Споведзь
вернуться

Геніюш Ларыса Антонаўна

Шрифт:

Аднойчы начальства загадала выбраць прыдуркам саракалетніх жанчын і асобна іх вывесьці за зону ў Інту, бо на маладых там заглядаюцца. Нас выбралі, але ня проста так. Сабралі ля вахты ўсіх прыдуркаў і ўсё шумавеньне, якога нідзе не бракуе. Яны паднялі нас на сьмех агідны, брудны, з непрыстойнымі каментарыямі. Начальнікі паціралі рукі, а адна латышка, мілая, спакойная жанчына, плакала й шаптала мне, што такога прыніжэньня нават на жудасным сьледстве не адчувала. Тады я, злосна глянуўшы на адну бяззубую дзяўчыну, сказала: «Паглядзі на сябе ў люстэрка й на гэтых, чужых табе жанчын, яны як дзяўчаты ў параўнаньні з табою, а ты — бяззубы й гнілы пень пры іх». Цкаваньне змоўкла, і толькі т. зв. нарадчыца са зьняволеных, нейкая рабая і агідная Галя Цярэшчанка, доўга душылася са сьмеху, схаваўшы свой рабы твар у рабыя далоні. А побач стаяла Тамара Аляхновіч, дваццаціпяцілетніца таксама, і худы даўгі яе нос трэсься ад хохату.

У лагеры была адна амэрыканка Аліса Алекс Максімава. Была яна зусім маладая, але зусім сівая. З яе пасьмейваліся, бо яна, напрыклад, сваю сьціплую пайку ўмела яшчэ падзяліць з галоднымі варонамі, якія кружылі над лагерам, гаворачы, што ў Амэрыцы любяць жывёлу й птушак так, як і людзей. Аліса была вельмі інтэлігентнай, цудоўна апавядала. На этапах і ў Абезі ў нас была маленькая група, мы сэпараваліся крыху ад іншых, шчыра гутарылі й стараліся, каб у нас быў заўсёды харошы настрой. Часта Аліса, якую прадала яе ўласная мачыха, так сумавала, што прыходзіла да мяне, каб сказаць, што пакончыць пэўна самагубствам. На гэта была ў мяне адна рада. Я даставала кусочак хлеба, калі было, дык яшчэ што, мы крыху елі, і Аліса зноў магла жыць. З ёю было мне вельмі бясьпечна й лёгка, а на этапах мы не разлучаліся, бо вельмі не давяралі іншым. Вязьлі нас разам — як «інастранкі». Была ў лагеры й нейкая каханка Бэрыі, якая ўсімі сіламі старалася заўсёды даказаць нам, што яна, толькі яна адна, тут нешта значыць і зусім без віны. Калі ў яе быў добры настрой, дык расказвала, як цалаваўся Сталін і як пахлі яго вусы. Пра Бэрыю яна нечаму маўчала. Была гэта жудасная качарга, і як паслухаць было, якія машыны з маскоўскімі прыгажунямі шмыгалі пад маркай дыпляматычных у Крэмль, дык дзіўна было, што і яна там выкручвалася ля тых крывавых бэстыяў. Некаторыя жанчыны, як, напрыклад, Тарасенка Соня, якая ўсё жыцьцё недзе правяла толькі ў лагерох, зусім ужо не была падобна на сваіх сёстраў. Хадзіла толькі ў нагавіцах, голас мела грубы й твар нейк зморшчаны не па-жаночаму. Было такіх некалькі, і гэта нейк было сумна. Самай страшнай была немка, шпіенка Кацька. Гэта была прыгожая дзяўчына, але страх браў на вярсту ад яе. Працавала толькі ў партноўскай. Кажуць, што яна прадавала і канваіраў, і нават начальства, ня кажучы ўжо аб зьняволеных. Яна выехала ў Германію разам з іншымі харошымі й горшымі дзяўчатамі з Аўстрыі й Нямеччыны. У апошні час немкі пачалі атрымоўваць пасылкі праз Чырвоны Крыж, лісты й здымкі й жылі толькі надзеяю ад’езду дамоў. Апакоўкі іх пакетаў мы разглядалі, як якія ўпрыгажэньні кватэр.

Пасьля сьмерці Сталіна пачаўся абмен канцэртнымі трупамі па лагерох. Атракцыяй была жаночая трупа. Дзяўчаткі пачалі езьдзіць па ОЛПах. Мне гэта было выгадна тым, што сябры мае пасылалі глюкозу сапраўдную й цукеркі. Часам і грошы для нас усіх, а часам які матэрыял. Аднойчы купіў такога многа мэтраў сам Косьця Шышэя. Гэта быў жоўты, як яешня, паркаль у вялікія чырвоныя кветкі. Мы падзялілі гэта між сабою й шылі хто што мог. Я зрабіла з гэтага верх для коўдры, бо Маці Марта прыслала мне ваты. Пад лагерным коцам [123] я вельмі замярзала. Косьця пытаўся, ці падабаецца падарак? Я ўсім загадала падзякаваць і напісаць, што падабаецца, а сама выразіла вялікую ўдзячнасьць, што каб мой родны сын купляў мне нешта, дык купіў бы, напэўна, падобнае, бо ў мужчын ужо такі густ. Мая гэта коўдра вельмі падабалася жонцы Пракоф’ева. Яна была іспанкай і казала, што ў іх такі сьцяг — чырвоны й жоўты. Была гэта старшая, але яшчэ прыгожая жанчына, сыны ёй пісалі, а сам Пракоф’еў, здаецца, з ёю разьвёўся. Увосень мы яшчэ будавалі дамбу ля Інты на некалькі мэтраў, высокую. Былі разам лёд і балота, мы з насілкамі валаклі зямлю наверх дамбы, сьлізгаліся, падалі ў балота. Лайма не магла злапаць паветра, другіх калаціла эпілепсія ці сардэчныя прыступы. Вельмі стараліся толькі літоўкі. Казлоў раздаваў усім па папяросе.

123

Коц (дыял.) — баваўняная або шарсцяная коўдра.

Часам былі ўзварушлівыя хвіліны. Мы працуем на базе ОРСа [124] , а што гэта, я й сяньня добра ня ведаю. Бліжыцца Новы год, і мы ачышчаем зону ад неймавернай колькасьці сьнегу. Здаецца, што гэта база засабляе Інту, галоўнае яе начальства прадуктамі. Бліжыцца вечар, неба зрабілася чырвоным, ліловым, жоўтым, наагул несказана прыгожым, але мароз пранізвае бушлаты, мы дрыжымо. Адкідаць сьнег гэта не кіркаваць, пры ломе й кірцы нават у 40 спацееш, а тут мы зьбіліся ў групку, грэемся словамі, хочам у зону, бо зьмерзьлі. Каля нас шмыгаюць вальняшкі й бытавікі, якія, расканваіраваныя, працуюць на гэтай базе. Іх мы пазнаем па тым, што яны, як і мы, у бушлатах. Здалёк узіраецца на нас высокі стройны юнак, твар у яго нейкі няроўны, але вельмі прыемны, рашучы, нейкі інтэлігентны. Ён зьнік недзе, пасьля зноў паказаўся й вось падыходзіць. да нас, хоць збліжацца да нас нельга. Падышоўшы, ён расшпіліў ля нас сваю целагрэйку, і на паўночны зьледзянелы сьнег пасыпаліся самыя сапраўдныя паўдзённыя мандарыны. Мы анямелі спачатку, а пасьля, як дзікуны, накінуліся на іх, рвалі іх са сьнегу, тапталі, вырывалі сабе з рук гэты цуд на поўначы. Юнак, які для нас украў у сытага начальства гэтую радасьць, зьнік, і добра, што ён ня бачыў нашых паводзінаў. Аднак мала хто зьеў тую мандарынку, мы іх прынесьлі ў зону, аддалі дзецям у іх зоне, падзялілі па долечцы паміж сабою. Мы здолелі на Вялікдзень падзяліць адно яечка на 30 частак, каб разгавелася ўся брыгада. Зноў перад Вялікаднем у Вялікую Пятніцу раз нас павялі чысьціць Інту, яе ўскраіны. Яшчэ былі горы сьнегу, але сонца крыху прыгравала. Мы ўсе амаль посьцілі, было нам сьветла нейк ад надыходзячага вялікага сьвята. Хрыстос, Ён адзін быў вечна з намі, і мы адчувалі гэта. Калі нам было найгорай на сьледстве ці ў другіх страшных выпадках, мы з даверам шапталі: «Цела й Кроў Ісуса Хрыста, ратуй мяне». Дапамога адчувалася. Бог мог перамяніць душы нашых мучыцеляў, мы ў гэта верылі. Вось мы, замучаныя, селі на сьнег, бы тыя курапаткі, нешта гаворым. Да нас падышоў, пагаварыўшы з канвоем раней, нейкі чалавек, ён нёс нам вялікі скрутак! Там былі селядцы, хлеб і, можа, два кілаграмы каўбасы. Аказалася, мы працавалі ля нейкага каўбаснага цэху ў Інце й нашыя быўшыя зэкі, работнікі цэху, так хацелі парадаваць нас. Дзяўчаткі ўсё прынесьлі мне, каб разьдзяліла. Селядцы я разьдзяліла роўненька ўсім, а каўбасу мы перанесьлі ў зону й пасьля спраўлялі разам Вялікдзень…

124

Аддзел раеннага забеспячэння.

Часам было жудасна. Нас павялі вясной капаць канавы там, куды вывозілі нечыстоты. Лагер быў тут адвечны, аднагодак, пэўна, савецкай улады, і гэта ўжо было трансава з аднаго бруду. Толькі ў гэтыя дні мы не хацелі есьці, не маглі. Усё пырскала нам у твар і на вусны, мы прасьмярдлі, і нельга было адмыцца. Пасьля зноў вялі нас капаць траншэі, і гэта было так цяжка, але ўжо лепш…

А хлопцы нам кідалі свае запіскі, мы іх прагна лавілі. Літоўкі пераносілі іх адчайна. Ды за любоў ня так і каралі. Наагул, калі трэба было нешта зрабіць, дык толькі пад гэтым прыкрыцьцём. Савецкія сьледавацелі з надзвычайнай радасьцю капаюцца менавіта ў розных пачуцьцях і авантурах. Хлебам іх не кармі, а дай магчымасьць пазьдзекавацца з нечыіх любоўных спраў. Вось мы й вывучылі іх псыхіку й пад гэтай маркаю трымалі кантакты. Яшчэ адну слабасьць мелі тыя сьцервы — арыгінальна арыштоўваць свае ахвяры. Гэта яны лічылі сваім майстэрствам. Жанчыну, за якой яны палявалі, заганялі ў неймаверныя сытуацыі. Спачатку ўпіваліся яе страхам і болем, бо ж беднай куды ўцячы? Тады недзе ў кіно, на вакзале, на спацыры яе падманвалі ў летняй сукеначцы й тады ўжо душылі за горла… Выхваляліся пасьля, такое знушчаньне называлі подзьвігамі разьведчыкаў…

Пасьля сьмерці «самага мудрага» паявілася ў нас болей яўрэяў. Гэта былі ленінцы. Яны стараліся мне давесьці «веліч» гэтых ідэяў… О неба, я жа іх бачыла на практыцы й хіба ж паверу сваім вачам, ня іх словам! Але калі я даходзіла, яны мне давалі глюкозу, пасьля якой я ажывала. Раз грузінкі і яўрэйкі зрабілі мне нават такі сюрпрыз. На мой дзень нарадзінаў, аб якім ніхто ня ведаў, яны падаравалі мне алавіка й некалькі сшыткаў (во скарб), а калі я вярнулася з працы, завялі мяне на кухню, гдзе быў накрыты стол з яўрэйскіх і грузінскіх пасылак і быў нават бісквітны сапраўдны торт. Мне было дзіўна. Другія гады мяне віталі ўсе нацыянальнасьці, а раз свае беларускія дзяўчаты рана перад разводам прынесьлі мне «торт» і свае ўпамінкі: хустачкі да носа, алавічкі, зубную шчотачку і т. п. Торт быў тыпічна лагерны. Жанчынам так хацелася нешта кулінарыць… Гэта быў торт са зьмеленых, высушаных паек хлеба, разьмешаны салодкай вадою й пераложаны павідлам з сухіх яблыкаў з нейкай украінскай пасылкі, пасмараваны маргарынам зьверху, пасыпаны цукрам. Гэта быў надзвычайны прысмак, але сяньня я яго ня ела б… Дзяўчаткі былі так узрушаныя, сьлёзкі ў вачох… Я хацела дзяліць той торт між усімі, але яны сказалі, каб перахаваць яго нейк і вечарам мы яго разам зьямо. Што ж, наша брыгада працавала ў зоне, рамантаваліся печкі. Я паставіла торт на верхнія нары, прыкрыла ручніком. I тут шмон, ды які! Начальства з Інты! Спачатку прыбег з крывавымі вачыма Кір’янаў, падыме нары і як лясьне імі, гэта ці пасыплюцца з іх блашчыцы. Падыходзе да маіх нараў. Як падняў іх, так торт і падскочыў, як ляснуў — торт і прысеў! О Божа, я ж цяпер з БУРу ня вылезу, але ён нейк са злосьці гэтага не заўважыў, шукаў блашчыцаў. За ім жа ідзе хмара надзорак, і во будзе шмон… Я за торт, у сушылку з ім, а там быў у карыце раствор, бо рамантавалі печ мы. Я той торт у ручнік, зьверху ў папер, папер аблажыла цэгламі, а на цэглы — раствор. Свае ложкі паставіла ў кветкі, бо на стале стаяў букет з іван-чаю, так я іх выратавала… Сама стаю з масьцярком ля карыта й працую. Усё ператрусілі сьцервы, але ў карыта не дадумаліся… Вечарам прыйшлі мае дзеці… Хоць плач, яны, бедныя, тры дні ня елі сваіх «пончыкаў», свае рыбы, цукру. Усё гэта зьбіралі, хавалі на гэты дзень, мае харошыя, такія шчасьлівыя, і вось мы разам, нават Люцыю Антонаўну паклікалі. Нас так многа. Маўчым, гутарым, крыху сьпяваем, але найбольшае ў сэрцы й назаўсёды. Так мы той год спатыкалі й сваю Каляду. Болей 30 беларусак, стол свой у сталовай (Сталіна ж няма!), ля кожнай нарысованая віншавальная картка са словамі з Евангельля ці іншай вечнай мудрасьцю й поўны стол! Надзорка пытаецца: «Чыя брыгада?» — «Ларысы Геніюш», — адказваюць дзяўчаты нейк бязбоязна, горда й глядзяць на мяне, штрафніка, якога маюць адвезьці, а радыё ў сталовай грае якраз «Радзіма мая дарагая». Першы раз чую гэтую песьню, ледзь ня плачу. Знача, недзе хоць крыху яшчэ жывем, яшчэ нехта так моцна, так шчыра адчувае нашую Беларусь…

Яшчэ адзін дзень нарадзінаў, але ён быў, здаецца, раней. Брыгады ў зоне, лета, цьвіце іван-чай. З раніцы йдуць віншуюць мяне ўсе амаль людзі, усе нацыі. Букетаў няма гдзе ставіць. Літовачкі нарысавалі Юру, які адзінока сядзіць над Нёманам. Ямо разам іх падаркі, пасьля беларускія, украінскія, рускія, латышскія і г.д. Так да вечара. Я ўчадзела ад добрых слоў, ад пачуцьцяў людзкіх. Элка напісала: «Паэт — паэту» — усе цытаты аб паэзіі, асабліва сваяго ўлюбёнага Маякоўскага, вялікія два аркушы. Прывітаньняў высокі стажок. Назаўтра ад сяброў цераз дзяўчат, яны ня ведалі, верш з загалоўкам «Нявольная маці нявольных сыноў» — як яны на руках панясуць мяне дамоў… О, мары сьветлыя патрыётаў, харошых маіх сыноў… Я хаваю гэта ў сваіх рэчах у капцёрцы. Ноччу на мяне нападаюць, валакуць у капцёрку. Я дастаю пакрысе свае рэчы, а запісачку тую дарагую адкідаю ў кут. Надзорка бярэ яе. Мяне выклікае страшны, дурны опер. «К каму пісаная гэтая запіска, каму?» — «Ня мне, — кажу, — але аба мне!» Ведай гад гэтыя словы Сыноў аба мне! Ён амаль усе аддае мне, але тое дарагой запіскі, ліста ад Элкі і інш. не дае. Добра, што хоць ня ў БУР… Нешта гаворыць мне пра срок, так я кажу: «Усе дарогі вядуць за зону, гэта знача на волю». — «Нет, все дороги ведут к коммунизму», — пярэчыць ён мне, іншых гарызонтаў у такіх не бывае…

Я ўмею шапкі шыць і рукавіцы. Шыю іх з лахманоў для найбяднейшых бабак і так цешуся гэтым… А як там мой муж, мой сын, і ім, пэўна, холад?.. А ўся мая сям’я? Ад’яжджаючы, я пакінула ўдома бацькоў абаіх, трох братоў, трох сястрычак. Гэта было ў канцы 37-га года, я ехала ў Прагу да мужа. Яны ня плакалі, а мне плач разьдзіраў грудзі. Яны не паэты, гэта паэты ўсё чуюць наперад. Цяпер тата мой, мажны й харошы, арыштаваны ў 39-м годзе, забіты ў гродзенскай турме, мама памерла на высылцы ў Казахстане ў 1945 годзе. Каханы з братоў Расьціслаў, мэтар дзевяноста пяць см, высокі, з галавою, як залацісты сноп жыта, загінуў пад Бэрлінам 28 красавіка 1945 года. Маладзенькі Аркадзі, які разам з Аляксеем пайшоў з высылкі ў армію Андэрса, ляжыць у польскай братняй магіле ў Ларэта ля Рыма, маленькая Люся ў 1954 годзе загадкава памерла ў Вроцлаве, Аляксея велікадушна Англія прыгарнула, а Ксеня й Ніна выстаўленыя на ўсе правакацыі ў Польшчы, як і няшчасны мой сын… Муж зусім адзін у Варкуце недзе, як я ўжо пазьней даведалася, і я… Толькі я не адна, са мною заўседы людзі, асабліва ўкраінцы, якіх так нязьмерна цаню, і добры Бог са мною, а пасьля лагеру й мой муж…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win