Шрифт:
У гэты час у дзверы пастукалi.
Да яе рэдка калi хто заходзiў, i кожны раз на стук Фрузына насцярожвалася. Але не паспела яна што адказаць, як дзверы адчынiлiся i ў пакой увайшоў апрануты ў паўшубак чалавек. Не зважаючы на зiму, ён быў увесь расхлiстаны - i паўшубак, i кашуля, i шапка, ссунутая на патылiцу, з рота вырывалася бачная на холадзе пара. Яна адразу пазнала - гэта быў яе нядаўнi знаёмец, iх шафер. Прыжмурыўшыся ад яркага святла, ён пераступiў з нагi на нагу i, вiдаць, не пазнаючы жанчыны, загаварыў:
– Добры вечар, гаспадыня. Цi не паможаце ў бядзе, так сказаць? Лiха на яе, машына занаравiлася - аднаму не справiцца.
Фрузына ўжо развязала хусцiнку, але зноў чамусьцi пачала закручваць на шыi рагi, пазiрала на чалавека, як ён не дужа ёмка таптаўся ля парога, i сэрца жанчыны ў нейкiм недарэчным прадчуваннi хутчэй затукала ў грудзях.
– А што здарылася?
– як мага спакайней спыталася Фрузына.
– Э, - здзiвiўся шафер, прыгледзеўшыся i толькi цяпер пазнаючы яе.
– Гэта вы? Тут жывяце?
– Ды тут. Вось прыйшла толькi.
– А я гляджу - святло загарэлася, думаю, дай пастукаю, - казаў ён ужо больш упэўнена i з прыкметнай iскрынкай радасцi ў голасе. Адталымi пляскатымi валёнкамi прагiнаючы маснiчыны, ён адышоў ад парога.
– Чорт бы яе ўзяў, шафёрскую долю. У Мiнск ездзiў учора, праз ноч туды, цяпер адтуль i вось не дацягнуў -кандэнсатар прабiла. А тут адзiн, машыну не кiнеш i завесцi нельга - хоць плач. Можа б, вы паглядзелi, каб не чапаў хто? Цi, можа, у гараж падскочылi б, там у хлопцаў ёсць запасныя. А то проста бяда...
Яна, усё яшчэ недарэчна хвалюючыся, запрашала шафёра прысесцi, пагрэцца, казала нешта пра холад у пакоi - не паспела насекчы дроў, а сама тым часам апранала ватоўку, гатовая ўслужыць чалавеку.
– Што ж, калi трэба, дык трэба. Я хутка, аўтобусам. Але як яе, гэтую частку?
– Кандэнсатар, там у Змiтрукова цi ў Цярэшчанкi спытаеш - дадуць, - казаў ён, выпраўляючыся за ёю.
– Я i сам збегаў бы, ды груз у машыне, на шашы ўсё ж.
У яго голасе чулася вiнаватасць за тое, што турбуе, ён збiраўся выйсцi следам, але яна запрапанавала:
– А вы нiшто, не турбуйцеся. Пагрэйцеся тут. Калi што, дык у акно вiдаць.
Ён падзякаваў i застаўся, стомлена апусцiўшыся на лаўку ля акна, а яна, на хаду зашпiльваючыся, падалася ў горад - трэба было спяшацца, каб не зачынiлi гараж.
Кандэнсатар Фрузына адразу ж дабыла ў Змiтрукова, ён аказаўся маленькай лёгкай штуковiнай, але часу на абодва канцы шляху ўсё ж мiнула нямала. Калi яна зноў адчынiла свае дзверы, святло ў пакоi было выключана, пэўна, каб лепей бачыць у акно. У расчыненай грубцы, пырскаючы iскрамi, трашчалi сукаватыя смалякi, што нерассечаныя гады два валялiся на панадворку, а побач, на табурэтцы, змораны, аблакацiўшыся на шырока расстаўленыя каленi, драмаў шафёр. Ён не варухнуўся на стук дзвярэй i, звесiўшы долу заблытаныя валасы, цiхенька i мерна высвiстваў носам.
Фрузына паклала на стол кандэнсатар, зняла ватоўку, стараючыся не нарабiць шуму; пацерла густа запацелую шыбу, каб бачыць машыну, i прысела на лаўцы.
Невядома, колькi мiнула часу, а шафёр усё драмаў. Дровы ў печцы спакваля дагарэлi, пакiнуўшы груду зiхатлiвага вуголля. На сцяне пад столлю варушылiся густа-барвовыя водблiскi; схiленую голаў, плячо i рукаў чалавека залiло гарачай мiгатлiвай чырванню. Ад грубкi на ўвесь кут i паўстолi нерухома падаў вялiзны раскiдзiсты цень чалавека.
Раз-пораз пазiраючы праз акно на шашу i на гэтага здарожанага чалавека, жанчына пакрысе пранiкалася цiхай жаласлiвай спагадай да яго нялёгкага турботнага жыцця. Тая спагада ўсё глыбей i глыбей пранiкала ў яе ўзрушаныя пачуццi, шырылася недзе ў душы, паступова перарастаючы ў лагодную пяшчоту. Усчалася i прывычная шчымлiвая самота па сваiм няўтульным, неўладкаваным жыццi, пацiху ўваскрасала былая паўзабытая прагнасць жаданага чалавечага цяпла. Але Фрузына, як магла, усё стрымлiвала, глушыла ў сабе тыя няясныя адчуваннi, толькi цiхенька ўздыхала, баючыся патрывожыць шафёра.
Праз нейкi час ён, аднак, схамянуўся, глыбока ўздыхнуў i здзiўлена агледзеўся.
– О, ты ўжо?
– прамовiў ён i ўзняўся.
– Ну што?
– Вось прынесла, - сказала яна, устаючы з лаўкi i падаючы яму кандэнсатар. Але ён, вiдаць, адпачыў зусiм мала i, яшчэ не прачнуўшыся як след, пазяхаючы i пацягваючыся, зноў сеў на табурэт.
– Ага, во добра... Ну дзякуй. А што гэта нiкога не чуваць, цi ты адна жывеш?
– Ды ўжо ж, адна, - адказала яна i ўздыхнула.
– А дзе ж твой... муж?
– паволi вызваляючыся ад санлiвай знямогi, пытаўся чалавек.
– Цi не было?