Спеў аб Гаяваце
вернуться

Лангфэла Гэнры

Шрифт:

XXI. След белага чалавека

Жыў над рэчкай у вігваме Адзінокі і маркотны Дзед з сівою галавою, На сумёт падобнай снежны; Ледзь гарэў ачаг ягоны, Цела дрыжыкі праймалі, Дзед, захутаны ў дзіравы Вабівайян, плашч са скуры, Слухаў толькі буры сковыт, Як яна шалела ў лесе, Бачыў толькі завірухі, Як яны вакол кружылі. Дагарэў агонь, і вугаль Белым попелам пакрыўся, I тады хадою лёгкай Увайшоў юнак праз дзверы — Маладая кроў на шчоках Палымнела, ззялі вочы, Як вясною зоркі ў небе; Асвяціў вігвам, як сонцам, Ён усмешкаю юначай, Асвяжыў вігвам духмяным Пахам кветак і травою, Што яго чало вянчала. «О мой сын! — стары прамовіў,— Я з табою рад сустрэцца! Рад з табой правесці ночку Тут, дзе тлеюць галавешкі; Ты раскажаш аб вандроўках, Аб прыгодах незвычайных Мне, а я табе таксама Раскажу аб дзіўных справах, Аб сваіх учынках смелых». Тут дастаў ён Люльку Міру Старадаўняе работы, Што з чырвонаю галоўкай, А цыбук яе — з трысцінкі; Ён, карой набіўшы люльку, Вугалёк паклаў гарачы I, падаўшы чужаземцу Люльку Міру, так прамовіў: «На зямлю мне дзьмухнуць варта, Як свой рух спыняюць рэкі, Як вада заледзянее, Ператворыцца на камень!» Адказаў юнак з усмешкай: «На зямлю дыхнуць мне варта — Расцвітуць у лузе кветкі, Рэкі скінуць лёд і з песняй Пабягуць удаль вясёла!» «Галавой сваёй сівою Страсяну, — стары пахмура Гаварыў,— зямлю бялюткі Снег укрые, звяне лісце, Ападзе на дол — о дзіва! — Дзьмухну я — і лісце згіне. Паляцяць з дрыгвы на поўдзень Гусі дзікія і чапля, Варта мне падаць свой голас, Як не стане іх — о дзіва! Дзе нага мая ні ступіць, Скрозь ад холаду ў пячоры Звер бяжыць, зямля ад лютай Сцюжы робіцца каменнай». «Страсяну я валасамі,— Адказаў юнак ласкава,— Хлыне лівень жыватворны, Закрасуюць зноў расліны, Гусі дзікія і чапля Прыляцяць з краін паўднёвых, Шпарка ластаўкі, як стрэлы, Прыімчаць адтуль пад стрэхі. Дзе нага мая ні ступіць, Скрозь цвітуць у лузе кветкі, Па лясах цямнеюць дрэвы Ад зялёнае лістоты!» За размовай ноч мінула; З светлых Вебана ўладанняў, З серабрыстага вігвама, Як баец расфарбаваны, Выйшла сонца і сказала: «Вось і я! Магутны Гізіс!» Тут стары замоўк раптоўна, А паветра пацяплела, На вігваме заспявалі Птушкі раннія вясёла, Зазвінеў ручай празрысты, Праз фіранку прасачыўся Хмельны пах травы зялёнай. I Сэгвон, юнак прыгожы, Пры святле разгледзеў дзённым Твар старога, твар халодны: То быў Пібаан суровы. Па ягоных шчоках слёзы, Як патокі з гор, сцякалі. Чым ярчэй свяціла сонца, Тым хутчэй стары ў памерах Памяншаўся, стаўшы парай, Грунтавой вадою стаўшы, I юнак убачыў кветку На тым месцы, дзе дымілі I патухлі галавешкі, Расцвіла сярод вігвама Міскадзіт — красуня-кветка, Міскадзіт — вясны прыкмета. Так пасля зімы халоднай, Нечуванай, лютай сцюжы Зноў вярнулася на поўнач Прыгажосць вясны — з ляснымі Птушак песнямі, з лістотай I духмяным пахам кветак. Чарада за чарадою Зноў вярталіся на поўнач Гусі-лебедзі, як стрэлы, Разразаючы нябёсы, Размаўляючы, як людзі; Журавы дамоў ляцелі Чарадой, на лук падобнай — З разарванай цецівою; Па адным з краін паўднёвых Альбо парамі ляцелі — Чапля шызая, Шух-шух-га, I глушыца, Мушкадаза. У кустах лясных і ў лузе Сіваграк спяваў, Авейса, А малінаўка спявала, Апечы, каля вігвамаў; Пад надзейным спратам сосен Буркаваў Амімі, голуб, I маўклівы Гаявата У сваім няўцешным горы, Кліч іх чуючы прызыўны, За парог свой змрочны выйшаў, Каб зірнуць вясновым часам На красу зямлі і неба. Вось тады якраз вярнуўся З падарожжа ў край усходні Ягу, казачнік славуты, Самахвал непараўнаны. Ён прывёз адтуль нямала Казак новых, дзіўных баек I прыгод неверагодных. I народ, якому Ягу Расказаў аб вандраваннях, Аб прыгодах нечуваных, Смеючыся, так адказваў: «Уг! Мастак на байкі Ягу! Іншы б гэткіх штук не ўбачыў!» Ён казаў, што бачыў мора Большае за Гітчы Гумі, Што была вада ў тым моры Горкай — піць яе няможна. I паблажліва зірнулі Слухачы на самахвала I сказалі: «Быць не можа! Ко! Не можа быць такога!» А па моры, ён расказваў, Плыў, ляцеў крылаты човен, Велізарны човен, большы I вышэйшы за сасновы Бор, што неба падпірае. Слухачы яму на гэта, Смеючыся, адказалі: «Ко! Мы гэтаму не верым!» З жарала пірогі ў гонар Ягу бліснула маланка, За маланкай — гром ударыў! I народ смяяўся гучна Над няшчасным, бедным Ягу, Рагатаў: «Расказвай байкі!» На крылатай той пірозе Сотня воінаў, расказваў Ён, да берага прыстала; Твары іх пафарбаваны Белай фарбай, падбародкі Валасатыя — як футры. Слухачы з расказаў Ягу Кпілі, гучна рагаталі, Як на дрэвах прыдарожных Крумкачоў шумлівых зграя. «Ко! Хлусня! — яны сказалі.— Мы ў такое не паверым!» Толькі з Ягу не смяяўся Гаявата, ён сур'ёзна Адказаў на тыя кпіны: «Ягу праўду нам гаворыць; Прывід бачыў я падобны, Бачыў з крыламі пірогу, Бачыў воінаў адважных Белатварых, барадатых, Што да берага прысталі, Што прыехалі з Усходу На судне сваім драўляным. Гітчы Маніта магутны Пасылае разам з імі Нам сюды свае наказы, Даручэнні пасылае. Дзе паселяцца — там з кветак Пчолы, Амо, мёд збіраюць, На сядзібах іх раяцца, Дзе праходзяць — пакідаюць След, з якога прарастае Мускадзіт цудоўны — кветка. Дык сустрэнем чужаземцаў, Як сяброў сваіх, сардэчна, Як братам, руку працягнем. Так Жыцця Ўладар сказаў мне, Гітчы Маніта магутны, Калі мне з'явіўся прывід. Прывід той адкрыў заслону Дзён далёкіх, дзён наступных: Бачыў я перасяленне Невядомых нам народаў, Іх суладны рух на захад. Хоць яны на розных мовах Размаўлялі, але сэрцы Іх жылі адзінай мэтай. Гарады па ўсіх краінах З працы рук іх задымілі, Паплылі па ўсіх азёрах I па рэках іх пірогі З гулкім громам і маланкай. А пасля перад вачамі Прамільгнуў, як хмара, прывід: Бачыў я народ няшчасны, Што забыў мае парады, Што ў бясконцых войнах гіне; Там свайго народу рэшткі Бачыў я, што варты жалю, Як сухое лісце ўвосень, Бурай гнанае на захад!»

XXII. Адыход Гаяваты

Каля Велічнага Мора, На ўзбярэжжы Гітчы Гумі, На парог вігвама выйшаў Светлым ранкам Гаявата I стаяў там у чаканні. Напаіў паветра свежы Пах зямлі, прастораў водар, У вясёлым бляску сонца Праляталі міма Ама, Пчолы, што ў суседнім лесе З кветак мёд свой здабывалі. I было празрыстым неба, А вада, як шкло, спакойнай; З глыбіні асетр выскокваў, Бліскавіцай ззяў на сонцы; Кідаў цень на Гітчы Гумі Узбярэжны лес магутны, Верхавіны дрэў высокіх Люстраваліся ў заліве. Як з вады густая пара, Як з лугоў туман бялюткі, Знік з аблічча Гаяваты След былога засмучэння. Так стаяў ён у чаканні Дзён святочных, пераможных, Быццам бачыў набліжэнне Тых падзей, якія прыйдуць, Аб якіх ніхто не знае. Ён прасцёр да сонца рукі, Павярнуў на ўсход далоні, I цадзіліся праз пальцы На ягоны твар праменні. Як між лісцямі на дубе, Стракацелі сонца плямы На ягоным целе голым. Нешта з даляў невыразных, З туманоў, з вады світальнай Уздымалася паволі, Па вадзе плыло, ляцела I яснела з кожнай хвіляй, З кожнай хвіляй, з кожнай хвіляй. Гэта можа быць казарка? Пелікан далёкі, Шэйда, Чапля шызая, Шух-шух-га? Лебедзь-гусь, што акунае Шыю ў хвалі час ад часу? То не лебедзь-гусь, не чапля, Не казарка, не далёкі Пелікан плывуць, лятаюць,— Гэта з вёсламі пірога То нырае, то ўсплывае, Сыпле пырскамі на сонцы; I плывуць па Гітчы Гумі З царства Вебана, з Усходу Людзі белыя ў пірозе, I плыве, ў адзенні чорным, З імі разам Белатвары Іх празорца, іх настаўнік. I прасцёр велікадушна Гаявата рукі ўгору — Запрашэння знак гасцінны; Ён чакаў, увесь святочны, Покуль з вёсламі пірога Не прыстала да ўзбярэжжа, Покуль церціся не стала Аб пясок яна і гальку I пакуль з яе не выйшаў Госць галоўны на ўзбярэжжа. Прывітаў гасцей святочным Гучным словам Гаявата: «Нам і вам, о чужаземцы, Урачыста свеціць сонца! З мірам людзі вас чакаюць, Запрашаюць у вігвамы; Кожны дом наш — ваш прытулак, Сэрцы нашы — дружбы дзверы, Не цвіла ніколі ярка Так зямля, не ззяла сонца Над зямлёю так, як сёння Ззяе ў дзень сустрэчы нашай! Не было такім спакойным I для плавання свабодным Наша возера ніколі, Як для вашае пірогі. I не быў такім духмяным Наш тытунь, а нашы нівы Не здаваліся ніколі Нам прыгожымі такімі, Як сягоння ў дзень святочны Незабыўнае сустрэчы!» I адказваў так галоўны Госць, які ў адзенні чорным, Мовай дзіўнай і нязвычнай: «Мір табе, о Гаявата! Мір табе, твайму народу, Мір яму і дараванне, Мір Хрыста, святой Марыі!» У вігвам свой Гаявата Вёў гасцінна чужаземцаў, Там усаджваў іх на скуры Гарнастая і бізона, Падавала ім Накоміс Ежу ў лёгкіх місках з ліпы I ваду ў драўляных кубках — Кубках, робленых з бярозы, Люлькі Міру запаліла. Жыхары сяла сівыя I ўсе воіны-суседзі, I прарокі, Джосакіды, I Вэбіны, чарадзеі, Міды, лекаў знаўцы, гэтак Прывітаць гасцей хацелі: «О браты! Да нас здалёку Вы прыехалі! Мы рады!» Перад самым уваходам У вігвам яны паўкругам, Люлькі курачы, сядзелі У чаканні чужаземцаў, Аж пакуль да іх не выйшаў Госць, які ў адзенні чорным, I звярнуўся з прывітаннем. «Добра, — людзі адказалі.— О браты, мы вельмі рады, Што здалёк да нас прыйшлі вы!» Расказаў тады народу Мудры госць, што быў прарокам Белатварых чужаземцаў, Аб святой Марыі Дзеве, Аб яе славутым Сыне. Расказаў, што ў час далёкі Сын славуты жыў на свеце, На зямлі, як мы сягоння; Як пасціў ён, як маліўся; Як яго ліхія людзі Ашукалі і распялі, Як, пакінуўшы пакутны Крыж, узняўся ён на неба. Людзі госцю адказалі: «Мы твае пачулі словы, Мы падумаць абяцаем Аб тваім паведамленні. О браты, мы вельмі рады, Што здалёк сюды прыйшлі вы!» Потым людзі паўставалі, Па вігвамах разышліся, Каб усім пра чужаземцаў Расказаць, каб знала вёска, Што гасцей прыслаў з Усходу Уладар Жыцця з наказам. Свет ахутаў цішынёю Поўдзень душны і спякотны; Навяваючы дрымоту, Лес шумеў вакол вігвама, Закалыхвала сваёю Калыханкай Гітчы Гумі; Стракатаў у лузе конік, По-пок-кіна, аднастайна, I, зняможаныя летняй Духатою і спякотай, Спалі госці Гаяваты. Дню гарачаму на змену Крочыў свежы адвячорак, Кідаў ён у лес, як пікі, Сонца вострыя праменні, Працінаў лясныя сховы I густыя цені імі, Па таемных дуплах шнырыў; У вігваме сном спакойным Спалі госці Гаяваты. I тады старой Накоміс Гаварыў ледзь чутным шэптам Гаявата, каб спакойны Сон гасцей не патрывожыць: «Надышоў мой час, Накоміс, Адыходжу я ў бацькоўскі Край Ківайдзіна далёкі, Да ягоных брам заходніх, На парог яго ўладанняў. А гасцей я пакідаю На цябе, глядзі за імі, Каб ні зло, ні страх, ні крыўда, Ні ліхія падазрэнні Іхніх сэрцаў не кранулі, Каб было ўсяго даволі Ім пад дахам Гаяваты!» I, пакінуўшы Накоміс, Ён наведаўся суседзяў, Са старымі, маладымі Развітаўся, так сказаўшы: «Адыходжу, о народ мой, Я ў далёкую дарогу; Многа доўгіх зім і летаў Праміне раней, чым зноў я Гэты край змагу наведаць; Але госці застаюцца; Вы прыслухацца павінны Да іх слоў, парад разумных, Бо Жыцця Ўладар з Усходу Нам прыслаў іх з добрай мэтай!» Ён на беразе спыніўся, Азірнуўся і рукою Памахаў на развітанне, Потым з галькі Гаявата На ваду спіхнуў пірогу, Загадаўшы ёй: «На Захад!» I пірога паляцела Як страла па Гітчы Гумі. Падпаліла сонца неба Вечаровае, як паліць Войска стэп пры адыходзе; Па паверхні Гітчы Гумі Сонца след пралёг бясконцы, Па якому, як па рэчцы, Плыў на Захад Гаявата, Плыў па полымі барвовым, Плыў, ахутаны туманам, Вечароваю смугою. Доўга людзі з узбярэжжа За пірогай назіралі, Як яна то вынырала З хваль, то гінула ў тумане, Быццам серп маладзіковы, Што паволі патанае За вячэрнім небасхілам. Зашумеў на развітанне Цёмны лес: «О Гаявата!» Хвалі ўсхліпвалі, і бераг Уздыхаў: «О Гаявата, Ты бывай, бывай навекі!» Чапля шызая Шух-шух-га Галасіла на балоце: «Ты бывай, о Гаявата!» I развітваліся доўга Людзі з ім: «О Гаявата! Ты бывай, бывай навекі!» Так у полымі заходнім, За смугою вечаровай Знік любімы Гаявата У вятроў прытулку вечным — У Ківайдзіна ўладаннях, Адышоўшы назаўсёды Да Паселішча Шчаслівых, У далёкі край Паніма!

Слоўнік індзейскіх слоў, якія сустракаюцца ў паэме і патрабуюць дадатковага тлумачэння

Адамін — суніцы.

Бэм-Вава — гул грымот.

Вабаса — трус, поўнач.

Ваганомін — крык гора.

Вампум — паясы і іншае ўпрыгожанне з ракавін.

Ваўбік — уцёс, скала.

Вагэмін — цвіль на маісавых пачатках.

Гітчы Гумі — Верхняе возера.

Ішкуда — камета, агонь.

Йенадзізі — франт, фарсун.

Ківайдзін — паўночна-заходні вецер.

Ко — не.

Кэйбіен — заходні вецер.

Мандамін — маіс.

Мінага — чарніцы.

Мінамоні — дзікі рыс.

Міні-вава! — шорах дрэў.

Міскадзіт — кветка «След белага».

Мішэ-Моква — Вялікі Мядзведзь.

Мішэ-Нама — Вялікі Асетр.

Месяц кароткай начы — красавік.

Месяц Лістапада — верасень.

Месяц Лісцяў — май.

Месяц Лыж — лістапад.

Месяц Суніц — чэрвень.

Мускадэ — луг, даліна.

Мэдвэй-ошка! — плёскат вады.

Мэшынова — прыслужнік.

Нама — асетр.

Ноза — бацька.

Нэга Воджу — дзюны Верхняга возера.

Нэшка — зірні!

Онэвэ! — прачніся!

Паніма — замагільны свет.

Пібаан — зіма.

Пішнэкэ — казаркі.

Погак — смерць.

Пагэвоган — паліца, булава.

Пок-Уэджыс — пігмеі.

Сэгвон — вясна.

Уг! — так.

Шагадайя — баязлівец.

Ша-ша — мінулае.

Шавэн-нэмэшын — пашкадуй.

Шынгебіс — чырок.

Шышэбвэг — качаняткі (фігурка ў гульні ў косці).

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win