Шрифт:
…На высокім узроўні і пераклады А. Зарыцкага з Луіса Фюрнберга. Але зноў жа здзіўляе (і гэта ў многіх месцах) нібы наўмысны падбор лірыкі рытарычнай.
Пераклады з украінскай таксама на вышыні. Вось "Чэмпіён" Ю. Смоліча, вось "Дружба" А. Галаўко і іншыя, усяго шэсць апавяданняў. Усе пераклаў Леў Салавей. Але, мне здаецца, трэба было падбіраць на кожную аўтарскую індывідуальнасць — індывідуальнасць перакладчыцкую. Увогуле, да працы над кнігай прыцягнулі занадта малую колькасць людзей, знаўцаў моў. А яшчэ нашто было ўключаць у падборку апавяданні накшталт "Вышыня-206" І.Лэ. Я люблю гэтага пісьменніка, у прыватнасці раман "Налівайка", але гэтае апавяданне папсавана газетчынай і штампамі. Апавяданне напісана даўно — яшчэ, мабыць, у вайну. Тады так можна было пісаць, не да "красот" было. А сёння як чытаецца вось хаця б такое:
"У кожнага (з байцоў. — У.К.) у вачах гарэў агонь рашучасці і бясстрашша. Усіх забраў бы ды і павёў… на рашучы бой, на славу". "Генерал стаяў і сачыў, як вярталася бясконца дарагое жыццё байца-героя". "Паўтараю: "Клімаў бярэ каманду на сябе, калі раптам мяне заб'юць (хіба забіць можна і "не раптам" — У.К.)… Раздольскі і Ліхтэрман сваімі грудзьмі заступаюць шлях пагоні…"
Яшчэ пра тое, што было натуральна ў Даўжэнкі і што не гучыць у яго паслядоўнікаў:
"Ноч сцерагла сарамяжлівую ўдзячнасць юнака, начныя росы абмывалі вочы".
"Вакол рабілася штосьці неверагоднае".
Гэткае "штосьці неверагоднае" ёсць у кожнага з нас. Але трэба адвучвацца. Вось як у вялікага паэта "бясконца дарагі баец-герой" яшчэ ў вайну гаварыў з палкоўнікам, пераплыўшы ледзяную раку:
И с улыбкою неробкой Говорит тогда боец: — А еще нельзя ли стопку, Потому как молодец?Зразумела, аўтар апавяданняў тут ні пры чым, адказнасць нясе той, хто ўключыў іх у зборнік, выдадзены ў 1975 годзе.
Гэты "ляп" адзін з зусім нешматлікіх у вельмі добрай кнізе. Але на свята вельмі не хочацца, каб на гожым і дарагім твары была "пад носам клякса". Накшталт грузінскага "аула" (с.111), якіх там звеку не было.
Ці мае права перакладчык "паляпшаць" такія рэчы? Думаю, што, са згоды аўтара, мае. А калі той не разумее такой карысці і не згодзен — тады не трэба перакладаць такое ўвогуле. Так, апавяданне бабкі (с.112) немагчыма чытаць пасля "Мы з вогненнай вёскі…". І немагчыма ўжо чытаць сцэну бою з танкамі (с.117), якая нагадвае славутую песню з не менш славутага, неўміручага Швейка.
Добрае ўражанне робіць твор Я. Гуцалы "Стэфка". Тут і перакладчык зрабіў усё. Гэта найлепшы з усіх перакладаў Л. Салаўя, змешчаных у зборніку.
…Не будучы тэарэтыкам у вершаскладанні, нічога не магу сказаць пра санеты Р. Гамзатава ў перакладзе Язэпа Семяжона. Пераклад першакласны, чытаецца з прыемнасцю. Аднак мне хочацца паўтарыць за перакладчыкам, проста сказаць следам за ім аб "спрэчнасці самога з'яўлення формы санета на аварскай мове…"
Сілабіка? Мы ведаем цудоўныя санеты па-французску і па-польску. Вядома ж, адпаведна характару моў.
Іншыя адметнасці аварскай мовы, аж да алітэрацыі і цэзуры, — ну што ж, бывала і гэта. Але традыцыйная для аварцаў адсутнасць "рыфмы ў канцы радка" (Я. Семяжон) — гэта я ўжо не ведаю.
Я. Семяжон перапісвае аварскія "санеты" на еўрапейскі манер, робіць гэта, як заўсёды, вельмі добра. Але гэта не Гамзатаў і не санеты.
Адсутнасць рыфмоўкі ў арыгінале. А што ж тады дасць гэтым творам санетны замок, апошняе, самае важнае двухрадкоўе? Што звяжа санет? Колькасць радкоў? Разбіўка верша на два катрэны і два тэрцэты (у перакладзе мы і гэтага не бачым).
Санеты пісалі ўсялякія. "Хвастатыя", "безгаловыя", "перакуленыя", але ўсе гэтыя формы не былі класічнай формай санета. А ўжо санет без рыфмы? Не ўяўляецца.
Урэшце, будзем памяркоўныя. Магчыма, мы прысутнічаем пры нараджэнні формы, якую нейкі будучы тэарэтык літаратуры назаве "аварскім санетам". Толькі тады трэба будзе перакладаць такія санеты, не набліжаючы іх да санетаў Шэкспіра (дарэчы, таксама "няправільных"), а так, як яны гучаць на мове арыгінала.
…Перачытваеш наступныя старонкі і прыемна здзіўляешся. "Абрабаваны" Фелікса Піта Радрыгеса ў перакладзе С. Дорскага. Цудоўнае апавяданне ў добрым перакладзе. Вось гэта сапраўды мікракосм і адначасова макракосм, адно ў адным, чаго так не хапае ўсім апавяданням кнігі. Тут увесь свет на некалькіх старонках: абрыдлівы свет грошай — і свет мастацтва, абмежаванасць — і тое, што мы называем "богам у сабе". І прырода, і вялікая душа чалавечая.
Эстонская проза. Перакладчык Ян Скрыган. Ніхто ніколі не сумняваўся ў ягонай мове. І "Маргіналіі" Фрыдэнберта Тугласа, і ягоныя "Уцёкі" — гэта хораша (не толькі хораша аўтар выказаў думкі аб тым, як трэба пісаць, але так і напісаў).
А пранізлівы, шчымлівы боль "Халасцяка" Лілі Промет, схаваны за некаторай нават "весялосцю", ад якой хочацца плакаць.
А лірычная свежасць Эрні Крустэна ў апавяданні "Немаўля", уся гэтая старасць і маладосць у вечным бегу, у вечным чаргаванні, у вечнай змене змяркання і дня.