Шрифт:
Тыя словы раптам ацьверазілі мяне, і я адхіснуўся. На самой справе, што ж гэта я? Як жа я? Я ж кахаю яе.
— Я ж нікога яшчэ не цалавала, Міцечка. Цябе першага. Пашкадуй мяне.
Ну ведама, я ж цябе не пакрыўджу. Я добры. Я справядлівы, бо я кахаю цябе…
— Любая!..
Я адчуў, яна не давяраецца інстынктам, не дае заснуць розуму. I ашчаджае мяне. Усё ж я не такі, як тыя, што траплялі на яе шляху. Я кахаю яе і шкадую. Найперш, можа, шкадую. Ці не — найперш кахаю. А каханьне — заўсёды сіла, так мне здавалася…
Глухі грукат у дзьверы не адразу данёсься ў нашую шкляную вежу, сьпярша падумалася, што гэта дзесьці страляюць. Але Франя нядобра напружылася ў маіх руках і ўскочыла.
— Міця!!
— Гэта за мной, — здагадаўся я.
Як не скруціўшы сабе галаву па цёмнай і стромкай лесьвіцы, я скаціўся ўніз, навобмацак знайшоў у вэстыбюлі дзьверы, у якіх гулка грукаталі знадворку.
— Таварыш лейтэнант!..
Франя ледзьве ўправілася зь цяжкім засовам, а як адчыніла дзьверы, і я выскачыў на цёмны падворак, Кананок абвясьціў:
— Камбат кліча.
— Што такое?
— Кажуць, зьнімацца нам.
Ну, усё зразумела, таго трэба было чакаць.
У суцэльнай цемрадзі мы дабрылі да агнявой, на якой ужо тоўпіўся разьлік, і Мядзьведзеў, як заўжды ўначы, сьцішана вытлумачыў:
— Загад — згортвацца. За машынай паслаў, зараз прыедзе. А вас камбат патрабуе.
Я ўлез у змрочны равок, навобмацак пераняў з рукі Мухі тэлефонную трубку.
— Ты дзе там блудзіш? — загучаў устрывожаны голас камбата. — Гадзіну чакаць цябе трэба. Зараз жа згортвай баявы парадак, грузі боепрыпасы і — на дарогу. Чакайце мяне.
Пачыналася звычайная ліхаманка пасьпешлівых збораў. Зь цьмяным сьвятлом падфарнікаў прыпоўз на агнявую аграмадны «студэбэкер», другі побач пабрыў каля плота ў суседні разьлік. Гэты пачаў разварочвацца, здаваць да агнявой задам; неўзабаве праз расчынены борт хлопцы ўзяліся грузіць цяжкія скрынкі нерасстраляных снарадаў, брызэнты, зброю, рознае салдацкае майно. Усе працавалі радасна і спорна, бо падобна было на тое, што рушым ня ў бой, а мабыць, з бою, туды, дзе ўжо скончылася вайна. Урэшце канец вайне, і мы ўсе жывыя, здаровыя. Во дзіва дзівоснае! Цуд!
У маёй душы быў вэрхал пачуцьцяў — радасьць перамогі ўсё ж засмучалася клопатам ростані. Ведаў, адчуваў, што паедзем адсюль. Але куды? Ці далёка? Я хацеў вярнуцца сюды, мне дужа патрэбна было тое. Хоць на гадзіну, хоць на пятнаццаць хвілінаў. Я ж нічога не сказаў ёй. I нічога ад яе не пачуў.
Не стрываў, пакуль чакалі другую гармату, я выбег на пустку і прыпусьціў да мастка. Брамка на гэты раз была не зачыненая, і толькі я ўскочыў на падворак, як расчыніліся дзьверы у катэдж. На парозе стаяла Франя. За ёй нерухома шарэлі два цені яе старых.
— Франя, мы едзем!..
Франя маўчала. Застыла, бы зьнямелая, і не краталася.
— Мы едзем! Ты чакай! Я вярнуся…
Зь цемры вэстыбюля на мяне пазіралі старыя, і я, недарэчна засаромеўшыся, нават не пацалаваў яе. Толькі абняў крышку за плечы ў цесных дзьвярах і адхіснуўся. Я ня мог бавіцца тут: на дарозе, чуваць было, пачынаўся ўжо рух, ішлі аўтамашыны. Некаторыя нават сьвяцілі фарамі, чаго ніколі не было на фронце. Ужо ж, мабыць, сапраўды вайна скончылася. Я перабег масток і ўскочыў на шырокую падножку «студэбэкера», што з маёй апошняй гарматай вырульваў на шашу.
Над горнай далінай днела: праясьнелася неба, на закрайку яго цьмянымі зубамі вяршыняў азначыліся горы. Бліжняя гара за катэджам яшчэ ўся была, бы змрочны маналіт — і гара, і дрэвы пад ёй. Толькі шэры сілуэт катэджа вылучаўся сьвятляваю плямай на змрочным, зьлітым у адно фоне. Здаля я усё пазіраў туды, намагаючыся згледзець маленькую постаць на ганку, ды нічога ня згледзеў. Яшчэ б паўгадзіны пастаяць тут, калі б лепей стала відаць…
Але паўгадзіны нам не далі. Нейкая шалёная пасьпешнасьць запанавала на дарозе, адны машыны пад'яжджалі, спыняліся, іншыя, абмінаючы іх, шалёна кіравалі далей. Старэйшыя афіцэры падганялі — хутчэй, хутчэй! Камбат накрычаў на мяне за спазьненьне, хаця, як я прыехаў зь дзьвюма гарматамі, батарэя яшчэ колькі хвілінаў нікуды ня рушыла. Чагось чакала. Але зьвягі і крыкі камбата былі для мяне звыклыя, на іх крыўдаваць не належала. Крыўда і шкадаваньне дапякалі за іншае, і тое іншае засталося ззаду. Бы штось адчувала мая душа, ды не магла хіба вымавіць, каб я зразумеў выразана. Толькі шчымела нутраным невыразным болем.
Нейкі час полк ліхаманкава выцягваўся ў паходную калёну. Паўз «студэбэкеры» з гарматамі на прычэпе па ўзбочыне праімчаў «віліс» камбрыга, які штось крыкнуў з машыны, але я не зразумеў, што. Мая ўвага ўжо была скіраваная наперад, дзе ў ранішняй шэрані стаяў на дарозе камбат, і аднекуль ля яго зьявілася знаёмая кругленькая постаць заўжды жвавага капітана, нашага палкавога «сьмершаўца». Трафэйнага «хорха», аднак, не было відаць. Штось яны нядоўга там гутарылі, хаця, здаецца, болей гаварыў «сьмершавец», камбат заклапочана слухаў. Затым абодва павярнуліся тварамі назад, быццам уставіліся позіркамі ў кагось у калёне, здалося — ці не ў мяне? Але, можа, толькі здалося, бо абодва ня рушылі зь месца. «Сьмершавец» расшпіліў тонкую пляншэтку, што заўжды боўталася на ягоным задзе, штосьці каротка пазначыў на паперыне, у якую зазірнуў і камбат. Што яны там запісвалі, і што ён усё капаў між людзей, гэты нястомны барацьбіт са шпіёнамі? Цікава, ці бачыў ён хоць аднаго зь іх у сваім жыцьці? Я падумаў, што, як камбат застанецца адзін, падыду да яго, запытаю. Ды не пасьпеў. Падалі каманду «Па мясцох!», і я пасьпяшаўся зьбегчы з дарогі.