Шрифт:
Камандзірская іерархія на фронце мела выразную субардынацыйную пабудову — ад фронту ў тыл. Чым далей ад фронту, тым вышэйшыя чыны, у якіх, як вядома, тым болей розуму і ўлады. За пятнаццаць-дваццаць кілямэтраў ад перадавой усе тылавыя населеныя пункты, ляскі, раўчукі былі забітыя вайсковымі штабамі, аддзеламі і ўстановамі зь дзясяткамі і сотнямі старэйшых афіцэраў, якія штосьці рабілі — пісалі, званілі, раіліся, узгаднялі, што патрабавала вялізнае колькасьці транспарту, сродкаў сувязі. У той жа час на перадавой пад агнём варушылася ў полі жменька змораных, галодных васямнаццаці- і дваццацігадовых хлапцоў. Яны наступалі. Ад іх здольнасьці, патрыятызму і самаадданасьці залежаў посьпех наступленьня і ў канчатковым выніку — вайсковая кар'ера тых, хто атабарыўся ў тыле. Асабліва ў далёкім тыле. Генэралы і старэйшыя афіцэры, як гэта й прынята ў кожнай арміі, усё ж кіравалі ня войскам, а зноў жа генэраламі і афіцэрамі, што стаялі ад іх на прыступку ніжэй — так было зручней ва ўсіх адносінах. Найбольш сумленныя і разумныя гэта рабілі так, што, неяк задавальняючы вышэйшае камандаваньне, імкнуліся ня надта прыгнятаць падначаленых, падтрымліваючы тым рэпутацыю справядлівых начальнікаў. Але гэткая манера была хутчэй выключэньнем з правіла, правілам былі поўная пакорлівасьць перад начальствам і бязьлітасная жорсткасьць у адносінах да падначаленых. Менавіта такім чынам у вайну зрабілі кар'еру тысячы. Ступень патрабавальнасьці — вось тое галоўнае, што вызначала палкаводчую кар'еру самых выдатных ваеначальнікаў сталінскай школы. Памятаю выпадак, калі пасьля вайны судзілі афіцэра, надта заслужанага, на ўсе грудзі ўзнагароджанага палкоўніка, камандзіра гвардзейскага стралковага палка. Гэты палкоўнік ваяваў з чужым прозьвішчам, з дакумэнтамі сапраўднага камандзіра палка, у якога служыў ардынарцам і які загінуў. На судзе яму задалі пытаньне: «Чаму вы, ня маючы вайсковай адукацыі, будучы толькі сяржантам, адважыліся на такую афэру, падпарадкавалі сабе сотні людзей? Як вы імі камандавалі?» «Вельмі проста, — адказваў былы сяржант. — Атрымаўшы зьверху загад, выклікаю камандзіраў батальёнаў і так накручваю ім хвасты, што кідаюцца выконваць, бы ўгарэлыя». Мабыць, някепска «накручваў хвасты», калі атрымаў за вайну ў дадатак да двух незаконна прысвоеных яшчэ чатыры па праву заслужаныя ордэны. Сапраўды, гэты выдатна засвоіў сталінскую навуку перамагаць.
Існуе шырока распаўсюджаны міф пра тое, што няўдачы першага пэрыяду вайны выкліканыя, апроч іншага, перадваеннымі рэпрэсіямі сярод вышэйшага камандаваньня Чырвонай Арміі. Вядома, рэпрэсіі заўжды зло ва ўсіх адносінах, але ці так ужо яны адбіліся на баяздольнасьці арміі? Рэпрэсавалі ж ня ўсіх, самыя знакамітыя ацалелі і ўзначалілі войска. Але як яны праявілі сябе ў гэтай вайне? Ужо першыя месяцы паказалі поўную іх няздольнасьць кіраваць войскамі ва ўмовах фашысцкай агрэсіі, супрацьстаяць высокатэхнічнай эўрапейскай арміі, якой зьяўляўся вэрмахт. Хутка на палкаводчыя пасады заканамерна вылучыліся іншыя камандзіры, якія нядаўна яшчэ займалі невялікія ці сярэднія пасады ў палках, брыгадах, дывізіях. Менавіта яны хутчэй за сваіх знакамітых начальнікаў навучыліся ваяваць у новых умовах, і, як ні дзіўна, менавіта на іхным вопыце чаму-колечы навучыўся Сталін. Можа быць, упершыню ў савецкай рэчаіснасьці ідэалягічныя ўстаноўкі былі адкінутыя, і ў пэўных вайсковых пытаньнях перамагла голая лёгіка. Адным з самых лягічных актаў было скасаваньне інстытуту вайсковых камісараў, гэтага абсалютна непатрэбнага камандзірскага дубля ў арміі. Зрабіць так вымусілі Сталіна ня толькі пэўныя адносіны з саюзьнікамі (ліквідацыя Камінтэрну), але й велізарны дэфіцыт камандзірскіх кадраў, што ўтварыўся пасьля катастрафічных няўдач пачатковага пэрыяду вайны. Амаль пры ўсіх навучальных вайсковых установах была арганізаваная тэрміновая перападрыхтоўка палітработнікаў на страявых камандзіраў. Зрэшты, перакаваць усіх учарашніх камісараў на страевікоў ня мог нават сам Сталін, пэўная частка іх была пакінутая ў войску ў якасьці намесьнікаў па палітчасьці — у баявых умовах абсалютна недарэчных, яшчэ неяк цярпімых у пяхоце, але зусім абсурдных у іншых, спэцыяльных родах войска, дзе, апроч правядзеньня палітінфармацыі ды выпуску «баявых лісткоў», патрэбныя яшчэ й спэцыяльныя веды, пра якія нампаліты мелі даволі цьмянае ўяўленьне. Уся іх дзейнасьць на фронце вычэрпвалася прымітыўнай агітацыяй ды дубляжом камандзірскіх рашэньняў, што, аднак, не перашкодзіла ім пасьля вайны прыпісаць сабе галоўную заслугу ў дасягненьні перамогі над «зьлейшым і каварным ворагам».
На палавіне вайны ваяваць збольшага навучыліся; навучыліся таксама хітраваць, вадзіць за нос начальства. Мабыць, без таго ды іншага пражыць на вайне было немагчыма. Запомніўся выпадак пры наступленьні, калі мой гарматны разьлік апынуўся побач з варонкай, у якой сядзеў камандзір батальёна капітан Андрэеў. Гэты ня надта зухавы, штацкага выгляду камбат на вайне зорак зь неба не хапаў, хоць увогуле ваяваў ня горш за іншых. Седзячы ў варонцы з ардынарцамі і сувязістамі, ён кіраваў боем за недалёкую вёску. Справа наступалі суседзі. Камандзір палка няспынна патрабаваў па тэлефоне дакладаў, і Андрэеў, глытаючы нешта з пляшкі, бадзёра дакладваў: «Прасоўваюся пасьпяхова… Спрабую зачапіцца за паўночную ўскраіну… Ужо зачапіўся… Зьбіваю баявы заслон…» Ягоныя роты, між тым, спакойна ляжалі сабе наперадзе ў полі пад рэдкім мінамётным агнём зь сяла, і я думаў: як жа ён апраўдаецца, калі раптам сюды завітае камандзір палка? Але, мабыць, камбат лепей за мяне ведаў звычаі камандзіра палка і не баяўся ягонага хуткага візыту ў батальён. А надвячоркам недзе прасунуліся суседнія батальёны, і немцы пакінулі паўночную ўскраіну вёскі, якую спрытненька заняў батальён Андрэева. Як сьцямнелася, камбат сустракаў камандзіра палка і бадзёра дакладваў пра ўдалую атаку, якой не было. Але камандзір палка, здаецца, быў задаволены. Напэўна, я так думаю, ён падобным чынам дакладваў вышэй, у дывізію, а адтуль дакладвалі ў корпус. Такі быў няпісаны парадак, які задавальняў усіх. А ўвогуле, гэта было больш сумленна і разумна, чым па безгаловай камандзе атакаваць моцнага праціўніка, трупамі ўкладваючы поле. Ведама, у маральных адносінах учынак камбата выглядаў не бездакорным, але ў вайсковых умовах, мабыць, было не да маралі. Заплянаваная ў вышэйшых штабах апэрацыя нярэдка прымяркоўвалася да канкрэтных тэрмінаў (гадавіны Кастрычніка, Дня Чырвонай Арміі, дня нараджэньня таварыша Сталіна, іншых знамянальных датаў), і большую частку часу, адведзенага на яе падрыхтоўку, выдаткоўвалі тыя, хто яе распрацоўваў. Значна меншая частка заставалася для непасрэдных выканаўцаў. Батальёну Андрэева перапала апошняя ноч, ды й тая занятая перадысьлякацыяй, і толькі за гадзіну да атакі камбат атрымаў магчымасьць зірнуць на поле бою, дзе яму належала перамагчы ці памерці. Ды яшчэ без падтрымкі танкаў, з хліпкім артылерыйскім забесьпячэньнем.
Ведама, такога роду авантуры не былі надта бясьпечныя. Хоць у баявых умовах шмат што можна было ўтаіць; тыя, каго трэба было баяцца, ня дужа імкнуліся паяўляцца на перадавой. Але ў выпадку адводу ў тыл, у другі эшалён ці на перафармоўку, пра ўсё рабілася вядома, утаіць што-колечы крамольнае практычна было немагчыма. Адразу ж у падразьдзяленьнях пачыналіся начныя кантакты з «кумам», упаўнаважаным асобага аддзелу (пасьля пераназванага ў контрразьведку «сьмерш»), у выніку якіх камандаваньню рабілася вядома пра ўсё, што адбывалася ў апошніх баях, усе хітраваньні камандзіраў. Упаўнаважаныя «сьмерша» валодалі магутнай нябачнай уладай, ад іх прыхільнасьці залежалі лёс і службовая кар'ера камандзіраў. Тыя з камандзіраў, якія ў свой час не асьцерагліся палону (хоць бы на колькі дзён) або акружэньня, зь якога вырваліся са зброяй у руках, былі пад асаблівым наглядам органаў. Звычайна яны вымушаныя былі паводзіць сябе ніжэй травы і цішэй вады, ва ўсім дагаджаючы ня толькі начальнікам, але й сваім падначаленым. Іначай была рэальная рызыка страціць ня толькі пагоны, але й апынуцца ў штурмбаце, зь якога хіба што некаторыя выйшлі пасьля адбыцьця тэрміну (адзін месяц) ці пасьля раненьня. Другой катэгорыяй павышанай рызыкі былі афіцэры якраз іншага характару — адкрытыя, сьмелыя ваякі, у выніку чаго пры вольных размовах, асабліва за чаркай, дазвалялі сабе нестандартныя выказваньні пра даваеннае жыцьцё, нямецкую тактыку або пра НКВД. У хуткім часе такі чалавек зьнікаў назаўсёды.
Немалую шкоду афіцэрскаму саставу нанёс славуты загад Галоўнакамандуючага нумар 227, вядомы ў войску пад дэвізам «Ні кроку назад». Улетку 1942 году, імкнучыся пераканаць сябе ды ўласнае камандаваньне ў недапушчэньні далейшага адступленьня на ўсход, Сталін усю строгасьць выкананьня гэтага імпэратыву пераклаў на франтавых камандзіраў сярэдняга й ніжэйшага зьвяна, якія адступалі, хіба што страціўшы магчымыя сродкі да абароны. Шмат хто зь іх паплаціўся за тое жыцьцём. Зь першых жа дзён аб'яўленьня загаду пачалося дзікае паляваньне на тых, хто адступіў без загаду. Імі аказаліся, напрыклад, нейкі камандзір палка, якому спазьніліся перадаць загад абараняць пэўны рубеж; камандзір батальёна, што не пасьпеў за кароткую летнюю ноч заняць прызначаныя яму пазыцыі, а раніцай трапіў пад разгромны ўдар нямецкай авіяцыі; малодшы лейтэнант, які камандаваў мінамётнай ротай ды заблукаў у бязьлюдным стэпе. Трыбуналы тае пары працавалі з поўнай нагрузкай. Ад вышэйшых штабоў няспынна патрабавалі зьвестак аб колькасьці расстраляных за суткі, за тыдзень і дэкаду, асобна па катэгорыях — старэйшых і малодшых афіцэраў, камуністаў і беспартыйных, па сацпаходжаньні і нацыянальным складзе. Такога роду паказчыкі зьяўляліся, апроч іншага, і падставай для ўзнагароджаньня афіцэраў карных органаў, шмат якія за гады вайны і былі шчодра ўзнагароджаныя. Цяпер тыя людзі — героі нароўні зь іншымі, несумненнымі героямі, і мала хто здагадваецца, якім чынам заслужаныя іхныя ўзнагароды. Асабліва прыкрытыя распаўсюджанай цяпер міфалягемай: прайшлі вайну «ад званка да званка». У «сьмершы» ці ў трыбунале можна было пасьпяхова прайсьці не адну вайну…
Вайсковыя газэты тае пары, малыя і большыя, зьяўляліся адно сродкам палітычнай прапаганды, разьлічанай на самага масавага і прымітыўнага чытача. Штодзённыя зводкі Інфармбюро — вось адзіны элемэнт іхнай інфармацыйнасьці, у якіх, аднак, старанна шыфравалася ўся геаграфія баявых дзеяньняў, усе назовы часьцей і падразьдзяленьняў. Стандартныя баявыя прыклады для перайманьня, эпізоды баёў на ўзроўні роты-батальёна, прапагандавыя выступленьні штатных палітработнікаў у духу выхаваньня «навукі нянавісьці», прыдуманыя «клятвы» байцоў, «не шкадуючы жыцьця, біць азьвярэлага ворага». Шырока прапагандавалася ахвярная героіка абароны і хоць бы невялічкія посьпехі наступленьня. У выпадку няўдачы выкарыстоўваўся суцяшальны стэрэатып накшталт таго, што немцы плянавалі захапіць горад К. учора, але слаўныя абаронцы сарвалі каварныя пляны ворага, якому ўдалося заняць К. толькі сёньня. У выпадку ўдачы прыводзіліся заўжды яўна завышаныя лічбы стратаў праціўніка і падрабязны пералік трафэяў: вінтовак, гармат, кулямётаў, аўтамашын, коней, фурманак… Нашыя страты ўтойваліся. Фатаграфіяў забітых з нашага боку газэты не друкавалі да канца вайны, вайсковым фотакарэспандэнтам здымаць целы забітых савецкіх воінаў катэгарычна забаранялася. Праца вайсковых карэспандэнтаў, як пісаў яшчэ ў гады вайны сам вайсковы карэспандэнт Аляксандар Твардоўскі, вельмі нагадвала таго добрасардэчнага гультая, які, назіраючы, як сякуць дровы, старанна «хакаў», наіўна думаючы, што тым памагае дрывасекам.
Наступалі, як заўжды, перамагаючы ня так уменьнем, як колькаснай перавагай, галоўным чынам у жывой сіле, справіцца зь якой не маглі ўжо і немцы. Нямецкі генэрал і ваенны гісторык Ціпельскірх пісаў, што, калі суадносіны сілаў на фронце склалі 1:10 на карысьць рускіх, стала зразумела, што вайна прайграная. I сапраўды, да сорак чацьвертага году на поўную магутнасьць запрацавала вайсковая прамысловасьць, на фронт няспынным патокам пайшлі ня толькі людзкія папаўненьні, але і ўзбраеньне, тэхніка, боепрыпасы. Вельмі дапамагалі саюзьнікі, асабліва ЗША, іх славутыя пастаўкі па ленд-лізу. Амаль увесь наш франтавы аўтатранспарт складаўся з амэрыканскіх аўтамабіляў — «фордаў», «шэўрале», «студэбэкераў», «доджаў», «вілісаў». Нашмат горш было з прадуктамі харчаваньня, хлебам; нярэдка арміі, і нават франты, харчаваліся ў літаральным сэнсе з падножнага корму. У канцы 1943 году I Украінскі і I Беларускі франты апынуліся бяз хлеба і змушаныя былі раскопваць у Сумскай вобласьці няўбранае ўлетку, завеянае сьнегам жыта, сушыць яго, абмалочваць і з таго пячы хлеб, карміць войска. Пры падрыхтоўцы Яса-Кішынёўскай апэрацыі харчовая праблема вырашалася больш простым спосабам: зь пятнаццацікілямэтровай прыфрантавой паласы былі выселеныя ўсе малдаўскія сёлы, харчовыя запасы якіх рэквізаваліся для двух Украінскіх франтоў. Чыгуначны ды іншы транспарт на той час вазіў выключна боепрыпасы і зброю для будучых апэрацыяў.
Вайна дарэшты разбурыла эканоміку эўрапейскай часткі СССР. Гарады ляжалі ў руінах, калгасная сельская гаспадарка была зусім дабітая баявымі дзеяньнямі войска — сьпярша пры ягоным руху на ўсход, а затым — на захад. Галодная Ўкраіна не магла пракарміць шматмільённыя арміі, што прыйшлі на яе зямлю, самі сяляне звыкла і даўно галадалі. Франтавікі харчаваліся небагатым пайком, што складалі кавалак чорнага (з сурагатамі) хлеба, паўкацялка пярловага супу, лыжка пярловай ці пшоннай кашы або вэрмішэлі. Упершыню мы наеліся толькі за межамі роднай краіны, на зямлі, ня толькі не разбуранай вайною, але й не кранутай калгаснай сыстэмай. Для тых, хто ваяваў на поўдні, такой краінай стала Малдавія. Белы хлеб, мяса, сыр, брынза, садавіна, віно… Нібы задоўжанае сьвята пасьля мноства галодных гадоў. Але сьвята ўсё ж скончылася. Чатыры месяцы стаяньня ў абароне вялізнай колькасьці войска панішчылі ўсё харчовае багацьце гэтай краіны. Пасьля таго, як мы пайшлі далей на захад увосені сорак чацьвертага году, яна засталася такой жа разбуранай і аб'едзенай, як і ўсе папярэднія.