Шрифт:
С к а р ы н а. Ты разлічыўся, а я сваё з Лазара і Мойшы спагнаць хачу.
В а р т а ў н і к. З Лазара і Мойшы даўгі?.. Дык з іх жа яшчэ ніхто ніколі не спагнаў.
С к а р ы н а. Тады я першым буду! Дапамажы толькі - адзін не ўпраўлюся.
В а р т а ў н і к. Палачанін я ці не палачанін?!.
С к а р ы н а. Тады давядзецца табе, палачанін, паслаць аднаго сына ў Вільню, а другога ў Гданьск.
В а р т а ў н і к. І пашлю - не раз былі і не маленькія ўжо...
С к а р ы н а. У Гданьску трэба знайсці купца Рамана Скарыну - ён мне пляменнік, а ў Вільні епіскапа Яна - я на службе ў яго быў сакратаром і лекарам. Расказаць абодвум, дзе я і што са мною. Толькі епіскап можа дапамагчы Раману сустрэцца з каралём.
В а р т а ў н і к. Не возьмецца епіскап Я іх натуру ведаю.
С к а р ы н а. Ян возьмецца. Ён каралю пазашлюбны сын. І любіць каралеву, як кот сабаку...
В а р т а ў н і к. Хіба што...
С к а р ы н а. Мяне ж можа выратаваць толькі кароль, бо ўсе цянёты, як мне здаецца, сплецены на мяне за яго спінаю.
В а р т а ў н і к. І кім жа?
С к а р ы н а. Думаю, што каралевай.
В а р т а ў н і к. Во курва!
С к а р ы н а ( заціскае рот Вартаўніку ). Т-с-с!.. Мы дагаварыліся адзін аднаму да канца...
В а р т а ў н і к. Тады менш размоў! Пішы, што трэба, а я тым часам мальцаў папярэджу, каб коней у дарогу рыхтавалі. Мой яшчэ нічога, а куплены не
вельмі... ( Выходзячы. ) Канакрады - пся крэўі..
Грымяць запоры. Скарына запальвае свечку, ставіць яе на лаўку, прымошчваецца на падлозе, каб напісаць пісьмы.
Сцэна зацямняецца.
V
Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Гаварыце. Там чакаюць. (Паўза. ) Што кароль?
Б о н а. Кароль без улады - не кароль...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Дакладней!
Б о н а. Ён не можа распараджацца казною. Ён сядзіць у Кракаве, а ў Вялікім княстве верхаводзяць канцлер, гетман, ваяводы, кашталяны, маршалкі. Ён не можа адмяніць рашэнні сейма і паноў-рады. Канцлер у Вялікім княстве - большы кароль за караля ў Польшчы. Пад яго рукой сілы, якія маюць... усе магчымасці маюць...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м (перапыняе). Што шляхта?
Б о н а. Непадуладныя каралю магнаты душаць шляхту, шляхта душыць мяшчан і сялян, а тыя шукаюць паратунку і бягуць з вёсак і маёнткаў у гарады. Шляхта бунтуе ў сеймах і судах, якія судзяць па асобных указаннях, па «сумленні» і «мудрасці», але толькі не па закону. Але калі шляхце даць закон, яна знясе самога караля... А на гэты раз яна, здаецца, атрымае закон. Як ні дзіўна, але
кароль гэтага хоча. А хутчэй за ўсё не мае сілы супрацьстаяць канцлеру.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Што лютаране?
Б о н а. У Вялікім княстве іх адзінкі, у каралеўстве множацца, як саранча. Папскія эдыкты супраць ерэтыкоў ігнаруюцца. Умяшанні рымскай курыі выклікаюць выбухі нянавісці да каталіцкіх духоўнікаў. Тут і магнаты і шляхта яднаюцца. І тыя і другія гатовы адмяніць дзесяціну, павялічыць свае ўладанні за кошт царкоўных зямель і пазбавіцца залежнасці ад каралеўскай улады.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Каму кароль не давярае і з кім у згодзе?
Б о н а. Не давярае ў першую чаргу мне...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Мы не дзеля гэтага зрабілі Бону Сфорцу каралеваю...
Б о н а. Санта Мадонна! (Пасля паўзы.) У згодзе кароль з пасынкам Янам - епіскапам віленскім, пляменнікам Альбрэхтам - герцагам прускім, з Гаштольдам - канцлерам Вялікага княства і ваяводам віленскім. Менавіта ён і хоча наблізіць да
двара нейкага палачаніна Францыска Скарыну - у навуках вызваленых і лекарстве доктара. Праз яго канцлер і хоча надрукаваць Статут Вялікага княства пасля яго зацвярджэння сеймам.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. А што кароль?
Б о н а. Як заўсёды, кароль будзе хітрыць і з Гаштольдам і з каралеваю...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Як даўно Гаштольд сышоўся з доктарам Скарынай?
Б о н а. У іх былі адны настаўнікі ў Ягелонскім універсітэце. А яшчэ Гаштольд быў ваяводам полацкім. Менавіта пры ім купцы Скарыны выйшлі на гарады Еўропы і Масковію. Цяпер Гаштольд карыстаецца вучонасцю аднаго з гэтых Скарынічаў.