Шрифт:
Нарэшце неяк няўпэўнена, з прыпынкамі, рушылі разьбітаю вуліцай гарадка ў бок недалёкай перадавой. Пакуль я выглядваў «сьмершаўца», у кабіну майго «студара» ўлез пасажыр — наш палкавы прапагандыст, маёр з мудрагелістым прозьвішчам, якога я ня мог запомніць. Я змушаны быў прыткнуцца на пляскатым крыле ля фары, як нярэдка езьдзіў на перадавой. Цёплаю парой тут было ня горш, чым у кабіне, ды й зручней было пры нечаканым абстрэле саскочыць на зямлю. Належала толькі трымацца. Перад тым як рушыць, ніхто з камандзіраў не сказаў нічога, але калі рушылі адкрыта, значыць, немцы не супраціўляліся. Яны зьніклі. За дашчэнту разьбітымі дамамі ўскраіны пераехалі лінію акопаў нашай пяхоты, якой ужо там не было, затым і нямецкую лінію. Нямецкія акопы выглядалі, як пры пасьпешлівым адступленьні — скрозь валялася вайсковае майно, зброя, скрынкі боепрыпасаў; упоперак бруствэра на сошках стаяў нарыхтаваны да бою кулямёт з абвіслай у акоп стужкай, поўнай патронаў. Але салдатаў нідзе не было відаць — ні жывых, ні забітых. Здаецца, учора, расстраляўшы збольшага боекамплект, яны падаліся на захад. На сустрэчу з амэрыканцамі. З намі яны сустракацца не захацелі.
Ужо добра разьвіднела, хаця сонца з-за гор яшчэ не паказалася, і ў горнай даліне панавала прахалодная засень. Мы няхутка ехалі па асфальтавай шашы на захад, мінулі першы не крануты вайной гарадок з дбайна дагледжанымі дамкамі ў стылі фахвэрку абапал вузенькіх вулічак, зь цёмнай кірхай сярод купкі разложыстых дрэваў. Людзей было мала відаць, але скрозь з бальконаў і вокнаў зьвісалі белыя прасьціны — знакі капітуляцыі. Пасьля сталі трапляць і людзі — старыя, дзеці і жанчыны; з расчыненых вокнаў яны махалі нам і ўсьміхаліся. А некаторыя плакалі — відаць і такое. Салдаты з кузаваў махалі ў адказ, выкрыквалі самае цяпер зразумелае «Гітлер капут!» ці яшчэ што — вясёлае і гарэзьлівае. Усім было весела і радасна — вайне нарэшце канец.
За тым гарадком дарога павярнула ўгору, пачаліся павароты — то ўправа, то ўлева. Нечакана на горным схіле калёна спынілася: наперадзе за павароткай пачуліся гарматныя выбухі, усе насьцярожыліся. Я саскочыў з крыла, думаў, зараз будзе якая каманда, можа, прыйдзецца адчапляць гарматы. Але ніякай каманды не падавалі. Афіцэры павылазілі з машынаў, пасталі на ўзбочыне, узіраліся наперад. Некаторыя ішлі далей, дзе было начальства і дзе раздаліся гэтыя нечаканыя выбухі. Што там адбывалася, было невядома. Я таксама прайшоў трохі ўздоўж батарэйных машынаў і згледзеў наперадзе свайго камбата. Разам з камандзірам першай батарэі яны ўсё ўзіраліся ў галаву калёны, мабыць, таксама чакалі якога сыгналу. Гэтыя два афіцэры, два капітаны з выгляду былі дужа розныя — маленькі хударлявы камбат-1 і цыганскага выгляду, камлюкаваты камбат-2. Зь іх ціхай гаворкі было зразумела, што нас абстраляла нямецкая самаходка, якая, аднак, змоўкла. Экіпаж яе, пэўна, даў драла. Так што няварта хвалявацца, зараз паедзем. I праўда, неўзабаве з галавы калёны прагучала каманда «Па машынах!» Камандзір першай батарэі пабег да свайго «студэбэкера», а мой трохі затрымаўся, усё ўзіраючыся наперад.
— Капітан, хачу запытацца.
— Што? — павярнуў да мяне незадаволены твар камбат.
— Што гэта тут асабіст раніцой высьледжваў?
— А ты ня ведаеш, што? — камандзір батарэі ўпёрся ў мяне нядобрым позіркам. — Не адчуваеш?
— Не адчуваю, — сказаў я, пачынаючы, аднак, здагадвацца.
— Зь якой гэта ты зямлячкай там зьнюхаўся?
На хвіліну я анямеў — так яно і казалася, як я меркаваў. Я моўчкі чакаў, што яшчэ скажа камбат, але ён таксама змоўк, мабыць, пашкадаваўшы, што і без таго сказаў шмат.
— Зноў жа, бацькі твае дзе? На акупаванай тэрыторыі пражывалі?
— Пражывалі. Ну?
— Во табе і ну! — няпэўна скончыў камбат і крута павярнуўся да свае машыны. Наперадзе ўжо загырчалі маторы, здаецца, калёна рушыла.
Я подбегам вярнуўся да машынаў свайго ўзвода і зноў ускочыў на шырокае крыло «студэбэкера». Вось табе і радасьць: называецца, сустрэў зямлячку. Ды яшчэ й бацькі на акупаванай тэрыторыі. Але дзе тыя бацькі, што я пра іх ведаў? Думаў, прыеду пасьля вайны, буду шукаць. Нехта ж павінен ведаць, як і дзе яны прапалі летась пад Ушачай. Былі ў партызанах, ды зьніклі. Магчыма, у час прарыву зь нямецкага акружэньня. Можа, загінулі, а можа… Тое можа дацінала мяне ўжо паўгода. Шкада, на парозе міру рушыліся ўвогуле нармальныя адносіны з камбатам, які яўна злаваў на мяне, мабыць, з падачы асабіста. Хаця з ягонай падачы як не зазлуеш? Тут не на жарт спалохацца можна.
Калёна рушыла далей, і неўзабаве мы ўбачылі тую самаходку, што абстраляла нашую калёну. Экіпажа яе там ужо не было, самаходка стаяла пакінутая за рэчкай на схіле. Зрэшты, шкоды яна нам не ўчыніла. А на другім павароце пад абрывам ляжала ў рэчцы нашая перакуленая трыццацьчацьвёрка, і горны паток булькатаў ля яе гарматнае вежы. Здаецца, там засталіся і танкісты, — відаць, надта пасьпяшаліся да перамогі.
Мы зноў зьехалі ў даліну, на раўнейшае, машыны прыбавілі хуткасьці. Я ўсё сядзеў на крыле, трымаючыся за абрашотку фары. I раптам мы ўбачылі немцаў. Немалая калёна іхнай пяхоты маршавала акрай дарогі, зважліва прапускаючы нашыя аўтамабілі, — змораныя, схуднелыя, аброслыя шчэцьцю твары, — бязладны, прытомлены строй. Усе абвешаныя шынялямі, коўдрамі, тарбінамі з паходным майном, але бяз зброі. Ужо раззброіліся. Нібы палонныя. Ці падрыхтаваліся ў палон. Афіцэраў было мала відаць — дзе-нідзе збоч калёны тупаў абыякавы да ўсяго лейтэнант ці обэр-лейтэнант з адной-дзьвюма бубкамі на кароткіх пагонах. Нашыя салдаты з машынаў свавольна крычалі ім «Гітлер капут!», яўна выказваючы тым і радасьць, і зьдзек, і зласьлівасьць. Немцы амаль не адказвалі, толькі засьцярожліва пазіралі на сваіх учарашніх ворагаў і тупалі сабе далей. Тады салдаты, па-дурному жартуючы, пачалі крычаць звыклае для немцаў «Хайль Гітлер!», ускідваючы ўгору руку. I некаторыя зь немцаў стрымана адказвалі сваё «хайль», няўпэўнена рухаючы ўгору рукой. Як на запясьцях некаторых відаць быў раменьчык ад гадзіньніка, нашыя стукалі зьверху ў кабіну «Стой!», шафёр прыпыняў машыну, нехта саскокваў на дарогу і кідаўся ў нямецкі наўтоп. Неўзабаве зьяўляўся адтуль з гадзіньнікам, а то й двума ў руках, ужо на хаду чапляўся за борт «студэбэкера». Камандзіры сёньня зрабіліся надзіва добрыя і глядзелі на тое паблажліва, некаторыя й самі выскоквалі з кабінаў. Мой маёр-прапагандыст таксама разы два вылазіў на дарогу. Аднаго разу, вярнуўшыся, кінуў на сядзеньне новы, сталёвага колеру афіцэрскі плашч, а ў другі, мабыць, таксама разжыўся гадзіньнікам. Увогуле мне рабілася сумна…
Так мы даехалі да чарговага гарадка і спыніліся на яго ўскраіне. Далей было не прабіцца, ды, мусіць, ужо й не было патрэбы куды прабівацца. Усе вуліцы, цэнтар і навакольле былі поўныя войска: пяхоты, артылерыі, некалькі 76-мм самаходак, грузавікоў, «вілісаў» і «доджаў» начальства. Начальства дзе на машынах, а дзе пехатой упарта прабівалася наперад, на бераг ракі, дзе раней за нас зьявіліся амэрыканцы. На чорным шыкоўным «хорху», усё сыгналячы, каб саступілі дарогу, хутка праехаў знаёмы ўсьмешысты маёр, брыгадны «сьмершавец». Цяпер ён, аднак, не ўсьміхаўся, выглядаў аж надта заклапочаны за ветраным шклом аўтамабіля, — мабыць, спазьняўся на сустрэчу. Ці яшчэ куды. На мяне ён і не зірнуў нават, і я падумаў: хоць бы так і не заўважаў ніколі.
Нашая калёна трохі пастаяла на ўезьдзе ў гарадок, а затым нехта з начальства павярнуў яе ў бакавы завулак. Неўзабаве мы апынуліся на гарадзкой ускраіне, ля шырокай надрэчнай лугавіны. Не пасьпелі выраўняць у які-небудзь парадак аўтамабілі з гарматамі, як нас апанавалі вясёлыя людзі ў нябачанай, спартыўнага крою форме, грубых грувасткіх гамашах, яшчэ болей грувасткіх касках з чахламі. То былі амэрыканцы. Яны адразу кідаліся ў абдымкі зь першым, хто ім трапляўся насустрач — салдат ці афіцэр, гучна ляскалі па плячах, штось ва ўсё горла крычалі на незразумелай мове. Нешта разумеў па-ангельску толькі мой пасажыр-маёр, і яны пасьля першых ягоных словаў з радасным крыкам пачалі кідаць яго ўгору, бы найвялікшага савецкага героя. Нашыя салдаты сьпярша неяк нясьмела паддаваліся іх весялосьці, пасьля пачалі сьмялей і ахвотней, гучна здароўкаліся і таксама па-свойму крычалі, бы да глухіх. Некаторыя з гасьцей ужо паўзлазілі на нашыя машыны, аднекуль зьявіліся бутэлькі ды салдацкія пляшкі, ужо налівалі ў кварты, а то і жлукцілі па чарзе з бутэлек. Лугавіна ўмомант ператварылася ў гаманкі бязладны кірмаш, замест вазоў застаўлены вялізнымі «студэбэкерамі» з гарматамі на прычэпе. Ніхто не камандаваў, не імкнуўся навесьці парадак. Тут былі толькі малодшыя афіцэры, камбаты і ўзводныя, старэйшыя камандзіры кудысь пазьнікалі, мабыць, туды, дзе быў мост цераз раку і дзе цяпер адбывалася галоўная сустрэча.