Песьні-жальбы
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

Мужычая ніва

На мужычым полі Цягнецца палоска… Зельле яе глушыць, Абвіла бярозка. Навальніца з градам Каласы скруціла, Ветрам паламала, Дожджыкам прыбіла. Сіняя валошка, Травы разрасьліся, Палыны на межах Густа упляліся. Ой, мужыча ніва! Ты — сіротка ў полі: Няма табе шчасьця, Няма табе долі! Ой ты, ніва наша! Ці ж ты не арана? Ці ж мужычым потам Ты не палівана? Ці то кепска сонца Сьвеціць над табою, Што зрасла ты густа Дзікаю травою? Заплылі вадою Ўсе твае разоры, Пакапалі мышы Па загонах норы. Птушкі ў сінім небе Плачуць над табою, Што зрасла ты, ніва, Палыном, травою… На мужычай ніве Каласы пустыя… Ці ня шкодны полю, Сьлёзы вы людскія?!

Хлебароб

Цёплы вечар. Ціха ўсюды. На заходзе сонца. Хмаркі захад чуць заслалі Тонкім валаконцам. Зьзяюць хмаркі ў пазалоце, Пажарам палаюць. За гарою ціха-ціха Песьні заміраюць. Выйшаў рольнік з хаты ў поле Ды па межах ходзіць, Каб пабачыць сваім вокам, Як Бог жыта родзіць. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны, Ходзіць, рукі залажыўшы За той пас раменны. Леглі гожымі радамі Вузкія загоны, Апранула зямля-матка Кажушок зялёны. Густа жыта маладое Поле ўсё акрыла, Лапушное, сакаўное — Проста глянуць міла. Сям-там колас раскрывае Свой пучок зялёны, Дзе-нідзе ўжо яго вусік Блісьне на загонах. Селянін глядзіць з уцехай, Ходзячы ў тым дары… Так ні поп, ні ксёндз ня ходзяць Пры сваім алтары.

Жніво

Сялянскім жанчынам

Рэдкае збожжа, травы палавіна, Колас ня гнецца зярном да зямлі. Знаць, нешчасьліва была та часіна, Як кідалі зерне сяўцы па ральлі. Выйшлі на поле вось жнеі зь сярпамі, Ў лапцях лазовых, а хто без лапцей; Ніва пустымі шуміць каласамі, Ніва ня цешыць жаночых вачэй. Цяжка ўздыхнуўшы, збанкі пастаўлялі, Клункі на межы паклалі жанкі. Бабы старыя свой твар пажагналі, Моўчкі за працу ўзяліся дзяўкі. Горача ў полі. Эх, жар дакучае, Праца марудна, бясконца цяжка! Сьпіну і плечы ім боль адбірае, Аж дзервянее у жнеек рука. Збэрсана жыта, чапляецца колас; Жменю нажне — разагнецца жняя, Жыта паложыць на скручаны пояс… Цяжкая, жнейка, работа твая! Ціха на полі у поўдзень гарачы! Хоць бы дзе кусьціка рэдзенькі цень. Толькі ў калысцы плач чуеш дзіцячы, Толькі над вухам зьвініць авадзень…

Жытні колас

На саломцы тонкай У траве густой Сьпее адзінокі Колас сіратой. Ці то птушка божа Кінула зярно, Ці то заняслося Бураю яно, Ці зь дзіравай торбы Конік чый згубіў, На чужую скібу Зерне пасадзіў, — Неба яго знае, Як сюды папаў, Хто ад роднай нівы Зерне адарваў… Сушыць яго сонца, Хіліць вецярок. Ные сірацінка, Плача каласок. Плача, што няма з кім Думку падзяліць, Смутную галоўку Ціха прытуліць Да другой галоўкі, Да другіх грудзей I шаптаць аб шчасьці У цішы начэй. Апусьціўшы нізка Тонкі паясок, Ные сірацінка, Плача каласок. Плача, што дарэмна Тут расьце ў глушы, Што нідзе ня згледзіш Роднае душы, Што яго зярняткі Птушкі падзяўбуць, Белую саломку Ветрыкі паб’юць. I, падняўшы ўгору Стромкі валасок, Ные сірацінка, Плача каласок.

Вярбіна

Над вадою адзінютка Пахілілася вярбіна; Ные бедная ціхутка. Ці ж то ёсьць у ёй кручына? Мые Нёман ёй карэньні, I дурэе вецер зь ёю, А пад нізам чарадою Ціснуць ногі ёй каменьні. Ёсьць кручына немалая, I шуміць яна так нудна, Бо ёй доля не спрыяе, Бо расьці ў каменьнях трудна… Так і ты, народ наш бедны, Як вярбіна, проці волі Доўга носіш пояс медны, Гнешся ты, як крыж у полі!

Палесскіе абразы

Цёмны бор, кусты, балоты, Кучы лоз і дубняку, Рэчкі, купіны, чароты, Мора траў і хмызьняку; Мосьцік, зложаны зь бярвеньняў, Брод і грэбля кожны крок, На дарозе рад карэньняў, Крыж, пахілены набок; Пералескі, лес, паляна, Старасьвецкі дуб з жарлом, Хвоя-веліч на кургане З чорным буславым гняздом; Гразь, пяскі, лужок зялёны, Шум крынічкі з-пад карча, Шэлест лісьцяў несканчоны, Крык у небе крумкача; Вербы, груша-сіраціна, Нізкарослы цёмны гай… Гэта ты, балот краіна! Гэта ты, палескі край!

Дарога

Між палёў шырокіх, Як зьмяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Наабапал грушы Разрасьліся ў полі, Нізенькі яловец Чэзьне, бы ў няволі. Тут мужык працуе, Чорны ўвесь, як сажа. Крыж на перасеках Аб пакуце кажа. Коціцца цялежка, Б’ецца аб каменьне, Хлебароб на поле Глядзіць ў задуменьні… Ой, дарога-сьцежка, Вузкая, крывая! I ты, жыцьцё наша, Ты, доля, такая!

Чугунка

Ў два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі, Рэжуць нетры лясоў, Точаць грудзі зямлі. Дзе стралою ляцяць, А дзе дужкай бягуць Цераз горы і гладзь, Сьмела рэчкі сякуць. Эх, і быстры ж той гон! Толькі пыхкае дым. За вагонам вагон Мчыцца зьмеем ліхім. Мчыцца ўночку і ўдзень, Толькі поле дрыжыць, Так ні конь, ні алень, Ні арол не ляціць.
  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win