Шляхам жыцьця
вернуться

Купала Янка

Шрифт:

Я ад вас далёка…

Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, — На чужое неба ўжо гляджу сягоньня, Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю, Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю. І няма на сьвеце так вялікай меры, І няма на сьвеце так каваных дзьвераў, Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі — Беларусь са мною разлучыць пасьмелі! Я ад вас далёка… скажуць гэтак людзі… Але хто заглянуў у чужыя грудзі І паняў хто шчыра той агонь і мора, Што гарыць, бушуе і аб чым гавора? Пойме толькі гэта, хто аж да скананьня Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстаньня; Каго доля-ведзьма ад самой калыскі Кідала па сьвеце, як той ліст вятрыскі. Я ад вас далёка… А дзе ні гляджу я — Дома толькі думка днюе і начуе; Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман, Знаю толькі рэчку — з плытнікамі Нёман. Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны, Дзе такі там хорам важна збудаваны, — Што мне замянілі б хату і бярозкі, Хату і бярозкі беларускай вёскі?.. Я ад вас далека… Дзеліць нас паўсьвета, — А жыву ж я з вамі і зіму, і лета; Чую з вамі ўвосень непагоды песьню, Цешуся з праталін вольнага прадвесьня, І ці сонца ўзыйдзе, і ці сонца зайдзе, — Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе; З выраю як толькі сустракаю гусі, Весьці ў іх пытаю з роднай Беларусі. Я ад вас далёка… Жыву між чужымі, Чую ж вашы песьні, — водклік шлю сваімі; Дабываю песьні ад душы, ад сэрца, Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца. Не зрабіць нікому гэткай дамавіны І ня вырыць ямы гэтакай глыбіны, Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці, Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці. Я ад вас далёка… Божа ты мой мілы! Неразлучны з вамі да самой магілы, — Не пакіну думаць сьвітам і ўпацёмку: Як там жывіцё вы, як жыве старонка? А хоць дасьць мне доля ў дамавіне мейсца, — Ўстане цень зь зямлі мой, на крыж абапрэцца І ў той бок глядзеці будзе век нязводна, Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.

Мінуты шчасьця

Сплылі ў душу з высі высокай I зацьвілі ў ёй яснавока, Як сьветласьць бледная аблокаў На дальнім летнім небасхіле. Цьвілі, гулялі пераліўна Сьвітаньнем новым долі дзіўнай; У казку волі неспажыўнай Цяклі нявыплаканай сілай. Вялі па сьцежках нехаджалых, Арлом узносілі на скалах, Карону клалі ў міртных хвалах На ўсёй будзённасьці завілай. Так асянялі, панавалі, Як сонца бліск на вод крышталі, Аж пацягнулі вышай, далей, Туды, адкуль сышлі так міла. Вітаю іх і не вітаю, Стаю, як пільгрым на расстаю Ў чужым далёкім недзе краю, Як над пустой стаю магілай.

Вячэрняя малітва

Як летняе сонца свае згасіць косы I кветкі нябесны зайграюць нясьмела, — Ноч сее тады серабрыстыя росы, Над логам зьвісае туманнай пабелай. Ад бледнага месяца бледныя цені Зь сялібаў і пушчы кладуцца на гоні; Як цені мінуўшых даўно пакаленьняў, Устануць, пастануць слупамі ў прасоньні. Цікавая думка над сном усплывае, Вяртаецца зь цішай і просіцца ў сэрца, Дзе ласкай сьвітае, як байка жывая, I вогнікам ціхім навокала ўецца. Малітва вячэрняя ў той час выходзе, Ахвярна кладзецца на сьпячыя далі, I пасмай няўгледнай да зорак на ўсходзе Плыве і мяняецца ў кветным крышталі. О, будзь вечна слаўнай, вячэрняя ціша З планетнай зарніцай і месяцам бледным! Хай песьня спакою душу укалыша I вынесе чыстай над шумам пабедным!

Зоркі

Ночкай, як толькі выходзіў я з хаты, Зоркі на небе страчаў я чатыры; Кожны раз зводзіў іх вогнік крылаты, Хоць к ім з малітвай узносіўся шчырай. Першая — бацькава зорка ясьнела, Маткі — другая глядзела ў сьвет горка, Трэйцяя мне мігацела нясьмела, Роднай зямелькі — чацьвертая зорка. Першая згасла навекі ня ў часе, Звольна губляе бліск свой другая, Трэйцяя сумнаю мглой спавілася, Толькі чацьвертая лепей міргае.

Шлях мой…

Шлях мой ня сьцелецца сонцам і кветкамі, Гладкай, павабнай ня лёг раўніной, — Паміж няўдалымі ўецца палеткамі, Ўецца зімой і вясной. Вечар і ночка закрылі мне раніцу, Ухуталі плесьняй, сівым туманом, Даль жа нязбытаю казкай туманіцца, Казкай, нягаданым сном. Вера ў дзень заўтрашні сілай няведамай Думы гартуе ісьці, не чакаць, Хоць бы там злыдні плот ставілі бедамі, Бедамі клікалі спаць. Зойдзе брат сьцежку мне, путамі звонячы, Пут гэтых толькі ня бачачы сам: «Дзе ты ідзеш?» — запытаецца, гонячы. «Далей!» — адказ яму дам. Далей і далей праз выдмы няплодныя, Ўсё непакорна, шукаючы ўсё, Покі ня згаснуць прасьветачы зводныя, Покі ня згасьне жыцьцё!..

*** Дзе ты, шчасьце маё?.

Дзе ты, шчасьце маё, дзе ты, сьветлая доля? За што сэрца гняце жалю дзікая змора?.. Воыйду цёмнай парой гэт’ за вёску на поле І падслухаю сьціха, што ночка гавора. Можа, гоман пачую, што жаль і трывогу Песьняй радасьці зглуша і ўсьпіць назаўсёды, Мо’ пакажа няшчаснаму к долі дарогу І разгоне ў душы цемнаты, непагоды. Га! нічога ня чуць, толькі неяк, здаецца, Жудка вые, гудзіць сівер з поўначы зімны, Толькі шум баравы зь цёмнай далі нясецца І пяе у душы пахавальныя гімны.

*** Легло на сэрцы…

Легла на сэрцы гора нядольнае, Легла і мучыць, гняце, Ў думках замёрла жальба нявольная, Боль неспажыты цьвіце. Дзе я ні кінуся, зь песьняй ні вылету, — Выхаду, сьцежкі няма… Лёдам гасьцінец мой выбіты, выліты, — Лёд — як магіла сама.

У чужой старане

Тут далёка, ў чужой старане, Ўсякі раз, як збліжаецца ноч, Сэрца больлю сьціскаецца мне I спакой недзе коціцца проч. Думы цяжкія роем снуюць, Капашацца чмяльмі ў галаве, Сноў спазнаць залатых не даюць, Кожна мучыць, к загубе заве. Ўсё, што чахне, ня меў долі ў чым, Чорнай п’яўкай сьлізгоча ў душы… Аб жыцьці беспраглядным сваім Разважаю я ў гэтай цішы. Ах, салодкі ўспамін не адзін Шалясьціць, як вяроўкаю кат… Столькі іх, гэтых мілых часін! А забыці іх сілы няхват. Гэй, ты, гэй, прамінуўшы мой час! Гэй, ты, гэй, мой цяперашні дзень! Што я меў, што я маю ад вас? Дзе прасьвету хоць цень — бледны цень? Роднай песьні вясёлы напеў Не ўзлунаў над калыскай маей; Супраціўны скрозь мучыць павеў, Як за хлебам пайшоў да людзей. Гоняць, гналі, дзе гнаці маглі, Як шалёных ганяюць сабак; На сваёй, ах, на роднай зямлі Сустракаўся я з сонейкам так. На зямлі, што дзед, прадзед сьлязьмі І гарачай крывей паліваў, Ўнук — ужо між чужымі людзьмі — Тэй зямлі трох аршын не дастаў. Што ж? — разгулівай, сыты чужак, Між забраных крыжоў, курганоў, Брат скаваны ня згіне і так: Ён другіх пашукае братоў. Гэй, ты, краю халодны, чужы, Прытулі бесхацінца к сабе: Ён цябе, як і роднай мяжы, Не забудзе ў прадсьмертнай кляцьбе. Ты, дзяўчына чужая, закрый Па скананьні мне зрэнкі мае, Ты, чужы друг, мне яміну рый, Віхр чужы хай памінкі сьпяе. Крыж пастаўце, як ставіце ўсім, Мае путы павесьце на ім; Мае сьлёзы з магілы расой Выйдуць путы зьяднаці іржой.

Холадна…

Холадна, холадна ў хатцы маей: Лёгка навек загавеці; Сыплюцца сьлёзы, як іскры, з вачэй; Божа! як жудка на сьвеце! Голасна будзячы сонну глушу, Віхры зусюль завываюць; Думка за думкаю лезе ў душу, Сэрца нудою сьціскаюць. Нейкім туманам усё заплыло; Глуха!.. Ні сілы, ні гарту… Ўсё пражыванае прахам ішло. Ўсё, што йдзе, думаць ня варта. Зь нейкім пракляцьцем прыходзім на сьвет, Зь нейкім на той сьвет сыходзім; Потам, крывёю век сьцелецца сьлед, Песьню змучэньня заводзім. Ступіш… і гадзіны ўюцца ля ног, Крыкнеш… ня чуюць каменьні; Рукі працягнеш ты, повен трывог… Ласкі ня знаюць паленьні.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win