Мой се градок!
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І праўда ж гэта было: прыгоды, вернае мушкецёрскае сяброўства да канца і абяцанне першага кахання, таксама да канца, у што я крыху старамодна і сентыментальна веру.

Сяброўства, небяспека, намёк на абуджэнне сэрца і намёк на будучы шлях — вось колькі ўсяго шчодра адваліла мне Украіна, Кіеў. Дык як жа магу я, унук свайго дзеда, не ставіцца да іх і да Беларусі з лёгкай добрай іроніяй і як я не магу не разбіць носа кожнаму, хто ўздумае жартаваць з іх нядобра і ўсур'ёз?

Я пан жартаваць сам з сябе. Але няхай толькі паспрабуе іншы.

Бо вось усё ўспамінаецца падземны ход пад мур лаўры і святло месяца на бяленькіх хатках Цялічкі, якія адбіваюцца ў начной вадзе рова (там цяпер дамы). І тое, як на світанні глядзеў у туман над Дняпром і здавалася, што вось паплывуць з вярхоўяў варажскія чаўны, і Аскольд з Дзірам спытаюць: "Чій се градок?"

862 год. Першая дакладная храналагічная дата з жыцця старажытнага Кіева. Незадоўга да гэтага Кій, Шчэк і Харыў (або іхні род) "ізгібоша". Я не паленаваўся і перабраў каля сотні радаслоўных розных радоў на Беларусі, Украіне, Расіі. Ёсць сярод іх "доўгія" (Радзівілы — 600 год, і жывуць; Раманавы — каля 600 год; Сапегі — недзе каля 400 год, вымерлі), ёсць кароткія (род Монтвіда, Карыята, Кейстута і Любарта Гедзімінавічаў вымерлі ў мужчынскай лініі ў другім-трэцім пакаленнях). Сярэдняя працягласць дынастыі (асабліва калі ўлічыць, што князі тады арудавалі мячом самі, а не рассылалі загады праз ад'ютантаў) 150 — 200 год.

Нарманісты, хоць ты іх галавою аб сценку таўчы, лічаць, што гэта і ёсць пачатак Кіева. Аднагодак Полацку. Але мы ведаем, што такое першая згадка ў летапісу. Гэта азначае, што дадзены горад нета або спаліў, або захапіў, або нейкая чума ў ім была. Даўжэй, значна даўжэй гісторыя гарадоў. І невядома яшчэ, ці варагі былі Аскольд і Дзір, ці нашчадкі Кія (так кажа Длугаш).

Не ведаю, але калі вось у такую туманную раніцу я нібыта чую з ракі пытанне: "Чій се градок?" — мне хочацца загарлаць ва ўсё горла: "Мой! Мой гэта градок! І спрадвеку быў мой, як спрадвеку маёй была, і ёсць, і будзе мая вялікая рака!"

Няма чаго здзіўляцца, што ўспаміны аб вайне, сябрах, успаміны аб тым, як нарадзілася пачуццё прыналежнасці да мінулага, дзіўнае адчуванне, што ты жывеш унутры яго, прывялі мяне, калі прыйшоў час, зноў на Украіну, у Кіеўскі універсітэт. І я, відаць, не дужа памыліўся, прадчуваючы, што менавіта там мне ўдасца лепей зразумець мінулае ўсходнеславянскіх народаў, чым яно ў кожнага народа падобнае і чым адметнае. Там былі лепей упарадкаваныя бібліятэкі (асабліва аддзелы рэдкіх кніг і рукапісаў) і архівы. Акрамя таго, там ніхто не здзіўляўся, што я чытаю, напрыклад, Максіма Гарэцкага (быў 1949 год), усю літаратуру аб паўстанні 1863 — 64 гадоў або, скажам, справу забойцы Лермантава М.С.Мартынава (ён сядзеў тры месяцы на гаўптвахце ў Кіеўскай крэпасці і ў Кіеве ж павінен быў адбываць царкоўнае пакаянне; пятнаццаць год — пасля толькі пяць год, але ўжо праз чатыры гады ад эпіцім'і быў вызвалены). Або разнастайныя старадрукі ці перыёдыку 20-х гадоў. Гэта прыводзіла часам да дзіўных выпадкаў. Да таго, скажам, што я здзіўляўся, чаму паўстанне Каліноўскага называюць сялянскім, калі яно было — статыстыка! — разначынна-шляхецка-сялянскім. Калі пазней гэты погляд — падзякуем Г.В.Кісялёву — стаў агульным, я ўспрыняў яго з радасцю, як заўсёды з радасцю ўспрымаем такую падзею, калі розум і вернасць ісціне даюць па лапах прадузятай думцы.

І такіх адкрыццяў было шмат. І самым галоўным адкрыццём быў горад. Вялізная і аж да неймавернасці цікавая гістарычная і сучасная кніга. Самая ў маім жыцці захапляючая кніга аж да таго часу, калі я пачаў чытаць кнігу маёй роднай стараны, маёй зямлі, якую я з'ездзіў, праплыў, прайшоў уласнымі нагамі ўсю.

Першай кнігай быў Кіеў. І чаго я толькі там не наглядзеўся, дзе толькі не налазіўся. Трымаў у руках чэрап Яраслава (здарылася раз такая нагода), жоўты з белай плямай (след удару шаблі качэўніка; толькі я не ведаю, ці не быў гэта муляж ці нейкі іншы чэрап, як гэта часам робяць у музеях. А я тады быў яшчэ нявопытны).

І гэта было веданне горада знутры, да апошняга каменя (цяпер, вядома, не тое, "мой горад" цяпер толькі нязначная частка Кіева). Я лазіў у скляпенні і на званіцы цэркваў, ведаў, чым славуты кожны прахадны двор і як ім прайсці, у якім двары найлепшая ў Кіеве акустыка, калі заспяваеш (вуліца Чудноўскага, цяпер Рэпіна, якраз "за спіною ў Тараса"), дзе гібее ў хмызах закінуты фантан незвычайнай формы. Я памятаю, як выглядалі драўляныя, даўно знесеныя дачы на берагах Дняпра на шляху да "Зязюлі", і якія незвычайныя людзі там жылі, і як менавіта ў апошні раз вялі свае партыі ў "Запарожцы за Дунаем" М.І.Літвіненка-Вольгемут і І.С.Патаржынскі, і хто пры іх граў турчаня (Барадзінеўскі), і дзе сядзеў палонны Шаміль (вул. Кірава, а нумар дома, здаецца, 28, на рагу Крапаснога завулка), і колькі ў Кіеве Лысых гораў (аж тры, так што вось дзе ведзьмам раздолле і раскоша!). І памятаю (мабыць, такіх людзей не дужа многа), як помнік Уладзіміру пару дзён стаяў увесь чырвоны, нібы заліты той крывёй, якой многа праліў князь. Ільсніўся барваю на сонцы страшны, як рана (гэта ягоную бронзу і чыгун грунтавалі, і было гэта ці не ў пяцьдзесят трэцім годзе). Словам, ведаю цэлую кучу бескарысных і, аднак, чароўных рэчаў, пры веданні якіх толькі й можна сказаць, што чалавек з горадам на "ты". Бескарысных, чароўных і… дужа патрэбных, бо гэта — душа горада і частка тваёй душы ў ёй. Не велічныя абеліскі і мармур, а памяць пра тое, як раса падае з хобатаў сланоў на дзівацкім будынку Гарадзецкага (мабыць, гэта і дало падставу К.Паўстоўскаму пісаць, што слановыя галовы на гэтым будынку рыны, што, па-мойму, не так, я, ва ўсякім разе, правяраў і такіх не бачыў). І памяць пра тое, што ў караімскай кенасе не заўсёды было кіно, а пэўны час быў тэатр лялек. І памятаеш, як называўся Яраславаў вал раней, і радуешся, што людзі паразумнелі і даюць імёны сучаснікаў вуліцам, пабудаваным сёння, а не старым, гістарычным вуліцам, якім многія стагоддзі. І ты можаш нават дужа часта папраўляць даведнікі.

Чырвоны з чорным, колераў Уладзімірскай стужкі, корпус універсітэта (старая, яшчэ царскіх часоў чырвань — а легенда казала, што так пафарбавалі будынак пасля студэнцкіх хваляванняў — настойліва лезла праз менш якасную новую), маладзенькія пірамідальныя таполі перад порцікам (цяпер яны закрылі яго ўвесь, ды і ўвогуле зеляніна кіеўская разраслася так неўтаймавана, што схавала ад вачэй маіх абліччы многіх родных дамоў, і я не пазнаю іх у твар, а куткі, дзе я ведаў кожны камень, здаюцца мне чужымі), доўгая магіла кіта-фінвала на універсітэцкіх задворках (першая кітабойная флатылія падарыла яго універсітэту, і косткі вось так вызвалялі ад мышцаў), а побач, між "кітовым капцом" і акадэмічнай бібліятэкай, у татарніках, вялізная конная статуя Суворава.

Залы бібліятэк (вялікай я не любіў і заўсёды сядзеў у першай, малой) такія розныя, з такімі разнастайнымі тварамі і атмасферай, ад строгай вялікай і да малой залы літаратуры па мастацтву, дзе на стале ў яблычна-аранжавай, крыху спляшчанай зверху і знізу вазе стаялі нейкія барвяна-індзейскія галіны з лісцямі (за вокнамі даўно снягі, а тут была восень і яе лёгкі, празрысты настрой).

Кнігі. Старыя, пульхныя, у скураных адзеннях, чорных і рыжых, з валікамі на карэньчыках, сухая сітаватасць паперы XVІІІ стагоддзя, альманахі часоў Міцкевіча і Пушкіна, "Жалейка", прыжыццёвыя выданні Лесі Украінкі, "Матчын дар" (па вонкаваму выгляду кнігі адточанае вока можа меркаваць пра эпоху, у якую яна стваралася і выйшла, часам не менш, чым па яе зместу). Кнігі, залашчаныя сотнямі рук, і кнігі (часта не менш цікавыя), якія за сто год не разрэзала нічыя рука, і тады ты першаадкрывальнік.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win