Авантуры студыёзуса Вырвіча
вернуться

Рублеўская Людміла

Шрифт:

— Трымайся, сябрук. Цябе прафесар Лёднік выклікае, каб ён аблез няроўна. Злы, як Цэрбер, у якога адразу з трох пашчаў адабралі па костцы.

У шэрых вачох Недалужнага плёскаўся пракаветны жах, бо цягам апошніх гадоў не было страшнейшага стварэння для студэнта Віленскай акадэміі, чым доктар Баўтрамеюс Лёднік, які ўзначальваў кафедру, так бы мовіць, «усіх падазроных навук», і чытаў лекцыі па практычнай фізіцы, хіміі, біялогіі, а таксама вёў факультатыўныя заняткі для тых, хто хоча заняцца медыцынай. І не тое, каб доктар крычаў альбо, крый Божа, за чуб уласнаручна кагось цягаў — наадварот, пан Лёднік чалавекам быў выключнай выхаванасці, здавалася, змусіць яго змяніцца ў твары альбо загарлаць не зможа нават з’яўленне пражскага Галема на віленскіх вулках. Але суворы пагляд цёмных вачэй ды атрутны тон нізкага голасу дзейнічалі на правінаваўцаў, як позірк васіліска, гэта значыць змушалі слупянець ад жаху. А доктар вынаходзіў гэткія з’едлівыя словы, што некаторыя нядбайцы лепей абралі б атрымаць скураной дысцыплінай па спіне, чым выслухоўваць вымовы пана Лёдніка. Ніякіх кампрамісаў доктар не прызнаваў, на высакароднасць і багацце бацькоў не зважаў, падарункі не прымаў… Пабойвалася яго нават прафесура, і чуткі пра доктара хадзілі неверагодныя, асабліва сярод першакурснікаў, якіх адзін выгляд доктара палохаў: высокі, хоць і не асілкавага складу, твар худы, нос драпежны, вусны ганарыста падціснутыя, а цёмныя вочы пранізлівыя… Перажагнацца хочацца. Адны сцвярджалі, што пан Лёднік чарнакніжнік і некрамант, не слабейшы ад славутага пана Твардоўскага, другія лічылі яго пераваратнем і ваўкалакам, трэція пляткарылі пра незвычайнае фехтавальнае майстэрства доктара: здабыў ён сабе шляхецтва на полі бойкі, дзе выратаваў жыццё вялікаму гетману, але народу за жыццё ўклаў не менш, чым уся каралеўская янычарская харугва, пра ваяўнічае мінулае сведчылі шнары на ілбе, на шыі. І, вядома ж, за адметнае валоданне шабляй заплаціў дэманічны доктар страшную цану самому Люцыпару, магчыма, наладаваў яму мех беднымі студэнтамі, што не здалі ў час практыкум…

Праўда, навучэнцы старэйшых курсаў на гэтыя жахалкі збольшага пасміхаліся: можа, і быў прафесар чорным магам, але й медыкам выбітным. Лекцыі ягоныя чыталіся на мяжы блюзнерства, ён крытыкаваў вучэнне Галена і разважаў наконт таго, што хваробы выкліканыя не лішкам у арганізме адной з чатырох вадкасцяў, а нябачнымі шкоднымі рэчывамі, што трапляюць у яго звонку, проста з паветрам ці разам з вадою. Таму адмаўляў неаспрэчную карысць крывепушчання ды прамывання страўніка, якія, вядома, дапамагаюць ад любых хваробаў. Доктар нават публічную лекцыю прачытаў пра шкоду модных «фантэнэляў» — штучна створаных на назе нарываў, якім не даюць зажываць, каб праз іх увесь час выходзіў з арганізму гной. Лёднік сцвярджаў, што менавіта такі «карысны нарыў» нядаўна звёў у магілу расейскую імператрыцу Лізавету. Хаця кожны ведае, што французскі байкапісец Фантэнэль, у гонар якога і назвалі з’яву, менавіта такім чынам ацаліўся ад хваробы, і чым больш крыві ў хворага выпусціць — тым лепей!

Шмат хто з калегаў зваў Лёдніка за вочы шарлатанам, і даўно б яго, схізматыка ды блюзнера, выперлі са святых акадэмічных муроў, блаславёных Ордэнам Ісуса, аднак жа аптэка акадэмічная, з тых часоў, як трапіла пад прыгляд Лёдніка і пачала папаўняцца ягонымі мікстурамі ды бальзамамі, пачала прыносіць нежартоўны даход, і лекавацца да прафесара прасіліся самыя ўплывовыя асобы, нават з Польшчы, Ліфляндыі ды Чэхіі прыязджалі. Праўда, прымаў ён далёка не ўсіх, і ніякімі грашыма доктара спакусіць было немагчыма — нібыта яму цмок па начах золата насіў альбо ў кішэні доктарскай заваляўся склют, неразменны талер. Бо хіба можа такі не дужа заможны чалавек пагарджаць грашыма, што самі ў рукі даюцца?

Але за складаныя выпадкі, калі ўсе астатнія лекары толькі рукамі разводзілі, Лёднік браўся без разбору — ці жабрак, ці магнат курчыцца на ложку… І за магчымасць учыніць эксперыментальную аперацыю падкаленнай анеўрызмы яшчэ і сам мог грошай прыплаціць. І напляваць яму было, што калегі па лекарскім цэху нос адварочвалі ад «нізкай» хірургічнай справы, бо хірургі прыроўніваліся да цэху цырульнікаў і мусілі ўважаць дактараў за вышэйшых. Але асабліва бараніла прафесара ад пераследаў, што ім апекаваўся сам вялікі гетман, ваявода віленскі Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька. Вось і нядаўна Лёдніка некалькі разоў клікалі да ваяводы, які прыехаў у Вільню ды зусім злёг. А вялікі гетман — не той, каму можа нейкі вядзьмак ды шалбер вочы зацярушыць.

Тыя, хто ведаў Лёдніка яшчэ лепей, казалі, што ён строгі, але справядлівы, не церпіць адно ляноты ды глупства. І ходзіць задарма лекаваць хворых у шпіталь пры праваслаўным брацтве амаль зруйнаванага пажарам Свята-Духава манастыра. А ягоная жонка — такая незямная прыгажуня, што ён неадменна яе скраў з якога-небудзь палацу… А студыёзус Пранціш Вырвіч, які прыехаў у Вільню разам з доктарам, ці ягоны пазашлюбны сын, ці падапечны, хаця не дай Божа такога апекуна, што цвічыць і дома, і на вучобе.

Недалужны пачухаў цёмныя пасмы і спачувальна зірнуў на панылы твар Пранціша:

— А можа, абыдзецца? Ты ж прафесару, здаецца, сваяк…

— Не, не сваяк… — няўважна адказаў Вырвіч. — Ды з’явіся да нашага Баўтрамеюса хоць бы і Платон ці Авіцэна — ён ім за няправільныя дэфініцыі вымову ўчыніць.

Калідоры імкліва пусцелі, студэнты высыпаліся з будынку, як сухія гарошыны з раскрытага струка. Вінцук з цікаўнасцю ўглядаўся ў вырвічаўскае аблічча, нібыта хацеў расчытаць на ім скандынаўскія руны. Папраўдзе, спрабаваў прыкмеціць хоць якое падабенства з драпежным фанабэрыстым абліччам Баўтрамеюса Лёдніка. Але Пранціш Вырвіч выраз твару меў круцельскі, вусны ўсмешлівыя, валасы русявыя неслухмяныя, вочы блакітныя, сумленныя, як у добрага злодзея, а пад носам — зусім не дзюбатым, а цалкам прыдатным дзеля куртуазнага шляхціца — прабіваліся светлыя вусікі.

— Слухай, ну хоць мне прызнайся — слова гонару, далей не перадам — хто такі табе пан Лёднік? — не вытрымаў Недалужны. — Ты ж у ягоным доме — свой, начуеш, кормішся… Прафесар за табой, як за сынам, сочыць. Апякун, мабыць?

Вырвіч усміхнуўся трохі сумна:

— Дарма языкамі мянціце — не сын я яму. Мой бацька — пан Даніла Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр — у мінулым годзе на Піліпаўку памёр, ты ж памятаеш, як я на пахаванне адпрошваўся. Я — апошні з роду, сваякоў не маю. А Лёднік… — Вырвіч зазірнуў у бліскучыя ад цікаўнасці вочы праверанага сябрука па пракудах, зноў пасміхнуўся нейкім сваім успамінам. — Помні, слова даваў — не распаўсюджваць… Лёдніка мне аднойчы… прадалі.

Калі б зараз у калідоры з’явілася жывёла кракадзіл, якая паводле бестыярыяў увасабляе крывадушша, бо забівае чалавека і зараз жа плача над ім, Вінцук не так бы ўразіўся.

— Як гэта… прадалі?

— За шэлег. Гэта ўсё, што я тады ў кішэні меў, — Пранціш трохі блазнаваў, але было зразумела, што не жартуе. — Спынілася каля мяне карэта на дарозе з Менску да Ракава… Разумееш, Лёднік здабыў філасофскі камень. Гэты можа… Упёрты… Але, здабываючы, нарабіў даўгоў і ўрэшце заклаў сябе самога. А гаспадар ягоны ўзлаваўся, што Лёднік адрокся пасля гэтага ад алхіміі і астралогіі, а здабытага з медзі золата аказалася не больш за шчопаць, і прадаў яго першаму стрэчнаму… Так мне і пашанцавала яго займець.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win