Шрифт:
Аб усім не скажаш. Але даўно-даўно ты казаў мне аб задуме "Матчыных песень". А я ж і сам іх чуў ад Куліны Андрэеўны. І не дадумаўся да такога. Але на тое ты і ёсць яе сын. Я ж помню, як мы сядзелі ў Задаброцці за малой рачулкай. І маці твая трымала на руках тваю Ілону, тады яшчэ сапраўды малую "Лану". І мы спявалі. І што гэта былі за песні — мабыць, ніхто болей не ўведае. Хіба што па тваіх "Матчыных песнях". Яна была больш таленавітая за нас абодвух.
Перапёлка! Ты не ві гляздзечка Блізка ля дарогі, Перапёлка!Гэта — з яе песні.
Балючае І жаданае слова: Мама?..Мне таксама не верыцца, што яе няма. Хавалі мы яе на схіле, каля курганоў. І тут ужо нічога не паправіш. Засталіся толькі хата з падлогай, вышараванай яе рукамі, садок, вяз, вечная наша памяць.
І яшчэ твае вершы і паэмы. Тваё "Свята пчалы". І ўсё таленавітае.
Лес над возерам. Мы стаім на ўзгорку на другім баку таго возера. Бачым адбітак гэтага лесу ў вадзе, нерэальны, размыты. І яшчэ лес над табою. На гэтым беразе. І гэта як фуга з яе трыма часткамі. Толькі трэба глядзець зверху, што ты і робіш. Сын нашай зямлі, нашай беларускай паэзіі. Друг, які прынёс мне "Свята пчалы".
Якiм шляхам iсцi?
Дзве тэндэнцыі набіраюць зараз сілу ў сусветнай паэзіі.
Першая тэндэнцыя: адмовіцца ад рыфмы, якая быццам забівае ў вершах сэнс, і ад рытму, які нібыта з'яўляецца насіллем над словам.
Другая тэндэнцыя — тэндэнцыя шліфавання формы верша, давядзенне рыфмы і рытму да небывалай дасканаласці.
І хоць слых людскі больш звыклы да рыфмы і рытму, якія пануюць у нашай паэзіі, - сілы першай тэндэнцыі змяншаць нельга.
Нельга лічыць асноўныя кампаненты сучаснага верша спрадвечнымі. Паэзія старажытных Грэцыі і Рыма лічыла рыфму атрыбутам "варварскіх вершаў", фальклор многіх народаў Каўказа ніколі не ведаў яе, і пісьмовая літаратура авараў, напрыклад, пайшла па дарозе сваёй народнай паэзіі. Усходнеславянскія быліны і думы, сербскія гайдуцкія песні таксама пазбаўлены рыфмы.
Лічыць рытм і рыфму вечнымі, нам здаецца, таксама нельга. Першая тэндэтцыя набірае сілу. Амаль адмовіліся ад рыфмы паэты Іспаніі, большасць паэтаў Грэцыі абапіраецца зараз у сваіх вершах толькі на няпэўны рытм. У Італіі забылі традыцыі Дантэ, там зараз бадай што толькі адзін-два сіцылійскія народныя паэты яшчэ карыстаюцца рыфмай. І так у большасці краін.
Сутыкненне дзвюх названых тэднэнцый — гэта не проста барацьба за разнастайнасць форм паэзіі. Гутарка фактычна ідзе аб тым, знікне сучасная форма верша або адбудзецца далейшы росквіт яе. І нам, паэтам, трэба ўжо зараз звярнуць на гэта самую пільную ўвагу, стаць на абраны намі шлях і да канца змагацца на ім за сваю мэту.
Справа не ў тым, вядома, што ўсе паэты павінны трымацца рукамі і зубамі за сілаба-танічную сістэму і за рыфму. Калі нехта хоча размаўляць з чытачамі, выкарыстоўваючы іншыя формы паэзіі, - калі ласка.
Хай у нашай сучаснай беларускай і агульнасавецкай паэзіі будуць уітмены, якія цярпець не маглі рыфмы, і маякоўскія, якія шліфавалі яе, як алмаз. Кідаць за гэта ў аднаго з іх каменнямі зможа хіба толькі артадаксальны дурань, і першыя вершы прыкметна здольнага маладога паэта А. Наўроцкага, напрыклад, нічым не горшыя за вершы (возьмем таксама кагосьці з маладых) Ю. Свіркі, хоць падыход да формы ў іх дыяметральна працілеглы.
Справа не ў гэтым. Мяне асабліва хвалюе, як будзе напісана большасць твораў нашай паэзіі, якім будзе яе твар. І калі пры гэтай большасці (сярод якой таксама будуць розныя індывідуальнасці) у нас будзе яшчэ шмат розных паэтаў — наша паэзія яшчэ больш узбагаціцца. Мы даўно выраслі з сялянскіх пялёнак. Калі пра беларускую паэзію кажуць, што чытаць яе — гэта "як басанож па расе прайсціся" — мы павінны крыўдзіцца. Чытаючы лепшыя творы беларускай паэзіі, адчуваеш нешта большае, чым "прайсці па расе". Мы адчулі ўжо добра сваю сталасць. У нас ёсць розныя вершы: песенныя і баладныя, народныя і філасофскія, наіўныя і, хай выбачаюць рэдактары, кніжныя.
І менавіта таму мы ўжо зараз павінны выбраць, па якой дарозе пойдзе наша паэзія: адмовіцца яна, у большасці сваіх галасоў, ад жорсткіх канонаў размеру і складанай рыфмы або будзе далей удасканальваць іх.
Ці з'яўляецца наватарствам тое, што прапануюць нам прыхільнікі першай тэндэнцыі? Так, з'яўляецца, калі гэта прапануе нам просты і сімпатычны нам талент такога паэта, як Парніс, бо гэты паэт змагаецца за высакароднасць чалавечай душы, за гуманізм і не забаўляецца занадта словам, зберагаючы рытм. Не, не з'яўляецца, калі гэта прапануюць нам сучасныя "дадаісты", у якіх слова з'яўляецца "самавітым", а сучасная форма — "састарэласцю".