Шрифт:
Нашую брыгаду назначылі ў воінскую часьць. Там мы нешта вычышчалі, наводзілі парадкі, а малодшых дзяўчат узялі мыць салдацкую сталовую. Звычайна туды йшлі неахвотна, хіба што на двары была сьцюжа. Дзяўчаткі выбеглі нейкія неспакойныя, вочы ім аж блішчалі, і адразу пачалі шаптаць нам, што чулі па радые — захварэў Сталін. Наша групка — украінкі, я й дзяўчаты з Прыбалтыкі — так і зьбегліся, ня ведалі, як стрымаць сваю радасьць. «Кровоизлияние в мозг». Божа, Божа, ці хоць добра памятаю? Гэта ж, здаецца, сьмяртэльна, няўжо канец зьдзекам, няўжо пачуў нас Бог? Кубаткіна пачала заводзіць, другія дурніцы — крывіцца, а мы ажылі! Падышла да мяне Афанасьева, стукач ад’яўлены, і кажа: «Он был гений, как вы находите?» I што тут сказаць, ану ж яшчэ ажыве нехрыст… Кажу: «Ёсьць розныя геніі, светлыя ёсьць і чорныя, гэты быў найчарнейшы…» Ідзем у зону, а йдзецца лёгка, надзея малюе ўжо волю, сына, мужа і ўсе чалавечае. У зоне марафонскім бегам у санчасьць да першае лекаркі: «Ці выжываюць з кроваізліяньня?» Амаль не!!! Божа мой, знача, «кат всех времен» ужо ня ўстане. Сьвята для нас, о, як жа добра, што нелюдзю няма ратунку. Кубаткіна ў чамадане з рэчамі хавала яго партрэт, якіх навалам было ва ўсіх газэтах. Дастала яго й плача. Няшчасны, бедны ліцамер, які звучыў усе самыя хітрыя ходы, каб выжыць, хоць мёртвы ня ўстане. «Кінь к чорту яго, — кажам, — ён ужо ня страшны…» Яна сьмяецца, пачынае верыць у тое, у што ёй, Кубаткінай, паверыць трудна…
I вось яго няма. Недзе хаваюць у Маскве, а нам загадалі на працы стаяць і маўчаць хвіліну. Цяжка выстаяць, цяжка маўчаць, калі Бог адчыніў справядлівасьць. Паглядаем на канваірскія морды, пасьмейваемся, што ж сіроткі без сваяго «тата», вам ня сорам за ўсе?.. Нас яшчэ пусьцяць ня хутка, але вецер павеяў цяплейшы, ад аднаго факту той сьмерці людзям стала дыхаць лягчэй.
Мяне часта выклікалі, то пытаюць, напрыклад, ці Натальля Арсеньнева камсамолка, ці ведаю Клімовіча і т. п. Вось пакінулі ў зоне, знача, зноў нечага хочуць, чаго цяпер? Выклікаюць з абеду да опера. Уваходжу, сядзіць невысокі сьціплы чалавек у ваенным і кажа: «Сядзьце, у мяне справа да вас. Я так шкадаваў вас, што пакінуў, каб хоць дзень адпачылі». Выглядае, што ня лжэ. Уваходзіць опер і як зараве: «Устаць, чаму не ўстаеце, калі я ўваходжу!» — «Я прыехала, лепш сказаць — вы мяне прывалаклі сюды з Эўропы, а там жанчыны, нават зьняволеныя, перад мужчынамі не ўстаюць». Мяне трасе, а малы чалавечак у ваенным лапоча: «I ў нас культурна, і ў нас вельмі культурна…» Пытаўся, здаецца, пра Калошу, і ўсё лагодна, ніякай грубасьці. Там ужо недзе пачынаўся новы хрушчоўскі дух, але ўсе гэта яшчэ вельмі абманчывае, верыць тут ніколі й нікому нельга. Людзкасьці тут не было й ня будзе, тут хітрасьць. Пасьля зноў прыехаў нейкі рыжы «таварышч», я так і не пыталася, хто ён. Гэты пытаўся, ці я пасьпела палюбіць савецкіх людзей? «Якіх? — пытаю. — Прасьветава?» Яму сказалі, хто Прасьветаў. Гэты «дазволіў» пісаць мне — толькі не пра кірку, не пра лапату, проста пра «любоў» да савецкае родзіны… О іронія, о жах… «Вам блішчаць яшчэ вочы», — кажа той рыжы. О так, яны мне будуць век гэтак блішчэць нянавісьцю й помстай на адзін успамін аб такіх дыпляматах. Я яму на гаварыла, што ён аж пазапісваў. Кубаткіну й Радзіонаву ён адпусьціў у Маскву. Мне толькі парадзіў карыстацца бібліятэкаю, тады калі не было ў мяне акуляраў і нават найменшай надзеі на іх. Ня ведаю, хто быў гэты чалавек, але я мела ўражаньне, што яны нарэшце сьцямілі, што сяджу дарма. I яшчэ адно я зразумела, што калі пыгаецца, нехрыст, ці я пасьпела палюбіць савецкіх людзей, знача, мяне згэтуль ня пусьцяць… Я даўно выйшла б з лагеру, калі б гэта было ў Эўропе нават камуністычнай, там была нейкая логіка ў людзей, законы й пасьлядоўнасьць, тут Сталін і мера пачуцьцяў да яго вырашалі людзкія лёсы. Не, гэта было ніяк не для мяне. Мая мілая сяброўка Галіна Уолэс, жонка некага з амэрыканскага пасольства, прасіла мяне: «А ты хоць маўчы й пабачыш — будзе табе лепей, прашу, не высказвайся». Калі нейкі канваір, якога мы празвалі за нялюдзкасьць Гітлерам, зьдзекаваўся нада мной, кажучы: «Вось графіня…» — дык Галіна падыходзіла да мяне й сама высказвалася на ўвесь голас: «Да, он прав, всё же ты среди них выделяешься…» Навучылася яна рабіць печы, што давала ёй магчымасьць быць у зоне, як-ніяк — цяплей.
Зэкі адбывалі на этапы, прыбывалі новыя. Мая Оля Фоцюк была ў нейкай чужой брыгадзе, і мы цяпер рэдка бачылігя. Аднойчы яна завітала да мяне з дзіўнай просьбай, што яе брыгадзірка вельмі прасіла, каб я да яе прыйшла. Яшчэ што, кажу, калі трэба, дык няхай сама прыйдзе, але пані Оля так прасіла, што ўрэшце мы пайшлі. Сустрэла нас чарнавокае, сумнае й вельмі прыгожае дзяўчо. Быда гэта беларуска Жэня Пазьняк. Узялі яе за СБМ роўна ў 16 год, і вось яна канчала свой срок, цяжкую дзесятку, даслужылася да брыгадзіра, але, паводле слоў пані Олі, была людзкай. Пачаставала нас яблыкамі, відно, з пасылкі. Я адмовілася, бо маладым цынга куды страшнейшая, але яна ўперлася, кажучы: «Мне адмаўляць нельга!» Я задумалася, нічога адмаўляць у нас нельга толькі цяжарным… «У чым шрава?» Жэня глянула мне з цэлай душы ў вочы й загаварыла: «Будзьце мне як маці, я ў горы. У мяне ёсьць родная мама, але гэтага не магу ёй сказаць, не перанесла б…» Жэня была цяжарнай ужо пяты месяц. Іх, якія канчалі срок, паслалі ў тундру на сенажаць. Начальнік, нейкі прараб з быўшых зьняволеных, немалады й гадкі тып, проста траўляю й зьдзекам на рабоце воддаль ад большага начальства рабіў там з людзьмі, што хацеў. Ён закахаўся ў Жэню, хадзіў здалёк ад нашае зоны й чакаў, калі яе асвабодзяць, ведаў, што яна цяжарная ад яго. Яна ж так люта яго ненавідзела, так брыдзілася яго маральнай візасьці, што спакойна не магла аб ім гутарыць. I вось што рабіць? Я сказала коратка, што дзіця належыць пакінуць, гэта перад усім яе дзіця. Менавіта тут, гдзе ўсе забіваюць — ад волі чалавечай да самога чалавека, — трэба ратаваць жыцьцё. Справа была пастаноўленай, Жэня лёгка згадзілася, Але ў мяне ж свая беларуская сям’я, перад усім дзяўчаты. Спакойна ім усё расказала й сваю пастанову, пачаўся бунт! Нельга такое дзідя, нельга тут раджаць, трэба гэта зьнішчыць і зацерці сьляды… Што ж, практычна, вельмі «па-людзку»… Я толькі не магла зразумець, што гэта гавораць жанчыны… Я ім сказала, што думаю я й што маленькае будзе жыць! «Мы адмаўляемся гэта падтрымоўваць!» — «Ну й добра, я гэта падтрымоўваю, гэта пяты месяц, і нельга забіць…» Мы з Жэняй узялі на сябе цяжкую адказнасьць. Яна ўжо сядзела ў бараку мамак і вышывала. Вышывала прыдуркам, якім усяго было мала. За пайку яны выкарыстоўвалі патрабуючых і шылі, шылі… гатавалі сабе выправы, але як жа яны маглі глядзець на гэтыя рэчы з лагернай нядолі ў сваіх хатах, дый хто такіх жанчын калі пакахаў бы, бяздушных… Ну, але Жэня вышывала ім і начальству й мела нават капейку за гэта для будучага дзіцятка. Аб гэтым я паведаміла сяброў, думаю, што скажуць? Адныя адразу напісалі, што нельга, каб было дзіця, бо яно ўсб роўна ніколі ня скажа «Жыве Беларусь», а толькі «Всегда готов» і г.д. Другія напісалі: «Нам гэта не падабаецца, але калі скажаш, маці, дык паможам». А трэція ўсьцешыліся, што гэта можа быць нейкі паэт ці паэтка, і калі будзе дзяўчынка, дык каб назвала Жэня найдарожшым для іх імем — Ларыса… А Жэня зацяла вусны, не наракае, такая тактоўная, мудрая, церпіць. Божа мой, гэта ж жыцьцё, і не адна, якая Жэню асуджае, мае куды больш на сумленьні… Аднойчы йдзем мы з работы, а ля вахты чакаюць мяне хмараю проста й віншуюць, што ў мяне ўнук! Ну й так трэба! Жэня была львіца, ня маці, зайздросная за сваё дзецятко, улюбёная ў яго. На жаль, у яе ўспыхнуў тубэрхулёз, трэба было легчы ў больніцу й пакінуць на час які дзіця. Яна не згадзілася, толькі б карміць, толькі б даглядаць яго.
Мяне як штрафніка вывозілі Ніхто ня ведаў куды, гадалі, што на Новую Зямлю. Я пайшла да Жэні. Яна распавіла дзецятка й з плачам упала тварам на яго, уся яна ўздрыгвала, аж стагнала. Я падкяла яе, і мы разьвіталіся. Пару рублёў сваіх я палажыла ля дзецятка й ледзь жывая выйшла з той больніцы. Справа кончылася пагана. Жэня, памятаючы высказваньні сяброў, не зьвярнулася да нікога з нашых. Была ў нейкай знаёмай. Многа хто хацеў ажаніцца з ёю, але жадалі, каб яна аддала ў дзетдом дзіця. Жэня не згаджалася й ненавідзела такіх людзей. Пасьля яна захварэла, захварэла й дзецятко. I калі ўжо пагражала ім найгоршае, зайшоў туды Аляксей, грузін. Ён спачатку падышоў да дзіцяці, пачаў ратаваць яго, а пасьля й Жэню. Ён ажаніўся з ёю, ці кахала яна яго, я не магла запытаць у яе. Я люта злавалася на нашых хлопцаў, ня здольных на дабро й велікадушша.
Цераз пару гадоў, калі мяне зноў вярнулі на Інту й мы з пані Оляй, ужо разканваіраваныя, хадзілі чысьціць сьметнікі па Інце, дык аднойчы, раней кончыўшы сваю норму, зайшлі да Жэні. Была ў іх маленькая хатка, мара ўсіх зьняволеных. Юра вырас, увесь быў, як Жэня, чарнавокі й вельмі прыгожы. Аляксей папраўляў праводку, і малы цюкаў за ім малаточкам. «Гляньце, як мне мой сын памагае», — сказаў, засьмяяўшыся, Аляксей і да сваіх добрых, шырокіх грудзей прытуліў яго маленькі тварык. Я толькі намагалася, каб не заплакаць ля іх. Пасьля паадносіла ім свае лагерныя драбніцы, бо нас «иностранцев» зьбіралі ўжо на далекі этап. Нас завязьлі ў «Дуброўлаг» у Мардоўскую АССР, у Поцьму.
Што цяпер з Юраю гэтым, я ня ведаю. Жэня напісала сябрам, што назаве сваяго сына так, як называецца сын той, каго яна любіць… Я прыкаваная да Зэльвы, да мужа, да развалінаў старой хаты, а сэрца маё ня раз засумуе, застогне й па іх, дарагіх мне, бо вельмі чалавечных. Я з радасьцю пераканалася, што ў Грузіі радзіліся не адныя Сталіны, але і Аляксеі.
А этап далёкі рыхтаваўся. Фрыма Барысаўна бегала па начальніках і плакалася, каб хоць не забралі яе. Рэцэдывісткі блатныя прыбягалі заверыць мяне, што мяне ніколі ніхто ня скрыўдзіць. Некаторых ужо пачалі адпускаць з лагероў, а нас пакідалі па некалькі разоў у зоне для розных фармальнасьцяў. Брыгады варочаліся з работы, а нам ля вахты начапілі бляхі з нумарамі й фатаграфавалі нас. Усе глядзелі на гэта з жахам і яўнай палёгкай, што гэта не датычыць іх… Мае сябры былі ў адчаі. Яны вырываліся пад драты на рабоце, каб хоць пабачыць мяне, бо хто ж ведаў, куды нас павязуць. Я, Оля Мароз, Міля Бак ехалі за тое, што арганізуем людзей, іншыя хто за што. Мы трымаліся як заўсёды. Ад мяне пачулі шмат праўдзівых і зусім не падрёных на каяньне слоў… Лагер плакаў. Дзяўчаты зьбіралі для нас грошы. Людзі кідаліся на шыю й галасілі, як па нябожчыках. Жаль было пакідаць тых, з кім столькі перажылося. Нарэшце канвоі павялі нас на станцыю, і вось загадка — куды ж нас папруць? Нам гэтага ня скажа ніхто, канвой наш — нямы. Цягнік ляціць тундраю далей і далей на поўнач, ужо зусім мала лесу, болей кусты. Нас прывезьлі ў інвалідны лагер у Абезь. Ну што ж, гэта ня самае горшае. Праўда, туды яшчэ амністыя не даходзіла — гэта было яшчэ болей на канцы сьвету.
Забылася напісаць, як пасьля сьмерці Сталіна нас аднойчы ўрачыста сабралі й пасьля непакоячага маўчаньня аб’явілі аб тым, што здымаюць нам намяры й дазваляюць пісаць кожны месяц дамоў. Дагэтуль дазвалялі толькі два разы ў год. Некаторыя пішчалі, плакалі з радасьці, славілі партыю й гэтак далей. Я злосна зацеміла, што давялі людзей да таго, што ўжо няма ім каму пісаць і што номер для нас не цяжкі… Усе злосна глянулі на мяне, асуджаючы за няўдзячнасьць, і толькі адзін з начальнікаў сумна й з нейкім раскаяньнем на мяне паглядзеў, як быццам і ў іх ужо абуджалася нешта чалавечае. Яшчэ пакуль нас адвезьлі, давялося моцна трымаць свой лагер, дый іншыя, паколькі нас крыху слухалі. Людзей трэба было хочаш ня хочаш асвабаджаць з лагероў. Па радыё пералічалі праступнасьці Сталіна, людзі слухалі й лаяліся: за што жа іх гады трызьнілі? Лагеры ўскалыхнуліся, і начальства спалохалася сільнага элемэнту на волі. Пачалі рабіць у лагерох правакацыі. Дзікія, хітрыя азыяцкія правакацыі. Неспакойны элемэнт замест на сапраўднага ворага накіроўваць на самых сябе! Во хітра! Напрыклад, украінцы б’юцца ў лагеры з літоўцамі! Б’юцца з-за слоў, нехта нешта сказаў, і вось адныя з другімі забіваюць сябе за дротам! Начальства, калі яны ўжо пабітыя, «мірыць» неразумных. Палітычныя лагеры, Божа! Але няма дзіва, людзі падзічэлі, пазьвярэлі за дзесяцігодзьдзі жывёльнага існаваньня. Мы з Оляй Мароз, Бірутай Стумбрыце і іншымі разумнымі дзяўчатамі розных нацыянальнасьцяў не дапусьцілі ў сваім жаночым лагеры да падобнага, хоць праявы ўжо пачыналіся.
Вельмі разумнай жанчынай была ў нас Марыя Мартынаўна, жаль, прозьвішча я забылася. Яна была латышка, шляхотная, цьвёрдая, бескампрамісная! Ненавідзела прыдуркаў і бачыла ўсю сыстэму зьняволеньня й трыманьня ў няволі наскрозь. «Знаеце, Ларыса Антонаўна, калі я буду на свабодзе, дык у маёй хаце цяпер ня будзе дарагой мэблі, але на сьценах будуць партрэты маіх любімых дзеячоў, перад усім Уінстана Чэрчыля, у кожным пакоі прытым. Калі чалавецтва яго не паслухае — згіне, і згіне вельмі няслаўна». Мы з бю любілі гаварыць аб гісторыі й спакойна маглі гаварыць на ўсе тэмы.