Сон на кургане
вернуться

Купала Янка

Шрифт:

1-я русалка

Як ён люба злажыў Ручкі пад галаву!

2-я русалка

Як снапок, гэтак лёг Тут на мох, на траву!

3-я русалка

Сам сябе усяго У клубочак сагнуў; Як адпаўшы лісток, Як нябожчык, заснуў.

Усе тры (разам)

Ха-ха-ха! як лісток, Як нябожчык, заснуў!

2-я русалка

Цяпер сядзем пры ім, Як тры кветкі ў акне; Ціха так, каб не знаў, — Ні на яве, ні ў сне.

1-я русалка

І навеем яму, Пакуль сонца зірне, Казку долі яго.

2-я і 3-я русалкі(разам)

Што?

1-я русалка

Сон на кургане.

Усе тры (разам)

Гу-ля-ля, гу-та-та! Пакуль сонца зірне, Загадаем яму Сніці на кургане.

Садзяцца: дзве — наабапал — у галаве, адна — у нагах. Ціха, жаласліва пяюць; шум лесу зліваецца з іх песняй.

Спі, наш міленькі саколік, Госць наш не званы, не сланы! Дням пагубляў ты даўно лік Долі сваёй неспыняны. Мы над табою, мы — цені, Поля і лесу начніцы, — Казкай павеўнай асенім Думкі твае злыбядніцы. Гу-та-та, гу-ля-ля! Думкі твае злыбядніцы. Спі, наш міленькі… Нікому Гэткага сну не ссылалі: Будзеш ту дома, за домам, Будзеш ты бліжай і далей; Сокалам вольным па свеце Будуць павевы насіці; Вогнікі ўгледзіш на цвеце, — Будуць табе іх гасіці. Гу-та-та, гу-ля-ля! Будуць табе іх гасіці… Спі, наш міленькі… Далёка Неба глухога світанне; Будзе нялёгка, нялёгка, Покі дзень новы настане. Мы цябе тутка атулім Ласкай сваёю і песняй, Песняю — лю-лі, ой, лю-лі! Гэтак панадна, уцешна. Гу-та-та, гу-ля-ля! Гэтак панадна, уцешна… Спі, наш міленькі!.. Вы, сосны, Елкі, дубы і асіны, Кіньце шумеці жалосна, Пейце вясёлай часінай. Выгляні, месяц бяляны, Светач ад веку да веку; Сведкаю будзь неабманнай Гэтагу сну чалавека. Гу-та-та, гу-ля-ля! Сведкаю будзь неабманнай Гэтагу сну чалавека.

Пад канец песні падбліжаецца з аднаго боку воўк, а з другога — ліс і аподаль на задніх лапах садзяцца; паміж іх падымаецца да палавіны гадзіна і глядзіць у бок спячага; з-пад лазовага куста высоўваецца заяц і разглядаецца. З апошнімі словамі русалчынай песні паволі апускаецца заслона.

II. На замчышчы

Ноч. Старое замчышча ці так сабе палац — калісь, знаць, важны — сягоння напаўразвалены. На гзымсах паўзрасталі палын і крапіва; каля сцен дзікія ружы і акацыі памяшаліся з лазой і непрыветліва шалясцяць. Вокны і дзверы ўсе наглуха забіты тоўстымі яловымі дошкамі. Ганак (дзе і рэч адбываецца) каменны, на шасці слупах — па тры з кожнага боку. Пусткай, гніллём і зніштажэннем вее з усяго замчышча.

Сам (падцікаецца к парадным дзвярам з тапаром у руках)

Колькі ўжо ночак, ах, колькі ўжо раз Стукаўся ў гэтыя сцены, — Вечна заходзіла штосці не ў час Мне на дарозе нязменна. Дзед мой нябожчык, калі уміраў, Так гаварыў мне і тату: Скарбы у лёхах замчышча схаваў Хтось адзін вельмі багаты. Трапіць жа можна ў ноч тую на след, Як з іх спадае закляцце; Толькі пары той не ведаў і дзед — Трэба яе адгадаці: Летам, увосень, зімою, вясной Гэтыя пробую дзверы; Штось адпіхае, штось кідае мной, З рук выбівае сякеру.

(Закладае лёза тапара за дошку і мацуе.)

Чорны (паяўляецца ля сцяны незаметна і хапаецца за сякеру)

Ты зноў сюды лезеш, няшчасны! Ха-ха-ха! вось так навала! Напрасна, мой мілы, напрасна Зноў цябе немач прыгнала. Не дам я да скарбаў дастацца, Варту я моцна трымаю; Хто важыцца з мною змагацца — Помач я крэпкую маю. Ці просьбай, ці грозьбай, ці стонам Стукнешся ў гэту мясціну — І ўсё на загубу: не ўлезеш да скону… Ха-ха-ха! счэзнеш скацінай…

Сам (адступае ад дзвярэй, тапор з лёскатам валіцца на ганкавы камень)

Так ужо ёмка тапор залажыў — Меціўся дошку сарваці, — Бач, як бы сілы ўсе свае збыў; Млее рука, не спазнаці. Хаты сваёй лягчэй зрушыць звяны, Тут не йдзе ў лік і ахвота. Спробую толькі з другой стараны, Мо спрытней пойдзе работа. (Закладае тапор таксама з другога боку дошкі.) Ну, адрывайся, пракляты запор, До жартаваці са мною! Сілы, больш сілы! ах, каб цябе мор! Зноў не пакратаць рукою.

Чорны (выбіваючы зноў тапор)

Зубамі грызі, війся ў ранах, Сэрцам бі ў камень, як звонам, Крывёю парог злі цагляны, Трупам тут ляж безгалоўным, І з свету таго выглянь марай, Знабам аплутаўшысь дружбай — Удар перунамі з-пад хмараў, — Я не пакіну тут службы.

Сам (шукаючы тапара)

Дома ўжо нельга мне далей так жыць, — Дом мой магілай халоднай; Каменем поле сцюдзёным ляжыць, Плёны змёў вецер халодны. Марна пад кроквай ржавее каса, Недзе ўчапіці нарога… Толькі чырвоная ўсюды раса, толькі к няўдачам дарога. Гадзіны ўюцца вяроўкай ля ног, Смокчуць кроў з жылаў піяўкі; К Богу звярнуўся — маўчыць нема Бог, Сцелючы ў пекле прылаўкі. Людзі!.. Што людзі? Ці ёсць дзе між іх Годны адзін хоць у людзі: Мутасцю, трупам нясе ад усіх, Пошасцей поўныя грудзі.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win