Званы Віцебска
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

(Вольха, усё яшчэ матляючы Дарафея, крычыць.) Каб мірам, любоўю прыйшлі – ніхто б, ніколі нас ад вас не адвёў... Н'a табе!.. Хіба шыбеніцай, плахай!.. На!.. Але сілай віцьбічаў, але сілай нас – хрэн возьмеш! Зубы зломіш, поп! (Шваркнуў ім аб зямлю.)

Дарафей ляжыць, аглушаны.

(Вольха кінуўся да Багусі, узняў.) Птушачка мая белая. Як ён цябе? Дзе ён цябе? Божа мой, божа, руку на кабету! Што з табой? Дзе баліць?

Багуся. Нічога. Цяпер ужо нічога. Ён не прыбіў цябе?

Варту, між тым, пагналі. Народ збіраецца на паляну.

Пасіёра (ціха). Ну, усё. Усе сродкі ўжылі. Адзін выхад – забіць.

Вольха. За веру забіць чалавека? Быці – як яны?

Iля. Думаеце, толькі вера? Каб гэта, то яшчэ палова бяды. Унь Сцяпан часцей царкву мінае, чым карчму. Не толькі вера. Праўдзівей, не столькі вера. Справа на тое пайшла, ці быць, ці заставацца нам у векі вякоў – і давеку – тым, чым мы ёсць. I пра гэта вы і думайце перш за ўсё.

Пасіёра. І ў знак роты, прысягі, што будзем стаяць, як адзін, – кідайце ўсе шапкі ў купу.

Абдзярыха. Хустку здзерці, з босай галавой пайсці – горай ужо для бабы ганьбы, здаецца, і няма. Але ёсць, ёсць, дзеткі, горшая ганьба. Бабы, кідай хусткі!

Людзі моўчкі кідаюць у купу шапкі і хусткі.

Пасіёра. Званар Янка Гужнішчаў, ты тут?

Званар. Тут.

Пасіёра. Абыдзеш усіх сваіх. Заўтра якое?

Званар. Года ад нараджэння Хрыстова тысяча шэсцьсот дваццаць трэцяга. Месяца лістапада – дванаццатага. Дзень святога Іаана Літасцівага.

Пасіёра. Ну, літасці ім не будзе. А ў католікаў хто?

Званар. Ды яно, здаецца, Тэадора-пакутніка.

Пасіёра. Гэта ўжо лепей. Звані заўтра па-каталіцку.

Званар. Калі?

Пасіёра. А сёмай гадзіне раніцы ўдарыш у ратушны звон.

Званар. Што ж, званіў па ўсіх. Нават па мёртвых. А гэта што? Гэта звон вясёлы. Як на вялікдзень. Заўтра мая вялікая Юлляна пакажа гораду медную глотку. I вялікая Вольга. I вялікі Альгерд. А я іх толькі гэтак па баках: “Ну, мае званочкі, ну, маленькія, пастарайцеся для слаўнага места”.

Мамка. Ну добра, ну як шляхтай навакольнай падступяць – хай. Усе на муры выйдзем. А як вялікае войска?

Неша. Да Масквы па дапамогу.

Пасіёра. Думаў. Не паспеюць.

Вольха. Самім ім кепска. Казакаў на дапамогу трэба прасіць..

Галасы. Казакаў! Казакаў!

Ропат. Бурмістры хай едуць. Каб, у выпадку чаго, не пала на горад кара.

Аршанец. А спраўляцца мы будзем. Мы, якіх тут і ў твар не ведаюць.

Пасіёра. Ідзі, званар. Яны чулі маленні Віцебска. Хай пачуюць Віцебскі набат.

Заслона

Дзея другая

Карціна чацвёртая

Ноч на 12 лістапада 1623 года. Пакой у палатах Кунцэвіча. Скупа гарыць некалькі свечак. У пакоі Кунцэвіч і Палікар.

Палікар. Ну, пабілі нас. З кім не бывае? Але горад спакойны. Агні, як то належыць, усе пасля каманды варты згасілі. Ніхто нікому нічога ніякага. А ў нас поспех. Усё ж шалаш спалілі.

Кунцэвіч. З сінякамі, але са славай. Наша ўзяла – і рыла ў крыві.

Палікар. Толькі што чуткі ходзяць: пагаворваюць, што нібы нехта збіраецца казакаў прызываць. Ды без такіх чутак месяца не праходзіць. Лапцявая пошта.

Кунцэвіч. I тут рацыя. А ўсё ж падрыхтуй чалавек трох ганцоў. I калі нейкі шумок пойдзе – адпраў па адным да казакаў. Маўляў, не трэба падмогі, усе памірыліся, жыццё ідзе гладзенька, як яйка коціцца. Гэта так, дзеля беражонага ваўка, якога і зайцы не заядуць.

Палікар. Ды нічога страшнага.

Кунцэвіч. I я думаю. Прывядзі гэтых дзвюх. Урэшце, старую пусці, а з маладою пастой за дзвярыма.

Палікар выйшаў. Праз некаторы час адчыняюцца дзверы, і ў іх з’яўляецца ён у суправаджэнні Еўгі Бабук і Багусі Данель. Прытрымаў Багусю за руку, а Еўгу падштурхнуў наперад. Дзверы ён, аднак, да канца не зачыніў: шафа для папер не дае Кунцэвічу ўбачыць гэта.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • help@private-bookers.win