старой ушацкай дарогай. Сядала сонца. Стаўбуры хвояў зрабіліся ад таго мядзяныя. І ад кожнага старога кургана лёг заходні цень. Тысячы і тысячы — паўмесяцам — ценяў. Вы тыя курганы называлі "валатоўкамі". Гэта былі магілы волатаў — нашых продкаў.
…Адкрываю тваю новую кнігу — "Свята пчалы". Усё гэта я амаль дваццаць год ведаў. Ад "Маладзіка над стэпам" да "Займішча", да паэм. Але, сабранае ў адно, гэта ў некаторай ступені плён сарака аднаго года твайго жыцця. Як сказаў Дантэ: "Пражыўшы век зямны да палавіны…"
Адгортваю "Маладзік над стэпам" (1959).
Я тады амаль цябе не знаў. Ведаў — ёсць. Ведаў — вершы, якіх пажадаў бы найлепшаму другу. Пажадаў бы — каб гэта я мог — сабе.
Як захлынуўся ад радасці жаўранак… Як засінелася возера чыстае… І крапіва маладая стрыкаецца, Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін. Ем я капусту трыгубую зайцаву, Гладжу змарожаны ліст журавін… Сонца гарыць!Цытаваць цябе амаль нельга! Іначай атрымаецца кніга цытат.
Ведаю бадай што ўсё пра цябе. І кароткае "прыедзе" з верша "Бацьку", і "цётку-жартаўніцу" з верша "Дома", і нават песні, якія яна спявала.
Дарогі нашы — спачатку — былі розныя. У таварным вагоне ты ехаў на цаліну. Я ў ім — беспрытульнічаў. Цябе чакалі цаліна і падкручванне гадзіннікаў і прыгажосць "Вечара над Таболам". Мяне — вайна і адсутнасць нават мары аб гадзінніку і голад на беразе Табола. І ўсё ж вечна перасякаліся нашы шляхі. Нават у "Насцінай кухні".
З гадамі ты, паэт, робішся прасцей. Як маці. Паспрабуй перакласці "Рунець, красаваць, налівацца", "Нагбом", "Неруш". А пасля (за выключэннем рэцыдыва "Рум") прыходзіць вельмі простае — "Адам і Ева", вячыстая тэма тваёй творчасці.