Шрифт:
Празь нейкі нядоўгі час чалавек ужо нетаропка крочыў сярод многіх іншых гарадзкіх мінакоў, што чым бліжэй да цэнтру, дык болей высыпалі на гарадзкія вуліцы. Гэтыя ішлі ня толькі ў кірунку рынку. Горад прачынаўся, усчынаўся звычайны працоўны клопат: адчыняліся раньнія крамы, падмяталіся ходнікі, на якія выстаўлялі тавар рамесьнікі, ювэліры, гаршчэчнікі; на вешаках разьвешваліся нейкія апранашкі. Крыху пазьней на вуліцах сталі трапляць са сваімі чорнымі кейсамі дзяржаўныя службоўцы, гэтыя з важным выглядам сьпяшаліся мацаваць дыктатуру. У абодвух накірунках па вуліцы каціліся аўтамабілі. Напружаньне асьцярогі, што не пакідала яго доўгія дні і ночы, неяк паволі пачало нават меншаць, ён зноў трапляў у звыклы зь дзяцінства асяродак, ад якога быў надоўга адарваны. Добра, што ніхто пакуль не пазнаваў яго, ды асабліва й не ўзіраўся ў ягоны нічым не прывабны твар. Трохі было дзіўнавата, але ў тым горадзе, дзе ён пражыў жыцьцё, знаёмыя, мусіць, вывеліся, разьбегліся, хто куды. Шмат іх уцякло за мяжу, іншыя апынуліся за дротам ці ў турмах. Астатнія сядзелі ціха, мабыць, перажывалі спазьнелае адчуваньне віны перад дыктатурай і найболей — перад Бульдозэрам. Над гарадамі і паселішчамі гэтай краіны ўдзень і ўначы лунала ўсеабдымная здань страху, якая паралізавала волю.
Чалавек ня быў надта наіўны ў палітыцы і сваімі ўчынкамі ня меў спадзяванкі ўзварушыць народ, падштурхнуць яго на барыкады. I ўсё ж… I ўсё ж нейкая карысьць будзе, думаў ён, выпраўляючыся ў апошні свой шлях. Калі ня зараз, дык потым. Калі аб тым не напішуць тутэйшыя газэты, дык пабягуць чуткі, напэўна, перадасьць замежнае радыё. Гэткія ж рэчы здараюцца ня кожны дзень. А ў межах ягонай краіны, дык ці не ўпершыню за сто гадоў. I ўжо напэўна ягоны ўчынак — першы за час гэтай Цынічнай дыктатуры.
Сьцяўшыся ў тугі камяк, чалавек таропка пракрочыў паўз шыкоўны шкляны пад'езд высачэзнага гмаху замежнага банку, дзе, як заўжды, тоўпілася група паліцыянтаў у навюткай шызай форме. Унізе ля прыступкаў іх чакалі стракатыя ад розных колераў аўтамабілі зь мігалкамі. А крыху далей, пад мэталёваю агароджай царквы, сядзеў нядоўгі радок жабракоў — тых, каму не хапіла месца на цьвінтары. Выпетраныя жыцьцём старэчыя твары, схуднелыя рукі, якія цягнуліся да мінакоў, вочы ўмольна лавілі чужыя позіркі. Лепей было туды не глядзець, даць ім у яго не было чаго. Ён толькі збочыў ад іх на асфальт і тады на каменным слупе агароджы ўбачыў шырокую абвестку з партрэтамі і паліцэйскім подпісам унізе. Бегла зірнуўшы туды, чалавек аж скалануўся, пазнаўшы ў адным з партрэтаў сябе. Праўда, там ён быў маладзейшы, паголены, з гальштукам. Несумненна, то былі злачынцы, якіх шукала паліцыя. Але чаму на царкве? Ці ўжо й вернікі рабіліся памагатымі дыктатуры, зьбянтэжана падумаў чалавек. Зрэшты, а чаму б і не? Царкоўныя герархі працавалі на яе заўзята, мусіць, варта было чакаць таго і ад вернікаў… Здаецца, там была пазначана, і сума ўзнагароды тым, хто іх выдасьць. Тады тым болей, каму ня хочацца зарабіць у жабрацкай краіне.
Побач па бруку праімчаліся некалькі джыпаў з рулямі кулямётаў над ветравым шклом. У іх цесна сядзелі крутаплечыя постаці гарылаў у зялёных, пад мяккімі чахламі касках. Мабыць, куды на аблаву ці ўжо з аблавы, падумаў ён без жаднае, аднак, засьцярогі і схамянуўся. Яму ўжо заставалася няшмат, ягоная роля самапала блізілася да фіналу. На рагу ўжо віднелася паваротка, далей была караценькая вулічка да ратушавай плошчы, дзе хутка ўсё і скончыцца. САМАПАЛ было для яго слова новае, нязвыклае, мабыць, не пазначанае ні ў адным слоўніку, наватвор праклятага часу; здаецца, раней у ім не было патрэбы. А цяпер во такая патрэба зьявілася. Упершыню ён учуў яго з радыёперадачы пра падзеі ў далёкай паўночнай краіне і хутка забыўся пра яго. Аж во пакуль яно не займела непасрэднага да яго дачыненьня на тым, апошнім для яго паседжаньні камітэту. Як абмеркаваньне падышло менавіта да такой высновы, паўстала пытаньне — хто? Усе дужа задумаліся, ва ўсіх знаходзіліся прычыны. Ён такіх прычынаў для сябе не знайшоў. Прынамсі, па ім плакаць ня будзе каму, а самому ўжо ня прыйдзецца. Тое ўсё і вырашыла.
У прадчуваньні самага для сябе вырашальнага чалавек усё ж захваляваўся. Каторы раз памацаў у правай кішэні бэнзынавую запальнічку, запальнічка была на месцы — хоць бы не падвяла. Учора правяраў, тады спраўна пыхкала слабым сіняватым агеньчыкам. Мабыць, хопіць і слабога. Бэнзын быў гатунковы, самы лепшы на той заправачнай станцыі, павінны загарэцца ўмомант нават ад слабой іскры. I ён пакіне гэты свалачны сьвет, грукнуўшы дзьвярыма. Ня дзеля славы — дзеля народа. Трохі шкада, што разам адыдзе і жыцьцё. Але што зробіш? Ня ён першы і, трэба спадзявацца, не апошні.
Бадай, ён ужо дайшоў да апошняй павароткі на плошчу і нават міжволі парадаваўся, што ўсё абышлося. Галоўнае, не спаткаў нікога зь ліку знаёмых, і гэта абяцала ўдачу. Зь нейкага часу ён стаў адзінцам, чалавекам паасобнага кшталту; пара калектывізму для яго мінулася.
Адрываючыся ад рэальнага, ён ужо пераходзіў на адпаведны моманту патэтычны лад, пачынаў думаць у высокіх катэгорыях. Што было для яго жыцьцё? Асалода? Пакуты? Нейкі абавязак перад людзьмі? Перад Богам? Ні тое, ні гэта. Мала было асалоды і, калі падумаць, няшмат і пакутаў. Іншыя пакутавалі болей. Уся справа, аднак, як да таго ставіцца. Ён меў занадта вялікае адчуваньне гонару і паставіўся да таго надта строга. Ягоныя сябры былі надзеленыя большаю схільнасьцю да лібэралізму, ён жа застаўся заўзятым рыгарыстам. Асабліва пасьля гібелі Яны. Хто яна была для яго? Яна не была жонкаю, не была нават каханкай. Яна была для яго МАДОНАЙ. I яе ня стала. Яна згарэла не ад любові — ад цынізму несправядлівасьці. Банальную несправядлівасьць яна прызвычаілася трываць гадамі, нахабна-цынічнай — ня здолела і двух месяцаў. Калі яе маладзейшы каханак з дэмакрата-філёзафа ператварыўся ў шэфа дыктатарскай прапаганды, жыць яна не стрывала. Яе пагібель, мусіць, стала для чалавека апошнім штуршком да ягонага азарэньня.
Да павароткі заставалася дзясятак крокаў, як раптам ён убачыў перад сабой кабеціну ў чорным. Нейкім зьдзічэла-спакутаваным позіркам тая ўперлася ў ягоны твар, вочы яе раптам расшырыліся, і яна закрычала:
— А-а-а…
На момант ён зьмізарнеў пад тым яе зьдзічэлым позіркам, а затым і ад гэтага нямога крыку, не адразу пазнаўшы ў жанчыне маці ягонага студэнта-сухотніка. Пакуль ён сьцяміў тое, жанчына каршуном наляцела на яго і невялікаю сумкай на ланцужку пачала біць яго — па галаве, па плячах, па твары і крычаць:
— Забойца! Забойца! Забойца…
Адчуўшы, што ўсё ў яго рушыцца, ён ірвануўся прэч, на брук, ледзьве ня трапіўшы пад вялікія колы чорнага лэндровэра. Але жанчына не адрывалася ад яго, прадаўжала крычаць, і людзі, колькі іх было навакол і паблізу, паварочваліся да іх — сьпераду, ззаду, з бакоў. Чалавек памкнуўся назад, дзе, як здалося, было трошкі вальней, і з усяе моцы прыпусьціў па вуліцы. Мусіць, тое стала яго фатальнай памылкай: кожны драпежнік бяжыць за тым, хто ўцякае. Пабеглі й за ім… Ягоны ж інстынкт самазахаваньня пагнаў яго прэч — каб толькі адчапіцца ад гэтай звар'яцелай жанчыны. З шырокай вуліцы ля царквы ён завярнуў на вузейшую, на рагу азірнуўся — за ім беглі пераважна мужчыны, але трапляліся і жанкі таксама. Сьледам па вуліцы несься разрозьнены лямант і крык. Натоўп даганятых усё гусьцеў, зьяўляліся новыя людзі — з падворкаў, ці што, далучаліся да тых, што беглі наперадзе. Праз момант яго ўжо сталі абмінаць — з бакоў і пад сьценамі. Мабыць, справа ягоная рабілася дрэнь. Асабліва, як з-за высокіх сетак тэніснага корту збоч вуліцы выскачылі двое ў спартовых гарнітурах, гэтыя апынуліся наперадзе ўсіх. Іншыя, не адстаючы, беглі й беглі сьледам і, бы зайца ў полі, гналі яго да ўскраіны. Усе крычалі-галёкалі, іх усё большала, а ў яго ўжо не хапала дыханьня ад гэтага зьдзічэлага бегу, і ён ня ведаў, што рабіць. I што думаць нават. То было неспадзеўна, несправядліва, няўцямна. Адчуваючы, што захлынаецца гаркотаю ад стомы, ён шаснуў у расчыненыя вароты знаёмага зь дзяцінства прыземістага дому з платанам каля ўваходу. Ведаў, калісь там быў скразны ход на суседнюю вуліцу, можа б там ён адарваўся ад даганятых. I тут жа зразумеў, што памыліўся — двор перагароджвала суцэльная бэтонная сьцяна, на якую ён скочыў з разьбегу. Яму пашчасьціла ўхапіцца рукамі за яе чарапічны верх, і ён кінуў угару нагу. Яшчэ не ўзабраўся наверх, як адчуў прарэзьлівы смурод бэнзыну. Па беленым баку сьцяны папаўзьлі няроўныя сьмярдзючыя пісягі, хатулёк адразу аблягчэў, і Чалавек абвяла зваліўся на брук пад сьцяну. Спартовыя хлопцы ў тэнісках схапілі яго за рукі, вывелі на падворак, куды зьбягаўся разрозьнены натоўп ягоных даганятых. Усе ўзрушана гаманілі, лаяліся ці спрачаліся нават, але ён ня слухаў. Нехта садраў зь ягонага пляча сьмярдзючы, непатрэбны цяпер хатулёк. Хтось пасылаў у паліцыю. Наўкола раілася рознагалосая гамана. Хтосьці задыхана распавядаў, як згледзеў яго і не адразу пазнаў. Іншыя даводзілі, што адразу кінуліся наўздагон, бо адчулі: уцякае ня так сабе. «Падпальшчык! Ах ты, падпальшчык!» — лямантавала жанчына, і ён трохі паўслухоўваўся, стараючыся даўмецца, што ўсё ж сталася? Чаму? Ці то непаразуменьне, ці злая воля, ці ягоны недаравальны промах? А можа, заканамернасьць, фатальная прадвызначанасьць? Ці… паратунак ад самога сябе? Але што лепей? Узрушана адчувалася, аднак, што ўсё кепска. Для яго даўно ўжо не здаралася, каб лепей. Толькі горш… Гэта не народ, гэта не народ, як суцяшэньне, няўцямна гучала ў ягонай сьвядомасьці, і тут жа выразна чулася іншае: а тады хто ж? Хто тады былі тыя, што загналі яго ў пастку? Не прынялі ягонае ахвяры? Ці ён няварты быў для таго ахвяраваньня? Чагосьці цяпер ён ня мог зразумець ад узрушаньня, і няўлад са сваім станам, падумаў: усё ж трэба было адвязаць восьліка…