Выродлiвы хлапчук
вернуться

Азимов Айзек

Шрифт:

— Але, што…

— Добра, добра. Пакуль усё…

Па сiгналу ўвайшла сакратарка i, усмiхаючыся, правяла яе з кабiнета.

Выйшаўшы, мiс Фэлоўз нейкi час моўчкi глядзела на зачыненыя дзверы, за якiмi застаўся мiстэр Хоскiнс. Што такое Стасiс? Якiя адносiны да дзяцей мае гэты вялiзны, падобны на адрыну, будынак, служачыя з незразумелымi значкамi на адзеннi, доўгiя калiдоры i тая характэрная атмасфера менавiта тэхнiчнага прадпрыемства, якую нi з чым нельга зблытаць?

Яна пыталася ў сябе, цi варта вяртацца сюды вечарам, цi не лепш не прыходзiць зусiм i тым самым правучыць гэтага чалавека за яго пагардлiвую паблажлiвасць. Але ў той самы час яна не сумнявалася, што вернецца, хоць бы толькi з незадаволенай цiкаўнасцi. Яна павiнна высветлiць, пры чым жа тут усё-такi дзецi.

Калi роўна а палове восьмай яна зноў прыйшла, то адразу звярнула ўвагу на тое, што ёй не спатрэбiлася нiчога пра сябе паведамляць. Усе, хто трапляўся ёй на дарозе, як мужчыны, так i жанчыны, здавалася, вельмi добра ведалi не толькi тое, хто яна, але i характар яе будучай работы. Яе адразу правялi ў будынак.

Яна ўбачыла доктара Хоскiнса, але той, мелькам зiрнуўшы на яе i невыразна назваўшы яе iмя, нават не запрасiў яе сесцi. Яна сама спакойна падсунула да парэнчаў крэсла i села.

Яны былi на балконе, з якога адкрываўся вiд на вялiзную шахту, запоўненую нейкiмi прыборамi, падобнымi на штосьцi сярэдняе памiж пультам кiравання касмiчнага карабля i кантрольнай панеллю электроннай лiчыльнай машыны.

У другой частцы шахты ўзвышалiся перагародкi, якiя служылi сценамi для кватэры без столi. Гэта быў як бы гiганцкi лялечны домiк, унутранае абсталяванне якога праглядвалася як на далонi з таго месца, дзе сядзела мiс Фэлоўз.

Яна выразна бачыла ў адным з пакояў электронную плiту i халадзiльную ўстаноўку, а ў другiм — абсталяванне ваннай. А прадмет, якi ёй удалося разгледзець у трэцiм пакоi, мог быць толькi часткаю ложка, маленькага ложка…

Хоскiнс размаўляў з нейкiм мужчынам. Хоскiнс iх не пазнаёмiў, i мiс Фэлоўз нiчога не заставалася, як спадцiшка назiраць за iм. Гэта быў худы мужчына сярэднiх гадоў, даволi прыемнай знешнасцi, у яго былi маленькiя вусiкi i жывыя вочы, якiя, здавалася, усё бачаць.

— Я зусiм не збiраюся, доктар Хоскiнс, рабiць выгляд, што мне ўсё гэта зразумела, — гаварыў ён. — Я хачу сказаць, што разумею сёе-тое ў тых межах, якiя даступны дастаткова iнтэлiгентнаму неспецыялiсту. Але, нават улiчваючы межы маёй кампетэнцыi, я хачу заўважыць, што адзiн бок праблемы мне менш зразумелы, чым другi. Я маю на ўвазе выбарачнасць. Вы здольны прайсцi вельмi далёка, дапусцiм, гэта можна, зразумець. Чым далей вы рухаецеся, тым больш туманныя, расплывiстыя робяцца аб'екты, а гэта патрабуе вялiкай затраты энергii. Добра. Але ў той жа час вы не можаце дасягнуць больш блiзкага аб'екта. Вось гэта i ёсць загадка для мяне.

— Калi вы дазволiце мне скарыстаць аналогiю, Дэвенэй, я паспрабую паказаць вам праблему ў такiм святле, каб яна здавалася менш парадаксальнай.

Iмя незнаёмага, якое прамiльгнула ў размове, мiжволi зрабiла на мiс Фэлоўз уражанне, яна адразу здагадалася, хто ён. Гэта, вiдаць, быў сам Кандзiд Дэвенэй, якi пiсаў для тэлевiзiйных навiн нарысы на навуковыя тэмы, той Кандзiд Дэвенэй, асабiстай прысутнасцю якога былi адзначаны ўсе сама буйныя падзеi ў навуковым свеце. Цяпер ягоны твар здаўся ёй знаёмым. Вядома ж, гэта менавiта яго яна бачыла на экране, калi аб'явiлi пра пасадку касмiчнага карабля на Марс. А калi гэта сапраўды той самы Дэвенэй, то гэта магло азначаць толькi тое, што доктар Хоскiнс збiраецца зараз прадэманстраваць нешта вельмi важнае.

— Калi вы лiчыце, што гэта дапаможа, то чаму б вам i не выкарыстаць аналогiю? — спытаўся Дэвенэй.

— Ну, добра. Значыць, так: вы, безумоўна, ведаеце, што вы не зможаце чытаць кнiгу з шрыфтам звычайнага кегля, калi кнiга гэтая ад вас на адлегласцi ў шэсць футаў, але гэта адразу робiцца мажлiвым, як толькi адлегласць памiж вашымi вачыма i кнiгаю скароцiцца да фута. Як вы бачыце, у дадзеным выпадку пакуль што дзейнiчае правiла — чым блiжэй, тым лепш. Але калi вы наблiзiце кнiгу настолькi, што памiж ёю i вашымi вачыма застанецца ўсяго адзiн толькi дзюйм, вы зноў страцiце здольнасць чытаць яе. Адсюль вам павiнна быць зразумела, што iснуе такая перашкода, як вельмi вялiкая блiзкасць.

— Хм, — хмыкнуў Дэвенэй.

— А вось вам другi прыклад. Адлегласць ад вашага правага пляча да кончыка ўказальнага пальца правай рукi складае прыкладна трыццаць дзюймаў, i вы можаце свабодна дакрануцца гэтым пальцам да правага пляча. Адлегласць жа ад вашага правага локця да кончыка ўказальнага пальца той жа рукi напалову меншая, i калi кiравацца сама простай логiкай, то выходзiць, што дакрануцца правым указальным пальцам да правага локця лягчэй, чым да правага пляча, аднак жа зрабiць вы гэтага не можаце. I зноў перашкаджае тая ж занадта вялiкая блiзкасць.

— Вы дазволiце скарыстаць гэтыя аналогii ў маiм паведамленнi? — спытаў Дэвенэй.

— Калi ласка. Я буду толькi рады, я ж даволi доўга чакаў каго-небудзь накшталт вас, хто напiсаў бы пра нашу работу. Я дам вам усе неабходныя звесткi. Нарэшце-такi прыйшоў час, калi мы можам дазволiць усяму свету зазiрнуць цераз наша плячо. I свет сёе-тое ўбачыць.

Мiс Фэлоўз злавiла сябе на тым, што насуперак свайму жаданню захапляецца яго спакоем i ўпэўненасцю. У iм адчувалася вялiзная сiла.

— Якая мяжа вашых мажлiвасцей? — спытаўся Дэвенэй.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win