Шрифт:
А л е н к а. Калі я саромлюся.
Я н к а. Мабыць, нешта надта брыдкое.
А л е н к а. I зусім не брыдкое, а нават, як цётка Агата казала, дужа прыгожае. Самі гэта скажаце. (Дастае з торбы прыгожа вышытую кашулю І саматканы ўзорысты пояс і падав Янку, сур'ёзна кажучы.) Прыме-це, калі ласка, дзядзька настаўнік, гэту драбніцу ад сваёй шчыра вам удзячнай і адданай вучаніцы. 3 нашага лену гэта кашуля і з нашай воўны гэты пояс. А сама я ўласнымі рукамі ад шчырага сэрца для вас выткала і вышыла.
Г а р о ш к а. (падаючы новую, дзераўляную, па-мастацку зробленую лыжку). А ад мяне прымеце вось гэта… 3 сваёй яблыні й сваімі рукамі зрабіў.
Я н к а. (расчулены). Дзякую, ад усей душы дзякую! Не ведаю, чым і заслужыў на гэткую ласку?
Уваходзяць Мікіта і Гануля.
З'ява XV
Тыя ж, Мікіта, Гануля.
М і к і т а (вясёлы, пасвіствае і напявае). Радуйся, вселенная! Абвяшчаю ўсім, усім, усім: немцы акупавалі, меджду протчым, Менск!..
Я н к а. Ну і чорт з імі!
М і к і т а. I зусім не чорт, Пане, хэ-хэ-хэ! беларус. (Напявае.) Немцы едуць, нашы йдуць, Немцы нашых падвязуць. (Убачыўшы Янкавы падарункі.) Меджду протчым, што гэта ў вас, Пане профэсар?
Я н к а. Праўдзівая кашуля, праўдзівы пояс і праўдзівая лыжка.
Г а н у л я. Якія ж прыгожыя!
М і к і т а. Як уважаю, то і вы сягоння імяніннік.
Я н к а. А праўда, імяніннік, толькі з іншай плянэты.
Званок.
Гануля выходзіць і варочаецца, а з ёю Спічыні.
З'ява XVI
Тыя ж, Спічыні.
М і к і т а (уніжліва вітаючыся). Мае найніжэйшае ўшанаванне, мусье прафэсару! А я думаў, што сягоння ўжо не прыйдзеце.
С п і ч ы н і. Справы затрымалі. Але мы затое пазней пазаймаемся.
Я н к а. (да Ганулі, набок). А гэта што яшчэ за так! позны госць?
Г а н у л я. Гэта не госць, а нейкі важны дырэктар. Вучыць Мікітку па-нямецку гергетаць. Хто ён родам — напэўна не ведаю. Але сам ён кажа, што ён немец, людзі кажуць, што італьянец, мне здаецца, што ён проста, як і мы, тутэйшы.
М і к і т а. (да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, апаражнеце стол, бо нам трэба хутчэй вучыцца «ўрокаў».
Гануля прыбірае стол, пасля ладзіць для Гарошкаў пасцель на падлозе. Ходзіць у іншыя пакоі.
Я н к а. (да Аленкі і Гарошкі). А мы, пакуль яны будуць вучыцца сваіх «урокаў», пойдзем у мой пакой.
Выходзяць.
З'ява XVII
Мікіта, Спічыні, Гануля.
М і к і т а (паклаўшы на стол некалькі тоўстых слоўнікаў). Меджду протчым, я гатоў, мусье профэсар.
С п і ч ы н і. Можам прыступіць, мусье рэгістратар. Учора мы збольшага прайшлі аддзел прывітанняў, сягоння павінны іх паўтарыць болей стала. Як вы прывітаеце, спаткаўшы немца?
М і к і т а. Гута моргэн, гэр гэрманіш!
С п і ч ы н і. Добра! А цяпер, як вы прывітаеце, спаткаўшы немку?
М і к і т а. Гута тахт, балабоста прусіш!
С п і ч ы н і. I зусім не балабоста, а фрау… Паўтарэце: фрау, фрау, фрау!
М і к і т а. Фраву, фраву, фру, фруву… Фраву-ву…
С п і ч ы н і. Добра! А як вы прывітаеце, спаткаўшы вось такое… (паказвае) малое немчанё?
М і к і т а. Шабас гут, гэр кіндар фатэрлянд, меджду протчым!
С п і ч ы н і. Ой, куды вы заехалі, куды вы заехалі? Толькі не шабас, а… (Далекі стук у дзверы злева. СпІчыні, ускочыўшы.) Нехта ці нешта, здаецца, як бы недзе стукае?
М і к і т а. А прауда, меджду протчым, стукае. Можа, ужо гэр гэрманіш?
С п і ч ы н і. Усякі стук мяне нэрвуе: не магу спакойна выкладаць лекцый. Пакуль што маю гонар выйсці. Заутра начнем прывітанні навыварат. (Хапае шапку і знікае ў дзвярох справа.)