Адвечная песня
вернуться

Купала Янка

Шрифт:

Зіма

Як жыў, як дуж, як маешся? Ці жыці не дакучыла? Усюды я шатаюся I да цябе во лучыла. Кандалікамі звонячы, Іду к табе — ўсясільная, На долю тваю помнячы, Іду к табе — магільная. Над цэлай над старонкаю Я паняй разгасцілася; Мой снег ляжыць пялёнкаю, Ў мой лёд рака пакрылася. Гуляю я з марозамі, Гуляю я са сцюжамі, Смяюся я над слёзамі, I ўсіх, і ўсё я дужаю. Кінь выгляд акалелага, Прысядзь во на калодачцы! Крапчэй ты свету цэлага, Ну, што? Каб нам паходацца?

Мужык

Ой, Зімка, пані ясная! Не варта наругаціся, Прытыкі кінь напрасныя: 3 кім тут за плечы браціся? Я з сілаю разлучаны: Ў палях, лугах загінута… Няўдачамі замучаны, Пацехамі пакінуты. Рукою чуць пакратаю; Не муч жа абарванага! Пад футры йдзі багатыя, Ў палацы мураваныя! Сям’я мая галодная, Хаціна мая хіліцца. Ідзі, Зіма нягодная! Не дуж з табою сіліцца.

Зіма

Не дам ніколі веры я Тваёй брахні ап’янчанай, Што гора цябе мерае, Што слёзамі ты няньчаны. Каму ж тут хвойкі валяцца Рукою мазалістаю? I шуркі каму ставяцца На пасеку на чыстую? Ці ж хата з хвойкі зваленай Не грэта, не пастаўлена? Ці ж пасека не сеяна, Сахой тваёй абнесена?

Мужык

Туды, ў краі далёкія, Як дні мінуць кароткія, Сасоначкі высокія Плывуць ракой-паводкаю. Гасцінцамі, дарогамі У горад шуркі цягнуцца,— Не за маймі парогамі Скарб пасечны хаваецца.

Зіма

Табе жыццё, знаць, сцелецца, Як бы сама нуда тая; Пашлю ўдабаў мяцеліцу, Няхай з бядой рассватае.

Адыходзіць. Пачынаецца мяцеліца. Цямнее. Хвойка, падсечаная, з трэскам і грукам валіцца і забівае Мужыка. Стада згаладалых ваўкоў прыбліжаецца к нябожчыку. Лес стогне.

XI. ХАЎТУРЫ

Хата. Насупроць дзвярэй у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ дошкі з яго і робіць века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябожчыку. Жонка галосіць і прыгаварвае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазіць з печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласліва вые вецер.

Жонка

А мой ты сакалочак! А мой ты каралёчак! Ляжыш, не ўстанеш болей… О доля ж мая, доля! Без часу смерць-магіла Жыццё тваё скасіла; Ў няшчасную гадзіну Сіротачак пакінуў. Сіроткі ўсе малыя, I есць не маюць тыя, I дроў няма палена, I ў пуні няма сена. Як жыў, як ты свет бачыў, Усё ж было іначай, Ці ў полі ты… ці ў людзі… Што з намі цяпер будзе? Нашто на свет раджацца, Хто мае з ім расстацца, I горкі жаль кідаці Ўдаве, бацькам, дзіцяці…

Бацька (уціраючы няўзнак слёзы)

Дзяржыць бяда старога, Хаваюць маладога; Забрала дамавіна Не бацьку, але сына. Не месца мне у хаце: Не дуж я працаваці; Пры кім дажыць тут веку Няшчаснаму калеку? Вазьму я хіба ўнука, Ці ў свет ісці навука? — Пайдзём ад хат да хаты I к бедным і к багатым. Збірай, стары, хатомкі, I зрыўкі, і атопкі: I жыва з хаты роднай На сівер на нязводны!

(Выцягвае з-за печы лахманы і атопкі.)

Сталяр (кончыўшы века да труны)

Як згаварыці слова, I века ўжо гатова, Закрыць дамоўку можна, Падходзь прашчацца кожны. Падходзь, чужы і хатні, Заглянуць раз астатні Вось на таго, што дзетак Без часу кінуў гэтак. Не кепскім быў суседам: Шоў прадзедаўскім следам, Не крыўдзячы нікога; Цярпеў сам крыўдаў многа.

Меншы сын (цалуючы нябожчыка ў руку — да маткі)

Чаму, скажы, матуля, Прыбраны так татуля Ляжыць у гэтай скрыні Такі халодны, сіні?

Большы сынок

Не лезь ты без патрэбы: Душа ўжо таткі ў небе. Не ўстане і на лета; Памёр ён, значыць, гэта.

Дзеці адступаюцца; падыходзяць прашчацца другія. Сталяр забівае векам дамоўку. Суседзі бяруць нябожчыка на плечы і выносяць з хаты.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win