1. каталог Private-Bookers
  2. Проза
  3. Книга "Перастарка (на белорусском языке)"
Перастарка (на белорусском языке)
Читать

Перастарка (на белорусском языке)

Соболенко Роман

Проза

:

русская классическая проза

.

Раман Сабаленка

Перастарка

Неяк так здарылася, што Гарпуська засядзелася ў дзеўках. Нельга сказаць, каб дзяўчына была з якiм бракам. Наадварот, у свой час Гарпуська была вельмi паглядная. Крыху камлюкаватая яе постаць была добра скроена, прыгожыя рысы твару надавалi нейкую своеасаблiвую цеплыню. Не так даўно адбою не было ад хлопцаў. Яшчэ i летась да Гарпуськi часцяком наведваўся трактарыст Мiкiта Чурак. Ён, гэты трактарыст, кажуць, ужо асеў назаўсёды ў Ямiшчах, гэта значыць у трэцяй брыгадзе, якая знаходзiцца за сем цi за восем (хто яго там калi мераў) кiламетраў ад цэнтра калгаса "Зялёная нiва".

У свой час у Ямiшчах быў асобны калгас, i Гарпусьчын бацька - Свiрыд Клiмянок - быў за старшыню ў iм. Год колькi назад ямiшчынскi калгас далучылi да "Зялёнай нiвы", i ён стаў трэцяй паляводчай брыгадай. А праз два гады пасля гэтай падзеi здарылася няшчасце: Свiрыд Клiмянок сеў на жарабца Патона i паехаў у праўленне калгаса. Жарабец быў малады, неаб'езджаны, i, калi Свiрыд ехаў палявой дарогай праз жыта, ён нечага ўпудзiўся, i брыгадзiр так грымнуўся вобземлю, што нядоўга пажыў на гэтым свеце. Казалi, што пячонкi адбiў чалавек. Колькi нi старалiся дактары, не далi рады яго адхаяць.

Адным словам, у Клiмянковай хаце не засталося i мужчынскага заваду. I цi то таму, што ў хату трэба быў мужчына, бо нельга ж без яго жыць - дроў накалоць, дык бярыся сама за сякеру, зноў жа такi ўзараць сядзiбу, то прасi на прамiлы бог каго, - старая Параска - Гарпусьчына мацi - часцяком намякала дачцэ, што трэба ўжо i пары шукаць. Аднаго разу ўвечары да Клiмянковых у хату зайшоў Мiкiта Чурак. Мацi, вiдаць, скмецiла, што гэты хлопец хоча з акрайцам прыйсцi ў сваты да дачкi. Яна гэтак уважлiва аглядала яго, што той сябе адчуваў нiякавата. Старая доўгi час распытвала ў Мiкiты пра бацькоў, бо ён быў нетутэйшы. Параска ў душы была ўжо згодна на тое, каб Мiкiта прыслаў сватоў, хоць хлопец ёй i не зусiм падабаўся: ён быў нейкi мiзэрны, да таго ж вельмi маўклiвы i сарамлiвы. Праўду сказаць, цётка Параска не вельмi любiла такiх. Яе ж нябожчык Свiрыд у маладосцi вунь якi зух быў: i на язык, i на работу. Калi за што, бывала, возьмецца, дык тое аж гарыць у руках. А гэты як пачне гаварыць, дык нiбы яму цяляты язык аджавалi. Зноў жа такi, Мiкiта ходзiць заўсёды зашмальцаваны, мурзаты, нiбы яму i ўмыцца няма калi. Матчына вока заўважыла ў той раз, як Мiкiта быў у iхняй хаце, што Гарпуська не вельмi горнецца да хлопца, але сама сабе падумала, што дачка ўжо немаладых год i, чаго добрага, яшчэ зусiм застанецца ў дзеўках. Яна ўжо заўважыла, што i яе Гарпуська пачала неяк мiзарнець. Нос яе завастрыўся, палупiўся ад сонца i ветру, твар здрабнеў, вочы неяк запалi. Ды хiба дзiва, раслiна i тая, калi перастоiць на коранi, жоўкне, нiкне да зямлi. I таму, калi Мiкiта, развiтаўшыся, выйшаў з хаты, Параска, напускаючы на сябе штучную злосць, сказала:

– Гэтыя твае пераборы, глядзi, бокам вылезуць.

– Дык што я там перабiраю?
– агрызнулася Гарпуська.

– Ды хоць бы колькi iх ужо ў хаце вачмi свяцiлi, а табе ўсё няўгодныя i няўгодныя.

– Мама, вы сябе глядзiце, а не мяне i не мяшайцеся ў маё жыццё, рашуча i са злосцю заявiла Гарпуська.

– Як гэта не мяшацца?
– ускiпела Параска.
– Не табе адной пры iм жыць, а i мне. Не пайду ж упрочкi з сваёй хаты.

– Нiхто вас у тыя прочкi i не гонiць, - памякчэла ўжо Гарпуська.

Параска на момант задумалася.

– А тым часам i гэты хлопец не пустадомак якi. А тое, што ён не вельмi прыгожы, дык хiба з яго карцiны маляваць. Эт, абы гаспадар быў.

– Дык бярыце яго сабе, - ледзь не загаласiла ад новага прыступу злосцi Гарпуська.
– Вельмi я вам тут замiнаю, дык вы мяне хоць за вала, абы ў дзеўках не была.

Парасцы аж шкода стала дачкi. Сапраўды, яна i сама не пра такога зяця, як Мiкiта Чурак, думала. Але iх жа вунь колькi ўжо заляцалася да Гарпуськi, а яна - нi прыступу. Узяць хоць бы настаўнiка... Каб, здаецца, маладзенькай была, дык сама б за яго пайшла. А яе дурная Гарпуська ўсё перабiрае ды перабiрае. А хiба з гэткiх вялiкiх перабораў лад якi быў. Параска на свае вушы чула, што яе дачку завуць перастаркаю. Людзям языкоў не завяжаш, ды i гады ж гэтыя, як вада, цякуць. Сама, здаецца, яшчэ от нядаўна маладзёнкай была, а цяпер як зiрне на сябе ў люстэрка, дык палохаецца. Маршчакi ўвесь твар спаласавалi, пад вачыма нейкiя мяшкi-сiнюгi. Хiба старасць хто клiча да сябе, яна сама прыходзiць нечакана i негадана. Параска прыгледзелася да дачкi i заўважыла, што з куточкаў яе цёмных глыбокiх вачэй веерчыкам разбягаюцца па твары тоненькiя, ледзь прыкметныя рысачкi маршчакоў. А хiба ж гэта ад маладосцi?

Глядзiць Параска на дачку, i жаль агортвае старую. Яна пачала заўважаць, што яе дачка рэдка ходзiць на музыку ў клуб, а калi i пойдзе, дык цiхенька вернецца, каб не чула мацi. А яшчэ ж нядаўна Параска любiла пасядзець на лаве пры акне i падслухаць, як яе дачка, седзячы пад старым вязам на лавачцы, шчабятала, нiбы тая птушка. Той шчэбет быў ёй прыемны. Калi толькi чула Параска даччыны словы: "Дык я пайду, а то позна ўжо, мацi будзе сварыцца", яна хуценька кiдалася на ложак i заплюшчвала вочы. А як Гарпуська пераступала парог, рабiла выгляд, што прачыналася, i адразу ж насядала на дачку:

– Дакуль жа гэта ты гуляць будзеш? Да другiх пеўняў? Нiяк не намiлуешся.

Мацi бурчала датуль, пакуль Гарпуська не выпiвала кубачка малака з таго збана, што быў загадзя пастаўлены на сярэдзiну стала, i не кiдалася ў пасцель. Але дзiва, у той сварцы нiколi не было злосцi. Параска сварылася так сабе, для прылiку, бо нельга ж было дачку пускаць на самапас.

А цяпер Парасцы i сварыцца няма за што. Гарпуська калi i вылезе з хаты, дык хiба толькi што ў суботу цi ў нядзелю сходзiць на гадзiну якую ў клуб на музыку. Усё часцей i часцей мацi задумвалася: "дачка яе, адзiная, як вока, з вялiкiх перабораў засядзелася ў дзеўках". I таму Параска катэгарычна сказала дачцэ:

– Бяры хоць гэтага, пакуль не адбiўся ад цябе. Прынады ты ўжо, дачушка, на лепшых не маеш.

Гарпуська аж загарэлася ад сораму.

– Я лепш у дзеўках звякую, чым сабе вазьму ўдачу такую.

Ямiшчынскае поле было роўнае, як далонь. Ад самых хат яно распасцiралася аж да лесу. Упоперак поле перасякала дарога, якая iшла з вулачкi да старой, у зялёных каснiках, бярозы. Там яна крута паварочвала направа i праз густы лапушысты ляшчэўнiк вяла да невялiкай чыгуначнай станцыi. Сярэдзiна ямiшчынскага поля была ўрадлiвая. Ад тое старое бярозы паўз дарогу амаль да самых платоў быў iльняны ўчастак Вольчынага звяна.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8

Без серии

Перастарка (на белорусском языке)

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win