Шрифт:
Забыўшыся на свой шынэлак у куце, ён выйшаў у калідор і спыніўся. Ззаду, мядзьведзявата ступаючы босымі нагамі, няўклюдна вылазіў з камэры забойца Маўчун, і ў паручніка мільганула думка: «Трэба аддаць боты». Але ў той жа час яго штурханулі па калідоры, і ён нетаропка пайшоў наперадзе чэкістаў. Ззаду, з камэры, чуўся роспачны голас старога вучыцеля:
— Людзі, што ж гэта робіце, людзі!..
Стары і яшчэ нешта голасна гаманіў там, але паручнік ужо ня слухаў. Ён зь нясьцерпнаю горыччу думаў: трэба ж так памыліцца ў жыцьці! Вядома, ня першы раз. Ды, мабыць, апошні. Толькі гэта і суцяшала яго перад непазьбежным канцом.
Народныя мсьцiўцы
З поля да вёскі можна было ісьці па сьцежцы, уздоўж прасьцягу кукурузы, каб затым на аселіцы завярнуць да хаты. Але той шлях цяпер здаўся задоўгім, і Іван па мянушцы Снайпер рашуча павярнуў на палетак. Тым болей, што кукуруза тут выдалася дохлая, да калена даўгалыгаму Івану, як, зрэшты, і ўсюды ў іхным калгасе. Апроч хіба шнурка пад борам, уздоўж бальшака ў раён. Але пра той шнурок дужа дбалі і страшыня і брыгадзіры, — то быў шнур напаказ для начальства, якое зь вясны сноўдала па раёне з найбольшым цяперашнім клопатам — пра кукурузу. Ні пра жыта, ні пра ярыну, ні пра бульбу так ня дбалі, як пра гэтую кукурузу, якая, аднак, упарта не хацела радзіць на тутэйшых клятых падзолах.
Пра кукурузу дбалі, але скаціну кармілі ўсё ж сенам, хоць назапасіць яго на зіму было няпроста. Найперш не было дзе, усё паўзворвалі на пасевы, засталіся хіба што балацявіны ды хмызьнякі. Зранку Снайпер-Іван касіў сваю пайку ў кустах між пнёў і алешніку, ды між пнёў ня шмат што накосіш, хіба на пару-другую рэзгінаў, і ўсё. Адно што — намахаесься касой да болю ў плячах. А тут, як на ліха, скончылася курава, і Снайпер-Іван ледзьве датрываў да вечара. Як сонца пахілілася да лесу, плюнуў на тую нехуцавую пайку і з касой на плячы рушыў дадому. Памятаў, недзе ў кухвайцы павінны застацца распачаты пачак ягонай «Прымы».
Шоргаючы гумавікамі ў нізкарослым зарасьніку кукурузы, ён кіраваў цераз палетак наўкось і думаў, што кукуруза наўрад ці акрыяе да восені, каб хоць было што скасіць на сілас. Зрэшты, на гэтым падзоле ня надта расло і ў ранейшыя, дакалгасныя гады. Снайпер-Іван памятаў, як колісь бурчэў бацька, возячы сюды гной па вясьне: колькі яго ні вазі, ураджаю ня будзе. Такая зямля. Непадалёк за кукурузным палеткам быў іхны надзел, на якім падлетак Іван упершыню сьціснуў у даланях высьлізганыя ручкі плуга і правёў свой першы загон. Увогуле скупы на пахвалы бацька тады шчыра пахваліў сына, сказаў: будзе гаспадар, ёсьць на каго пакінуць зямлю. Аж гаспадара з Івана ня выйшла, выйшаў снайпер, а зямля засталася нікому не патрэбнай, зрэшты, таксама, як і яе былы гаспадар. Бацьку ўзялі раньняй вясной, а старэйшаму ў сям'і Івану найперш стала патрэбнай не скалектывізаваная зямля, а дровы, каб маці магла зварыць бульбу для траіх згаладнелых братоў і сястры, якія зранку сядзелі на астылай печы. I ён зь сякерай за дзягай ішоў у кустоўе, сек алешыны і па сьнезе цягаў іх на дрывотню, каб насеч дроваў і напаліць у хаце. Пра бацьку наогул стараўся не ўспамінаць, аж пакуль яго не паклікалі ў раён і не ўручылі паперку пра рэабілітацыю «за адсутнасьцю складу злачынства». Яшчэ праз год у райфо ён атрымаў 650 рублёў — за сьмерць бацькі, якая, як было напісана ў паперцы, наступіла ў сорак другім годзе «ад язвы страўніка». За тыя грошы Снайпер-Іван купіў новую кухвайку і бутэльку «маскоўскай». На абмыўку бацькавай памяці.
З аселіцы ён пералез цераз жардзіну ў плоце і апынуўся на сваім агародзе. Перш чым выправіцца па баразьне далей, звыкла павёў адным вокам да хляўка — ці няма дзе курэй. Другога вока ня меў, замест выбітага асколкам пасьля вайны ў шпіталі ўставілі шкляное. Але шкляное Снайпер-Іван не падабаў і ўстаўляў яго хіба як куды ехаў — ў раён ці да доктара на інвалідзкую камісію, куды спраўна выклікалі штогод. Каля дому абыходзіўся сваім апошнім, да якога прызвычаіўся за гады і бачыў навокал ня горш за двухвокіх. Хоць бы і цяпер — лёгка прыкмеціў жонку Стасю, якая, сагнуўшыся, стаяла ў бурачніку. Угледзеўшы яго, выпрасталася, хвіліну паўзіралася, пакуль ён падышоў бліжай. Мусіць, дзівілася, чаму ён так рана, калі ўсе іншыя мужыкі яшчэ шчыравалі на пайках.
— Што, ці скасіў?
— А нягож табе пакінуў?
— Усё?
— А што там касіць? Ацяробкі…
Жонка змоўчала, мабыць, ня надта яму верачы. Але ён ня стаў яе пераконваць, моўчкі павесіў касу на вугал і пайшоў у сенцы, дзе на шуле вісела новая яго кухвайка. Ён паляпаў па кішэнях, але там было пуста, і тады ён успомніў, што два дні таму той пачак яны дакурылі ў Воўчым лагу, як выпівалі зь Ляплеўскім. З нагоды… Снайпер-Іван ужо ня памятаў, зь якой нагоды была тая п'янка, бо п'янак розных зь вясны здаралася ў іх нямала. Але ён памятаў, што, проч Ляплеўскага, там быў яшчэ малодшы Цыпрукоў зяць, міліцыянт з раёну, а пасьля набрыў абавязковы ў такой справе Дубчык. Добра пагудзелі тады, ледзьве дабрылі да аселіцы, як ужо прыгналі з пашы кароў.
Ад няўдачы з куравам злосна стала на душы ў Снайпера-Івана, а тут яшчэ пачала церціся аб ягоныя гумавікі маладая кошачка, нешта замяўкала, і Іван са злосьці паддаў ёй у бок: хай не вярэдзіць душу чалавеку, у якога няма чаго закурыць. На падворку прыслухаўся: празь дзьве хаты адсюль чуваць быў мерны жалезны стукат — гэта цягавіты Саўчанка адбіваў на бабцы касу, рыхтаваўся да заўтрашняй касьбы. Але заўтра мелася быць нядзеля, і ўжо ён, Снайпер-Іван, заўтра касіць ня пойдзе. Хіба — з паўдня, паверне тыя ацяробкі, каб лепш падсыхалі ў кустах. Саўчанка ж, ведама, будзе шчыраваць і заўтра, як і кожнага дня, гэта такі ўжо чалавек. Што значыць, зь сям'і падкулачнікаў. Ужо ў яго напэўна будзе што закурыць, падумаў Снайпер-Іван і саступіў зь нізкіх прыступкаў ганку. За парканам на агародзе зноў выпрасталася ягоная дзябёлая жонка.
— Гэта чуеш, да Касатага Вусаў прыехаў, — лагаднейшым, чым раней, голасам паведаміла яна.
— Вусаў?
— Ну, Вусаў. Той самы!
— Да Касатага?
— А нягож…
Во гэта навіна, — падумаў Снайпер-Іван. Старэйшыя дзеравенцы гэтага Вусава памяталі ўсе гады да вайны й пасьля, але пасьля ніхто нідзе ня чуў і ня бачыў яго. Спакваля пачалі на яго забывацца, думалі: прапаў за вайну, як тады прападала нямала каго. Меркавалі, што туды яму і дарога. Ніхто ніколі не памянуў яго добрым словам, так ён насаліў тут за тыя некалькі гадоў, што ажыцьцяўляў клясавую барацьбу і рэпрэсіі ў іхным Богам праклятым раёне. А ён, глядзі ты, — аказваецца, жывы, здаровы, і нават прыехаў да свайго сябрука — сувязнога Касатага. Але да каго ж яшчэ мог ён наведацца?..