Шрифт:
— Так. Забела!
— Я! — з гатоўнасьцю адгукнуўся Ігар і, не раздумваючы, лёгка скочыў уніз. — Я зараз. Тут толькі трэба паправіць, — пачулася зь ямы.
Яны не глядзелі, што ён там папраўляе. Міжволі мярцьвеючы ў страхавітым напружаньні, яны чакалі стрэлу. У барабане нагана яшчэ заставалася тры патроны. Але ж тут іх стаяла чацьвёра… Гэтае адкрыцьцё сьпярша зьбянтэжыла камандзіра, а затым раптам узрадавала. Здаецца, яно давала нейкае выйсьце ў няпростай сытуацыі, пра якую ён цяпер напружана думаў.
Калі, як заўжды, боязна вычакаўшы стрэлу, яны азірнуліся, дык Казак адчуў, што настала яго чарга. Без напамінку або загаду ён разам са стрэльбай лёгка шаснуў у яму, дзе праз кароткі час трэснуў рэвальвэрны стрэл. На край ямы ступіў амаль зьмярцьвелы Валодзька.
— Сулашчык! — гукнуў да яго камандзір. — Пастой…
Валодзька спыніўся, ледзьве ўтрымаўшыся на беражку ямы. Ён нават не зірнуў туды, штосьці новае адчуўшы ў голасе камандзіра.
— Табе, Сулашчык, заданьне: закапаць, зараўняць. Каб сьледу не асталося. I — жыві!
— Я?
— Ты, а хто ж. Жыві. За нас, за бацьку. Дай я цябе абдыму.
Няспрытна, адною рукой камандзір нямоцна абняў Валодзьку. Трохі памарудзіў і таксама, густа абрушваючы жвір зь берагоў, зваліўся ў яму. Валодзька застаўся стаяць — прыгаломшаны, разгублены, працяты адным пытаньнем: як гэта — жыві? Адзін? За ўсіх? Але як яму жыць бязь іх? Ці магчыма гэта наогул? Тое было незразумела, і ён стаяў, агалошаны, аднак, раптоўнай надзеяй, што будзе жыць. Яна, тая надзея, заглушыла ўсе ранейшыя памкненьні, разбудзіла новыя пачуцьці. У душу лінула сьвятло, і ён ажно скалануўся ад неспадзеўкі, калі зь ямы пачуўся апошні стрэл. Гэта быў стрэл камандзіра. Валодзька заставаўся жыць.
Пасьля ён закопваў яму-магілу і плакаў. Ужо можна было ня стрымліваць сьлёз, саромецца тут не было каго. У яму ён не зірнуў ні разу, ён гроб і гроб рыдлёўкаю рыхлы жвір зь берагоў і думаў, што здатная будзе магіла, сухая, калі б такая дасталася бацьку. Крыўдна было да сьлёз, але бацьку ён закапаў на прырэчнай балацявіне, у тарфяніку. Выкапаць глыбока там не было як, падступала балотная вада, дый часу надарылася якая гадзіна. Такі вось лёс чалавека, якога Валодзька любіў усё жыцьцё, жыць зь якім усё жыцьцё марыў. Ды жыць не давялося. Здаецца, болей за ўсё бацька любіў Беларусь, і за гэтую сваю любоў дзевяць гадоў прагібеў на нарымскай катарзе, нажыў там сухоты. За той час бязбацькавічам падрос у Клецку Валодзька. Доўгія гады марыў, як дачакаецца і сустрэне з катаргі свайго сацыяліста-бацьку, як яны затым будуць заўсёды разам. I праўда, дачакаўся. Ды разам давялося пабыць нямнога, бацьку зноў паклікала Беларусь. Ідучы на фармаваньне палка, той нізашто не схацеў браць з сабой пятнаццацігадовага сына, казаў: рана, хай чакае яго зь перамогай пад бел-чырвона-белым штандарам. Валодзька і праўда застаўся дома, у іх слуцкім дамку, дзе яны другі год кватаравалі ў пані Хаванскай. Ды дома Валодзька доўга ня ўседзеў, асабліва калі дазнаўся, што ягоны катаржнік-бацька стаў камандзірам роты, у якую набірае шарагоўцаў. Маці яго тры гады таму як памерла, дома гаспадарыла старэйшая Валодзькава сястра Саша, якая сама рвалася ў войска, дзе апынуўся яе падпаручнік муж, але ў яе была маленькая дачушка Леначка, і Валодзька наважыўся. Аднойчы ў марозьлівы восеньскі адвячорак ён нечакана паявіўся ў Грозаве, адшукаў у штабной хаце бацьку, і ў таго ўжо не хапіла рашучасьці прагнаць яго з батальёна. Над Мораччу зазімкам яны прыкрывалі з групай адыход батальёна, і бацька, перабягаючы, атрымаў тры кулі ў грудзі. Доўга, марудна канаў на руках у счарнелага ад гора сына. Валодзька ледзьве пасьпеў закапаць яго ў балацявіне, калі ўжо бальшавіцкія ланцугі шарылі ў прырэчным кустоўі — шукалі параненых.
Капаў Валодзька нядоўга, з усяе сілы гроб і гроб жвір, раўняў, раскідваў яго ў бакі, каб меней было прыкметна, што тут нехта поркаўся. Стаміўся страшэнна, але спакваля пачаў спакайнець. Перад тым усё баяўся ня справіцца, не пасьпець скончыць сваю сумную справу. Усё азіраўся, баючыся, што між хвояў паявяцца тыя. Але, здаецца, пасьпеў. Уся зброя — наган і вінтоўкі — засталіся ў яме, у яго была толькі рыдлёўка, якую трэба было закінуць куды далей. Каб не знайшлі.
Мабыць, ужо надвячоркам з той рыдлёўкай у руцэ ён і пабрыў па лесе. За ім, пералятаючы з дрэва на дрэва, сакатала і сакатала, бы гналася, зграя сарок, і ён ня ведаў, як ад іх адчапіцца.
Ён ішоў і ішоў, сам ня ведаючы, куды — абы прэч з гэтых жудасных Чорных лядаў…
Перад канцом
У нейкай даўгой, аднапавярховай, купецкага выгляду будыніне з паўкруглымі прыступкамі на ганку, дзе разьмяшчалася ЧК, паручніка Глушкевіча добра абшманалі, адабралі дакумэнты, дзягу, гадзіньнік, туалетныя прычындалы ў рэчмяшку зь небагатым запасам пайковага харчу, зрэзалі з шыняля гузікі і хлясьцік і змусілі зьдзець боты. Боты ён сьпярша пашкадаваў нават, апынуўшыся басанож на бруднай, сьцюдзёнай, запляванай падлозе, але тут жа сьцяміў, што, мабыць, цяпер не да ботаў. Ці ня прыйдзецца хутка пашкадаваць галавы. Праўда, здаецца, пакуль што павялі не расстрэльваць, а кудысь у склеп з даўгім калідорам, дзе было цёмна, і толькі недзе ў канцы падзямельля цьмяна сьвяціў закапцелы ліхтар. Нязвыкла ступаючы босымі нагамі па зямельнай падлозе, ён ішоў наперадзе канваіра з настаўленым у сьпіну джалам штыха. Паручнік быў прыгаломшаны і раззлаваны найперш на сябе самога: ну, да якога д'ябла было яму класьці ў рэчмяшок той браўнінг? Яшчэ, памятае, зьбіраючыся ў гэтую дарогу, пакруціў яго ў руках, шчоўкнуўшы стопарам, выняў магазін, праз круглыя дзірачкі якога выглядвалі жоўтыя бачкі патронаў, і загарнуў у вафэльны ручнік. Усё ўладкаваў на самым сподзе рэчмяшка — пад бялізнай, падумаўшы: можа, спатрэбіцца. А можа, пашкадаваў кідаць здатную вайсковую рэч, якая дасталася яму ад забітага аўстрыйскага ўлана, што тады ўніз галавой ляжаў на размоклым ад восеньскіх дажджоў бруствэры. З новенькай жоўтай кабуры забітага ён выняў гэты браўнінг і сунуў сабе ў кішэню. Полк атакаваў аўстрыякаў, паручнік бег за ротай, ня ведаў, ці доўга так будзе бегчы, пад апантаным агнём, а браўнінг узяў — так, без асаблівае мэты, каб не прападала дабро. Ды во гэтыя ўгледзелі.
I як угледзелі — тое было трохі дзіўна: як сярод стракатага вакзальнага люду выбралі менавіта яго? Пагоны ён спароў яшчэ ўзімку пасьля аднаго мітынгу, нядаўна памяняў афіцэрскую фуражку на аўчыную салдацкую папаху. Праўда, гузікі на шынялі выдавалі яе афіцэрскае паходжаньне, але ў такіх шынялях цяпер хадзілі, хто хочаш: і былыя афіцэры, і шарагоўцы, і нават цывільныя. Можа, дарма перад тым пагаліўся ў вакзальнай прыбіральні і выглядаў ня надта зьверавата, нават даволі прыстойна па цяперашнім часе. Ён ціха сядзеў сабе на дубовай лаве — сярод тлуму, гаманы і куродыму прасторнай вакзальнай залі, чакаў свайго цягніка, які павінны быў прыйсьці позна ўначы, і яму неяк трэба было забавіць гадзіны чатыры часу. I тут яны падышлі. Ён убачыў іх яшчэ здаля, гэтых патрульных у расхрыстаных шынялях з чырвонымі шкуматамі на рукавах — яны трэсьлі нейкую крыклівую кабеціну каля ўваходу, і ён падумаў тады: можа, выйсьці куды — у прыбіральню ці на пэрон? Але ягоны выхад у такі момант падобны быў на ўцёкі, і ён застаўся там, дзе сядзеў, нават прыплюшчыў вочы — бы дрэмле. Ды марна. Яны таксама згледзелі яго ці не ад парога, паволі, ленай хадой між клумкаў і валізаў падышлі менавіта да яго, і чарнавусы патрульны з вырачанымі вачыма тузануў яго за рукаво: «Эй, грамадзянін, дакумэнты!» Ён знарок замаруджана, бы са сну, расшпіліў шынэлак, дастаў з гімнасьцёркі вайсковы білет, вядома ж, чужы, на імя старшага унтэр-афіцэра Сяркова, які, аднак, ня дужа зацікавіў патрульных, і тыя нават не разгарнулі яго. «Ахвіцэр?» — зласьліва запытаўся лупавокі. «Унтэр-афіцэр, там жа напісана», — кіўнуў на дакумэнт паручнік. «Ды ахвіцэр, па мордзе відаць», — сказаў другі, маладзейшы, з уважлівым выразам тонкага, бадай, інтэлігентнага твару. «А дзе чамайдан?» — «Які чамайдан?» — спытаў паручнік. «А то што?» — паказаў лупавокі на рэчмяшок, што ляжаў побач на лаве, і тут жа падхапіў яго. Яны ўмомант разьвязалі лямкі, лупавокі спрытна запусьціў у рэчмяшок нямытую, з жоўтымі пазногцямі руку. Яго праставаты твар раптам насьцярожыўся, вочы яшчэ больш вырачыліся, і рука спаважна выцягнула з рэчмяшка знаёмы пакунак. «Ага, аружыя! Во контра!» Учуўшы тое, паручнік зразумеў, што ягонае падарожжа прыпыненае, як бы не прыпынілася і жыцьцё.
Праўда, у ЧК яго ня білі і нават не дапытвалі, толькі запісалі ў тоўстую рэгістрацыйную кнігу і, пасьля вобыску, павялі ў склеп. Змрочны сьмярдзючы калідор у тым склепе паварочваў кудысьці ўбок, дзе іх сустрэў новы канваір зь вінтоўкай, які ціха буркнуў: «Куды гэтага?», і той, што ішоў ззаду, адказаў: «У сёмую, сказалі». «У сёмую, дык у сёмую», — адказаў сустрэчны, і яны ўтрох пайшлі ў самы канец калідора. Аднекуль чулася прыцішаная гамана людзей, паасобныя словы. Відаць па ўсім, людзей тут сядзела нямала, і ў гэты час, мусіць, яшчэ ня спалі. Ці, можа, яшчэ не дазвалялася спаць.