Шрифт:
— Аднак аташчалі мы, чорт пабяры, — сказаў Блатняк. — У мяне ўжо кішкі да хрыбта прысохлі ад голаду.
— Хаця б далі вады, — паскардзіўся Стары. — Без вады арганізму ніяк: абязводжваньне тканак.
— Цікава, а колькі можна бязь ежы? — запытаўся Блатняк.
— Бязь ежы пацягнем, — адказаў Эсэр, як самы ў тым дасьведчаны. — Можна тыдзень і два. А без вады кранты.
Пакуль што паручнік не адчуваў ні смагі, ні асаблівага голаду, усё ж учора ён піў на станцыі гарбату, і цяпер напружана думаў, як лепей учыніць гэтыя ўцёкі. Роля першага, пачынальніка, несла як пэўную небясьпеку, так давала і пэўныя перавагі; ад ягонага спрыту і ўмельства залежала ўсё астатняе. Калі ён адолее канваіра ды завалодае зброяй, дык, можа, яны й вырвуцца.
Ён намагаўся слухаць, каб адразу злавіць які важны гук з калідора, і баяўся заснуць. Дрымота, між тым, агортвала яго ўсё болей, і тады ён, страпянуўшыся, ціха гукаў іншым: «Ня спаць». Яны не маглі дазволіць сабе заснуць, кожную хвіліну трэба было быць гатовымі кінуцца ў дзьверы, як толькі тыя расчыняцца. Як за кім прыйдуць ці каго прывядуць. У кутку ля дзьвярэй паручнік выбраў сабе найбольш зручную позу.
Аднак мінаў час, а дзьверы камэры заставаліся нязрушныя, бы замураваныя. З таго боку, здаецца, ніхто каля іх і не пратупаў ні разу. Спакваля зноў усталявалася трывожная начная ціша. Дужа цягнула на сон, і трэба было немалое намаганьне, каб адолець дрымоту. Паручніку, мабыць, не заўжды тое ўдавалася, і тады ў яго паўсоннай сьвядомасьці пачыналі мільгаць нейкія абліччы, нібы чуліся фразы, урыўкі падзеяў зь яго нядаўняга франтавога мінулага, даўнейшай службы і нават штосьці зь дзяцінства… Чамусь зьявілася перад зрокам разьбітая фура на гразкай вуліцы галіцыйскага мястэчка, забіты конь з разьдзьмутым, як бочка, брухам, і — бяз пэўнай з папярэднімі падзеямі сувязі — маці. Старая, заплаканая, з маўкліваю тугой у вачах, — мусіць, такая, якой ён бачыў яе апошні раз, ад'яжджаючы на фронт у пятнаццатым. «Застанецца адна», — падумаў паручнік, і гэтая недарэчная думка аж скаланула яго сваёй нечаканасьцю, адразу прагнаўшы сон. Маці ўжо страціла амаль усіх — дзяцей, мужа, пляменьнікаў, брата. Хто памёр, не стрываўшы такога жыцьця, хто прапаў на вайне ці апынуўся на захадзе, як сястра Тацяна, што з мужам-дыпляматам выехала ў Фінляндыю. Адзін іхны брат не вярнуўся з палону, другі быў забіты ў першых баях ва Ўсходняй Прусіі. Ён застаўся апошні і, мусіць, з такой няўрымсьлівасьцю памкнуўся да маці, нібы адчуўшы яе далёкі жальлівы покліч з паўзабытай ім Полаччыны. Ледзьве ня ўсе свае маладыя гады, гады вайсковае службы і пасьля ён таптаў чужую зямлю, жыў сярод чужой прыроды, у незнаёмых раней гарадах, сярод чужых, іншамоўных людзей. Да іх прывыкаў, звычаіўся зь іхным бытам, мала і рэдка ўспамінаючы, адкуль ён і дзе ягоныя вытокі жыцьця. Можа б, жыў так і далей, калі б не вайна, ня гэтая рэвалюцыя, калі ўсё ранейшае паляцела ў тартарары. За кароткі час ён ня толькі страціў чын, пасаду, сякія-такія набыткі, але й звыклыя маральныя апірышчы, калі ўвачавідкі мяняліся вакол людзі і ягоныя да іх адносіны. I тады неўпрыцям і настойліва паўставалі ў памяці вобразы іншага, ранейшага, паўзабытага ім жыцьця. Здавалася, людзі ў тым жыцьці былі зусім не такія, як гэтыя, — нязьменныя, з дабрынёй і Богам у душы, прыязнай прыветнасьцю на тварах, якімі ён памятаў іх зь дзяцінства. Бадай, у роспачным адчаі, як да паратунку, ён памкнуўся да іх, да роднае стараны, дзе мінула яго дзяцінства, застаўся вялікі драўляны дом з адкрытай вэрандай пад стромкімі вязамі з бусьлянкай, у якой кожнае лета ладзілі сваё жытло пара буслоў, ляскалі доўгімі дзюбамі — выводзілі бусьлянят. Пад імі ўнізе туліўся нешырокі ўтульны падворак малазаможнай шляхецкай сядзібы з квяцістаю клюмбай перад шырокімі прыступкамі ганка. Побач мясьціліся старасьвецкія драўляныя службы зь летняю кухняй, клецямі, стайняй, у таямнічым паўзмроку якой бразгалі цуглямі два буланыя стаеньнікі; на аднаго зь іх, рахманага Сярка, некалі падсаджвалі белагаловага хлопчыка ў белай матросцы, і сэрца яго замірала ад страху і адвагі. Аднойчы ён упаў зь Сярка, дужа папэцкаў матроску, і яны дамовіліся з хурманам Дзянісам утаіць тое ад маці, схлусіць, што ён упаў у лужыну ля падворку. Назаўтра маці загадала Дзянісу засыпаць лужыну. Дзіва, што застаецца ў душы на сконе жыцьця… Зь незабыўных уражаньняў раньняга дзяцінства ўзнавілася ў памяці іх даўняя паездка ў недалёкі Полацак да мошчаў сьвятой Еўфрасіньні, — як яны ранічкай ехалі туды ў ландо з бацькам і маці, мінаючы азёры і прыазёрныя вёскі, і ўрэшце, як скончыўся лес, на даляглядзе па-над далёкімі прысадамі засьвяціліся стромкія купалы Сафійкі, ярка асьветленыя летнім ранішнім сонцам. Ці пабачыць ён калі іх — тыя сьвятыя купалы, што доўгія гады стаялі ў змроку ягонай памяці — сярод страшнай калатнечы, гразі, крыві, бязладзьдзя вайны? Так недалёка засталося да іх, і так трудна іх дасягнуць.
Мабыць, ён усё ж задрамаў трохі, на якіх пару хвілін, і аж скалануўся ад нечаканага крыку, што раздаўся па той бок дзьвярэй.
— Па-ад'ём! Падгатовіцца — прыём пішчы!
У камэры разам спалохана заварушыліся, падскочыў і сеў побач Блатняк, за ім санлява падняўся з долу Эсэр. У сьцяне насупраць ужо цьмяна азначалася невялічкае закратаванае акенца, сталі відаць плечы, галовы, шэрыя твары арыштантаў, і паручнік упершыню азірнуў людзей, зь якімі прабыў ноч. Крык у калідоры, які цяпер чуўся далей, чымсьці яго бянтэжыў, можа, тым, што на дварэ пэўна віднела, і ён сьцяміў, што з уцёкамі прыпазьніліся. Зноў жа ён ня ўбачыў на белабрысым, надта прышчавым твары памагатага Блатняка патрэбнай рашучасьці — там выразна мільганула зьбянтэжанасьць, што ўвачавідкі зьмянілася бадай што дзіцячай радасьцю, і Блатняк закрычаў:
— Чуеце? Не, вы чуеце? Жраць дадуць, далібог!
Эсэр, бачна было, з прагнаю ўвагай імкнуўся злавіць гукі з калідора, і яго запалыя, аброслыя блытанай шчэцьцю шчокі ды разяўлены ад увагі рот з выбітымі наперадзе зубамі выдавалі слабасільнага, нават змардаванага чалавека. Крыху далей у рэдзенькім сяйве сьвятла з акенца блішчэла лысая галава старога вучыцеля з зусім белым пушком — рэштаю валасоў над вушамі. Недзе ў густым ценю пад акенцам туліўся нябачны ад парога Маўчун. Здаецца, паведамленьне пра харч зьбівала іх з тропу, блытала намер; паручнік бачыў, як напружыліся іхныя твары — менавіта ад навіны пра харч. За дзьвярыма побач дужа бразнуў замок, і паручнік ускочыў на ногі. Ён чакаў, што дзьверы расчыняцца, а тыя толькі прачыніліся трохі, і цераз парог цяжкавата грукнула старое закапцелае вядзерца. У камэру шыбануў знаёмы з салдатчыны пах гарачай кашы-пярлоўкі.
— Трымайце на пяцёх…
— Вы бачылі? — зь ненатуральнай радасьцю закрычаў побач Блатняк. — Нас кормяць!..
I не пасьпеў яшчэ паручнік штосьці падумаць, як Блатняк, спрытна шмыгануўся пад яго нагамі, ухапіў ад парога вядзерца і пачаў уладкоўваць яго сярод камэры. З таго боку да яго ўжо сунуўся змардаваны Эсэр, запаволена, бы нерашуча, мясьціўся стары вучыцель. За імі падняўся з свайго месца і Маўчун. Нібы апляваны, паручнік няўцямна стаяў пры дзьвярах. Здаецца, увесь яго выпакутаваны плян вылятаў насмарку, увагай гэтых людзей бяз рэшты завалодала ежа.
— А як жа — бяз лыжак? — запытаўся Эсэр.
— А ручкамі, ручкамі, пан сацыяліст. Во так! — па-блазенску выпінаўся Блатняк, тут жа зачэрпаўшы жменяй ня дужа густую кашу, пачаў вылізваць яе з далоні. За ім болей рашуча папнуліся да вядзерца і Стары з Эсэрам.
— Ну, а вы што? Ахвіцэр! Запрашаць трэба?
Стоячы на каленях, каля вядра, Блатняк на момант павярнуўся да паручніка, але той не скрануўся зь месца. Неяк ураз аслабелы, нібы пасьля цяжкай працы, паручнік ціха апусьціўся ў сваім кутку на шынэлак. Ён быў ашаломлены і спустошаны дарэшты. Варта было пакутаваць, перажываць, спадзявацца на Бога, аддаючы яму права распарадзіцца сваім лёсам. Аказалася, тым лёсам з большым посьпехам распарадзіўся прышчавы Блатняк. Ці гэтае праклятае паўвядра пярлоўкі.
Маўкліва і хутка яны ўтрох апаражнілі вядзерца і з асалодаю сытых адваліліся да сьцяны. Падобна, пад'елі і паспакайнелі. Прынамсі, ранейшая трывога і напружаньне дарэшты пазьнікалі зь іхных галасоў і твараў, саступаючы месца санлівай ціхманасьці. Яны задаволіліся. Паручніку вельмі карцела вылаяцца ад злосьці, і ён ледзьве стрымліваўся, трошкі цешачы сябе думкай, што, можа, яшчэ ня ўсё страчана. Мабыць жа, яшчэ прыйдуць па тое вядро і расчыняць дзьверы. Ды тое, што ён неўзабаве ўчуў, прымусіла яго зьнерухомець у зьдзіўленьні. Зьвяртаючыся да Блатняка, Эсэр сказаў:
— Ну, а ты палохаў: Гунькін роў, Гунькін роў. Аднак жа накармілі!
— Знача, перадумалі, — сыта пярэчыў Блатняк, выцягнуўшы ў доле ногі. — Мабыць, яшчэ пачакаюць страляць.
— А можа, яны й ня думалі нас страляць. Бальшавікі ж таксама розныя. Па тваёй жа тэорыі?
— Ну, а ты, вучыцель, што думаеш? — Блатняк павярнуў прышчавы твар да сьвятла з акенца. Сюды-туды паводзячы лысаю галавой, стары вучыцель зручней уладкоўваўся на падлозе і маўчаў.
— А я вам скажу, — раздумна зашамкаў Эсэр. — Ну і дурні ж мы былі ўначы: што ўдумалі. Тут хіба ўцячэш?