Мой се градок!
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І — некалькі разоў — ледзь не выключэнне з універсітэта за тое, што я не хаджу на многія лекцыі, а замест гэтага прападаю ў бібліятэцы.

Неяк абыходзілася, і я зноў браўся за сваё. Ого! Стаў бы я замест скарбаў, якіх я так доўга чакаў і да якіх урэшце дарваўся па спецыяльнай просьбе акадэміка А.І.Бялецкага (першыя тры, здаецца, курсы ў "тайнае тайных" не пускалі), стаў бы я замест гэтай любоўнай п'янай асалоды хадзіць на лекцыі мікрацэфала і ў соты раз слухаць тое, што ўжо даўно ведаю і што мне даўно ўжо абрыдла і — я прадчуваў — доўга яшчэ будзе абрыдаць. Там са мною гаварыў яловай мовай пра моранага дуба думкі сучасны варыянт папячыцеля Карнілава, а там мне грымелі, шапацелі, спявалі Дастаеўскі і Сафокл, Шаўчэнка і ўсе старыя ўкраінскія, беларускія і іншыя гісторыкі, там былі Катул, Антоніч, Рыльке, паэты "Млодай Польскі", Бунін, Ясенін і Грын, стаптаны тады Важдаевым з зямлёю, невядомы мне да таго (ды, па-мойму, і на радзіме тады не сярод усіх папулярны) Норвід.

З некаторымі ацэнкамі тагачасных крытыкаў я не згаджаўся, з некаторымі быў згодзен (і зараз, напрыклад, не прымаю Гамсуна, Пруста і іншых), але галоўнае было тое, што, раскашуючы ў каморы чалавечых думак і пачуццяў, я прымаў сам і адвяргаў сам, давяраючыся толькі ўласнаму мозгу, сэрцу, сумленню, не кіруючыся нічыімі безапеляцыйнымі ўказаннямі.

Няпраўда, указанні былі, вельмі далікатныя, стрыманыя, асцярожныя. Украіна і Кіеў пасадзілі мяне за гэты банкетны стол — яны знайшлі мне і настаўнікаў, якія ненавязліва, часта канфідэнцыяльна, заўсёды як роўныя з роўным (а яны ж былі старымі маракамі, а я юнгам), з павагай "толькі рэкамендавалі і раілі, калі гэта мне падыдзе", які кяліх піць з гэтага разліўнога мора ідэй і тэорый. Звярталі ўвагу на тое, які іранічны парадокс варты цэлай сістэмы, і якая дужа сур'ёзная кніга, высока ацэненая тым і тым, вартая прачытання толькі каб ведаць яе, не паступаць так, як раіць яна, і, калі нехта ўжыве яе як зброю, мець супраць яе надзейны шчыт: ведаць на тры метры пад аўтарам, чаго ён хацеў і чаго дабіваўся.

Гэта быў асцярожна-іранічны і пры гэтым на дзіва для мяне адкрыты і шчыры А.І.Бялецкі, непрыкметны, а між тым, шырокі эрудыт А.А.Назарэўскі, вельмі-вельмі цікавы (а гаворыць так, што зразумее і загарыцца нечаканай і новай думкаю нават тупы) сівы С.І.Маслаў. І прафесар Шамрай (на жаль, рана пайшоў) з яго сарказмам. І паэт Рыльскі, нібы паглыблены ў сябе. І "свяцейшая" наша Л.А.Панамарэнка.

Бадай-што ўсе яны былі значна цікавейшыя ў жыцці, у размове (мне шанцавала, яны верылі, што я шчыра стараюся зразумець хаду іхняй думкі і іхніх сумненняў да тых глыбінь, куды сёй-той з іх, можа, і сам заглядаў не дужа часта, і плацілі мне за сур'ёзнасць, смею думаць, поўнай адкрытасцю), чым у некаторых са сваіх кніг. Ды яно і зразумела было. Яны былі людзі добрай школы і памяталі, што Сакрат не пакінуў кніг, затое пакінуў вучняў. Яны, вучні, былі ў большасці, вядома, дурнейшыя за яго, але глыбокая пашана да настаўніка і яго памяці прымушалі іх несці ў свет нескажоныя яго думкі і няхібна карыстацца ў жыцці ягонымі правіламі, жыць імі, прыбавіўшы крыху свайго, яшчэ лепшага, — самаахвярна.

У кнізе ўсяго не скажаш. Лепшае сваё чалавек выказвае ў шчырых размовах з сабе падобнымі, і яны — магу ганарыцца, хаця і не ведаю, чым заслужыў, - не шкадуючы, дарылі мяне гэтай адкрытасцю, гэтым сваім лепшым, якое, можа, рэдка каму і казалі і сведкам чаму, для некаторых, цяпер з'яўляюся, магчыма, адзін я.

Украіна, Кіеў — гэта былі не толькі кнігі і архівы, не толькі лепшыя з настаўнікаў, якія разам са мной узважвалі меру дабрыні і зла, гэта былі археалагічныя раскопы, дзе я працаваў, музеі (украінскі і рускі хацелі браць мяне экскурсаводам, і там і там я праводзіў пробныя экскурсіі і рабіў гэта, не пасаромеюся сказаць, добра, як і экскурсіі ў Сафійскім саборы, калі не было свабодных людзей; пасля гэтага неяк не заладзілася — усё больш часу патрабавала чытанне і пісанне, — але паўсюль я застаўся сваім чалавекам). Ну і, вядома, не толькі музеі, але і опера і сімфанічныя канцэрты. Тады з вясны да восені чалавек з малымі грашыма (а адкуль яны ў студэнта?) мог праслухаць усю сімфанічную класіку бясплатна з эстрады ў парку над Дняпром. Дырыжыраваў, нават злёгку какетнічаючы і хуліганячы, Рахлін, граў Рыхтэр і г.д.

Лёс мой кідаў мяне так, што з многімі людзьмі мастацтва я быў знаёмы. Прычым зводзіў ён мяне з імі, што абставіны знаёмства маглі б здацца нейкай містыкай, і адзін з нашых вядучых крытыкаў абавязкова кінуў бы свой дзяжурны сказ: "Караткевіч выдумае, а пасля сам жа ў гэта і паверыць". Па-першае, гэта не абраза: значыцца, выдумана дыхтоўна, з шырынёй і фантазіяй, так, што не толькі чытач, хочаш не хочаш, а паверыць, а, з цягам часу, і сам аўтар. А па-другое, можна, вядома, правесці дні 8 — 9 студзеня гэтага года так: пайсці на работу (ці працаваць дома), пасля на паседжанне (сход, праўленне ці што там яшчэ), паглядзець тэлевізар (пачытаць кнігу), легчы спаць, паўтарыць тое самае на наступны дзень і вечарам пайсці ў госці. Гэта б лічылася нормай. Але такая норма, такі паўзучы жыццёвы рэалізм, не па мне. Па мне паехаць у гэты дзень у Мсціслаў, дарогаю (пры трыццаці градусах марозу) трапіць ва ўраганны буран, калі снег ад зямлі да неба, блукаць, бо ў метры ўжо не відаць нічога, некалькі разоў думаць, што ўжо гамон (тым больш, што праз нябачныя шчыліны ў машыну насейвае снег, а матор глухне, бо ў Беразіне заправілі бензінам з вадой), выбіцца ўрэшце на аўтакалону, што таксама засела (снег вышэй аўтобусаў), капаць, выцягваць і вылезці-такі ў дзве гадзіны ночы з дапамогай бульдозераў. А назаўтра, ідучы Мсціслаўем, бачыць у лютым марозным небе каляровую і вялізную, на палову неба, вясёлку. А ноччу, у дадатак да ўсіх уцехаў, бачыць яшчэ і як памірае поўня пад час месячнага зацьмення.

Вось гэта сапраўдны рэалізм. Мой. І вы ў мяне гэтага майго рэалізму не адбірайце і іншых "ізмаў" мне не торкайце. Ні ў жыцці ні ў творчасці. Бо іначай жыць, іначай пісаць я не хачу і не магу.

…Але досыць пра крытыкаў. Вернемся да іншага.

…Дык вось пра кіеўскіх людзей мастацтва. Адзін толькі выпадак. Не памятаю ўжо, на якім курсе было, падыходзіць да мяне ў зале акадэмічнай бібліятэкі мілая жанчына і шэптам просіць выйсці, а ў калідоры тлумачыць, што яна біёлаг ці псіхолаг (не памятаю), піша дысертацыю (ці проста навуковую працу) аб стамляльнасці, і паколькі з усіх, хто сядзіць ва ўсіх залах, я працую найбольш часу, з раніцы да вечара, працую больш за ўсіх заўзята, мэтанакіравана і ўтрапёна, то ці не згаджуся я ёй дапамагчы. Я згадзіўся, але сказаў, што часам хаджу на лекцыі, а яна сказала, што нічога, што яна і гэта ўлічыць, як адпачынак.

І вось да таго, як засяду за работу, у сярэдзіне дня, і пасля сканчэння работы я іду ў маленькі пакойчык, вызвалены для яе машын, там мне надзяваюць на галаву марсіянскі шлем, наклейваюць на павекі розныя датчыкі, дзьмухаюць у вока струменьчыкам паветра (а на экране ў гэты час скачуць зайчыкі рознай формы), даюць рашаць пад секундамер розныя тэсты (я не ведаю прозвішча гэтай жанчыны, забыў імя, але як нехта прачытае гэтую работу і сустрэне там "працаздольнага студэнта К…", то хай ведае, што гэты падвопытны трусік быў я), а пасля даюць яшчэ пятнаццаць рублёў. Не чакаючы гэтага, я пачаў быў адмаўляцца, але яна ўгаварыла. І потым, час быў для мяне вельмі скрутны, і з гэтымі грашыма я мог працаваць тут, а не хадзіць разгружаць вагоны. І я ўзяў, бо й так, дзе яна знайшла б чалавека, які штодзённа столькі б сядзеў за кнігай.

Працавала яна ўсю зіму, а пасля скончыла работу і пайшла.

Здаецца, праз год, неяк вясной, студэнты задумалі запрасіць на выступленне Барыса Раманавіча Гмыру, тады ўжо народнага артыста, а можа, і лаўрэата. На чале дэлегацыі дзяўчат накіравалі мяне, "галоўнае трапло і Сірано дэ Бержарака" (лічылася, што, калі я захачу, і калі чалавек будзе мне сімпатычны, і калі гэтага дужа патрабуе справа, і калі камусьці — не мне — будзе без гэтага нявыкрутка, я магу "прывесці ў выгляд, зручны для лагарыфмавання, самага складанага і цяжкага чалавека, абы разумны быў").

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win