Фiялкi ў сераду
вернуться

Моруа Андре

Шрифт:

– Ваша праўда, Бернар... Будзем раўнадушнымi, асцярожнымi i жорсткiмi.

– Гэта не жорсткасць, мадмуазэль, а жыццёвая мудрасць.

Мiнула некалькi тыдняў. Кожную сераду Жэннi акуратна атрымлiвала букецiк фiялак. У тэатры ўжо ўсе ведалi гэту гiсторыю. Адна з сябровак сказала Жэннi:

– Бачыла твайго студэнта... Нiшто сабе з твару, рамантычны... Гатовы тыпаж на ролю ў камедыi Мюсэ "З каханнем не жартуюць".

– А як ты пазнала, што ён мой?

– Якраз сышла ўнiз у той момант, калi ён, саромеючыся, прасiў дзяжурнага перадаць табе кветкi: "Паважанай панне Жэннi Сарб'е, калi ласка..." Мне ён спадабаўся. Далiкатны хлапчына, разумны, баiцца быць смешным i не ўмее схаваць свайго захаплення... Я нават пашкадавала, што ён не да мяне прыходзiць... Я б яго так не выпусцiла, аддзякавала б... Заўваж, ён нiчога не просiць, нiчым цябе не турбуе... Каб я была табою...

– Ты б яго прыняла?

– Так, але ненадоўга... Не першы тыдзень ён сюды ходзiць. Хутка вакацыi. Ты паедзеш... Нiякай рызыкi, што ён прывяжацца...

– Твая праўда, - згадзiлася Жэннi.
– Гэта проста глупства не заўважаць паклоннiкаў, калi iх многа i яны маладыя, каб потым, гадоў праз трыццаць, бегаць за iмi, калi яны ўжо засвецяць лысiнамi i ў большасцi адвернуцца.

У той жа вечар, выходзячы, яна сказала вартаўнiку:

– Бернар, у наступную сераду, калi студэнт з Полiтэхнiчнага прыйдзе з фiялкамi, скажы, каб ён мне iх сам прынёс пасля трэцяга акта... Я iграю ў "Мiзантропе". Пераапранацца мне не трэба... Я буду ў прыбiральнi i прыму яго... Не! Я буду чакаць яго ў калiдоры каля лесвiцы... Альбо, можа, у фае.

– Добра... А мадмуазэль не баiцца?..

– Чаго баяцца? Дзён праз дзесяць я еду на гастролi, а гэтага хлопца з вучэльнi не пусцяць.

– Добра, мадмуазэль... Але ўсё ж, на мой погляд...

У прызначаную сераду Жэннi мiжвольна iграла Селiмену з асаблiвым запалам, каб спадабацца незнаёмаму. У антракце, зацiкаўленая i ўзрушаная, села ў кутку фае i чакала. Навокал шпацыравалi прывычныя наведвальнiкi. Рэжысёр нешта тлумачыў Бланш П'ерсон, тагачаснай сапернiцы Жэннi. Але чорны з пазалотай мундзiр нiдзе не паказваўся. Узнерваваная, нецярплiвая, яна пабегла да бiлецёраў:

– Мяне нiхто не пытаў?

– Нiхто, мадмуазэль.

– Сёння серада, i павiнны быць фiялкi. Можа, Бернар забыў iх перадаць?.. Непаразуменне нейкае...

– Непаразуменне!.. Якое непаразуменне, мадмуазэль?.. Калi жадаеце, я схаджу да дзяжурнага.

– Схадзiце... Альбо лепш, не трэба. Выходзячы, я пабачу Бернара сама.

Яна пачала здзекавацца з сябе: "Ну i жывёлiны ж мы! Месяцаў шэсць я амаль не звяртала ўвагi на яго бескарысную адданасць i раптам, не знайшоўшы паднашэння ад занядбанага мною паклоннiка, растрывожылася, як нявеста, страцiўшы жанiха. Ах, Селiмена, пашкадуеш ты Альцэста, калi ён з вялiкiм болем адыдзе ад цябе!"

Пасля спектакля яна спусцiлася ў дзяжурку:

– Ну што, Бернар? Як мой кавалер? Вы не пасылалi яго да мяне?

– Усё роўна як назнарок, мадмуазэль... Сёння ён не прыходзiў. Першы раз, калi вы мелi ласку згадзiцца прыняць яго, у першую сераду цераз паўгода - на табе, не з'явiўся.

– Дзiўная рэч! Можа, яго хто папярэдзiў i ён спалохаўся? |

– Напэўна, не, мадмуазэль. Апроч вас i мяне, пра гэта нiхто не ведаў... Вы ж нiкому не гаварылi? Ну, а я тым болей... Я нават сваёй жонцы нi слова.

– Тады як вы гэта тлумачыце?

– А нiяк не тлумачу, мадмуазэль... Бываюць выпадкi... Можа, надакучыла... Альбо захварэў... Блiжэйшая серада пакажа.

Але ў наступную сераду не было нi студэнта, нi фiялак.

– Што рабiць, Бернар? Як на вашу думку, мо яго таварышы знойдуць яго?.. Альбо запытацца ў iнспектара вучэльнi?

– А якiм гэта чынам, мадмуазэль? Мы ж нават не ведаем яго iмя.

– Праўда... Як гэта сумна, Бернар! Прапалi мае надзеi!..

– Ды не, мадмуазэль... Такi быў год удачны для вас!.. А хутка гастролi новы поспех... Нiчога не прапала, усё наперадзе.

– Разумныя словы. Няўдзячная я, нядобрая... Але ж я так прывыкла к фiялкам у сераду!

Назаўтра яна выехала з Парыжа. Анры Сталь з пачцiвасцю суправаджаў яе. У кожным гатэлi яе пакой быў повен руж. Вярнуўшыся ў Парыж, яна забыла свайго рамантычнага студэнта.

Прыкладна цераз год яна атрымала лiст ад палкоўнiка Жэнеўрыера з просьбай прыняць яго па асабiстай справе. Лiст быў карэктны i сур'ёзны. Адмовiць яна не магла. Жэннi прызначыла яму сустрэчу ў суботу пасля поўдня. Ён прыйшоў апрануты ў цывiльнае, у чорным гарнiтуры. Яна прыняла палкоўнiка з грацыёзнай непасрэднасцю, уласцiвай ёй i на сцэне i ў жыццi. Натуральнасць яе паводзiн як бы моўчкi пыталася: "Што яму трэба тут, гэтаму незнаёмаму госцю?"

Яна чакала.

– Шчыра вам дзякую, мадмуазэль, што маю магчымасць пабачыцца з вамi. I калi я дазволiў сабе прасiць спаткання з вамi, на гэту смеласць штурхаў мяне не iнтэрас мужчыны, а пачуццi бацькi... Я прыйшоў у чорным. Гэта жалоба па маiм сыне, лейтэнанце Андрэ Жэнеўрыеры, забiтым на Мадагаскары два месяцы таму назад.

Жэннi зрабiла рух, нiбы хацела сказаць: "Спачуваю вам ад усяго сэрца, але..."

– Вы не ведалi майго сына, мадмуазэль, я знаю... Затое ён вас ведаў i захапляўся вамi... Вы мне можаце не даць веры, але ўсё, што я вам скажу, чыстая праўда. Вы - тая адзiная жанчына на свеце, якую ён шанаваў i ўсiм сэрцам любiў...

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win