Сьцяна
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Са страхам і агідай ён перачытаў свае дзьве старонкі паганага тэксту-даносу. Менавіта даносу, бо як жа яшчэ можна было іх назваць, — тое Скварыш разумеў выдатна. Ён нічога там не прыдумаў, нічога не дадаў да таго, што гаварыў Красьнянскі, усё выклаў так, як яно й было. Праўдзівы быў да канца. Але чаго вартая тая яго праўдзівасьць, якой была ёй цана? Можа, парваць, спаліць і нікуды не хадзіць, — у каторы раз прыйшла няпэўная думка-намер. Але што будзе тады? Выкінулі з партыі, выкінуць з працы, адбяруць дыплёмы. Што адбяруць дыплёмы і званьні, то пэўна. Адабралі ж кандыдацкі дыплём у дацэнта Шавякова — за перараджэньне. У дысэртацыі абгрунтоўваў выгоды калектывізацыі, а пасьля ў лекцыях выказаў сумненьне наконт тых выгодаў. Далі дыхту дацэнту — не перараджайся! Не разумней. Заставайся ў жыцьці пнём і калодай — без вачэй і вушэй, тады будзеш адпавядаць усім навуковым званьням. Добра, Шавякоў меў гадоў трыццаць ад роду, быў хлопец дужы, мог працаваць грузчыкам на агароднінавай базе. А дзе будзе працаваць ён? Што ён умее, апроч як пераказаць устаноўкі марксізму-ленінізму, якому ён даўно і пераканана ня верыць. Але што рабіць, мусіш. Вучыць студэнтаў, прымаць экзамэны, несьці заведамую лухту, бо яна корміць, дае хлеба і да хлеба. I ўсё было добра, пакуль маўчаў, пакуль нічога — нікому, апроч таго афіцыйнага, праверанага і зацьверджанага, што ўжо амаль бяздумна і мэханічна балбатаў на лекцыях. А тут во не стрываў, вымавіў усяго дзьве-тры фразы на цёмнай вуліцы блізкім сябрам. I ўся яго шматгадовая ранейшая стараннасьць абрынулася ў тартарары. Калі гэта сапраўды правакацыя, наладжаная органамі праз асьпіранта Красьнянскага, іхны яму экзамэн, дык тыя дзьве старонкі памогуць. Павінны памагчы. Усё ж яны засьведчаць, што ён чалавек адкрыты, і ні ад партыі, ні ад КГБ нічога ня ўтойвае. Ну там нешта сказаў, можа, не зусім цьвярозы, можа, яго трохі перакруцілі, утрыравалі. Але ён не раззлаваўся на даносчыкаў і цяпер раскайваецца. Можа, выключэньне заменяць на «страгача». «Страгач» — не сухоты, год паносіць, і здымуць. I зноў усё пойдзе, як ішло дагэтуль. Ціха і спакойна. Добра ішло. Хіба што з гэтага моманту прафэсар будзе навучаны. Тады ўжо сапраўды да канца жыцьця нічога — нікому.

А калі не? Калі Красьнянскі зусім па ўласнай ахвоце? Па сваёй дурноце, нарэшце. Тады яго выкінуць з кандыдатаў, адбяруць унівэрсытэцкі дыплём, спляжаць кар'еру. А то й пасадзяць. Як тады яму, Скварышу, жыць? Што скажуць пра яго ў інстытуце? Як паглядзіць у ягоныя вочы дачка?

Дачка была, можа, найбольшым клопатам у ягоным жыцьці, большай праблемай, чым нават жонка. Ужо немалая, студэнтка, што вырасла на ягоных вачах і на ягоных руках, яна, тым ня менш, таіла ў сабе неразгаданую загадку: якая яна? Тое, што адбывалася ў грамадзкім жыцьці краіны, вядома, не магло не кранаць яе, выдатніцу-школьніцу, а затым студэнтку, але ён дагэтуль ні разу ня чуў ад яе ні слова ўхвалы, ні слова асуджэньня. Нават незадаволенасьці. Усе гэтыя рэабілітацыі, рэпрэсіі, барацьба з касмапалітамі і безыдэйнасьцю, нават распорваньне ці звужэньне штаноў у хлопцаў, лаянка еўтушэнкаўскай паэзіі зьнешне ніяк не выяўляліся ў ягонай Людкі. Прынамсі, дома, пры бацьках, яна была да таго нібы глухая. Аднойчы ён рэзка загаварыў зь ёй пра камсамол, знарок правакуючы яе на адказ, і дачка толькі зіркнула на яго страхавіта-зьдзіўленым позіркам і не сказала нічога. «Божа, падумаў ён, — і яна? Ці яна асьцерагаецца яго, бацьку, ці сама ўжо там? У іх на кручку ў свае дзевятнаццаць гадоў? Няўжо і цяпер, у эпоху разьвітога сацыялізму, нічога не зьмянілася ні ў грамадзтве, ні ў псыхалёгіі яго членаў? Ну добра, баяўся ён, але чаго ўжо баяцца ім?»

Мабыць, баяліся, бо жыў страх.

Ён зноў пачаў хадзіць паласатай дарожкай — да дзьвярэй і назад. Мінаў час, а нешта ні ў галаве, ні ў душы не праясьнівалася. Урэшце ўсё абарочвалася найбанальнейшай сытуацыяй — каму прападаць? Або яму, або Красьнянскаму. У такіх выпадках прэч адлятала мараль, спрацоўваў адно інстынкт, жывёльны эгаізм, як біялягічны сродак выжываньня. Ведама, гэта кепска, гэта непрыгожа, гэта амаральна. «Але рабі, што трэба, і хай будзе, што будзе», — шматзначна вучыў некалі Талстой, гэты вялікі мараліст стагодзьдзя. Хоць добра было Талстому вучыць, у яго была Ясная Паляна. А што ёсьць у яго, прафэсара Скварыша? Апроч зарплаты ды гэтых во катухоў — кватэры?

Не, мусіць, праўда ўсё ж за Пратагорам зь ягонай высновай аб чалавеку як меры ўсіх рэчаў, менавіта чалавек заўжды вызначае, як яму жыць. Замест чалавека таго ня можа зрабіць ніхто — ні Бог, ні д'ябал, толькі ён сам. Кепска, аднак, што ён, Скварыш, не належаў да ліку людзей, якія свой выбар робяць рашуча і беспаваротна. Але чалавек, пастаўлены перад фактам неабходнасьці такога выбару, страчвае свабоду. Ён чалавек несвабодны. Свабодным жа ён робіцца тады, як зьнікае сытуацыя, што вымагае выбару.

Бяда яшчэ ў тым, што людзям занадта шмат трэба, мабыць, прыродай ім ня дадзена абмяжоўваць сябе, як дадзена жывёле. Яны Богам надзеленыя свабодай думкі, а ім яшчэ трэба і свабода слова, як некалі зьедліва заўважыў К'еркегор. Сапраўды, ці не занадта вялікая гэта раскоша ў таталітарным грамадзтве — свабода слова. Ва ўмовах дэмакратыі іншая справа. Там пра свабоду ня мараць, там ёю карыстаюцца гэтак натуральна, як дыхаюць паветрам. Тут жа нават памкненьне да яе — крамола, за якую непазьбежная расплата. Расплата ўсё тым жа — свабодай і лёсам. Д'ябальскае грамадзтва, д'ябальскі час! I калі ўсталявалася тое? Ці, можа, і не выводзілася? Можа, і праўда, што пагібель сучаснай культуры пачалася даўно. Ці ня ў ноч на 25 чэрвеня 1820 году, калі разумнік Гегель, гэты філёзаф таталітарызму, вырадзіў сваё знакамітае: усё рэальнае — разумнае. Унівэрсальнае апраўданьне тыраніі. Ня дзіва, што ягоны дэтэрмінізм аднолькава прыйшоўся даспадобы як ягоным землякам-фашыстам, так і расейскім камуністам. Зручная філязофія дваццатага стагодзьдзя… У санлявай сьвядомасьці Скварыша думкі ішлі чарадой, ня дужа лягічна чапляючыся адна за адну. Але з часоў Дэкарта вядома, што ў духоўным жыцьці разумныя думкі займаюць надта малое месца. Куды болей тых самых блытаных, санлявых і нелягічных, ад якіх мала сэнсу. Так, пустазельле, духоўная палова, асьцё, празь якое калі-нікалі, аднак, прарастае штосьці значнае і нават геніяльнае. Але калі няма страху. А можа, менавіта ў атмасфэры страху найболей напружана і працуе розум? Хаця б у пошуках выйсьця… Рэшту тае начы ён не хадзіў па кватэры, сядзеў у вяртлявым крэсьле за пісьмовым сталом, утаропіўшыся невідушчым позіркам у свае праклятыя радкі. Настольная лямпа ярка і звыкла асьвятляла кавалак заваленага паперамі стала, галава і твар Скварыша туліліся ў ценю. Так было зручна. Стома ад перажываньняў усё ж дапякла яго, ён стаміўся, але сон ня йшоў, і ён ня клаўся. Вялікія турботы прыгняталі яго — як зрабіць лепш? Каб без памылкі, ад якой не давялося б пасьля кусаць локці. Калі будзе позна. Але тая праклятая задачка, здаецца, увогуле ня мела рашэньня. Колькі над ёй ні біцца. Былі два варыянты, і абодва жахлівыя. Значыць… Значыць, марна было столькі ламаць галаву, думаць. Тым ня менш, думаў і ламаў галаву, — шукаў, перабіраў у паўсоннай сьвядомасьці магчымыя і немагчымыя, па сутнасьці, фантастычныя варыянты. I вельмі выразныя наступствы. Наступствы ўсе былі бязрадасна горкія і пачварныя. Ярка асьветленыя на стале старонкі ўсё болей рабіліся чымсь фантасмагарычным, прывідным, набывалі жахлівы зьмест, ён ужо баяўся да іх дакрануцца, каб не наклікаць новай бяды. Яны займалі ўсё большую ўладу над ім, ён апынуўся ў поўнай ад іх залежнасьці. Як было ад іх пазбавіцца? Мусіць, толькі адным спосабам — здаць туды, дзе была ў іх патрэба. I вызваліцца. Але тое ці не канчаткова заняволіць яго?.. Тое, што настаў ранак, ён адчуў па няпэўных гуках у суседняй кватэры, недзе ціхенька запяяў водаправод. Тады ён устаў, рассунуў шторы на шырокім вакне. Неба над дахамі ўжо на ўсю моц залівала сінеча сьвітанку, стала відней у кабінэце, і ён выключыў лямпу. Ісьці ў КГБ трэба было да дзевяці гадзін, каб не спаткацца з кім па дарозе, не тлумачыць нічога. Здаць, і — назад. Мабыць, там разьбяруцца, куды, каму. У які аддзел, якому маёру ці падпалкоўніку. Трэба думаць, гэта ў іх наладжана. Даносы не прападаюць. Ня тое што заявы ў гарвыканкаме.

Ён выйшаў у вітальню з рашучым намерам пайсьці, не адкладваючы, тым болей, што будынак КГБ быў няблізка. Пакуль дойдзе, настане ранак. Але калі паперы перадаваць празь дзяжурнага, мабыць, трэба канвэрт. Давялося вяртацца па канвэрт, на якім ён вывеў выразнымі літарамі: «КГБ БССР». Заклейваць ня стаў, мусіць, так было лепей. А то падумаюць, што ў канвэрце плястыкавая бомба, і затрымаюць самога. Затрымлівацца там ён не хацеў нават на хвіліну. Ліфт незвычайна гулка грукацеў у ранішняй цішы пад'езда, пакуль ён спускаўся з паверху. Унізе ля доўгага шэрагу паштовых скрынак сутыкнуўся з суседам, адстаўніком-вайскоўцам. Той, у спартовых штанах і красоўках, мабыць, вяртаўся з ранішняй прабежкі і толькі зьдзіўлена акругліў вочы, пабачыўшы Скварыша. Скварыш нічога тлумачыць ня стаў, хутчэй сігануў ад парога да прыступак. Цяпер ён не хацеў бачыць нікога.

Спакваля прачынаўся горад, на пустых з ночы вуліцах усё большала таропкіх мінакоў. Бліжай да цэнтру, якраз на прыпынку, яго дагнаў першы тралейбус, і ён рухава ўскочыў у пусты прыбраны салён. Сядаць там ня стаў — як калісь у далёкім студэнцтве, прыткнуўся на задняй пляцоўцы і стаў пазіраць праз шкло. Нязвыкла было адчуваць сябе так, павернутым тварам назад. Але цяпер так было лепей.

З тралейбусу выйшаў за два кварталы ад знакамітага ў горадзе будынка, і тут рашучасьць пачала пакідаць яго. Чым бліжэй ён падыходзіў да бакавых дзьвярэй КГБ, тым рашучасьці заставалася ўсё меней. Ля дзьвярэй ён зусім замарудзіў крок, матавае шкло дзьвярных філёнак не давала згледзець, што там адбываецца. Але ён ведаў, што там стол і дзяжурны — неяк зімой зазірнуў выпадкам. Ля вушака на сьцяне чырванела невялічкая шыльда: «Прием посетителей круглосуточно», яна абнадзейвала. Але менавіта ля самых дзьвярэй ён згубіў рэшту намеру і пратупаў міма. Дайшоў да рога будынка, завярнуў на іншую вуліцу і стаў. Што ўрэшце рабіць? Вельмі хацелася плюнуць на ўсё ды паехаць дадому. Можа, дапіць бутэльку і заваліцца на канапу. Хай яно ўсё гарыць ясным агнём…

Але, мабыць, гэта агнём не згарыць. Гэтае ўсё не гарыць у агні і ў вадзе ня тоне. Тое ён ведаў пэўна. Калі ён цяпер нешта ня вырашыць — рашуча і назаўжды — дык яго чакае незайздросная рэшта жыцьця. Значыць, хоча ці не, а трэба вяртацца.

I ён вярнуўся. Зноў нерашучым крокам наблізіўся да матавых філёнкавых дзьвярэй, на гэты раз трымаючыся бліжэй да гранітнага цокаля будынка. Каб не адступіць. Каб адступіць было неяк. I з ходу рвануў за доўгую адпаліраваную ручку дзьвярэй.

За сталом пры дзьвярах не было нікога, дзяжурны, — мардаты ўкормлены прапаршчык з партупэяй цераз плячо — апынуўся якраз насупраць — ад суму шпацыраваў па праходзе. Скварыш павітаўся. Той, здаецца, ні кроплі не зьдзівіўшыся раньняму наведніку, нават бы ўсьміхнуўся — маўляў, давай, заходзь. I Скварыш сунуў у ягоныя рукі канвэрт.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win