Сьпіце ўсе тыя, што праўды па сьвеце шукалі,І, не здабыўшы, ў дамоўкі бяз часу сышлі…Гразьзю ў вас кідалі, вольна дыхнуць не давалі…Хай жа пацешацца: ўжо вы спачылі ў зямлі…Гулка нясецца стогн лесу ў начныя пацёмкі,Плача-галосіць у коміне вецер глухі…Сьпіце вы, слаўныя гора і працы патомкі,Хутка над вамі распалім памінкаў агні!Мала вас, мала было паміж цёмнымі намі;Сільны яшчэ быў наш блуд і туман кругом нас!Вы, перамогшы усё, узьняліся арламі,Бліскам былі нам, тым бліскам, што гас і ня згас!Грозна нясьліся магутныя вашыя клікі;Нават каменныя душы скідалі свой сон;Радасьцю дзіўнай зьвінеў ваш край бедны, вялікі…Сіл не хапіла… запеў пахаронны вам звон.Сьвежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла,Жвір толькі сьвеціцца, змыты сьцюдзёным дажджом…Сьпіце! Мы вашых навек не забудзем магілаў;Збуджаны вамі, мы ўскрэсьлі, мы больш не засьнём!
Вясна за вясною…
К нам вясна за вясною ідзеI бязьсьледна адходзе ад нас…Ні канца той бядзе і нудзе,Ні пачатку сьвятла хоць на час.Хоць бы раз заірдзела расаЖыватворна убогім палям,Хоць бы раз зазьвінела касаI дзень лепшы наклікала нам.Вянуць кветкі штораз без пары,Вяне зелень спустошаных ніў.Шум ня моўкне ў зялёным бары:Не чакаць, людзі, вам буйных жніў.Не напоўніць вам клецяў сваіх,Пот і сьлёзы льіцё вы здарма;Ў паднявольнічнай службе ў чужыхНе падняць вам галоў з-пад ярма.Вам — пакорным рабам — не вясны,Рукі накрыж злажыўшы, чакаць,А пад песьні паўночнай зімыЯмы ў полі сабе ж будаваць.Будаваць, покі вы чужакаНівай будзеце роднай карміць,Будаваць, покі ваша ракаЧужакову каню дае піць.Для асьлепленых, здаўленых васНе было і няма іншых дум…• • • • • • • • • • • • • • • • • • •Так над намі вясной кожны разСтогне бору зялёнага шум.Так вясна за вясной к нам ідзеI бязьсьледна адходзе ад нас…Ні канца той бядзе і нудзе,Ні пачатку сьвятла хоць на час.
Не спадзейся…
Не спадзейся, сын і матка, Ад жыцьця патолі…Ні канца, ані пачатку Вашай чорнай долі.Ці сягоньня, ці то заўтра — Як і ўчора, усё так;Стогн гнязьдзіціся спанатрыў, Жаль пляце свой мотак.Шчасьце ў путах… Звод разьвеяў Думку маладую,Засталось крыху надзеі, Дый паганяць тую.Вера ў будучыны жніва Спапялела з гора,Крыўда-ведзьма незьмянліва Заліла, як мора.Гарт апёрся на кургане, Як ноч, уздыхае,I ў кургане уздыханьне Гарту падцінае.Каня з смагі на пагодзе «Піць» галосе ў небе,Ды ў завею воўк заводзе Па крывавым хлебе.
Не для нас…
Не для нас гэта сонейка майскаеЗагуляла на небе высокімСеяць думкі вясеньнія, райскія,Гэт’, па сьвеце вялікім, шырокім.Для нас ніва, намі ўспаханая,Заірдзелася ўсходам пасеваў,І ўся ветрам, як дым, калыханаяБ’е паклоны направа, налева.Не для нас упрыгожылісь кветкаміСенажаці-лугі над ракою,Хараствамі нязьдзіўнымі, рэдкіміВабіць вока, шаптацца з душою.Не для нас, не для нас распускаеццаГэты сад, гэта вішня, чарэсьня,Не для нас, не для нас разьліваеццаСалавейкава звонкая песьня…Сонца паліць нам грудзі збалелыя,Ніва ласкі над намі ня мае,Пот ліем па лугах мы дні цэлыя,Ці ж тут міла і песьня якая?!З дня на дзень, з году ў год, як пакутнікі,Б’ёмся, гінем і шчасьця ня бачым;Працай жывяцца нашай прыблуднікі,А мы толькі ўздыхаем і плачам…
Чаго хмурацца…
Чаго хмурыццаНеба сіняе?Чаго носяццаВіхры дзікія?Чаго шэрыяСовы ўзгукалісь?Чаго чорныяКрукі грагаюць?Чаго гадзіныПадкалодныяШыпяць, сыкаюцьНа сьвятое ўсё?Ці та сонейкаЗагасілася,Ці та ўскрыласяАпраметная?Душы сільныяАбясьсілелі,Сэрцы добрыяАзьвярэліся;Песьні вольныяАпанурылісьI магільныміЗвоняць жальбамі.А за песьняміЗвон кайданавы,Стогн закованыхРазьлягаецца…Эх, і страшна ж ты,Зямля родная;Эх, і страшна ж ты,Жыцьцё людскае!..
Разьвейся, туман…
Разьвейся, туман, расплывіцеся, хмары, Над хатай пахілай маей!Хай сонца прагляне, хай цяжкія мары Ня мучаць душы і грудзей…Штось клікала рвацца і вышай, і далей, На лепшае звала жыцьцё.Вы, злыя туманы, вы, хмары, бяз жалю, Закрылі, забралі мне ўсё…Стаю і гляджу я на хату крывую, На ніву пустую сваю —I сьлёз не стрымаю, і ціха бядую, I нудную песьню пяю;I к небу малюся, ў жыцьцё заглядаю, Ці моц скуль якая ня йдзе?I цёмна, і нема ад краю да краю, Ні сьвету, ні сьледу нідзе…Ні сьвету, ні сьледу… марнуюцца сілы, Дух праўды і волі прыгас,Нядоля і гора, навокал — магілы — Вось роднага шчасьця абраз…
Сэрца спытай…
Прыгледзься днём яснаму сонцуI месяцу ночнай парой;Ў шум цёмнай услухайся пушчыІ ў шумы паводкі вясной;Кінь вокам на мур пабяляны,На стрэхі з саломы зірні;Зайдзі на магілкі з крыжаміI насып забыты крані;Пакратай мінуўшчыны попел,Што ў казках ня кінула жыць;Сягоньняшні дзень паймі добра,Што ўсьлед нашай долі бяжыць…I ўсюды — ад краю да краю,Дзе зьвернецца думка твая, —Аб роднай старонцы пытайсяТы неба, зямлі і жыцьця.А сэрца — калі ня зьвёў сэрца —Адкажа за ўсіх неўнарай:У нас ёсьць паны і іх слугі,А людзі… што ж?.. Сэрца спытай…
*** Бледные будніе дні…
Бледныя буднія дніСумна па роднай зямлі Мутнай плывуць паласой;Часам калі-нікаліДзе-нідзе бліснуць агні, Глянуць крывавай расой.Песьні раздольля маўчаць,Песьні, што рабскія сны З душ паднявольных зьмялі б,Толькі заводзяць званы,Толькі асіны скрыпяць Над уміраньнем сяліб.Скрогат нясецца з асін…Рабству паклоны біў дзед, Гнуўся пад палкамі ў крук;Бацька — за дзедам; усьледЗ бацькам пляцецца і сын; Ты ж кудой пойдзеш, унук?..