Фiялкi ў сераду
вернуться

Моруа Андре

Шрифт:

Дык вось, пасля авацый, у антракце яна адпачывала ў фае. Вакол яе натоўп. Шчаслiвая Жэннi сядзела на ўслоне каля Анры Сталя i з натхненнем шчабятала пра сваю перамогу.

– Вось так, даражэнькi Анры!.. Цяпер мая лодка на вадзе. Ёсць чым дыхаць... Тры днi назад вы мяне бачылi. Дрэнна iграла, праўда?.. Плюхалася, як у лужыне... Танула... Рот быў залеплены... I вось гэты вечар... Збiраю ўсе сiлы, скачок - i я на паверхнi!.. Скажыце, Анры, а што, калi я правалюся ў апошнiм акце, не выцягну да канца? Божа мой, божа мой!

Увайшоў бiлецёр i падаў ёй кветкi.

– Ад каго?.. А! Ад Сэн-Лу... Ваш сапернiк, Анры... Занясiце ў маю прыбiральню.

– Тут вам лiст, мадмуазэль, - сказаў бiлецёр.

Яна разгарнула лiсток i гучна засмяялася:

– Гэта ад лiцэiста... Ён мне пiша, што ў сваёй школе яны заснавалi Жэннi-клуб.

– Тады ўвесь Жакей-клуб перабяжыць у Жэннi-клуб, - пажартаваў Анры.

– Лiцэiсты мне падабаюцца больш, чым аматары верхавой язды. О! I гэты канчае паэзiяй... Слухайце, мой друг:

Даруйце мне, што вершам вам пiшу,

Прабачце за радкi, што я няўмела склаў.

Я шчыра вас люблю i вельмi вас прашу,

Каб наш дырэктар гэтага не знаў.

Мiла... да немагчымасцi!..

– Вы будзеце яму адпiсваць?

– Вядома, не! Такое мне на дзень разоў дзесяць прыносяць. Адурэць можна, адпiсваючы... Але гэта мяне акрыляе... Паклоннiкi ў шаснаццаць гадоў... яны будуць захапляцца мною доўга.

– Наўрад!.. У трыццаць гадоў яны будуць натарыусамi.

– А чаму натарыусам нельга мною захапляцца?

– I гэта яшчэ вам, - сказаў бiлецёр, падаючы ёй букецiк фiялак цаною ў два су.

– О! Любата!.. Гляньце, Анры... А запiска ёсць?

– Не, мадмуазэль, запiскi няма... Дзяжурны гаварыў, што кветкi яму паклаў студэнт з Полiтэхнiчнай вучэльнi, у форму быў апрануты.

– Вiншую, мая дарагая, - прамовiў Анры Сталь...
– Закруцiць галовы гэтым iксам у квадраце - справа нялёгкая.

Яна доўга нюхала фiялкi.

– Цудоўна пахнуць... Адзiныя знакi ўвагi, ад якiх мне радасна... Я не люблю сытай бывалай публiкi, што прыходзiць паглядзець, як я памiраю ў поўнач, гэтак жа, як у поўдзень бяжыць у Пале-Раяль паслухаць, як страляюць з гарматы.

– Публiку вабiць вострае, - заўважыў Анры.
– Так заўсёды было... Крывавыя баi гладыятараў... Каб актрыса праглынула сто iголак, вось быў бы поспех!

Яна засмяялася:

– А каб швейную машынку праглынула - яшчэ больш было б славы.

– На сцэну!
– паклiкалi з-за кулiс.

Яна ўстала:

– Я гатова... Iду глытаць свае сто iголак.

Вось так, расказвала Жэннi, i пачалася гэта прыгода.

У наступную сераду зноў у апошнiм антракце бiлецёр з усмешкай перадаў Жэннi букецiк фiялак.

– Ого!
– павесялела яна.
– Няйначай, ад таго самага студэнта.

– Ад яго, мадмуазэль.

– А якi ён на выгляд?

– Не ведаю, мадмуазэль. Пайду запытаюся ў дзяжурнага.

– Не трэба. Гэта не мае значэння.

Праз тыдзень яна не iграла ў сераду, але з'явiўшыся ў чацвер на рэпетыцыю, знайшла ў сваёй прыбiральнi крыху завялы букецiк фiялак. Выходзячы, яна запыталася ў вартаўнiка:

– Скажыце, Бернар, мне гэтыя фiялкi ад таго самага маладога чалавека?

– Ад таго самага, мадмуазэль... Ужо трэцi раз.

– А якi ён сабою, гэты студэнт?

– Сiмпатычны... Вельмi сiмпатычны... Худаваты крыху, шчокi ўпалыя, кругi пад вачамi... Цёмныя вусiкi прабiваюцца. Пенснэ. I яно так смешна - мундзiр са шпагай... Пабажуся, мадмуазэль, хлопец - закаханы па вушы... Працягвае мне букецiк i кажа: "Паважанай панне Жэннi Сарб'е" - i пачырванеў... як ружа.

– А чаму ён прыходзiць заўсёды ў сераду?

– А хiба вы не ведаеце. Серада - выхадны дзень у Полiтэхнiчным. Кожную сераду партэр i галёрка перапоўнены студэнтамi. I кожны з дзяўчынай.

– I ў майго ёсць дзяўчына?

– А як жа, мадмуазэль, але гэта яго сястра... Страшэнна падобная...

– Бедны хлопчык! Каб я была смялейшай, я б вас папрасiла прывесцi яго ў фае хоць адзiн раз, каб ён мне сам перадаў свае фiялачкi.

– Яшчэ чаго! Не раю вам, мадмуазэль. Гэтыя тэатральныя кавалеры, калi з iмi не цацкацца, - мiлыя людзi, нiякай шкоды ад iх. Яны любяць актрыс здалёку, на сцэне, i гэтым задавальняюцца... А калi iх хоць капельку прылашчыць, яны адразу пачынаюць чапляцца, i тады проста жах... Дай iм кончык пальца, схопяць далонь, працягнi далонь, руку адарвуць... Вам смешна, мадмуазэль, а я маю горкi вопыт. Я ўжо гадоў дваццаць служу тут. Нагледзеўся!.. Бачыў каля дзвярэй i закаханых дзяўчатак... I ашалелых дзецюкоў... I лысых, i сiвых... Заўсёды прымаў ад iх i кветкi, i лiсты, але каб пускаць iх наверх - нiзашто.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win