Сьцяна
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Заставацца ў хаце было небясьпечна, трэба было неяк ратавацца, але аднанож я ня мог далёка ўцячы. Хапаючыся рукамі за лаўкі і сьцены, я пакульгаў у сенцы. Тут было цемнавата, у адным кутку валяліся нейкія абрэзкі дошак, у другім, каля самых дзьвярэй, была зладкаваная невысокая, да калена, дашчатая загародка, даверху насыпаная бульбай. Я выняў з кабуры пісталет і прылёг на бульбу. У шчыліну прачыненых дзьвярэй была відаць частка асьнежанага падворку, весьнічкі з вуліцы. Сельская вуліца ўжо зусім апусьцела, здаля, можа, з канца сяла, даляталі стрэлы, значыць, нашы зь яго ўцяклі, — падумаў я. Неўзабаве тут павінны паявіцца немцы.

Між тым, зусім разьвіднела, настаў сонечны марозны ранак. Над стрэхамі ўзьнялося сонца, і падворак ярка асьвяцілі сонечныя промні. Я ляжаў зь пісталетам у руцэ і чакаў. Чаго толькі чакаў, і на што спадзяваўся? Чакаў, можа, свае пагібелі? Таму што абараніць сваё жыцьцё з васьмю патронамі ў магазіне было марнай спадзёўкай. I я падрыхтаваўся да пагібелі. Толькі трываў час. Чакаў.

Зрэшты, доўга чакаць не давялося. Відаць было ў шчыліну, як па вуліцы прабегла група нямецкіх салдатаў, яны раз за разам стралялі кудысьці зь вінтовак. Пасьля паявілася іншая група. Гэтыя ішлі спакайней, штось гаманілі і не стралялі. Але во ад тае групы аддзяліўся адзін — высокі салдат у караткаватым шынялі з аўтаматам на грудзях і, збочыўшы ў мой падворак, скіраваў да дзьвярэй. Я ўзьвёў курок і наставіў пісталет на дзьверы. Немец крочыў таропка, трошкі прыжмурваючы вочы пад шкельцамі акуляраў у чорнай мэталёвай аправе. Ягонае падбародзьдзе было ў цёмным шчаціньні, на галаве, насунутая брыльком на лоб, сядзела зімовая шапка. Адной рукой ён рашуча адчыніў мае дзьверы і са сьветлага падворку зірнуў мне ў твар. Пісталет мой быў скіраваны ў ягоныя грудзі, палец ляжаў на спускавым курку. У кожны момант я быў гатовы стрэліць. Але ня стрэліў — штосьці стрымала мяне ад стрэлу. Не адчуваньне небясьпекі, не натуральная патрэба самазахаваньня — дзесь у глыбіні сьвядомасьці рашучасьць мая сама па сабе нэўтралізавалася. Зноў я чакаў. Немец, каб стрэліць, павінны быў перахапіць на грудзях аўтамат: але ягоная правая рука ляжала на клямцы дзьвярэй. У ягоным позірку пад шкельцамі акуляраў не адбілася нічога — ні зьдзіўленьня, ані спалоху, і, мабыць, тое і ўтрымала мяне ад стрэлу. Здаецца, асьлеплены ранішнім сонцам, ён мяне ня згледзеў, а ў мяне не хапіла згубнай рашучасьці ціснуць курок. Усё тое заняло ня болей за сэкунду, як з вуліцы пачуўся крык — здаецца, немца паклікалі. I, выпусьціўшы клямку дзьвярэй, ён павярнуўся да мяне плячыма, хутка пайшоў за камарадамі. Я з палёгкай уздыхнуў. Ведама, радавацца было яшчэ рана, але першая небясьпека ўсё ж мінулася.

На ўскрайку сяла ішоў агнявы бой, на вуліцы то паяўляліся, то зьнікалі разрозьненыя групы нямецкіх салдатаў, але ў двор болей не забягалі. Пасьля немцы і зусім зьніклі, сяло занялі чырвонаармейцы. Удзень мяне адправілі ў шпіталь.

Усе гады вайны я нікому не расказваў пра той выпадак: было небясьпечна, — але не пераставаў пра яго думаць. Усё ж гэта дзіўнаваты выпадак: сутыкнуўшыся са зброяй у руках, салдаты варожых арміяў падаравалі адзін аднаму жыцьцё. Хай і міжволі. Таму што, застрэліўшы тады немца, я таксама немінуча быў бы забіты. А можа, гэта Ўсявышні падарыў нам па другім жыцьці. I во я жыву.

Жоўты пясочак

Іх везьлі ноччу па цёмных гарадзкіх вуліцах кудысь прэч ад турмы, але ў які бок гораду — Аўтух зразумець ня мог. У крытай машыне не было вокнаў, не сьвяцілася нідзе нават маленькай шчыліны, і ні ўнутры, ні знадворку нічога не было відаць. Аўтух сьпярша думаў, што трапіў у страхавіты «чорны воран», пра якога начуўся ў турме і нават раней — на вёсцы. Але, мабыць, то быў ня «чорны воран», бо, як ён згледзеў уначы, калі іх вывелі на турэмны падворак, была гэта машына хоць і вялікая, але ня чорная. I нешта кароткае было напісана на яе баку, ды ён не разабраў, што — не далі. Пачалі штурхаць, каб хутчэй залязалі ў яе цёмнае нутро, а ў яго якраз разьвязалася аборына на лапці, і ён, сагнуўшыся, узяўся яе завязваць. Ды тут жа атрымаў злога высьпятка ў зад — гэта той канвой ці як яго — малады танклявы вайсковец з вусікамі, які сёньня распараджаўся імі. Аўтух таропка ўлез у машыну, дзе ўжо сядзела чалавек шэсьць ягоных спадарожнікаў, і стуліўся ля самых дзьвярэй, якія тут жа з бразгатам зачыніліся. Машына папаўзла-паехала з падворку, праз браму, затым па вуліцах, паварочваючы то ў адзін бок, то ў другі. Леваруч ад Аўтуха сядзеў мужчына ў скуранцы, якога напачатку, як арыштавалі, Аўтух бачыў у кабінэце сьледчага. Але цяпер Аўтух ня мог зразумець, чаму той тут? Ці таксама арыштаваны, ці вязе іх у якую іншую турму? А можа — на волю? Бо завошта караць Аўтуха, які зь яго польскі шпіён? У Польшчы ня быў ні разу, мала што жыў пры мяжы. На хутары. I аднаасобна…

Во ў тым, што аднаасобна, мабыць, найбольшы ягоны грэх. Праз тую аднаасобнасьць ён за год натрываўся столькі, што іншаму хапіла б на ўсё жыцьцё.

— Гэ, таварыш… А, таварыш, — далікатна папіхнуў ён лакцём суседа ў скуранцы. — Ня ведаеце, куды гэта нас?

— На кудыкіну гару, — не адразу і зласьліва адказаў сусед, нядаўні сьледчы ўправы НКВД Сурвіла.

Гэты Сурвіла ня тое, што Аўтух, — ён і ў цемры, з заплюшчанымі вачыма мог вызначыць іхны маршрут. Даўно і добра ён ведаў гэтую дарогу — ад гарадзкога цэнтру да ўскраіны і далей, паўз прыгарадную вёску да недалёкага ляска, дзе было наркамацкае стрэльбішча. Некалі сам туды вазіў такіх жа, асабліва як служыў у камэндатуры. Пасьля ўжо, як перавялі ў сьледчы аддзел, разы два выяжджаў на практыкаваньне ў стральбе з асабістае зброі — пісталета ТТ. Раней усе чэкісты ўправы былі ўзброеныя рэвальвэрамі сыстемы «наган», а летась у першую чаргу сьледчым выдалі новенькія ТТ — спрытныя такія, пляскатыя пісталеты з чорнымі шчочкамі на рукаятках. Зь іх і стралялі. Ён тады здаў практыкаваньне на «добра». А цяпер тыя практыкаваньні будуць здаваць іншыя. На практыцы. На іхных патыліцах…

Па тым, як машыну стала кідаць з боку на бок, Сурвіла зразумеў, што яны выяжджалі з гораду. Недзе збоч у цемры туліцца невялікая прыгарадная вёсачка, а іх чакае паворотка ўлева, ад якой… Ад якой да мэты, да апошняй мяжы, лічы, што-нішто, засталося якіх паўгадзіны часу, і ўсё. Усё назаўжды скончыцца.

Тое, што хутка ўсё скончыцца, яго, аднак, ня дужа і турбавала. Да таго ён гатовы быў месяц таму, нават да суда, ведаў, яго не памілуюць. Стрэльнуць. Бо тое, што яму прад'явілі для абвінавачаньня, увогуле было папраўдзе: дапушчаў і перавышэньне, і незаконныя мэтады — і біў, і ламаў косьці — «даваў дразда». Але ж хіба ён адзін? У іхнай управе так працавалі ўсе, — стараліся, ня спалі начэй, выбівалі ўсё, што можна было выбіць з арыштаваных. А тыя, праклятыя ворагі, таксама маталі ім нэрвы, нізашто не хацелі прызнавацца — выкручваліся, ашуквалі сьледчых, і нават, ужо падпісаўшы прызнаньне, адмаўляліся ад яго на судзе. I ўсё бубнілі сваё: нічога ня ведаем, ні ў чым не вінаватыя. Ня шкодзілі, не шпіёнілі, нікога не вэрбавалі. Трэба было выбіць — і прызнаньне, і сьведчаньне, — прозьвішчы, даты, сустрэчы. Часам перабіраў, гэта праўда. Але ж на карысьць справы, не для сябе. Той Сёмух сканаў у ягоным кабінэце. Што сканаў, бяда не вялікая, але, сканаўшы, забраў усё з сабою. А на яго была надзея. Як добра далі, пачаў што-нішто паказваць. Думалі, празь яго раскруціць усю іхную арганізацыю, да таго ішла справа. А ён узяў ды сканаў…

Купцова застрэліў з таго новенькага ТТ. Але Купцоў кінуўся на яго з кулакамі. А кулакі ў двухмятровага каваля з прэсавага цэху такія, што двума ўдарамі мог увагнаць у падлогу. Добра, Сурвіла пасьпеў прымяніць зброю. Так што, як глядзець, як вінаваціць. Калі строга, паводле новай правазаконнасьці, дык, можа, і правільна, — ён вінаваты. А калі паводле рэвалюцыйнай, пралетарскай… Зрэшты, ён ня дужа і апраўдваўся — прызнаў усё. Але ў глыбіні душы хацелася спадзявацца, што пакараюць ня надта. Усё ж ён не такая контра, ня польскі шпіён ці беларускі нацыяналіст. Ён жа свой брат чэкіст. Павінны ж на тое зважаць. I цяпер яму крыўдна, што ня зважылі на розьніцу паміж ім і сапраўднымі ворагамі народа, піхнулі ў гэтую машыну зь іншымі разам. З гэтымі шпіёнамі і шкоднікамі, нацыяналістам і нават недарэзаным буржуем. Кінулі ў адну машыну і яшчэ, глядзі, кінуць у адну яму. Але ж гэта яўны апартунізм, правы ўхіл. Ці нават шкодніцтва ў саміх органах.

У машыне панавала цішыня, толькі чуваць было, як ляскаюць колы па бруку ды штось паскрыпвае ў куце буды, асабліва калі машына трапляе на выбаіну.

— Гэтак! На кудыкіну, кажаце? — ня мог чагосьці ўцяміць Аўтух і зусім апанурыўся ад кепскага прадчуваньня. Відаць, тое прадчуваньне дужа яго гняло, і ў хуткім часе ён зноў заварушыўся ў цемры. Недзе тут паблізу сядзеў ягоны зямляк, нават аднавясковец, хоць і ўдвая маладзейшы за яго, з гэткім самым прозьвішчам Казёл. Як навучыўся на настаўніка і пачаў пісаць вершы, дык зьмяніў тое нягеглае прозьвішча на лепшае і падпісваўся пад вершамі, што часам друкаваліся ў газэтах, Фэлікс Гром. Праўда, Аўтух вершаў не чытаў, толькі чуў пра іх ад людзей. Зрэшты, пра вершы на сьледзтве зь ім гаварылі мала, болей пра тое, як гэты Фэлікс Казёл-Гром завэрбаваў Аўтуха ў сваю шайку. Цяпер Аўтух ціха паклікаў:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win