Грин Грэм
Шрифт:
Аднак Майет з удзячнасцю падумаў, што за грошы можна шмат чаго купіць. Праўда, за іх не заўсёды купіш ветлівасць і далікатнасць, але ж хуткасць яны яму ўсё-такі забяспечылі. Ён першы прайшоў агляд на мытні і да прыходу астатніх пасажыраў паспеў дамовіцца з кандуктарам наконт асобнага купэ. Ён цярпець не мог распранацца пры чужых людзях, хоць і разумеў, што дамоўленасць наконт асобнага купэ будзе каштаваць яму болей, чым іншым, бо ён быў жыд: тут не абыдзешся проста просьбай і невялікімі чаявымі. Ён мінуў асветленыя вокны вагона-рэстарана, дзе невялікія лямпы пад ружавата-ліловымі абажурамі блішчалі на свежых абрусах, засланых для абеду. «Остэндэ-Кёльн-Вена-Белград-Стамбул». Ён прайшоў паўз гэты рад назваў, нават не глянуўшы на іх: маршрут быў яму добра вядомы — назвы праплылі на ўзроўні яго вачэй, нагадаўшы яму шпілі мінарэтаў, купалы цэркваў ці саборы ў гэтых гарадах, дзе чалавеку яго нацыянальнасці цяжка было ўладкавацца на сталае жыхарства.
Кандуктар, як ён і меркаваў, быў няветлівы. «Цягнік перапоўнены», — пахмурна буркнуў ён, хоць Майет ведаў, што той гаворыць няпраўду. Яшчэ не сезон — у красавіку заўсёды ёсць шмат свабодных месцаў, і на пароме ён заўважыў толькі некалькі пасажыраў першага класа. Пакуль ён спрачаўся з кандуктарам, у калідор вагона праціснулася зграя турыстаў: пажылыя лэдзі трымалі ў руках шалі, пледы і прыгожа аформленыя даведнікі, стары святар скардзіўся, што некуды засунуў і не можа знайсці «Уайд Уорлд Мэгэзін»: «Калі падярожнічаю, я заўсёды чытаю «Уайд Уорлд Мэгэзін»; а замыкаў натоўп турыстаў спатнелы і звыклы з усялякімі перыпетыямі падарожжа гід са значком турысцкага агенцтва. «Volia» [2] , — сказаў кандуктар і жэстам паказаў, што ў цягніку надзвычайная колькасць пасажыраў. Аднак Майета нельга было так лёгка абвесці вакол пальца — ён добра ведаў гэты маршрут. Кампанія турыстаў, мяркуючы па іх узбуджаным выглядзе, пройдзе ў наступны вагон, які накіроўваецца ў Афіны. Калі Майет павялічыў чаявыя ўдвая, кандуктар здаўся і наляпіў на дзверы купэ паперку: «Месца занятае». Уздыхнуўшы з палёгкі, Майет нарэшце застаўся адзін.
2
Вось бачыце (фр.).
Міма праплывалі твары, ад якіх яго аддзяляла выратавальная браня шкла. Нават тоўстае футра не бараніла яго ад холаду і сырасці, а калі ён павярнуў ручку ацяплення, шыба акна затуманілася ад яго дыхання, і неўзабаве ён мог распазнаваць невыразныя рысы тых, хто праходзіў па пероне за вагонным акном: сярдзіты позірк вока, ружавата-ліловая шаўковая сукенка, каўнер святара. Толькі аднойчы ў яго з'явілася жаданне развеяць сваю адзіноту — ён працёр шыбу далоняй і ўбачыў зграбную постаць дзяўчыны ў белым плашчы, якая прайшла па калідоры да вагона другога класа. Адзін раз дзверы адчыніліся, і ў купэ заглянуў пажылы мужчына. У яго былі сівыя вусы, акуляры і пацёрты мяккі капялюш. Майет сказаў яму па-французску, што купэ занятае.
— Адно месца, — сказаў мужчына.
— Відаць, вам трэба купэ другога класа? — спытаў Майет, але мужчына адмоўна пакруціў галавой і пайшоў далей.
Містэр Оўпі выгодна ўладкаваўся ў сваім кутку і пачаў з цікаўнасцю, хоць і з некаторым расчараваннем, разглядваць невялікага бледнага мужчыну, які сядзеў насупраць. Знешне сусед быў надзвычай непрыкметны, колер яго твару выдаваў нейкую хваробу. «Нервы», — падумаў містэр Оўпі, заўважыўшы, як пацепваюцца яго пальцы, аднак у іх не было ніякіх знешніх адзнак павышанай чуллівасці — яны былі кароткія, грубаватыя і тоўстыя.
— Я заўсёды лічу, — сказаў містэр Оўпі, спрабуючы пераканацца, што яму так не пашанцавала са спадарожнікам, — калі вам удалося дастаць месца ў спальным купэ, зусім няма ніякай патрэбы ехаць у першым класе. Вагоны другога класа даволі камфартабельныя.
— Так… вы маеце рацыю… так, — жыва адгукнуўся сусед. — Аднак адкуль вы даведаліся, што я ангелец?
— У мяне такі звычай, — адказаў містэр Оўпі з усмешкай, — заўсёды думаць пра людзей лепшае.
— Вядома, — сказаў бледны мужчына, — вы як святар…
Звонку пачуліся галасы хлапчукоў-газетчыкаў, і містэр Оўпі высунуўся з акна.
— «Lе Теmрs dе Lоndrеs». Qu'еst quе с'еst que (a? Rіеn du tout? «Lе Маtin» et un «Dаіlу Маіl». С'еst bоn. Меrсі [3] .
Яго французская мова здавалася іншым перапоўненай фразамі з школьных падручнікаў — вымаўляў ён іх з яўнай асалодай, аднак не зусім правільна.
— Соmbіеn est сеlа? Тrоіs frаnсе. Оh lа-lа [4] .
— Можа, вам патрэбна мая дапамога? — прапанаваў ён чалавеку з бледным тварам. — Якую газету вы хочаце? Пэўна, «Lа Vіе» [5] .
3
Лонданскую «Таймс». Што такое? Няма нічога? «Матэн» і «Дэйлі Мейл». Добра. Дзякуй (фр.).
4
Колькі каштуе? Тры франкі. Ну і ну! (фр.).
5
«Жыццё» (фр.).
— Не, не трэба мне ніякай газеты, дзякуй. У мяне ёсць кніга.
Містэр Оўпі глянуў на гадзіннік.
— У нас засталося яшчэ тры хвіліны.
Некалькі хвілін дзяўчына баялася, што ён распачне гаворку ці, пэўна, гэтая высокая хударлявая жанчына, яго жонка. Крышку памаўчаць — вось чаго ёй зараз хацелася болей за ўсё на свеце. «Калі б я магла дазволіць сабе спальны вагон, — разважала яна, — цікава, ці была б я там у купэ адна?» У цёмным купэ запалілі лямпачкі, і мажны мужчына зазначыў:
— Ну, цяпер ужо хутка паедзем.
Паветра ў купэ было напоўнена пылам і вільгаццю. Мігаценне святла звонку нагадала ёй на імгненне штосьці знаёмае і звыклае: электрычныя агні рэкламы, што загараліся і змяняліся над уваходам у тэатр на Хай-стрыт у Нотынгеме. Мітусня натоўпу на пероне, беганіна хлапчукоў-газетчыкаў і і насільшчыкаў нагадалі ёй «гусіны кірмаш», і яна засяродзілася на ўспаміне пра рынак, намагаючыся ўзнавіць яго цагляныя будынкі, драўляныя лаўкі ў дэталях, каб ён стаў такім самым рэальным, як і сцюдзёная, абмытая дажджом прыстань і зменлівыя агні святлафораў. З утульнага свету фантазіі ў рэчаіснасць яе вярнуў мужчына, які загаварыў з ёй, і дзяўчына мусіла надзець на сябе маску зычлівасці і весялосці.