Сьцяна
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— А што ў іх — свой дом!

— Не, кватэра. У вялікім доме. Праўда, і кватэра немалая, а я адна пакаёўка. I за кухарку. Работы процьма. Але я старалася. Сьпярша прыглядаліся да мяне, як што ўмею. Я і праўда, ня шмат умела. Але вучылася. Хацела дагадзіць. Бо як жа іначай жыць у чужых? Трэба дагаджаць. Так мама заўсёды казала. Ну што зраблю ня так — ня лаялі, не каралі, як некаторыя. Вучылі. Фраў Сабіна спакойна раскажа, пакажа. Што, я тыя дзьвярныя ручкі дома калі начышчала? Ды ў нас іх і не было, такіх бліскучых. Сьпярша мне пра тое сказалі, паказалі. Ну, а пасьля я ўжо і сама рупілася. Каб было чыста і прыгожа. Дома ніколі так не было.

На цеснай канапцы Франя сядзела блізка ад мяне, але я пасунуўся яшчэ бліжэй, і яна не адхінулася. Мае свавольныя рукі яна перахапіла ў свае і цесьненька трымала іх на каленях.

— Дык ты ў іх за прыслугу? — з затоеным папрокам сказаў я.

— Ну, ведама. А для чаго ж яны мяне ўзялі. Але розная прыслуга бывае, і розныя гаспадары. У Гановэры цераз вуліцу жыла Клава, таксама остаўка. Дык кожны дзень плакала ад сваёй гаспадыні. Загінула ў бамбёжку. Малако кіпяціла, быў налёт, колькі хвілінаў трэба было пачакаць, каб малако закіпела малому. Спазьнілася ў сховішча, ну і заваліла. I малога таксама. А маці таго ўцалела. Справілася з шостага паверху ўніз. Як наш дом разваліўся, вылезьлі мы на вуліцу з пустым тэрмасам і адным пледам. Болей нічагусенькі — ні дома, ні маёмасьці. Што рабіць? Іншыя б сябе ратавалі, а мае безь мяне нікуды. Трохі часу разам жылі ў нейкай канторы, пасьля ў салдацкім бараку. Пасьля прыйшлі дакумэнты з Аўстрыі, і яны паехалі. Мяне таксама ўзялі. Грошай амаль не было, фраў заклала ў банк свае завушніцы, брошку. Тут, праўда, спадчыну атрымалі.

— Ну добра, — сказаў я. — А мова? Дзе ты так навучылася па-нямецку? У школе?

— Трохі ў школе, праўда. Але ў асноўным тут. Здольная была, умела слухаць. Слых добры маю. Зноў жа фраў Сабіна трохі разумее па-польску.

— А ты што — таксама ўмееш па-польску?

— Трохі ўмею, ага. Мама ж каталічка, з майго ж імя відно. А ў нас каталікі, хоць і беларусы, а разумеюць па-польску. Ты пасядзі тут, — выпусьціла мае рукі Франя. — Я зараз.

Яна зьнікла ў прыцемках люка, зьнізу пачуўся мяккі стук яе пятак па дошках-прыступках, і недзе нягучна бразнулі дзьверы.

Я ўстаў з канапкі, аглядзеў праз шыбкі гарадзкое навакольле. Па дарозе з-за вугла паўразбуранага дома, дзе я так ганебна пляснуўся з ровара, хутка праімчаў знаёмы трафейны «хорх», на якім езьдзіў наш «сьмершавец», і я з прыкрасьцю падумаў: чаго ён тут гойсае? Хоць вайна канчаецца, а гэтым няма спакою, усё нешта шчыруюць, уведваюць, мабыць, нешта камусь рыхтуюць. За сябе ўвогуле я быў спакойны, здаецца, вялікіх грахоў ня меў. На акупаванай тэрыторыі ня жыў, з харкаўскага акружэньня выйшаў не адзін, а з групай, і тое «злачынства» было ўжо добра дасьледавана «сьмершам» і, пэўна, здадзена ў архіў. Але, мабыць, гэтак жа думаў і камандзір узвода сувязі Ляжнеўскі, якога месяц таму рэпрэсаваў «сьмерш». Той, выпіўшы, даў сабе волю паразважаць наконт «несправядлівасьці» да акружэнцаў, якіх пасьля вызваленьня спрэс накіроўвалі ў штурмбат. Сам апынуўся праз тое ў штурмбаце, і ніхто з нас яго болей ня бачыў.

Над гарадком вечарэла, горы паволі асядалі ў цень, толькі сьнегавыя вяршыні яшчэ блішчэлі здалёк сонечным водсьветам. На фоне блакіту вечаровага неба той бляск рабіўся надзвычай выразным, набываў перад ноччу сілу. Як добра было б сядзець тут зь мілым дзяўчом да ночы, ды і ўночы таксама. Слухаць яе, адчуваць і — кахаць. Каб не вайна. Але калі б не вайна, дзе б я сустрэў яе? Дзіўна, але менавіта вайна зьвяла нас тут, наводдалі ад радзімы, сярод гэтае альпійскае прыгажосьці. Як бы і не разьвяла таксама, — раптам падумалася мне.

Амаль нячутна ў вежу паднялася Франя, штосьці прынесла ў руках. Разадрала ўпакоўку і паставіла на канапу невялічкі пакуначак.

— Во, частуйся, Міця. Акурат, як нашыя да вайны.

То былі цукеркі, знаёмыя зь дзяцінства «падушачкі». Мабыць, ня дужа сьвежыя, некаторыя пазьліпаліся, і Франя аддзірала іх па адной, частавала мяне. Сапраўды, не зважаючы на ня надта апэтытны выгляд, цукеркі, як і ў дзяцінстве, былі салодкія і пахкія.

— Сорак капеек сто грамаў. Прыпамінаеш?

— Прыпамінаю, — сказаў я. — У сельмаг бегалі на перапынку.

— А яшчэ былі ірыскі…

— Дык усё ж, адкуль ты родам? — папытаўся я.

— Ды зь Менску. Там і нарадзілася.

— I даўно адтуль?

— Зь Менску даўно. Зь Менску ж я сьпярша перабралася ў Чэрвень, адтуль ужо ў Нямеччыне апынулася. Ды тут, каб не пашэнціла, прапала б. Як прапалі мае дзяўчаты.

— Дзе прапалі?

— А на хімічных заводах у Руры. Паатручваліся і пагінулі. Усе чацьвёра чэрвеньскіх.

— А ты?

— Ведаеш, тут, можа, лёс такі. Можа, якая выпадковасьць. Гэта ж як мы прыехалі ў нейкі гарадок ля Гановэра, нас пачалі разьмяркоўваць. Ну, пастроілі ў шарэнгу, прыйшло нейкае начальства — у форме і ў цывільным — хто якія, мы тады мала разьбіраліся. I пачалі перабіраць, каго куды. Але сьпярша прыйшлі вайскоўцы, як пасьля аказалася, афіцэры зь вэрмахту. Яны былі ў водпуску з фронту, і ім дазвалялася выбраць у свае сем'і абслугу. А я была самая маленькая, схуднелая за дарогу, бедна апранутая. Стаю, ледзьве дыхаю… Перад тым ня спалі тры ночы, пакуль нас мутузілі па станцыях, згаладнелыя. А яны ідуць — сытыя такія, здаровыя бугаі, два ў эсэсаўскай форме і трэці — афіцэр вэрмахту, малады юнак, танкіст. Тыя павыводзілі дзяўчат, што здаравей, ну, рослых, дужэйшых. А я стаю самая апошняя. I во гэты вэрмахтаўскі лейтэнанцік прайшоў раз, ды, мусіць, яму ўжо не хапіла дужэйшых. Тады ён вяртаецца і да мяне — «ком», кажа. Я ледзь не самлела, так ён холадна паглядзеў на мяне, і голас такі, чыста салдацкі, бы на пляцу. Выйшла. I мяне аформілі ў гэтую во сям'ю доктара Шарфа. А той афіцэр быў іхны сын Курт. Дома ён зусім не такі страшны аказаўся, як там выглядаў — ветлівы і ціхі. I надта ўжо сумны. Праз два дні паехаў на фронт, а праз два тыдні загінуў у танку. Як падумаць, дык ён выратаваў мяне. Каб ня ён, атруціцца б і мне на той хіміі.

— Аднак гісторыя! — сказаў я, уражаны гэтым аповедам. — Можа, табе і пашэнціла.

Франя спахмурнела і хвіліну роўненька сядзела, апусьціўшы на калені маленькія, з вострымі локцямі рукі.

— Можа, адной мне і пашэнціла. І я ўсё думаю: як бы чаго ня сталася. Усё ж шчасьце, яно падманлівае. Гэта няшчасьце — назаўсёды. Я тут кожны дзень бяды якой чакала, ну, думаю, няўжо ж мне і далей будзе так шанцаваць?

— Цяпер ужо можна не баяцца. Скончыцца вайна, дамоў вернесься. Ці ты іначай думаеш? — запытаўся я і насьцярожыўся, чакаючы яе адказу. Франя ўздыхнула.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win