Сьцяна
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Патуляўшыся па ўскраіне, ён падаўся да вадавоза, якога ведаў зь дзіцячай пары ад сваёй колішняй нянькі. То быў балбатлівы стары, п'яніца і абібок, ён ахвотна ўзяў зь ягоных рук апошнюю ягоную купюру і прапаў на ўвесь дзень. I на ўсю наступную ноч, якую цяпер чалавек дабіваў разам з галодным восьлікам.

Пад ранак, як поўня закацілася за пляскаты дах суседняй будыніны, чалавек устаў і падышоў да варотцаў у завулак. Тут ляжаў глухі начны цень, чорнае прысядзібнае кустоўе добра хавала яго на падворку. Унізе, рассыпаўшыся на павольным схіле, ляжаў сонны горад, месячныя прыцемкі лагодна ахіналі крывыя вулічкі жабрацкіх прадмесьцяў, бязладныя забудоўкі каменных, гліняных, саманных сядзібаў. Нідзе паблізу ня бліскала ніводнага агеньчыка, не сьвяцілася ніводнай лямпачкі; прадмесьці танулі ў туманістым месячным сутоньні. Толькі ўдалечыні зьзялі адбіткі сьвятла з-за высокіх дахаў камяніц у цэнтры, дзе высіўся нябачны адсюль прэзыдэнцкі палац, ратуша зь вежай і падсьветленым гадзіньнікам, гатэлі, дзьве паліцэйскія казармы за катэдрай у старажытных, нядаўна мадэрнізаваных кляштарах. Турма месьцілася далей, на ўскраіне, і таксама ў кляштары каля рэчкі. То было дужа здатнае месьцейка, у ім цяпер пляжылі маладыя жыцьці шмат хто зь ягоных сяброў. Іншых, мабыць, няма ўжо і ў жывых, і наўрад ці знойдуцца калі іх магілкі — гарылы ўмелі хаваць ахвяры — бяз знаку і сьледу.

Стоячы ў месячных прыцемках ля паламаных варотцаў, чалавек рашыў канчаткова: тое ён зробіць сёньня, уранку, адкладваць далей было немагчыма. Адклад можа абярнуцца для яго катастрофай.

Шкада, для таго зноў патрэбныя былі людзі; было бязглузда рабіць тое ўпотай, безь людзей. Толькі на людзях, лепей на плошчы. Але не на рынкавай — мэтазгодна было б на ратушовай. Тую плошчу ён ведаў змалку, туды хадзіў гуляць зь нянькай, затым церазь яе бегаў у недалёкую школу. Там жа ён упершыню спаткаўся са сваім адзіным і такім няшчасным каханьнем, а галоўнае — там перажыў колькі хвалюючых хвілінаў на сходах і мітынгах, як пасьля столькіх гадоў таталітарызму пачала ўсталёўвацца дэмакратыя. Ды не ўсталявалася. А тады плошча раілася ад тысяч людзей пад нацыянальнымі сьцягамі, з партрэтамі колішніх герояў нацыі, пад мегафонныя гукі палымяных прамоваў… Сьвятарныя словы пра дэмакратыю, волю і незалежнасьць хвалявалі болей, чым адмысловае віно, дужа верылася, што ўсё тое хутка настане. Але не настала і, здаецца, ужо не настане. Тыя, што тады зласьліва назіралі за імі з палацаў ды офісаў, са штабаў і казармаў, ліхаманкава рабілі сваю справу і выбіралі зручны для сябе момант.

I яны выбралі яго ўдала, якраз тады, як дэмакраты таго не чакалі, і скарысталіся спосабам, якога не прадбачылі.

Калі дэмакратыя зусім ап'янела ад пачуцьця грандыёзнай перамогі над шматгадовым таталітарызмам, гэтыя на авансцэну палітыкі выпусьцілі Бульдозэр — раней нікому не вядомага правінцыйнага палітыка, за якім у цяньку стаялі іншыя, вядомыя і дужа разумныя. Задума была ў тым, каб Бульдозэрам расчысьціць шлях да ўлады і прыхапіць яе для сябе. Але Бульдозэр аказаўся хітрэйшым за ягоных апекуноў і, зь нечуваным цынізмам захапіўшы ўладу, не схацеў ні з кім ёю дзяліцца, падгроб усю пад сябе. Сьпярша разагнаў парлямэнт, пасьля па адным перасаджаў у турму нядаўніх хаўрусьнікаў; вядомага крымінальнага аўтарытэта прызначыў кіраваць уласнай бясьпекай. Тым ён зьбянтэжыў лідэраў палітычных партыяў, якія напачатку нібы праглынулі языкі, ня ведаючы, як паставіцца да таго. А як адумаліся, стала позна: іхныя партыі былі аб'яўленыя падрыўнымі і распушчаныя. За тры месяцы Цынічнай дыктатуры ад нядаўняй дэмакратыі не засталося і сьледу. Парлямэнцкая апазыцыя апынулася на каменнай высьпе ў моры, мітусьлівых студэнтаў з унівэрсытэту перасялілі за калючы дрот на гарадзкім стадыёне, унівэрсытэцкія будынкі занялі пад паліцэйскія казармы. Прафэсары па адным паўцякалі за горы — на эміграцыю, а тыя, што засталіся, шчыльней зачынілі аканіцы і не паказваліся на вуліцу. Народ стаіўся, сьцішыўся, змоўк у паняверцы, падобна было — зноў засынае, каб не прачнуцца стагодзьдзе.

Чалавек ня меў выразнага намеру каго-небудзь будзіць, тым болей — народ, разумеў, тое было яму не па сіле. Але ягоная неспатольная душа прагнула пратэсту супраць гістарычнай недарэчнасьці, якую ён бачыў у гэтым брутальным перавароце Зялёнай дэмакратыі на Цынічную дыктатуру. Прагу пратэсту ён ня мог задушыць у сабе, яна стала мацней за яго і вымагала ўчынку. Асабліва пасьля таго, як за горы даляцелі чуткі, што некаторыя зь ягоных сяброў перабеглі на службу дыктатуры; іншыя на эміграцыі павініліся і пачалі прасіць дазволу вярнуцца. Ён жа вярнуўся тайком, без дазволу.

На досьвітку пачаў неспакойна тупаць нагамі, а затым парывіста зароў восьлік. Тое затрывожыла чалавека, усё ж ён хацеў тут застацца незаўважаным. Але й пайсьці адсюль пакуль не выпадала: было зарана, адзінокі мінак на вуліцы тым болей прыцягваў да сябе ўвагу. Чалавек адышоўся ад варотцаў да арбы з прывязаным да яе восьлікам, ласкава паляпаў яго па шыі. Восьлік даверліва памкнуўся да яго, пацёрся аб яго сьцягном. Бедны восьлік, ён таксама пакутаваў на адзіноце, чакаючы ад чалавека ласкі і разуменьня. Але чалавек нічога ня меў яму даць і ня ведаў, як памагчы. Можа, варта было б яго адвязаць ад арбы ды пусьціць — хай корміцца самахоць. Асабліва, калі гаспадар зьнік надоўга. А мо назусім? Людзі цяпер прападалі ў любы час і дзе хочаш — уначы, з свайго ложку, на кірмашы, у аблавах, на вуліцах і тракцірах. Наляталі гарылы, шчоўкалі на руках кайданкі, і чалавек зьнікаў. Ні суда, ні адваката…

Стоячы ля восьліка, чалавек пазіраў, аднак, на завулак, што ад падворку зьбягаў уніз да шырэйшае вуліцы — ці ня зьявіцца там хто-небудзь. Яму патрэбныя былі людзі на вуліцы, сярод якіх неўпрыкмет мог бы зашыцца і ён. Ужо няблага разьвіднела, а ў завулку было пуста і ціха. Поўня ня зьнікла зь неба, хоць яе бляск стаў не такі зіхоткі, як ноччу, срэбная яе манэта паволі закочвалася за хрыбціну недалёкай гары. Чалавек чакаў, што, можа, зьявіцца гэты ягоны недалэга-вадавоз ды дасьць рады бедалазе жывёліне. Ды ішоў час, а гаспадар не вярнуўся.

Яшчэ празь якіх паўгадзіны зусім стала відна. Здалёку і зблізку пачаў падаваць свае гукі горад: пошум аўтамабіляў у напрамку цэнтру, жаночыя галасы зблізку; у ранішнім паветры над прыгарадам пранеслася імклівая чародка галубоў. Ад недалёкага манастыра пад гарой прагучэлі знаёмыя зь дзяцінства глухаватыя гукі звона — да раньняй імшы. Тыя гукі як бы абудзілі чалавека ад ягоных начных клопатаў — здаецца, ягоны час наставаў. На разьвітаньне з восьлікам ён коратка палашчыў яго даверлівую шыю і засьцярожліва ўзьняў на плячо невялікі хатулёк, да якога адразу пацягнуў сваю пысу восьлік. Панюхаў і незадаволена фыркнуў — не спадабалася. Пах бэнзыну не падабаўся і чалавеку, але цяпер было не да пахаў. Літровая бутля з бэнзынам была ягонай найбольшай каштоўнасьцю, даражэйшай за жыцьцё.

На гэтым ускраінным завулку не было ходнікаў, адно — пыльны крываваты прамежак сярод старых каменных сьцен і будынін. Чалавек ішоў пасярэдзіне, як тут хадзілі ўсе. На рагу з шырэйшаю вуліцай трапіўся кудлаты вулічны сабака, які моўчкі збочыў з чалавечага шляху і са спазьнелым зьдзіўленьнем зьнізу ўгору паўзіраўся ў сустрэчнага чалавека. На шырэйшай, але таксама мала прывабнай вуліцы чалавек пачаў спатыкаць мінакоў — высокая худая жанчына ў чорным несла на плячы кошык з агароднаю зелянінай — на рынак. Жанчына коратка зірнула на яго, незнаёмага тут чалавека з зарослым тварам і даўгімі валасамі, у дужа разношаным, з чужога пляча, цёмным швэдры. На ягоных стаптаных сандалях ляжаў даўно ня кратаны пласт пылу шматлікіх дарог. Але такія цяпер тут спатыкаліся на кожнай вуліцы і не прыцягвалі вялікай увагі. Ён зважліва ўступіў дарогу арбе, што цягнулі за сабой два змакрэлыя ад поту мулы. Мужчыну са скрыпучай двуколкай, накладзенай кукурузнымі пачаткамі, прапушчаць ня стаў і нейкі час ішоў поруч. Мужчына-нэгар туга ўпіраўся ў зямлю босымі нагамі і ўпарта сунуў перад сабой несамавіты агародны набытак. Усё — на рынак. У гэты ранішні час людзі сьпяшаліся прадаць, як даражэй, свой бядняцкі тавар, вырашчаны на бядняцкіх прысядзібных лапіках, адарваны ад сям'і, ад уласных дзяцей. Кожнаму найперш трэба былі грошы — на жыцьцё, на хлеб і падаткі. Бяздонная дыктатарская казна бясконца патрабавала грошай — для войска, вялізнае зграі паліцыі, безьлічы дыктатарскіх спэцслужбаў. У краіне, бы на дражджах, расьлі цэны на хлеб, а разам і памеры падаткаў ды розных плацяжоў, і канца іх росту не было відаць. Тыя, што беглі на рынак з пустымі сумкамі й кошыкамі, кожнага ранку жахаліся ад новых, большых за ўчарашнія цэнаў. Жаночыя твары скрозь несьлі на сабе скруху нязбыўнага клопату — як за меншыя грошы купіць болей, каб накарміць мужоў і дзяцей. То была невырашальная задача, не па зубах ніякаму матэматыку. Ды й ніякай, самай дасканалай кампутарызаванай навуцы. Бедны, няшчасны народ, што трапіў у такую сьмярдзючую яму, зь якой не відно было выйсьця.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win