Званы ў прадоннях азёр
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

5-6. Грыша і Алёша, матросы-практыканты. Маўклівыя рачныя ваўчаняты, з якімі — хоць на полюс.

7. Валянцін. Журналіст. Фоталетапісец вылазкі. Чалавек з тых, што ахвотна здымаюць, звісаючы з вежы або шасі верталёта.

8. Каб не рызыкаваць сваёй рэпутацыяй, звесткі пра сябе я рассею на працягу ўсяго апавядання.

9. Параход. Маленечкая акуратная шкарлупінка. Жывая. З рухавіком, вінтамі, падвясным кінаэкранам. З голасам. Бадзёрым раніцаю і сонным над соннай вячэрняй вадой.

Пятага чэрвеня 1969 года, у суботу, роўна ў 11 гадзін 8 хвілін плывучы манастыр накіраваўся ў свой слаўны шлях. Прагудзеў гораду, зялёным адхонам і дамам, лебедзям у ставах і вежам.

…I адразу пайшла Рака. З'ява, без якой я не ўяўляю свайго жыцця. Якая і ёсць гэтае самае жыццё: з нараджэннем, сонцам і хмаркамі, з тлустай рыбай і шафраннымі захадамі. І, урэшце, з прадвызначаным канцом.

Хвалі. Хвалі. Усе першыя дні крыху пахмурыя хвалі. Вязуць на барках штабялі пацямнелых, амаль чорных бярвенняў. Лунае над імі прывязаны на мачце, расчалены, каб не трапала ветрам, чырвона-зялёны сцяг. Імчыць насустрач гэтым змрочным кастрам "Ракета", і ззаду за ёю палошчацца ражком брызентавы чахол.

Імчыць, як вядзьмарка на мятле.

I пайшлі рудыя, жалезняковыя, вапняковыя берагі з гнёздамі бераговак. Усе паточаныя, васпаватыя. Усе, як паменшаная копія ўцёса Сценькі Разіна. I свінцовая, як восенню, вада б'ецца аб іх. I дрымучая, старажытная, баладная журба просіцца ў сэрца. I няма нават персідскай княжны, каб яе ўтапіць.

А вакол усё ж шчаслівая Аркадыя, няхай сабе і пад змрочным небам. Зялёнае трапятанне дубовых хмар, плывучае мора чароту.

Сцежка вядзе. Куды?

Чароды на нізкіх берагах. Што яны думаюць, сочачы за намі і раняючы сытую сліну?

Дзядзька доіць карову. Ага, нашчадак таго мужыка ў Альберта Паўловіча, які таргаваў карову на кірмашы і, даведаўшыся, што яна слухмяная і не наравістая, а брухае насмерць толькі тады, як яе доіш, сказаў, што гэта яшчэ лепей, бо даіць давядзецца не яму, а жонцы.

Малайчына!

Сачыў бы за дубамі бясконца. Ніводны нельга зблытаць з другім. Вось адзін, зялёна-сакавіты, падобны па форме на костку тырчком. А побач другі, амаль аднолькавы, але ўжо як рассечанае сэрца, раскрытае насустрач небу. Той поўна-зялёны, а той амаль празрысты. I з-пад ног гэтых вечных, гэтых палескіх, гэтых нашых дубоў зялёнае мора дзірвану спаўзае ў раку: плямамі на грыфельным. Зверху свежазялёны, ніжэй травяністы, падмочаны, а яшчэ ніжэй, ля вады, буры.

I адкрылася Палессе. Адкрылася тым, што тры ласі пераплывалі Сож, выставіўшы над вадою гарбаносыя галовы. Вы ыіколі не ўзважвалі на руцэ ласіны рог? Дык вось, першы спосаб утапіцца — гэта прывязаць яго на галаву і паспрабаваць пераплысці хаця б Проню ля яе вытокаў.

Гэтыя плылі, як багі. Як стрэлы. Як дэльфіны.

А пераплыўшы, пачуўшы гоман вінтоў, ірванулі на сваіх хадулях — аж затрашчала лаза. Нават пазіраваць перад аб'ектывам не схацелі. Была ва ўсім гэтым такая першабытная дасканаласць і прыгажосць, што сціснула сэрца.

Баюся, што складанага апавядання ў мяне не атрымаецца. Проста таму, што не апішаш гэтыя мачтавыя, бронзавыя бары над вярбовымі адхонамі, гэтыя пахучыя, зморшчаныя познія смарчкі высакародна-карычневага, аксамітнага колеру, гэтую ідылію першай прыстані. Астраўкоў (Астраўкі!) з драўлянымі сходамі да дэбаркадэра, гэтыя патрэсканыя гумны ў ценю велізарных, у познім цвіценні, груш.

Ох, што там, за гэтай ідыліяй, да нас, мімаходных!

Ані д'ябла мы не ўмелі. I прычальваў наш параходзік да нейкага там Радуля ў лепшым выпадку пад "Тр-ры кар-рты" з "Пікавай дамы", а то і пад гукі бессмяротнай, як усякая выпушчаная мільённым тыражом пошасць, "Лады".

"П-под жел-лезный звон коль-чу-ги".

Я сам люблю кальчугі, - нездарма гісторык, — толькі не папяровыя і не пластмасавыя.

"Хмуриться не нада, Л-ла-а-да!"

Алёша ў зялёным пінжаку саскоквае на бераг і забівае ў пясок жалезную свайку, ломік, каб швартавацца. З палубы лянівы голас капітана:

— Ён жа яго ў Амерыку загоніць…

I сапраўды, пры такім старанні і да Амерыкі недалёка. А на самай справе, цікава было б, каб ломік вылез праз асфальт недзе побач са статуяй Свабоды. Ото быў бы газетны і палітычны шквал наконт падступных падкопаў і інтрыг!

Выбух халоднай вайны. А вінаваты — Алёша…

Халоднай вайны не адбылося. Адбыўся сеанс у цеснаватай параходнай зале. Не помню ўжо, ці то прыгоды славутага Івана Макарэвіча, ці то прыгоды дзяцей на паўночным птушыным востраве. I такія ж дзеці сядзелі, шморгаючы насамі ад хвалявання, а брывастыя дзяўчаты (о, манастыр-манастыр!) чысценька лузалі ў адзін кулак семкі, а другім камячылі ражкі хустак на грудзях. А пасля іх праводзілі па сходнях, галантна трымаючы замест парэнчаў доўгую лату. I дзеўкі павісквалі над чорнай вадой, і іх, пасля ліхтарыкаў, чакала ноч, рыпенне драча, пах лазы, а можа, і моцная рука, што туліць да сябе за плечы. Э-эх, манастыр-манастыр!

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win