Сьцяна
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— О, даець, о даець немчуры праклятай! — зьзяў маладым курносым тварам аўтаматчык Казыра. Іншыя таксама, павылазіўшы наверх ці пастаўшы ў акопчыках, з захапленьнем узіраліся ў незвычайнае відовішча за полем, поўныя стрымана-страхавітай салдацкай радасьці. Адзін толькі памкамузвода Мацюхін, бы скамянелы, стаяў на каленях у неглыбокім акопчыку і, як толькі за полем абарваліся глухія выбухі, закрычаў, што было моцы:

— Ва ўкрыцьцё! Ва ўкрыцьцё, такую вашу матары! Казыра, ты што…

Ён аж ускочыў на ногі, каб вылезьці з акопчыка ды пазаганяць аўтаматчыкаў у іхныя схованкі. Ды не пасьпеў. Дзесь там, за ляском, шчоўкнуў адзіночны выбух ці стрэл, і ў небе рознагалоса завыла, заскуголіла… Ураз, адчуўшы небясьпеку, аўтаматчыкі, бы гарох па стале, сыпанулі ў свае акопчыкі. I неба закалацілася, завыла, загрукацела… Першы залп нямецкіх шасьціствольных мінамётаў лёг трохі зь пералётам, бліжэй да сяла, другі — бліжэй да пагорка, а затым усё навокал перамяшалася ў суцэльным месіве выбухаў. Адныя рваліся бліжэй, іншыя далей, увесь пагорак ператварыўся ў дымна-агняны вулкан, які ўвішна таўклі, капалі, пералапачвалі нямецкія міны. Так цягнулася доўга, здавалася, бясконца доўга. Аглушаны, засыпаны зямлёй, Мацюхін курчыўся ў сваім акопчыку, з жахам чакаючы, калі… Калі ж… Але тое «калі» ўсё не наставала, а выбухі таўклі, калацілі зямлю, якая, здаецца, трэскалася, разломвалася на ўсю глыб, гінучы сама і цягнучы за сабой пагібель на ўсё астатняе.

Але во неяк пакрысе ацішэла…

Мацюхін засьцярожліва выглянуў — сьпярша наперад у поле: ці не ідуць? Не, адтуль, здаецца, яшчэ не ішлі. Затым ён зірнуў убок, на колішні ланцужок узводу аўтаматчыкаў, і ня ўбачыў яго. Увесь пагорак зеўраў ямінамі-варонкамі, быў завалены гліністымі выварацінамі, глыжы і зямля засыпалі ўсё навакольле, трава зьнікла зусім. Непадалёк пляската распласталася доўгая постаць Казыры, які не пасьпеў дабегчы да свайго акопчыка. Галава і верхняя частка ягонага цела былі засыпаныя зямлёй, ногі таксама, толькі на абцасах не стаптаных яшчэ чаравікаў паблісквалі высьлізганыя мэталёвыя касячкі.

Як яшчэ пацішэла і ветрам пачало зганяць у бакі высока ўзьняты пыл, Мацюхін вылез з акопчыка і пайшоў па пагорку. Трэба было палічыць, што ў яго засталося ад учарашняга ўзвода аўтаматчыкаў…

Палкаводзец

Як вядома, кепская навіна ня ходзіць адна, за ёй бяжыць другая. Гэтая другая дагнала Палкаводца па дарозе ў гаспадарку Мельнікава. У таго Мельнікава не заладзілася з самага пачатку, палкі не маглі адарвацца ад дняпроўскага берагу, суседзі здорава выскачылі наперад, на правым флангу ўзялі горад, за які ўчора Палкаводца віншаваў Галоўнакамандуючы. Але толькі Палкаводзец выехаў зь сяла, як з КП па рацыі перадалі: на правым флангу няўстойка, немцы контратакавалі буйнымі сіламі, адкінулі пяхоту за рэчку. Палкаводзец паўзіраўся ў карту і загадаў паварочваць на ракадную дарогу — ехаць на правы фланг. Учуўшы новы загад, два ягоныя ад'ютанты, маладыя статныя палкоўнікі, перадалі яго сыгналамі астатнім машынам — бронетранспарцёру з аховай і крытай бартавой з трыбуналам, якія заўжды суправаджалі Палкаводца. Уся невялічкая калёна пачала таропка разварочвацца на разьбітым, цесным і гразкім прасёлку. У «вілісе» ўсе маўчалі. Маўчаў, сьцяўшы квадратныя сківіцы, Палкаводзец, маўчалі ад'ютанты, прадчуваючы, што іх чакае. Ня выключана, што Палкаводзец хутка ўскочыць у самае пекла і жалезнай рукой… У ягонай жалезнай руцэ яны ўжо мелі магчымасьць пераканацца…

Куляючыся па выбоінах, трохі разганяючыся на роўнядзі і выскокваючы на невысокія, парослыя драбналесьсем пагоркі, «віліс», транспарцёр і бартавая каціліся насустрач недалёкай баявой калатнечы, якую ўжо не магло заглушыць і натужлівае выцьцё іхных матораў, хутка стала чуваць, што бой грымеў побач, дзесь за ляском, дзе, як сьведчыла карта ў руках Палкаводца, сярод шырокага поплаву працякала крывуляка-рачулка. Хто мог падумаць, што нямецкія танкі менавіта тут і ўдараць, — думаў Палкаводзец. Не хапала ім роўнядзі, ці што? Ці ўжо навучыліся ў нас, нашай азіяцкай кемлівасьці? Але ўдарылі менавіта тут, у гэтым зусім мала здатным для таго месцы. I, як на бяду, фронт на гэтым участку аказаўся слабаваты, учора брыгаду Чарамісіна перакінулі ў цэнтар, на падмогу перадавому атраду; тут жа заставаўся адзін супрацьтанкавы полк, і той, здаецца, разьмяшчаўся трохі правей. А пяхоце без падмацунку, вядома, прыйшлося ня соладка, і яна не стрывала. Такое яе прадвызначэньне на ўсякай вайне і ва ўсякай арміі.

«Віліс» выскачыў на пясчаны пагорачак, парослы рэдкім маладым сасоньнічкам, і адразу ж рэзка кінуўся ўбок, коламі з хрустам ломячы тыя сасонкі. Палкаводзец зьнячэўку вылаяўся, ледзьве пасьпеўшы ўхапіцца рукой у пальчатцы за мэталёвую дугу перад сабой. Аднак ён тут жа зразумеў, што лаяцца марна, усё правільна. Па сасоньніку ўжо джагалі чэргі, трэба было матаць назад або выскокваць і класьціся долу. Палкаводзец і выскачыў. Трохі счакаў, а пасьля, прыгінаючыся, выбег вышэй і апусьціўся на сухі верасовы дол. Перад ім наперадзе разгортвалася шырокая панарама надрэчнага поплава і зь ёй — ганебнае відовішча бязладнага драпу. Колькі ўжо за вайну даводзілася назіраць Палкаводцу гэтую ганьбу, але прывыкнуць да яе ён ня мог і звычайна без ваганьня карыстаўся выпрабаваным сродкам. На ашаломленых, апанаваных страхам людзей можна было ўзьдзейнічаць толькі яшчэ большым страхам з усіх страхаў, якія меліся ў распараджэньні начальніка. Наша пяхота бегла, уцякала да рэчкі, караскалася церазь яе берагі, некаторыя ўжо былі блізка ад пагорка на гэтым беразе. На рачным беражку сярод лазьняку дымна палыхаў адзін скасабочаны «студэбэкер», там запалохана мітусіліся людзі. Другі, аднак, выкараскаўся з твані і з гарматай на прычэпе марудна поўз да пагорка. На ягонай падножцы стаяў чалавек у гімнасьцёрцы, без шыняля, з абвязанай бінтамі галавой. Ці не камандзір супрацьтанкавай батарэі, — падумаў Палкаводзец. Той нешта крычаў, мабыць, паказваючы шафёру кірунак. Ззаду, з-за ракі, з розных напрамкаў несьліся трасірныя чэргі, на рыкашэтах агнянымі пчоламі разьлятаючыся ў бакі. Палкаводзец, не азірнуўшыся, кінуў цераз плячо ахове: «Затрымаць!», і некалькі байцоў на чале са старэйшым сяржантам кінуліся праз сасоньнік з пагорка.

Пакуль тыя сарванымі галасамі спынялі пяхоту, Палкаводзец узіраўся ў поплаў і асабліва далей, па той бок рэчкі, дзе зь ляска выпаўзалі сьветлажоўтыя нямецкія танкі. Палкаводзец ужо сустракаўся зь імі і ведаў, што гэта ён рашучымі дзеяньнямі свайго войска змусіў нямецкае камандаваньне перакінуць іх з Афрыкі, дзеля якой яны і былі афарбаваныя ў колер пустыні. Але тут ім не пустыня, тут найчасьцей балоты. Раз-пораз яны білі з гарматаў па берагах ракі і па пехацінцах па гэты бок. Ад выбухаў калаціўся пагорак…

Поруч і асабліва ззаду за Палкаводцам з насьцярожаным выразам на тварах ляжала чалавек дзесяць з аховы, трошкі ніжэй прыбег і выцягся пад сасонкай старшыня вайсковага трыбуналу — франтавы маёр, скрозь абпярэзаны партупэямі і рамянямі, з фуражкай на галаве. За ім ужо расшпільваў тоўстую сумку ягоны сакратар, малады чалавек у плашч-накідцы. Той усё пазіраў на Палкаводца, пальцы яго дрыжэлі, і ён кепска спраўляўся з сумкай. Яны чакалі. Ужо ня першы раз яны выяжджалі з Палкаводцам і ведалі сваю справу. Тым болей, што гэта была іх праца, якую яны рабілі, рызыкуючы ўласным жыцьцём. Блізкія два выбухі ў сасоньніку змусілі іх тыкнуцца галовамі ў дол, Палкаводзец жа на выбухі не адрэагаваў ніяк. Ён назіраў за тым, што адбываецца на поплаве.

Здаецца, байцы аховы ўсё ж затрымалі пярэдніх бегуноў і неўзабаве вывелі з сасоньніку двух задыханых, перапалоханых пехацінцаў з даўгімі трохлінейкамі і прымкнёнымі да іх штыхамі. Неяк выкараскаўшыся з-пад агню, уратаваўшыся ад нямецкіх танкаў, тыя, падобна, мала разумелі, што адбываецца, навошта яны спатрэбіліся гэтаму камандзіру з суровым зацятым тварам. «Пачаму бяжалі? — строга кінуў Палкаводзец, нішчачы позіркам абодвух — высокага і нізенькага, амаль мізэрнага салдаціка ў аблепленых тваньню абмотках. — Пачаму бяжалі?» Пехацінцы ашалела дыхалі і маўчалі, тады Палкаводзец махнуў рукой — ня так ім, як камусь з аховы: «Здаць аружыя!»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win