80000 кіламетраў пад вадой
вернуться

Верн Жуль

Шрифт:

У першыя месяцы 1867 года пытанне аб «страшыдле» здавалася назаўсёды пахаваным. Але тут новыя факты дайшлі да ведама чытацкай публікі. Справа ўжо ішла не аб адцягненай навуковай праблеме, а аб барацьбе з сур’ёзнаю і зусім рэальнаю небяспекай. Пытанне паўстала ў новым асвятленні. «Страшыдла» зноў зрабілася астраўком, скалою, рыфам, але рухаючымся рыфам, няўлоўным, загадкавым.

Ноччу напярэдадні 5 сакавіка 1867 года параход «Маравія», які належаў «Montreal Ocean Company» пад 27°30' шыраты і 72°15' даўгаты напароўся на скалу, не адзначаную ні на якіх картах. «Маравія», дзякуючы папутнаму ветру і чатырохсотсільнай машыне, ішла з хуткасцю трынаццаць вузлоў [6] . Каб корпус судна не быў такім моцным, пры такой хуткасці дно адразу затанула-б ад штуршка, цягнучы на дно сваіх дзвесце трыццаць сем чалавек пасажыраў і каманды.

6

Вузел — марская міля; 1800 метраў.

Сутычка адбылася ў пяць гадзін раніцы. Занімалася толькі што на дзень. Вахценныя афіцэры кінуліся да бартоў. Яны агледзелі паверхню акіяна з вялізарнейшай увагай, але не заўважылі нічога падазронага, калі не лічыць вялікай хвалі, узнятай нібыта магутным грэбным вінтом у трох кабельтовах [7] адлегласці. Адзначыўшы дакладныя каардынаты мясцовасці, «Маравія» прадаўжала свой шлях. Знадворных адзнак аварыі не было выяўлена, і камандны склад парахода дарэмна ламаў сабе голаў над пытаннем, ці наткнуліся яны па падводны рыф, ці на якое-небудзь затануўшае судна. Пасля прыходу ў порт, у сухім доку было ўстаноўлена, што частка кіля «Маравіі» разбіта.

7

Кабельтоў — марская мера даўжыні для невялікіх адлегласцей — каля 200 метраў.

Гэтае дзіўнае здарэнне, мабыць, хутка было-б забыта, як і многа іншых, каб праз тры тыдні яно не паўтарылася ў такіх-жа ўмовах. Толькі на гэты раз, дзякуючы таму, што ў даным выпадку пацярпеўшае судна належала сусветна вядомаму параходнаму таварыству, выпадак стаў шырока вядомы і выклікаў водгукі ўсяго свету.

Мусіць, усім вядома імя англійскага судаўласніка Кюнарда, чые параходы першымі пачалі падтрымліваць рэгулярныя зносіны паміж Еўропай і Амерыкай. За дваццаць сем гадоў існавання параходства судны «Cunard Line» перасеклі Атлантычны акіян, больш як дзве тысячы разоў, ні разу за ўвесь час не спазніўшыся, ні разу не адмяніўшы рэйсаў, ні разу не згубіўшы пісьма з даверанай ім пошты. Аўтарытэт кюнардаўскага параходства быў настолькі моцны, што яно зусім не баялася канкурэнцыі. Тым больш разышліся чуткі пра здарэнне з адным з лепшых параходаў кампаніі.

13 красавіка 1867 года, пры зусім гладкім моры і лёгкім ветрыку, «Шатландыя» была пад 15°12' шыраты і 45°37' даўгаты. Тысячасільная машына давала параходу хуткасць трынаццаць вузлоў і сорак тры сотых.

Колы «Шатландыі» рассякалі воды размерана, як гадзіннікавы маятнік.

У 4 гадзіны 17 хвілін, у той час, калі пасажыры пілі чай у вялікім зале, «Шатландыя» злёгку ўздрыганулася ад ледзь прыкметнага ўдару ў правы борт, крыху ззаду ад кола.

Удар быў да таго слабым, што ніхто на палубе не звярнуў-бы на яго ўвагі, каб з трума не данесліся крыкі:

— Мы топімся! Мы топімся!

Пасажыры, натуральна, перапалохаліся. Але капітан Андэрсан паспяшаўся супакоіць іх. Сапраўды, адна прабоіна не магла пагражаць небяспекаю «Шатландыі», падзеленай непрапускаючымі вады перагародкамі на сем адсекаў.

Капітан Андэрсан адразу-ж апусціўся ў трум. Ён устанавіў, што пяты адсек заліты вадою і, мяркуючы па хуткасці, з якою прыбывала вада, прабоіна ў борце павінна быць вельмі значная. На шчасце ў гэтым адсеку не было топак паравых катлоў, якія вядома адразу згаслі-б.

Капітан Андэрсан загадаў спыніць машыны, а аднаму матросу нырнуць у ваду. Матрос далажыў, што ў корпусе судна ёсць прабоіна шырынёй у два метры. Такую прабоіну не было чаго і думаць правіць у моры, і «Шатландыя», з напалову пагружанымі ў ваду коламі, ледзь-ледзь прадаўжала свой шлях. Судна было ў гэты час у трох мілях ад мыса Кліра і ў Ліверпульскі порт прыйшло, спазніўшыся на тры дні, чым выклікала вялікі непакой ва ўсёй Англіі.

«Шатландыю» ўвялі ў сухі док, і інжынеры кампаніі агледзелі яе. Яны не хацелі верыць сваім вачам: на два з палопваю метра ніжэй ватэрлініі ў корпусе судна была прабоіна, меўшая форму правільнага трыкутніка! Берагі прабоіны былі нібы выраўнены пад лінейку, нібы яе зрабілі знарок. Відаць было, што прылада, прабіўшая корпус, была надзвычайна загартаваная. Яшчэ большае здзіўленне выклікала пытанне, якім чынам, прабіўшы дзірку ў чатырохдзюймовым ліставым жалезе, гэтая прылада магла вызваліцца з прабоіны. Гэтага ніяк нельга было вытлумачыць.

Гэтая апошняя падзея зноў распаліла ўжо астыўшую раней цікавасць публікі. З гэтай хвіліны ўсе марскія катастрофы ад невядомых прычын пачалі прыпісваць «страшыдле». А як з трох тысяч крушэнняў штогод не менш двухсот прыпадае на долю без вестак загінуўшых суднаў, то з дня на дзень віна фантастычнага «страшыдла» рабілася ўсё больш цяжкой.

Справядліва або несправядліва прыпісваючы адказнасць за ўсе гэтыя беды «страшыдле», грамадская думка ўсіх краін, устрывожаная тым, што зносіны паміж кантынентамі сталі небяспечнымі, патрабавала ад сваіх урадаў, каб моры нарэшце былі, чаго-б гэта не каштавала, вызвалены ад гэтага страшнага кіта.

Раздзел другі

За і супраць

У той час, калі разгортваліся гэтыя падзеі, я вяртаўся з навуковай экспедыцыі ў дзікія куткі Небраскі ў Паўночнаамерыканскіх злучаных штатах. У гэтую экспедыцыю мяне адправіў французскі ўрад, як натураліста і ад’юнкт-прафесара пры Парыжскім музеі прыродазнаўства. Сабраўшы за шэсць месяцаў жыцця ў Небрасцы каштоўнейшыя калекцыі, у канцы сакавіка 1867 года я прыбыў у Нью-Ёрк. Вярнуцца ў Францыю я павінен быў толькі ў пачатку мая, і час, які ў мяне заставаўся, я рашыў выкарыстаць на правядзенне ў парадак сваіх мінералагічных, батанічных і заалагічных калекцый. Але ў гэты час адбыўся няшчасны выпадак з «Шатландыяй».

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win